СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],

абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.​М.​Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.

Літ.:

Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;

Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас. імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл. Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл. Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт. Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.

т. 14, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́РТА (Spartē), Лакедэмон,

старажытнагрэчаскі поліс у даліне р. Эўрот (вобл. Лаканія), у 6—1 ст. да н.э. — дзяржава ў паўд. частцы п-ва Пелапанес. Да 13 ст. да н.э. на тэр. С. знаходзіліся мікенскія паселішчы. Паводле паэмы «Іліяда» С. была адной з 12 ахейскіх абшчын Лаканіі, якімі валодаў цар Менелай. У час уварвання дарыйцаў (каля 12 ст. да н.э.) мікенскія гарады, у т. л. і С., разбураны. Новая, дарыйская, С. ўзнікла ў 10—9 ст. да н.э., верагодна, у выніку зліцця (сінайкізму) ахейскай і дарыйскай абшчын. С. належала да аграрных полісаў — паселішчаў без гарадскіх муроў. Уся зямля была падзелена на 9—10 тыс. клераў (надзелаў) і перадавалася ў спадчыннае карыстанне сем’ям спартыятаў (паўнапраўных грамадзян). Зямлю апрацоўвалі бяспраўныя ілоты. Гандлем і рамяством у С. займаліся перыэкі (асабіста свабодныя, але пазбаўленыя паліт. правоў).

Спартыяты займаліся толькі ваен. справай, выхоўвалі дзяцей ва ўмовах суровага быту і жорсткай ваен. дысцыпліны (гл. Спартанскае выхаванне). Выезд па-за межы С. быў магчымы толькі па спец. дазволе. На чале дзяржавы стаялі 2 цары, уладу якіх абмяжоўвалі герусія (рада старэйшын) і калегія эфораў (выбіраліся штогод на нар. сходзе — апэле). У грэч. каланізацыі С. практычна не ўдзельнічала. У 8—6 ст. да н.э. пасля працяглай барацьбы С. захапіла суседнія вобласці Месенію і Кінурыю. У выніку барацьбы з Аргасам, Тэгеяй і інш. полісамі ў 2-й пал. 6 ст. да н.э.

С. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У пачатку грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. яна фармальна стаяла на чале абарончага саюза грэч. дзяржаў, але паступова выйшла з вайны. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. С. дамаглася гегемоніі над усёй Грэцыяй. Падтрымка алігархічных рэжымаў, умяшанне ва ўнутр. справы грэч. полісаў прывялі да Карынфскай вайны 395—387 да н.э. У вайне з Фівамі і іх саюзнікамі С. была пераможана і страціла Месенію. У 362 да н.э. Пелапанескі саюз распаўся. Спробы цароў Агіса IV і Клеамена III у 3 ст. да н.э. правесці сац. рэформы і аднавіць магутнасць С. скончыліся беспаспяхова. У 146 да н.э. С. трапіла пад уладу Рыма, з 27 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая. У 395 н.э. разбурана готамі.

Літ.:

Андреев Ю.В. Спарта как тип полиса // Античная Греция: Пробл. развития полиса. М., 1983. Т. 1;

Корзун М.С. Гісторыя старажытнай Грэцыі. Мн., 1999;

Печатнова Л.Г. История Спарты: (Период архаики и классики). СПб., 2001.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Спарта. Спартанскі гапліт у 500 да н.э. Рэканструкцыя.
Да арт. Спарта. Бронзавая статуэтка спартанскага воіна. Канец 6 ст. да н.э.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),

апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр. гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.

Літ.:

Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,

эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.

Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.

Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.

Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн. с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.

Л.​М.​Давыдзенка, У.​А.​Салановіч.

т. 1, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА (Alaska),

штат ЗША, на ПнЗ Паўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш. Пл. 1477 тыс. км², нас. 599 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр. ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.

