горад у ФРГ, у зямлі Цюрынгія. Размешчаны ў Цюрынгенскай катлавіне на р. Ін. 60 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Развіта камбайнабудаванне і выраб дакладных вымяральных прылад. Паліграф.прам-сць. У Веймары мемар. музеі: Нац. музей Гётэ, Паркавы дом Гётэ, Дом Шылера, Дом Ліста, а таксама Музей ням. л-ры, архіў Гётэ і Шылера, Ням.нац.т-р (1906—08), Вышэйшая школа архітэктуры і буд-ва (1904—07, арх. Х.К. ван дэ Велдэ). Каля Веймара — мемар. комплекс Бухенвальд. Турызм.
Упершыню ўпамінаецца ў 975. З 1254 горад. У 1573—1918 сталіца герцагства (з 1815 — Вял. герцагства) Саксен-Веймар-Айзенах. У 18—19 ст. адзін з асн.маст. і культ. цэнтраў Германіі. У Веймары працавалі І.С.Бах, І.Г.Гердэр, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Ф.Ліст. У 1919 у Веймары прынята рэсп.канстытуцыя Германіі (гл. ў арт.Веймарская рэспубліка). Аблічча Веймара вызначаюць маляўнічыя паркі (найбольшы — парк Гётэ) і арх. помнікі 16—18 ст.: Дом Кранаха (каля 1526), Герцагскі палац (цяпер музей; перабудаваны ў 1790—1803 у стылі класіцызму), палац Бельведэр (1726—32) і інш.
Да арт.Веймар. Герцагскі палац (перабудаваны ў 1790—1803, цяпер музей з мастацкім зборам).Веймар. Старажытная плошча ў цэнтры горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г.Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.
Літ.:
Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;
Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;
Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая КанстытуцыяРас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БЕРЛІ́Н (West Berlin),
асобная палітыка-адм. адзінка (анклаў) на тэрыторыі ГДР у 1949—90. Пл. 480 км². Быў падзелены на 12 гар. раёнаў. Нас. 1,9 млн.чал. (1987). Утвораны пасля 2-й сусв. вайны на тэр. З акупац. сектараў Берліна (амер., брыт., франц.).
23.6.1948 на З.Б. пашырылася грашовая рэформа, праведзеная ў Зах. Германіі. У адказ на гэта 24.6.1948 СССР перакрыў дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду З.Б. (працягвалася 324 дні). Увесь гэты час жыццядзейнасць З.Б. праз «паветраны мост» забяспечвала авіяцыя зах. саюзнікаў.
5.12.1948 у З.Б. праведзены выбары ў гар. парламент, 1.10.1950 прынята асобная заходнеберлінская канстытуцыя. У 1961 па рашэнню ўрада ГДР узведзена сістэма ўмацаванняў уздоўж мяжы З.Б. (гл.Берлінская сцяна). У 1971 прынята 4-баковае пагадненне, якое ўрэгулявала статус З.Б. як асобнай паліт. адзінкі. Органы ўлады Б.З. былі падкантрольныя ваен. адміністрацыі акупац. улад. Вышэйшы орган — гар. палата дэпутатаў, выбіраўся на 4 гады, выканаўчую ўладу ажыццяўляў сенат на чале з бургамістрам. З.Б. быў буйным прамысл. цэнтрам — (маш.-буд., эл.-тэхн., хім.-фарм., харч., швейная прам-сць), асн. знешнегандлёвы партнёр — ФРГ. Пасля аб’яднання ГДР і ФРГ (3.10.1990) асобны статус З.Б. скасаваны, абедзве ч. Берліна зліліся.
Літ.:
Абрасимов П.А. Западный Берлин: вчера и сегодня. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Norddeutscher Bund),
федэратыўнае аб’яднанне пад вяршэнствам Прусіі 22 ням. сярэдніх і малых дзяржаў і вольных гарадоў на Пн ад р. Майн у 1867—70; прамежкавае дзярж. ўтварэнне на шляху аб’яднання герм. зямель у адзіную нац. дзяржаву. Ахопліваў пл. каля 415 тыс.км² з насельніцтвам 30 млн.чал. Перадумовы для ўзнікнення П.с. склаліся ў выніку перамогі Прусіі ў аўстра-прускай вайне 1866, калі О.Бісмарк ініцыіраваў падпісанне 18.8.1866 саюзнага дагавора прадстаўнікамі 17 паўн.-герм. дзяржаў (у вер. далучыліся яшчэ 5 дзяржаў). Дзейнічала зацверджаная Паўн.-герм. рэйхстагам саюзная канстытуцыя (набыла сілу 17.4.1867). Паводле яе на ўсёй тэр. Саюза ўводзіліся адзіныя грамадзянства і заканадаўства, свабода перамяшчэння, уладу сканцэнтроўвалі прэзідэнт Саюза (прускі кароль Вільгельм I), ён жа галоўнакаманд. саюзнай арміяй, і прызначаны ім нам. — саюзны канцлер (Бісмарк), які пастаянна старшынстваваў у верхняй палаце рэйхстага — Саюзным савеце (фарміраваўся з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў, прычым 17 з 43 членаў Савета прадстаўлялі Прусію; ніжняя палата рэйхстага выбіралася мужчынскім насельніцтвам усеагульнай падачай галасоў). Каталіцкія паўд.-герм. дзяржавы (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Гесен-Дармштат), якія былі звязаны з Прусіяй сакрэтнымі ваен. дагаворамі, далучыліся да П.с. ў ходзе франка-прускай вайны 1870—71, што прывяло да стварэння адзінай Герм. імперыі (абвешчана ў Версалі 18.1.1871).
Літ.:
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВКБССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр.БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл.Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВКБССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,
адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); КанстытуцыяБССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВКБССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ.буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВКБССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Я.А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.