шах Ірана [1925—41], заснавальнік дынастыі Пехлеві. Служыў афіцэрам у перс. Казацкай брыгадзе. 21.2.1921 на чале групы перс.казакоў здзейсніў дзярж. пераварот. У 1921—23 ваен. міністр, у 1923—25 прэм’ер-міністр Ірана. Дамогся адхілення ад улады апошняга правіцеля з Каджарскай дынастыі — Ахмад-шаха (кастр. 1925) і 12.12.1925 абвясціў сябе шахам Ірана. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. судовую, ваен., адукацыі, адмяніў прывілеі іншаземцам, прыняў меры па эмансіпацыі жанчын. У эканам. галіне падтрымліваў развіццё нац. прам-сці, пры ім пабудавана Трансіранская чыгунка. Адначасова ўсталяваў рэжым уласнай дыктатуры, жорстка душыў апазіцыю. У пач. 1940-х г. праводзіў курс на супрацоўніцтва з Германіяй, што прывяло да ўступлення ў Іран у жн. 1941 сав. і брыт. войск. Быў вымушаны адмовіцца ад прастола на карысць свайго сына Мухамеда Рэза Пехлеві. Высланы англічанамі ў Паўд. Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВА́,
1) старадаўняя халодная зброя блізкага бою. Мела форму паліцы (даўж. каля 0,5—0,6 м) з каменнай або металічнай галоўкай. Дзяржанне звычайна драўлянае з накладнымі металічнымі пласцінамі. Шырока выкарыстоўвалася ў краінах Стараж. Усходу ў сярэднія вякі, на Русі ў 13—17 ст. На Беларусі паводле археал. раскопак вядомая з канца неаліту, у бронзавым веку булавы выраблялі з каменнай або касцяной галоўкай шарападобнай або 4-раговай формы, з 10—11 ст. — бронзавыя, свінцовыя і жалезныя булавы разнастайнай формы.
2) У краінах Усходу, Зах. Еўропы з 13 ст., у Рус. дзяржаве, Вял.кн. Літоўскім, Рэчы Паспалітай з 15 ст., у запарожскіх казакоў у 16—18 ст. — сімвал улады. Б. аздаблялі каштоўнымі камянямі і металамі. У скарбніцы нясвіжскіх Радзівілаў у 17 ст. захоўвалася Б. «гетманская, апраўленая золатам, бірузой і рубінамі».
3) Прылада для практыкаванняў у мастацкай гімнастыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАНО́САЎ (Віктар Іванавіч) (н. 30.4.1936, г. Топкі Кемераўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Краснадарскі пед.ін-т (1962). З 1998 гал. рэдактар час. «Родная Кубань». Друкуецца з 1963. Першая кніга апавяданняў — «Вечары» (1966). У аповесцях «Чалдонкі» (1967), «На вуліцы Шырокай» (1968), «Восень у Тамані» (1971), «Элегія» (1973), рамане «Калі ж мы сустрэнемся?» (1978) і інш. роздум пра лёс радзімы, узаемасувязь часоў і чалавечых лёсаў, пра таямнічасць жаночай душы. Кн. «Ненапісаныя ўспаміны. Наш маленькі Парыж» (1987, Дзярж. прэмія Расіі 1988) — сямейная хроніка з жыцця кубанскіх казакоў у трагічных абставінах 20 ст. Прозе Л. ўласцівы лірычна-філас. пачатак, спалучэнне розных жанраў (апавяданне-песня, аповесць-паэма). Асобныя яго апавяданні на бел. мову пер. Т.Мартыненка, В.Рабкевіч. Міжнар. прэмія імя М.Шолахава 1994.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1984;
Избранное. М., 1993;
Записи перед сном: Повести, рассказы, эссе. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІНЭ́Р ((Apollinaire) Гіём) (сапр. Вільгельм Апалінарый Кастравіцкі; 26.8.1880, Рым — 9.11.1918),
французскі паэт. Кастравіцкія паходзілі з Беларусі (з гэтага роду К.Каганец). Іх маёнтак Дарашковічы (каля Навагрудка) канфіскаваны пасля паўстання 1863—64. Дзед Апалінэра эмігрыраваў у Італію, там прайшло дзяцінства і юнацтва паэта. З 1899 Апалінэр у Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Літ. дзейнасць пачаў у 1901. У многіх творах адчуваецца духоўная сувязь з Расіяй, Польшчай, інш.слав. краінамі (верш «Адказ запарожскіх казакоў канстанцінопальскаму султану», раман «Жанчына ў крэсле», апавяданне «Сустрэча ў Празе»). Большасць твораў апублікавана пасмяротна. Пры жыцці выйшлі цыкл афарыстычных чатырохрадкоўяў «Бестыярый, ці Картэж Арфея» (1911), зб-кі «Алкаголь. Вершы 1898—1913» (1913), «Каліграмы. Вершы Вайны і Міру» (1918). Творчасць Апалінэра не пазбаўлена фармаліст. эксперыментаў (паасобныя вершы; буфонная п’еса «Грудзі Тырэзія», 1918; раман «Жанчына», 1920), падхопленых дадаістамі і сюррэалістамі. На бел. мову творы Апалінэра перакладала Э.Агняцвет (зб. «Зямны акіян», 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Віюк-Каяловіч) Альберт