На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.​Нагібіна, В.​Берынга, А.​Мельнікава, І.​Фёдарава, М.​Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.​Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз. Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55° паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.​Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн. руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен. мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСТА́ВА НА ВАЛО́КІ» 1557, адзін з гал. дакументаў агр. рэформы 16 ст. — валочнай памеры. У гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладаннях памера пачалася ў шырокіх маштабах з 1551 у адпаведнасці з распараджэннем Жыгімонта II Аўгуста. Тэкст Уставы 1551 і інструкцыі гаспадарскім мернікам пакуль не выяўлены. Вядома, што напачатку валочнай памеры падлягалі тыя гаспадарскія землі, дзе здаўна існавалі двары — гаспадаркі, заснаваныя на працы прыгонных сялян, правобразы будучых фальваркаў. Пры правядзенні памеры напачатку былі дапушчаны пэўныя парушэнні і недакладнасці, таму вял. князь даў указанне аб праверцы (рэвізіі) правядзення памеры. Менавіта для рэвізораў у першую чаргу і была зацверджана 1.4.1557 «У. на в.». У тым жа годзе і ў 1558 у яе ўнесены некат. папраўкі, і надалей яна стала інструкцыяй не толькі для рэвізораў, але і для ўпраўляючых гаспадарскімі ўладаннямі. Паводле ўставы выпраўляліся пралікі і памылкі папярэдняй памеры, уводзілася аднастайнасць яе правядзення на ўсёй тэр. ВКЛ. У якасці пазямельнай меры прынята валока (21,36 га), яна ж станавілася і стандартнай адзінкай падатковага абкладання сялян. Адначасова перад рэвізорамі і мернікамі ставілася задача пашырэння ранейшых і стварэння новых двароў (фальваркаў) як гаспадарак па вытворчасці таварнага збожжа. На падставе «У. на в.» рэвізія скончана ў 1568. На тэр. Беларусі яна ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні ў Ашмянскім, Берасцейскім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Віленскім, Гарадзенскім, Лідскім, Менскім, Новагародскім, Пінскім і Слонімскім пав. Ва ўсх. валасцях рэформа пачала праводзіцца ў 1560 паводле інструкцыі, якая значна адрознівалася ад «У. на в.». На У Беларусі агр. рэформа завяршылася ў 1630—40-я г.

Устава складаецца з 49 артыкулаў. 1—8-ы арт. вызначалі абавязкі людзей, якія выконвалі спец. «службы» вял. князю (путных баяр, стральцоў, войтаў і інш.); 9—14-ы — статус дзярж. гарадоў; 15—19-ы — павіннасці з валокі і дадатковыя павіннасці і выплаты; 20—25-ы — парадак стварэння і функцыянавання фальваркаў; 26—28-ы — парадак збору падаткаў; 29—30-ы — правядзенне валочнай памеры; 31-ы — парадак збору дзесяціны для мясц. адміністрацыі; 32—34, 40, 48, 49-ы — функцыянаванне лясной гаспадаркі, карыстанне насельніцтвам пушчамі, рэкамі і азёрамі; 35—38-ы — дадатковыя павіннасці сялян (падводы, падвоз камення, будаўніцтва мастоў і інш.); 39-ы — надзяленне зямлёй і абавязкамі рамеснікаў; 41—43-і — парадак задавальнення шкод і крыўд, пакарання злачынцаў; 44-ы — павіннасці на карысць Віленскага і Трокскага замкаў; 45-ы — становішча шляхты ў Жамойці; 46-ы — становішча «рус. валасцей» (падняпроўскіх і падзвінскіх); 47-ы — становішча старостаў і дзяржаўцаў.

Агр. рэформа ў дзярж. уладаннях, праведзеная паводле «У. на в.», дала пачатак перабудове сельскай гаспадаркі ВКЛ. Па прыкладу гаспадара прыватныя і духоўныя землеўладальнікі таксама пачалі праводзіць валочную памеру, ствараючы нават свае адмысловыя ўставы. Рэалізацыя палажэнняў «У. на в.» стварыла прыкладна роўныя ўмовы для атрымання зямельнага надзелу і адбывання павіннасцей з яго і гэтым затармазіла дыферэнцыяцыю сялян. Дакладна вызначаныя павіннасці (у т. л. і раней уведзеныя), дастаткова роўны іх цяжар (2 дні паншчыны з валокі на тыдзень) не выклікалі значных пярэчанняў падданых. Закладзеныя ва ўставу эканам. ідэі спрыялі росту прыбыткаў феадалаў, а разам з тым стваралі ўмовы гасп. стабільнасці і вызначанасці для феадальна-залежнага насельніцтва, спрыялі ўмацаванню эканомікі краіны ў цэлым.

