пункты на паверхні Зямлі, дзе вектар індукцыі магнітнага поля Зямлі накіраваны вертыкальна: уніз на Паўн. полюсе (магнітны нахіл + 90°), уверх на Паўд. (нахіленне − 90°). У сучасную магнітную эпоху сапраўдныя М.п.З. размешчаны наадварот: Паўн. каля Паўд.геагр. полюса, Паўд. каля Паўн.геагр. полюса. Перыядычна адбываецца інверсія геамагнітнага поля і полюсы мяняюць сваю палярнасць на процілеглую. У М.п.З. зыходзяцца ўсе мерыдыяны магнітныя. Магнітныя полюсы паступова перамяшчаюцца на паверхні Зямлі. Каардынаты М.п.З. (1985) 77°36′паўн. ш., 102°48′зах. д.; 65°06′паўд. ш., 139°усх. д. (гл.Палеамагнетызм). У раёнах моцных магнітных анамалій (Курская, Усх.-Сібірская і інш.) назіраюцца лакальныя магнітныя полюсы. Існуе таксама паняцце геамагнітныя полюсы — пункты перасячэння паверхні зямной кары з магнітнай воссю аднародна намагнічанай Зямлі. У іх зыходзяцца мерыдыяны геамагнітныя. Знаходзяцца на адлегласці ў некалькі градусаў ад адпаведных магнітных полюсаў. Месцазнаходжанне іх вызначаецца аналітычна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГАНА́ЛЬ,
шчыльная тканіна з баваўнянай ці шарсцяной кручанай пражы з рэзкімі косымі рубчыкамі на паверхні. З Д. шыюць вайск. абмундзіраванне, курткі, паліто і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАВО́ДКА,
бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГНА, дрыгва,
зыбкае, грузкае балота. Утвараецца пры зарастанні возера чаротам, рагозам, бабком трохлістым, капытнікам балотным, брыевымі і сфагнавымі імхамі і інш. раслінамі (з паверхні) і ператварэнні яго ў нізіннае балота. Пад слоем нетрывалай травяна-імшыстай дзярніны (сплавіны) знаходзіцца слой вады або глею. Узровень вады блізкі да паверхні, перыядычна мяняецца. Небяспечная для людзей і свойскай жывёлы; замярзае толькі ў самыя суровыя зімы. З развіццём меліярацыі і асушэннем нізінных балотаў вял. багнавыя масівы на Беларусі амаль зніклі. Захаваліся на тэрыторыі некаторых запаведнікаў (Бярэзінскі біясферны, Прыпяцкі гідралагічны) і заказнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́РАВАННЕ,
насычэнне борам паверхні вырабаў са сталі і сплаваў на аснове нікелю, кобальту і тугаплаўкіх металаў. Павышае іх цвёрдасць, цепла- і зносаўстойлівасць (асабліва абразіўную і каразійную). Праводзіцца дыфузійным ці электралітычным спосабам у боразмяшчальных парашковых сумесях, у расплавах соляў бору (часцей бураксу). Барыраванне пры т-ры 900—1100 °C на працягу 5—6 гадз утварае барыраваны слой таўшчынёй 0,1—0,3 мм. Пры т-ры, большай за 1174 °C, на паверхні стальных вырабаў утвараецца слой барыднай эўтэктыкі. Барыраванне выкарыстоўваецца для вырабу ўтулак буравых помпаў, штампаў, матрыц, прэс-формаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВА́Я ЛІ́НІЯ,
прасторавая крывая, якая апісваецца пунктам, што абарочваецца з пастаяннай вуглавой скорасцю вакол нерухомай восі і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Бывае цыліндрычная (размяшчаецца на паверхні круглага цыліндра) і канічная (размяшчаецца на паверхні круглага конуса). Вінтавая лінія перасякае ўсе ўтваральныя цыліндра (конуса) пад аднолькавым вуглом. Уласцівасць вінтавой лініі перамяшчацца па самой сабе без змены формы выкарыстоўваецца ў тэхніцы для стварэння рознага роду вінтоў.
Вінтавая лінія: 1 — цыліндрычная, 2 — канічная (OO′ — нерухомая вось; M — пункт, пры дапамозе якога ўтвараецца вінтавая лінія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЕНА ПРА́ВІЛА,
правіла, якое вызначае заканамернасць змены памераў паверхні цела цеплакроўных жывёл у залежнасці ад змены кліматычных умоў. У млекакормячых жывёл на Пн часткі цела, якія выступаюць (канечнасці, вушы, хвост, шыя, лапы), карацейшыя, формы цела больш прысадзістыя, чым у прадстаўнікоў таго ж віду на Пд. У нейкай ступені Алена правіла справядліва і да вышэйшых раслін, парасткі якіх звычайна ўкарочаныя на Пн у параўнанні з паўд. шыротамі. Сфармулявана амер. вучоным Дж.Аленам (1877). Алена правіла, як і Бергмана правіла, вынікае з прынцыпу памяншэння цеплааддачы пры скарачэнні суадносін паверхні цела з аб’ёмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ВЫШЫНЯ́, абсалютная адзнака,
адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі ў зоне хім. выветрывання горных парод у зямной паверхні. Фарміруюцца пры разлажэнні горных парод пад уздзеяннем вады, вуглекіслаты, кіслароду, а таксама арган. і неарган. кіслот. Адрозніваюць: інфільтрацыйныя радовішчы, якія ўзніклі ў выніку растварэння і пераадкладу рэчываў хімічна актыўнымі воднымі растворамі, што цыркулююць у глыбіні Зямлі (некаторыя радовішчы жалеза, медзі, нікелю, урану, самароднай серы); астаткавыя радовішчы, якія сфарміраваліся на паверхні Зямлі ў выніку вынасу вадой з горных парод растваральных злучэнняў і намнажэння ў астатку цяжкарастваральных каштоўных мінералаў (некаторыя радовішчы жалеза, марганцу, нікелю, баксітаў, кааліну, магнезіту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),
метад даследавання ўнутр.паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр.паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).