АМА́Р I, Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644),

другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары І араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́Ў,

1) любая ўласнасць кампаніі: машыны, абсталяванне, будынкі, запасы, банкаўскія ўклады і інвестыцыі ў каштоўныя паперы, патэнты, а ў практыцы зах. краін і дзелавая рэпутацыя.

2) Частка бухгалтарскага балансу, якая адлюстроўвае матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемства паводле іх складу і размяшчэння.

3) Перавышэнне даходаў над расходамі ў некаторых відах балансаў (плацежных і інш.).

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКАЯ ДЭПРЭ́СІЯ,

вобласць нізкага атм. ціску над паўд. ч. Ціхага ак. з цэнтрам паблізу Алеуцкіх а-воў; адзін з цэнтраў дзеяння атмасферы. Праяўляецца пераважна зімой: ціск у цэнтры алеуцкай дэпрэсіі ў студз. ніжэй за 1000 гПа. Існаванне звязана з частым праходжаннем цыклонаў у гэтым раёне акіяна. Аналагічная ісландскай дэпрэсіі на Пн Атлантычнага акіяна.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,

выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій у час святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬЭТА́Ж

(ад франц. bel прыгожы + étage паверх),

1) у тэатр. будынках 1-ы ярус балконаў глядзельнай залы над бенуарам і амфітэатрам (ці партэрам і амфітэатрам).

2) Другі паверх дома, пераважна палаца, асабняка. У бельэтажы размяшчаюцца парадныя залы і пакоі, якія вылучаюцца большай вышынёй, якасцю аддзелкі. У сучаснай архітэктуры жылых дамоў тэрмін «бельэтаж» амаль не выкарыстоўваецца.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,

збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОР, Хор,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца і неба, сын Асірыса і Ісіды. Уяўлялі Гора ў выглядзе сокала (ці чалавека з галавой сокала) або крылатага сонечнага дыска. Першапачаткова Гора шанавалі як драпежнага бога палявання, пазней — як апекуна ўлады фараона, які лічыўся зямным увасабленнем Гора. Пасля перамогі над богам цемры Сетам Гор стаў уладаром Сусвету.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ КРАІ́НА,

вялізны ўчастак зямной паверхні з рэзкімі ваганнямі вышынь, значна (на сотні, тысячы метраў) падняты над навакольнымі раўнінамі. Фарміруецца звычайна ў выніку адзінага этапу тэктанічнага развіцця, якое суправаджаецца перавагай узыходных рухаў. Часам выцягнута на некалькі тысяч км, складаецца з шэрагу ланцугоў і хрыбтоў, падзеленых міжгорнымі ўпадзінамі і рачнымі далінамі. Гл. таксама Горная сістэма.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ VII (Gregorius) Гільдэбранд

(паміж 1015 і 1020, Сарана, каля г. Грасета, Італія — 25.5.1085),

рымскі папа з 1073. Фактычна правіў пры папе Нікалаю II. Праводзіў рэформы, скіраваныя на ўмацаванне каталіцкай царквы. Забараніў сіманію, увёў цэлібат. Дамагаўся верхавенства пап над свецкімі правіцелямі, змагаўся з герм. імператарам Генрыхам IV за інвестытуру. У 1606 кананізаваны.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)