СПРАЖЭ́ННЕ,

1) змяненне дзеясловаў па асобах, часах (гл. Час дзеяслова), ладах (гл. Лад дзеяслова), ліках і родах (у прошлым часе і ўмоўным ладзе).

2) Сукупнасць дзеясловаў, якія маюць аднолькавыя асаблівасці словазмянення ў залежнасці ад характару асновы.

У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад характару асабовых канчаткаў вылучаюць 2 тыпы С. дзеясловаў — 1-е і 2-е. Яны лёгка вызначаюцца, калі ў асабовых формах націск знаходзіцца на канчатку. Дзеясловы 1-га С. маюць канчаткі «-у(-ю)», «-еш(-эш,-аш)», «-е(-э,-а)» у адз. л., «-ём(-ем, -ом, -ам)», «-еце(-яце, -аце)», «-уць(-юць)» у мн. л. («вяду, вядзеш, вядзе. вядзём, ведзяце, вядуць»; «пяку, пячэш, пячэ, пячом, печаце, пякуць»). Дзеясловы 2-га С. маюць канчаткі «-у(-ю)», «-іш(-ыш)», «-щь(-ыць)» у адз. л., «-ім(-ым)», «-іце(-ыце)», «-аць(-яць)» у мн. л. («стаю, стаіш, стаіць, стаім, стаіце, стаяць»; «маўчу, маўчыш, маўчыць, маўчым, маўчыце, маўчаць»). Тып С. дзеясловаў з ненаціскным канчаткам вызначаюць па інфінітыве. Да 2-га С. адносяць дзеясловы з інфінітывам на «-іць(-ыць)», дзе «-І-», «-ы-» суфіксы (выключэнне складаюць непрадуктыўныя дзеясловы з аднаскладовай асновай: «піць», «біць», «ліць», «віць», «крыць», «мыць», «шыць»), дзеясловы на «-аць(-яць)» тыпу «гнаць», «спаць», «ламаць» і на «-эць(-ець)», калі «-э(-е)» не захоўваюцца ў 1-й асобе адз. л. цяперашняга часу: «глядзець» («гляджу»), «сядзець» («сяджу»), «ляцець» («лячу»); выключэнне — дзеясловы «гудзець», «хацець». Дзеяслоў «бегчы» рознаспрагальны: формы 3-й асобы мн. л. цяперашняга (будучага простага часу) утвараюцца па мадэлі 1-га С.; «бягуць», а ўсе астатнія асабовыя формы — па мадэлі 2-га С. («бягу», «бяжыш», «бяжым», «бежыце»). Дзеясловы «есці» і «даць» змяняюцца па стараж. нетэматычным (атэматычным) С.: «елі», «ясі», «есць», «ядзім» («ямо»), «ясце» («ясцё»), «ядуць»; «дам», «дасі», «дасць», «дадзім» («дамо»), «дасце» («дасцё»), «дадуць».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.

Т.​П.​Бандарэнка.

т. 15, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛАМЕНТ — НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Як прадстаўнічы і заканадаўчы орган ён складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. У складзе Палаты прадстаўнікоў 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца па выбарчых акругах і прадстаўляюць інтарэсы іх грамадзян і жыхароў. Савет Рэспублікі — палата тэр. прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па 8 членаў Савета Рэспублікі; 8 членаў Савета Рэспублікі назначае Прэзідэнт. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года; членам Савета Рэспублікі — грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэр. адпаведнай вобласці ці горада Мінска не менш як 5 гадоў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў парламенце на прафес. аснове. Яны адначасова могуць быць членамі Урада. Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясц. Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — 4 гады. У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады, а таксама на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў. У выпадку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванні большасці (не менш як ​2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат) яны могуць склікацца на нечарговыя сесіі па вызначаным парадку дня. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі выбіраюць са свайго складу Старшыню і яго намесніка. Для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі палат, яны са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і інш. органы.

Асн. функцыя Парламента — заканатворчая. Іншыя паўнамоцтвы з’яўляюцца, як правіла, для кожнай з палат выключна яе паўнамоцтвамі і не патрабуюць удзелу другой палаты. Палата прадстаўнікоў па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, разглядае праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі. Іншыя органы і асобы, якія валодаюць правам заканад. ініцыятывы, не могуць у парадку рэалізацыі гэтай ініцыятывы ставіць пытанне аб карэкціроўцы Канстытуцыі або яе тлумачэнні. Савет Рэспублікі ўхваляе або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты такіх законаў. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і ўхваленняў Парламентам з прамежкам не менш як 3 мес і пры ўмове, калі за яго прагаласавала не менш як ​2/3 ад поўнага складу кожнай з палат. З мэтай выключэння якога-небудзь націску на дэпутатаў прадугледжана норма аб недапушчальнасці змянення Канстытуцыі ў перыяд надзвычайнага становішча. Абедзве палаты Парламента могуць выступаць ініцыятарамі правядзення рэсп. рэферэндуму.