Публ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959.

Літ.:

Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;

Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНАНСАВАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Сістэму нарматыўных прававых актаў фін. заканадаўства складаюць Канстытуцыя, кодэксы і законы Рэспублікі Беларусь, указы і дэкрэты Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэсп. органаў дзярж. кіравання, органаў мясц. кіравання і самакіравання. Яны рэгулююць грамадскія адносіны, якія складваюцца ў працэсе абарачэння, размеркавання і выкарыстання дзярж. грашовых сродкаў, г.зн. адносіны ў сферы бюджэту, падаткаў, фін. кантролю, дзярж. страхавання, грашовага абарачэння, разлікаў і валютнага рэгулявання.

Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 19.12.2002, устанаўлівае сістэму падаткаў, збораў (пошлін), якія паступаюць у бюджэт краіны, асн. прынцыпы падаткаабкладання, правы і абавязкі падаткаплацельшчыкаў і падатковых органаў, рэгулюе ўладныя адносіны па ўвядзенні, змяненні, спыненні дзеяння падаткаў, а таксама адносіны, што ўзнікаюць у працэсе выканання падатковага абавязацельства, ажыццяўлення падатковага кантролю, абскарджвання рашэнняў падатковых органаў і дзеянняў іх службовых асоб. Банкаўскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, прыняты 25.10.2000, рэгулюе як фін., так і грамадз.-прававыя адносіны. Спец. нормы фін. права рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем Нац. банкам Рэспублікі Беларусь і банкамі (і нябанкаўскімі крэдытна-фін. арг-цыямі) функцый фін. кантролю. Бюджэтныя адносіны рэгулююцца законамі Рэспублікі Беларусь «Аб бюджэтнай класіфікацыі» (5.5.1998), «Аб бюджэтнай сістэме Рэспублікі Беларусь і дзяржаўных пазабюджэтных фондах» (4.6.1993, у рэдакцыі ад 15.7.1998), «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь» (прымаюцца штогод), падатковыя адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб падатках на даходы і прыбытак» (22.12.1991), «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі» (23.12.1991; экалагічны падатак), «Аб падатку на дабаўленую вартасць» (19.12.1991, у рэдакцыі ад 16.11.1999), «Аб падатку на нерухомасць» (23.12.1991), «Аб плацяжах за зямлю» (18.12.1991), «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» (21.12.1991, у рэдакцыі ад 9.3.1999) і інш.; фін. адносіны — законамі Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (22.7.2003), «Аб знешнім дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (22.6.1998), «Аб унутраным дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь» (27.5 1993) і інш. У межах фін. заканадаўства дзейнічаюць дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання аўдытарскай дзейнасці» (12.2.2004), «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб і аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці» (27.1.2003); указы Прэзідэнта «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні каардынацыі дзейнасці кантралюючых органаў Рэспублікі Беларусь і парадку прымянення імі эканамічных санкцый» (15.11.1999, у рэдакцыі ад 6.12.2001, ад 12.11.2003 і ад 25.5.2004), «Аб мерах па ўмацаванні ведамаснага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь» (25.5.2000, у рэдакцыі ад 28.1.2002) і інш.

Фінансава-прававыя нормы ўтрымліваюць пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якімі ўстанаўліваюцца стаўкі падаткаў і пошлін, рэгулююцца пытанні выпуску дзярж. каштоўных папер, вызначаецца прававое становішча органаў фін. кантролю. Да іх адносяцца «Палажэнне аб Міністэрстве па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь» (31.10.2001), «Аб стаўках акцызаў на падакцызныя тавары» (21.1.2003), «Аб зацвярджэнні асноўных умоў выпуску асобных дзяржаўных каштоўных папер Рэспублікі Беларусь» (13.2.2003). Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях фін. адносін у межах сваёй кампетэнцыі прымаюць мін-вы фінансаў, па падатках і зборах, Нац. банк і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання, а таксама абл., гар. і раённыя выканаўчыя камітэты, Саветы дэпутатаў і інш. органы мясц. кіравання і самакіравання. Самаст. часткай дзеючага на Беларусі фін. заканадаўства з’яўляюцца міжнар. дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія змяшчаюць адпаведныя прававыя нормы.