(Войцех; 1609, Ковенскі пав. — 6.10.1677),
гісторык, геральдык, рэліг. дзеяч Рэчы Паспалітай. У 1627 уступіў у ордэн езуітаў. У 1628—32 вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634—38 — у Віленскай акадэміі. У 1644—45 праф. палемічнай тэалогіі ў Браневе (Польшча). У 1645 атрымаў у Вільні ступень д-ра тэалогіі і да 1658 выкладаў у Віленскай акадэміі (у 1654—55 яе рэктар). У 1662—66 прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні, намеснік правінцыяла ордэна езуітаў. З 1666 прэфект у Варшаўскім калегіуме. Гал. яго твор — «Гісторыя Літвы» (ч. 1—2, 1650—69, на лац. мове), у якім даследавана дахрысціянская гісторыя Літвы. У 1651 надрукаваў у Вільні твор «Аб ваенных дзеяннях 1648 і 1649 г. супраць запарожскіх казакоў». Даследаваў генеалогію родаў Радзівілаў («Летапіс Радзівілаў». Вільня, 1653), Хадкевічаў і Сапегаў. Аўтар кнігі па гісторыі шляхты ВКЛ (захавалася ў 3 рэдакцыях на польск. і лац. мовах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс.чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’ЯНО́ВІЧ (Трыфан Андрэевіч) (1919, в. Рэпішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.4.1945),
удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1939 працаваў слесарам на Мінскім радыёзаводзе. На фронце з 1941. Удзельнік Сталінградскай бітвы, баёў на Сандамірскім плацдарме, штурму Берліна. 25.4.1945 старшы сяржант Л. пры выратаванні нямецкай дзяўчынкі смяротна паранены. Пра гэта ў крас. 1945 расказаў пісьменнік Б.Палявой у газ. «Правда» і ў арт. «Помнім імя тваё...» у газ. «Комсомольская правда» (1.4.1976). Высакародны гуманны ўчынак Л., які ў час вайны страціў жонку і дваіх дзяцей, маці і бацьку, пакладзены ў аснову кампазіцыі помніка-ансамбля воінам Сав. Арміі, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам, у Трэптаў-парку ў Берліне (скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі). На месцы самаахвярнага подзвігу Л. ў Берліне (на Эльзенштрасе) устаноўлены мемарыяльны знак. У Мінску на будынку вытв. аб’яднання «Белвар» (праспект Ф.Скарыны, дом № 58) устаноўлена мемар. дошка з гарэльефамі воіна і выратаванай ім дзяўчынкі (скульпт. З.Азгур, арх. Ю.Казакоў).
Літ.:
Сафонов М.И. Семнадцать штурмовых дней. Саратов, 1985. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́МАЎ (Уладзімір Емяльянавіч) (сапр. Самсонаў Леў Аляксандравіч; 27.11.1930, Масква — 26.3.1995),
расійскі пісьменнік, публіцыст. З 1974 у эміграцыі. Жыў у Парыжы, Бруселі. Гал. рэдактар час. «Континент» (1974—92). Друкаваўся з 1952. Аповесць «Жывы чалавек» (1962; інсцэніроўка 1965) пра падлетка, які апынуўся пасля арышту бацькі па-за грамадствам. У раманах «Сем дзён тварэння» (1971), «Каранцін» (1973) драматызм штодзённага жыцця ва ўмовах сав. рэчаіснасці, зварот да хрысціянскага ідэалу. Раманы «Зазірнуць у бездань» пра адмірала Калчака, «И аз воздам» (абодва 1986) пра лёс казакоў і Расіі. Аўтар зб-ка вершаў і паэм «Пакаленне на варце» (1956), апавяданняў і аповесцей «Мы абжываем зямлю» (1961), «Як у садзе пры даліне» (1993), раманаў «Каўчэг для няпрошаных» (1976), «Качаванне да смерці» (1994), п’есы «Пазыўныя тваіх паралелей» (1964), аўтабіягр.кн. «Развітанне з ніадкуль» (кн. 1—2, 1974—82), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс.чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр.казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач.крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».