адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы бел.нар. майстроў з вёсак Агова, Опаль, Іванаўскага, Крамно, Заверша, Хомск Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. Промысел узнік у пач. 20 ст., найб. росквіту дасягнуў у 1950-я г. Паводле канструкцыі агоўскія куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам 60 × 110 × 80 см з пукатым векам, на 4 метал. ці драўляных колцах, з 2 ручкамі на баках.
У пач. 20 ст. іх фарбавалі ў адзін колер, акоўвалі палосамі бляхі. У 1920—30-я г. размалёўвалі ў розныя колеры. Палосамі фляндроўкі, што замяніла старадаўнюю акоўку, плоскасць куфра падзялялася на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняліся расліннымі, геам. і зааморфнымі кампазіцыямі. Характар дэкору аналагічны інш. відам мясц. размалёўкі (гл.Агоўская размалёўка) ці аздабленню адзення, ручнікоў, дываноў. Традыцыйна існавала раздзяленне вытв. працэсаў: мужчыны выконвалі сталярныя і кавальскія работы, жанчыны — размалёўку. Промысел заняпаў у пач. 1960-х г., у 1970-я г. адроджаны (у 1978 у в. Агова створаны філіял Брэсцкай ф-кі сувеніраў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Агоўскія куфры. Куфар. Размалёўка Т. Доўгер. 1950-я г. Вёска Агова Іванаўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЭ́Т (італьян. quintetto ад лац. quintus пяты),
1) ансамбль з 5 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Інстр. К. можа складацца з аднародных або разнародных інструментаў. Пашыраны К. смыковы (смыковы квартэт і 2-я віяланчэль або 2-і альт), фп. (смыковы квартэт і фп.), духавых інструментаў (квартэт драўляных духавых і валторна).
2) Муз. твор для 5 інструментаў або пеўчых галасоў. Інстр. К. як жанр камернай музыкі склаўся ў творчасці І.Гайдна і В.А.Моцарта. Звычайна пішацца ў санатнай цыклічнай форме. У музыцы 19—20 ст. значна пашыраны фп. К., для якога характэрна кантрастнае супастаўленне тэмбраў фп. і стр. смыковых інструментаў. У сусв.муз. класіку ўвайшлі фп. квінтэты Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, С.Франка, С.Танеева, Дз.Шастаковіча. У бел. музыцы пачынальнік жанру М.Аладаў (2 К., 1-ы ў 1925). Фп. К. пісалі таксама П.Падкавыраў, У.Чараднічэнка. К. для інш. складаў стварылі У.Дамарацкі («Партыта» для К. медных духавых), У.Каральчук (К. для 2 труб, валторны, трамбона і тубы), А.Літвіноўскі (п’еса для стр. К. «U1»). Вакальныя К. звычайна ўваходзяць у оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЯРЭ́ЖНАЯ,
бераг ракі, канала, штучнага ці натуральнага вадасховішча, мора, умацаваны сцяной з каменю, бетону, цэменту, дрэва і інш., а таксама вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Аб’ект гідратэхнікі і архітэктуры. Развіліся ў выніку ўдасканалення канструкцый (драўляных, звычайна слупавых, і каменных), што ўмацоўвалі берагі абарончых равоў феад. замкаў і гарадоў. Пашыраны з сярэдзіны 18 ст. ў буйных еўрап. гарадах. Уздоўж Н. пракладвалі вуліцы, бульвары, на іх рабілі прычалы, спускі і з’езды да вады, аглядныя пляцоўкі, альтанкі, пазней пляжы. Н. адыгрываюць важную ролю ў аб’яднанні значных па плошчы гар. тэрыторый у адзіны арх. ансамбль (Н. рэк Сены ў Парыжы, Тэмзы ў Лондане, Нявы, Фантанкі, Мойкі, Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу, Масквы-ракі і Яўзы ў Маскве і інш.). На Беларусі ствараліся з канца 18 ст. ў буйных палацава-паркавых комплексах (Н. ўздоўж каналаў у Альбінскім палацава-паркавым ансамблі, 1780-я г.). Н., што будуюцца з сярэдзіны 20 ст., становяцца месцамі адпачынку (Н. р. Свіслач і Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску і інш.).
С.А.Сергачоў.
Набярэжная ракі Свіслач у Мінску.Набярэжная Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл.Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелерыдаўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.
Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́,
горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс.ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.
Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 14—18 ст. на месцы дзядзінца і вакольнага горада Кобрын, на р. Кобрынка. У 16 ст. складаліся з драўляных Ніжняга («Прыгародак») і Верхняга («Высокага») замкаў. На падыходзе да Ніжняга замка шлях перагароджвала р. Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы моста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што аддзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканам, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 артыл. ўзбраенне К.з. складалася з 2 «дел ляных», 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў і рыштунку да іх. У канцы 18 ст. па загадзе А.В.Суворава, які валодаў тады горадам, К.з. разбураны і скапаны. Замкавыя насыпы знесены ў 1840-я г. пры пракладцы Маскоўска-Варшаўскай шашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЦІК (лац. porticus),
галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл.драм.т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.
Г.С.Ларкін.
Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.