Да кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў аднесены разгляд праектаў законаў у сферы найб. важных грамадскіх адносін: аб зацвярджэнні асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнар. дагавораў; аб асн. змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нац. меншасцей; аб зацвярджэнні рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэсп. падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сац. абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы; аб мясц. самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымін. адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваен. і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзярж. узнагарод; аб тлумачэнні законаў. Палата прадстаўнікоў таксама назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра; ухваляе або адхіляе праграму дзейнасці Урада; разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду; прымае адстаўку Прэзідэнта або ў вызначаных Канстытуцыяй выпадках рашэнне аб зняцці яго з пасады. Палата можа прымаць рашэнні па інш. пытаннях сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця краіны, калі іх вырашэнне не аднесена Канстытуцыяй да кампетэнцыі інш. органаў дзярж. улады. Савет Рэспублікі валодае шырокімі паўнамоцтвамі пры вырашэнні кадравых пытанняў. Ён дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага суда, Старшыні і суддзяў Вярх. суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага гасп. суда, Старшыні Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Ген. пракурора, Старшыні і членаў праўлення Нац. банка; выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда, 6 членаў Цэнтрвыбаркома. Савет Рэспублікі мае права: адмяняць рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству; прымаць рашэнні аб роспуску мясц. Саветаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння імі патрабаванняў заканадаўства і ў інш. прадугледжаных законам выпадках; прымаць ва ўстаноўленым парадку рашэнне аб зняцці з пасады Прэзідэнта; прымаць рашэнні па інш. пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі. Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзярж. сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнні — Урада. Рашэнні палат лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Законы аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, аб ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як ​2/3 ад поўнага складу палат. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканад. паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, што прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і іх органаў вызначаецца рэгламентамі палат.

У зале пасяджэнняў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка), біялагічная фізіка,

навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТКА,

элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл. Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, раслін, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн. ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.

А.​С.​Леанцюк.

Раслінная (А) і жывёльная (Б) клетка: 1 — клетачная сценка; 2 — хларапласт; 3 — мітахондрыі; 4 — комплекс Гольджы; 5 — вакуолі; 6 — клетачная мембрана; 7 — ядро; 8 — ядзерка; 9 — ядзерная мембрана; 10 — храмасомы; 11 — эндаплазматычны рэтыкулум; 12 — рыбасомы; 13 — цытаплазма; 14 — лізасома; 15 — цэнтрыёлі.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.

Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш. Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.

Літ.:

Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Русская грамматика. Т. 1. М., 1980.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТА́ЦЫІ (ад лац. mutatio змяненне, змена),

раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіць да адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.

Літ.:

Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;

Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЛАКА́ЦЫІ ў крышталях,

трансляцыйныя лінейныя дэфекты ў крышталях; лініі, уздоўж і паблізу якіх парушана рэгулярнае размяшчэнне атамных плоскасцей. Могуць выходзіць на паверхню, замыкацца (утвараць дыслакацыйную пятлю), разгаліноўвацца, не абрываюцца ўнутры крышталя. Сярэдняя колькасць ліній Д., што праходзяць праз сячэнне адзінкавай плошчы, вызначае дыслакацыйную шчыльнасць.

