ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),
апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр. гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.
Літ.:
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.
В.Ф.Голубеў.
т. 7, с. 220