Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на ПнМесапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.
Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовывізант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамитъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ПЕЧ,
прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).
Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.
дзеяч расійскага і германскага рэв. руху. З 1896 вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це. З 1904 у Расіі, чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), з 1905 — яе Пецярбургскага к-та. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Неаднаразова арыштаваны, у т. л. восенню 1908 у Мінску, куды быў накіраваны ў якасці эмісара ЦК партыі эсэраў. У 1908 уцёк у Германію, далучыўся там да левага крыла с.-д. партыі. У час 1-й сусв. вайны чл.камуніст. «Саюза Спартака», з вясны 1918 афіц. прадстаўнік рас. партыі левых эсэраў у Германіі. Удзельнік Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Дэлегат устаноўчага з’езда Камуніст. партыі Германіі (снеж. 1918 — студз. 1919), у студз. 1919 прымаў удзел у паўстанні берлінскіх рабочых. З сак. 1919 узначаліў барацьбу за сав. ўладу ў Баварыі, 13—27.4.1919 кіраваў Выканаўчым саветам Баварскай сав. рэспублікі, пасля яе разгрому расстраляны паводле прыгавору ваен.-палявога суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КЛА,
месца знаходжання душ грэшнікаў, асуджаных на вечныя пакуты (паводле большасці рэліг. вучэнняў). Уяўленні пра П. ўзніклі з першапачатковых вераванняў у замагільнае існаванне душы. З развіццём рэлігіі паняцце «П.» пачало разумецца як месца для душ памерлых грэшнікаў. У стараж.-грэч. міфалогіі ў царстве ценяў (царстве памерлых) самай змрочнай часткай быў Тартар — месца знаходжання злыдняў. У іудаізме першапачаткова П. (шэол) — падземная частка, куды зыходзілі цені памерлых грэшнікаў і праведнікаў. Пазней склалася ўяўленне пра П. як месца, дзе пакутуюць выключна душы грэшнікаў. Вучэнне пра вечнасць пакут грэшнікаў у П. зацверджана на царк. саборы ў 533. У Новым запавеце ёсць папярэджанне аб Страшным судзе і апісанне стыхій П.: агонь, цемра, боль, плач. У апакрыфічнай л-ры часам даецца дэталізаваная карціна П. У «Боскай камедыі» Дантэ 9 колаў П. ў залежнасці ад цяжкасці грахоў складаюць своеасаблівую іерархію асуджаных. У процілегласць П. праведныя хрысціяне насяляюць рай. Паняццю аб П. блізкія нарака (індуісцкае, будыйскае), джаханам (мусульманскае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАКЛЁН ФАШЫ́ЗМУ»,
мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., знішчаных разам з вёскамі ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну. Адкрыты 3.7.1983 (аўтары скульпт. А.Анікейчык, арх. Ю.Градаў, Л.Левін) на месцы спаленай разам з жыхарамі (67 чал., у т. л. 16 дзяцей) в. Шунеўка. Цэнтр. манумент мемарыяла — бронз. фігура жанчыны (выш. 4,75 м) з узнятымі ў праклёне рукамі, якая стаіць у праёме стылізаванай брамы (выш. 11,5 м). На канцы абламанай гарыз. перакладзіны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з іх звоняць, а 3-і расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар раёна загінуў у гады вайны. Недалёка ад манумента зруб калодзежа, куды гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу. Над ім бронз. выява прабітага і абпаленага паветр. змея з імёнамі дзяцей, што загінулі. На месцы кожнай з 22 былых сял. сядзіб Шунеўкі — стылізаваны фундамент з 3-прыступкавым ганкам, на верхняй прыступцы якога кампазіцыя ў форме языкоў полымя з імёнамі б. гаспадароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСІ́НСКІ ((Rysiński) Саламон) (каля 1560, в. Рысін Себежскага р-на Пскоўскай вобл. — 13.11.1625),
польскі і бел. паэт-лацініст, парэміёлаг. Вучыўся ў Альтдорфскім ун-це (1586, Германія). У пач. 17 ст. прыдворны паэт кн. Радзівілаў. Выдаў «Дзве кнігі пісьмаў Саламона Пантэра» (1587, у адным з пісьмаў пераклаў на лац. мову вершы А.Рымшы). Аўтар «Кароткага пераказу спраў, здзейсненых святлейшым князем Крыштофам Радзівілам...» (1614), куды ўключана вершаванае апісанне падзей Лівонскай вайны (1558—83). Гал. яго праца — зб. «Тысяча восемсот польскіх прыказак...» (1618, 8-е выд. 1854), які быў вынікам амаль 30-гадовай збіральніцкай дзейнасці (мясц.бел. прыказкі Р. параўнаў з лац., ням., італьян. і інш.). Абедзве кнігі выдадзены ў Любчанскай друкарні. Аўтар «Кнігі заўваг і тлумачэнняў «Пісьмаў Л.А.Сенекі...» (1620, Нюрнберг). З ням. юрыстам і паэтам К.Рытэрсгузіусам падрыхтаваў каментарыі да творчасці познарым. паэта Аўзонія (рукапіс).
Літ.:
Порецкий Я. Соломон Рысинский = Solomo Pantherus eucorussus: Конец XVI — нач. XVII вв. Мн., 1983.