У простай кубічнай рашотцы бываюць 2 тыпы Д. — краявая і вінтавая; у больш складаных структурах паміж гэтымі гранічнымі тыпамі могуць існаваць прамежкавыя (напр., у рашотцы алмазу бывае 10 тыпаў Д.). Краявыя Д. — лініі, уздоўж якіх унутры крышталя абрываецца край лішняй атамнай паўплоскасці. Вінтавыя Д. ўтвараюцца ў выніку зруху на перыяд рашоткі адной часткі крышталя адносна другой уздоўж некаторай атамнай паўплоскасці паралельна яе краю. Пры абходзе вакол лініі Д. па вузлах рашоткі ўзнікае незамкнёнасць контуру, якая характарызуецца вектарам Бюргерса b→. Даўжыня вектара b→ роўная аднаму з трансляцыйных перыядаў рашоткі, а напрамак залежыць ад напрамку абходу контуру. Для краявой Д. вектар датычнай L да яе лініі і вектар b→ перпендыкулярныя, для вінтавой — паралельныя. Існуюць 2 спосабы перамяшчэння Д. па крышталі: слізганне (абумоўлена разрывам і перазлучэннем міжатамных сувязей уздоўж лініі Д.) і перапаўзанне (атамная рэканструкцыя краю лішняй паўплоскасці). У рэальных крышталях Д. — ломаныя лініі, якія складаюцца з участкаў (сегментаў) розных тыпаў. Пры збліжэнні двух Д. аднатыпныя сегменты 3 паралельнымі вектарамі Бюргерса адштурхоўваюцца, а з антыпаралельнымі — прыцягваюцца, і адбываецца «анігіляцыя» сегментаў. Узнікненне Д. абумоўлена пластычнай дэфармацыяй крышталя ў працэсе яго росту або далейшых тэрмаапрацовак. Д. ў крышталі знаходзіцца ў полі пругкіх напружанняў. Пры павелічэнні пластычнай дэфармацыі расце колькасць Д., іх палі перакрываюцца і слізганне ўскладняецца (дэфармацыйнае ўмацаванне). Рух і ўзаемадзеянне Д. вызначаюць змяненне формы крышталя і яго ўласцівасцей. У кавалентных крышталях (германій, крэмній, алмаз) Д. маюць абарваныя хім. сувязі; кожная разарваная (ненасычаная) сувязь можа выступаць як цэнтр захопу электрона. У кавалентных і іонных крышталях Д. праяўляюць сябе ў фотапругкасці, люмінесцэнцыі, анізатрапіі электраправоднасці і інш. Акрамя Д. у крышталях бываюць ратацыйныя лінейныя дэфекты — дысклінацыі (парушэнні сіметрыі напрамкаў).

Літ.:

Судзуки Т., Ёсинага Х., Такеути С. Динамика дислокаций и пластичность: Пер. с яп. М., 1989;

Дроздов Н.А., Патрин А.А., Ткачев В.Д. Рекомбинационное излучение на дислокациях в кремнии // Письма в Журн. экспер. и теорет. физики. 1976. Т. 23, № 11.

М.​А.​Драздоў, М.​А.​Паклонскі.

Дыслакацыі: 1 — краявая; 2 — вінтавая.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСПЕКТЫ́ВА ў мастацтве,

метад адлюстравання на плоскасці аб’ёмных цел, іх уласнай прасторавай структуры і месцазнаходжання ў прасторы; адзін з асн. элементаў пабудовы кампазіцыі ў творах фігуратыўнага мастацтва. У залежнасці ад маст. стылю і прынятай у пэўную эпоху сістэмы прасторавага бачання, мэты аўтара твора прымалі розныя формы, якія выкарыстоўваюцца і для ўласна арганізацыі прасторы адпаведна зрокаваму ўспрыняццю прадметаў чалавекам, і для выяўлення канцэпцыі светабудовы, узмацнення эмац.-псіхал. ўздзеяння твора, надання выяве ролі сімвала і інш. Выкарыстоўваецца таксама ў арх. праектаванні, чарцяжах будынкаў і комплексаў і інш.

Узнікненню паняцця П. папярэднічалі ўмоўна-сімвалічныя схемы і прыёмы ў мастацтве першабытнасці і Стараж. Усходу, сродкамі якіх характарызавалі ўзаемнае размяшчэнне прадметаў (ярусная кампазіцыя, спалучэнне франтальных і профільных відаў з планамі, маштабныя кантрасты і інш.). У ант. мастацтве пераважалі перспектыўныя пабудовы кампазіцыі. заснаваныя на метадзе праекцыі прасторавых аб’ектаў на пэўную плоскасць з дапамогай размешчаных на адной цэнтр. восі паралельных ліній, якія маюць некалькі пунктаў сыходжання (т.зв. рыбіна косць; у некат. рым. размалёўках выкарыстоўваўся і адзін цэнтр праекцыі). У эпоху сярэднявечча падпарадкаванасць мастацтва рэліг. канонам абумовіла ўзнікненне адваротнай П., якая складалася з некалькіх ізаляваных перспектыўных пучкоў, звернутых вяршыняй не ў глыбіню адлюстроўваемай прасторы, а да гледача, які нібыта знаходзіцца ў розных месцах перад выявай; пры спалучэнні гэтых фрагментаў ствараецца ўражанне ірэальнай прасторы, а павелічэнне памераў асобных аб’ектаў па меры іх аддалення надае выяве сімвалічны сэнс. Паралельна з гэтымі сістэмамі існавала назіральная П. (эмпірычныя навыкі адлюстравання прасторы «на вока», без узгаднення з тэорыяй і канонамі). У мастацтве краін Д. Усходу зрокавыя і практычныя навыкі перадачы прасторы стварылі сістэму паветранай П., якая будавалася праз паслядоўнае памяншэнне выразнасці аддаленых аб’ектаў і змяненне іх колеру ў спалучэнні з выбарам вельмі высокага пункта гледжання («з птушынага палёту») і паралельнай П. (паралельныя лініі не перасякаюцца ў полі зроку). У Еўропе прынцыпы паветр. П. абгрунтаваў і выкарыстоўваў у 15—16 ст. Леанарда да Вінчы, у 19 ст. — імпрэсіяністы. У эпоху Протарэнесанса і Адраджэння выпрацавана і матэматычна абгрунтавана сістэма лінейнай (прамой. навуковай) П., у аснову якой пакладзены метад цэнтр. праекцыі. Лінейная П. лічыцца класічнай, яе асн. прынцыпы найб. пашыраны ў мастацтве 16—20 ст. У канцы 19—20 ст. вырасла цікавасць і да інш. сістэм П., выпрацаваны складаныя метады пабудовы П. на ўнутр. паверхнях цыліндра (панарамная П.), сферы (купальная П.), на плафонах і інш. Правілы П. — адна з асноў методыкі маст. творчасці і адукацыі.

