ЧА́РТЭР (англ. charter зафрахтаваць судна),

дагавор паміж уладальнікам трансп. сродку і наймальнікам (фрахтавальнікам, адпраўшчыкам тавару) на арэнду трансп. сродку (напр., судна) або яго часткі на пэўны рэйс або тэрмін. Змяшчае найменні бакоў, звесткі пра трансп. сродак, памеры фрахту, месцы пагрузкі і выгрузкі, указанні пра сталійны час (тэрмін, за які груз павінен быць пагружаны на судна і выгружаны) і інш. Нормы аб Ч. ўтрымліваюцца ў цывільным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ЭНЕРГЕ́ТЫКА,

1) атрыманне энергіі з узнаўляльных (энергія ветру, вады, Сонца) ці біял. крыніц.

2) Раздзел экалогіі, які вывучае механізмы і эфектыўнасць выкарыстання і пераўтварэння энергіі ў працэсах жыццядзейнасці арганізмаў. Выкарыстоўвае эксперым. метады рэгістрацыі хуткасці і інтэнсіўнасці працэсаў метабалізму, іх энергет. забеспячэння і эфектыўнасці перадачы энергіі па трафічных ланцугах экасістэм. Дазваляе ацаніць маштабы і эфектыўнасць выкарыстання энергіі на рост арганізмаў, дае зыходныя звесткі для пабудовы матэм. мадэляў экасістэм.

т. 18, кн. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОБРУ́ЙСКИЕ О́ТКЛИКИ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літаратурная газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 11(24).8.1911 да 16(29).5.1912 у Бабруйску на рус. мове. Адлюстроўвала эканам., паліт., сац.-культ. пазіцыю сярэдняй і дробнай гар. буржуазіі і інтэлігенцыі пераважна з асяроддзя абруселых яўрэяў. Змяшчала звесткі пра міжнар. і ўнутранае становішча, дзейнасць урада, Дзярж. думы і разнастайныя бакі мясц. жыцця, навук.-асв. артыкулы, фельетоны, вершы і белетрыстыку. Мела літ.-крытычны і тэатр. аддзелы.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДОМОСТИ» пятроўскія,

першая руская друкаваная газета. Засн. паводле ўказа Пятра I. Выдавалася з 16.12.1702 (па інш. звестках з 2.1.1703) да 1917 спачатку ў Маскве (да 1711), потым папераменна ў Пецярбургу і Маскве. Мяняла назвы: «Ведомости», «Ведомости московские», «Ведомости о военных и иных делах...» і інш. Выходзіла неперыядычна. Друкавала звесткі пра поспехі прам-сці, асветы і гандлю, паведамленні пра перамогі арміі і флоту, замежную інфармацыю. З 1728 выходзіла пад назвай «Санкт-Петербургские ведомости».

т. 4, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л (Geōrgios Amartōlos), Георгій Манах,

візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.

Літ.:

Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;

Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),

помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,

метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец. гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛЕ́Т (франц. Arbalète),

старажытная ручная зброя ў выглядзе стальнога або драўлянага лука з драўляным ложам-прыкладам і механізмам для нацягвання цецівы. Пушчаныя з арбалета драўляныя стрэлы з жал. наканечнікамі ляцелі на адлегласць 300—400 крокаў і прабівалі рыцарскія латы. У краінах Еўропы вядомы з 11 ст. (ёсць звесткі, што ў Еўропу арбалет прынеслі крыжаносцы, якія запазычылі яго ў сарацынаў). На Русі наз. самастрэлам. На Беларусі выкарыстоўваўся ў 12—16 ст.

Арбалет з запальнай стралой.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́ВІЧ Грынь, беларускі друкар і гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў мяст. Заблудаў Гродзенскага пав. Быў вучнем кнігадрукара І.​Фёдарава ў Заблудаўскай друкарні. Пазней вучыўся ў майстра Лаўрэнція Філіповіча (1577—79). Пасля навучання рабіў шрыфты і аздобы для выданняў Фёдарава ў Львове і Астрогу. У 1582 зрабіў шрыфт для друкарні Мамонічаў у Вільні. У 1583 вярнуўся ў Львоў, дзе заключыў дагавор з Фёдаравым на выраб новых шрыфтоў. Пасля смерці Фёдарава (1583) звесткі пра І. адсутнічаюць.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)