Літ.:

Деньги, кредит, банки: Справ. пособие. Мн., 1994;

Иванов В.С. Основы права Республики Беларусь. Мн., 1995;

Правоведение: Справ. по курсу высш. шк. Ч. 2. Мн., 2000;

Налоги. Мн., 2000.

С.​К.​Лешчанка.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІЧНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Асн. палажэнні канцэпцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сістэму экалагічнага заканадаўства ўваходзяць законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. дзярж. органаў. У нарматыўных прававых актах па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць пытанні: забеспячэння экалагічных правоў грамадзян; кіравання; эканам. механізму аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання; аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; прававога рэжыму прыродных тэрыторый, якія падлягаюць асаблівай і спец. ахове, а таксама тэрыторый з дрэннай экалогіяй; аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі; экалагічнай бяспекі біятэхналогій; экалагічнай асветы і адукацыі; вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства.

Прававое рэгуляванне дзярж. кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання ажыццяўляецца на аснове законаў «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17.7.2002), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (у рэдакцыі ад 14.7.2000), дэкрэта Прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» ад 14.7.2003, пастаноў Савета Міністраў «Аб дзяржаўных кадастрах прыродных рэсурсаў» ад 20.4.1993, «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, які ажыццяўляецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльнымі органамі» ад 21.6.2003, «Аб Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» ад 14.7.2003 і інш. нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак і ўмовы ажыццяўлення планавання, стандартызацыі і нарміравання, экалагічнай сертыфікацыі, прагназіравання, ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і інш. дзейнасці, экалагічнай экспертызы, маніторынгу, уліку і вядзення кадастраў, ліцэнзавання ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. Парадак платы экалагічнага падатку рэгулюецца законам «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)» ад 23.12.1991.

Прававую базу для стварэння запаведнікаў, заказнікаў, нац. паркаў, помнікаў прыроды стварае Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (у рэдакцыі ад 23.5.2000), які вызначае катэгорыі і віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асаблівасці дзярж. кіравання ў гэтай сферы, меры па ахове асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абмежаванні гасп. дзейнасці ў іх межах, адказнасці за парушэнне заканадаўства. Прававы рэжым экалагічна небяспечных тэрыторый вызначаецца законамі: «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія былі падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 12.11.1991, «Аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару» ад 5.5.1998, «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» ад 5.1.1998, «Аб адходах» (у рэдакцыі ад 26.10.2000), «Аб санітарна-эпідэмічнай бяспецы насельніцтва» (у рэдакцыі ад 23.5.2000) і інш.

Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе міжнар. супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнар. права і міжнар. дагаворамі, ратыфікаванымі ва ўстаноўленым парадку: Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці (1979), Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1991), Дэкларацыя Рыо-дэ-Жанейра па навакольным асяроддзі і развіцці (1992), Канвенцыя аб біял. разнастайнасці (1992), Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату (1992), Пагадненне дзяржаў—членаў СНД аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя (1992), Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (1998) і інш.

Літ.:

Балашенко С.А., Демичев Д.М. Экологическое право. Мн., 1999;

Балашенко С.А., Макарова Т.И. Международно-правовая охрана окружающей среды и права человека. Мн., 1999;

Карпович Н.А. Реализация экологической функции государства в законодательной деятельности Парламента Республики Беларусь. Мн., 2000;

Балашенко С.А., Лаевская Е.В., Макарова Т.И. Право на благоприятную окружающую среду (как его защитить?). Мн., 2000.

І.​С.​Шахрай.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),

звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл. Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.​Вінер, Б.​М.​Пятроў, А.​М.​Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.​Р.​Эшбі і франц. фізік Л.​Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм. метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.

Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіць да вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.

На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл. Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.

Літ.:

Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;

Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)