Літ.:

Барышников А.П. Перспектива. 4 изд. М., 1955;

Успенский Б.А. Поэтика композиции. М., 1970;

Раушенбах Б.В. Пространственные построения в живописи. М., 1980.

Лінейная перспектыва.

т. 12, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕРАЛОГІЯ

У 19 ст. этыялогію, клініку, лячэнне, прычыны пашырэння і прафілактыку венерычных хвароб вывучалі бел. ўрачы А.​М.​Аляксандраў, К.​П.​Гарбачэўскі, П.​Ф.​Дзеканскі, І.​З.​Зак, Л.​Я.​Поляк, П.​С.​Тапорнін, А.​А.​Яхнін. Навук. даследаванні па венералогіі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры скурных і венерычных хвароб мед. факультэта БДУ (В.​Ю.​Мранговіус) і стварэннем у 1932 НДІ скурных і венерычных захворванняў (А.​П.​Комаў, А.​Я.​Пракапчук). У даваенны час і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі гал. яе кірункам стала распрацоўка навук. асноў ліквідавання венерычных хвароб, якія асабліва пасля вайны мелі амаль эпідэміялагічны характар. Бел. венеролагі распрацавалі метады: лячэння сіфілісу пеніцылінам (Пракапчук), безмыш’яковісты (С.​С.​Гарбулёў), скарочаны (Комаў), інструментальнай дыягностыкі, антыбіётыкатэрапіі ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.​В.​Дыла, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава) і інш. У 1960-х г. Беларусь стала адным з лепшых рэгіёнаў СССР па барацьбе з венерычнымі хваробамі (І.​І.​Багдановіч, Л.​І.​Багдановіч, А.​П.​Віторскі, Дыла, Комаў і інш.). Пастаяннае вывучэнне эпідэміялогіі венерычнай паталогіі дазволіла кантраляваць яе пашырэнне (А.​П.​Віторскі, В.​Г.​Радыёнава). Даследаваны імунны статус у хворых на сіфіліс (В.​Г.​Панкратаў і інш.) і ганарэю (Л.​Г.​Барабанаў), распрацаваны рэкамендацыі па іх карэкцыі. У апошнія дзесяцігоддзі даследаванні па венералогіі вядуцца ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. універсітэтах, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Выяўлена змяненне клінічнай праявы сіфілісу, ганарэі і інш. інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, што мае важнае значэнне ў дыягностыцы гэтых паталогій (Панкратаў, Фёдарава, І.​Г.​Шыманская і інш.). Зроблены даследаванні па вывучэнні клінікі, дыягностыкі і лячэння сіфілісу нервовай сістэмы (Панкратаў, А.​М.​Лук’янаў). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Барабанаў, Віторскі, Панкратаў, Я.​С.​Пеўзнер, М.​З.​Ягоўдзік і інш.). Дадзена клінічная ацэнка тэрапеўтычнай эфектыўнасці лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (У.​П.​Адаскевіч, Барабанаў, В.​М.​Козін, Фёдарава, Ягоўдзік і інш.) Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скуравендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Горбулев С.С. Безмышьяковистое лечение сифилиса. Мн., 1959;

Венерические болезни. Мн., 1978;

Венерические болезни. Мн., 1998;

Адаскевич В.П. Инфекции, передаваемые половым путем. Н.​Новгород, 2001.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 2, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)