іспанскі паэт і драматург. Вывучаў філасофію, л-ру, права ў Гранадзе і Мадрыдзе. У 1931—33 узначальваў вандроўны студэнцкі т-р «Ла Барака». Расстраляны франкістамі. Творчасць Гарсія Лоркі непарыўна звязана з ісп. фальклорам, з якога ён пераняў эмацыянальную напружанасць, гукі, колеры, сімволіку і інш. Адна з гал. ідэй яго паэт. творчасці — магчымасць дыялогу паміж людзьмі, кожны з якіх уяўляе асобны свет. У зб-ках «Песні» (1927), «Цыганскае рамансэра» (1928), «Вершы пра кантэ хонда» (1931), «Дыван Тамарыта» (1936), «Паэт у Нью-Йорку» (выд. 1940) водгук рамантызму. У драматургіі Гарсія Лоркі, якая адчула ўплыў сюррэалізму, паглыблены аналіз міжсаслоўных адносін і сац. пытанняў (гераічная драма «Марыяна Пінеда», 1928; нар. фарс «Цудоўная башмачніца» 1930; трагедыі «Крывавае вяселле», паст. 1933; «Йерма», паст. 1934; п’еса «Донна Расіта, дзяўчына, альбо Мова кветак», паст. 1935; драма «Дом Бернарды Альбы», выд. 1945). На бел. мову яго творы перакладаў Р.Барадулін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РЫКА (ад лац. sonorus гучны, шумны) у музыцы, від кампазіцыйнай тэхнікі, заснаванай на выкарыстанні маляўнічых гучанняў. Звязана з акцэнтаваннем каларыту і фарбаў, іх аўтанамізацыяй, у выніку чаго маляўнічы бок рэгулюе ўвесь гукавы працэс. У гіст.-стылявых адносінах вылучаюць 3 ступені-градацыі, якія адрозніваюцца вышынна-тонавай дыферэнцыяцыяй гучання: каларыстыка, калі тоны ясна адрозніваюцца, але ўзмоцнены фанічны бок гучання (каларыстычная гармонія ў сцэнах зацьмення ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, перазвону ў оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, каларыстычна афарбаваныя лініі ў эцюдзе «Шум лесу» Ф.Ліста); санорыка, калі на першае месца выступаюць фарбы і адрозніваецца толькі частка тонаў (санорна афарбаваная і санорная гармонія ў творах К.Дэбюсі, А.Скрабіна, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, Б.Бартака, у «Атмасферах» Дз.Лігеці); санарыстыка, калі выкарыстаны гукі без дакладна вызначанай вышыні, у выніку чаго ўзнікае санарыстычная гармонія і санарыстычны «шум» («Плач па ахвярах Хірасімы» К.Пендарэцкага, 1-я ч. канцэрта-буф С.Сланімскага). Прыкметы С. праявіліся ў трактоўцы гармоніі ў творах Ф.Шапэна, М.Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, П.Чайкоўскага. Больш дакладна выкарыстоўваецца ў творах кампазітараў 20 — пач. 21 ст. У бел. музыцы С. ўласціва творам Л.Шлег (вакальна-сімф. дзеянне «Гуканне вясны»), С.Бельцюкова (для інстр. ансамбля «Стронцый-90», сімфонія № 1), В.Кузняцова («Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі «Caesium-137»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКА́ЛІПСІС (грэч. apokalypsis літар. адкрыццё),
1) адна з кніг Новага Запавета (Адкрыццё святога Іаана Багаслова). Напісана ў 68 — пач. 69 н.э. Іаанам Багасловам. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Гал. ідэя апакаліпсіса — чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусв. катастрофы. Рэлігійна арыентаваныя тлумачальнікі разглядаюць апакаліпсіс як прарочую кнігу пра апошнія часы свету і здарэнні, што павінны адбыцца напярэдадні 2-га прышэсця Хрыста на зямлю. Праз увесь яго тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Бога, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чашаў Божага гневу, і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастрофаў прызначана выклікаць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету. Пасля Чарнобыльскай катастрофы шматлікія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т. л. на Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі трэцяга анёла, што апавяшчае аб падзенні на зямлю вялікай зоркі пад назвай «палын» (па-ўкраінску «чарнобыль»), з біблейскім прадказаннем гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы — нац. трагедыі бел. народа. Акрамя інтэрпрэтацыі апакаліпсіса як страшнага суда і канца свету яго яшчэ тлумачаць як абяцанне тысячагадовага шчасця пасля такога суда.
2) У шырокім сэнсе апакаліпсіс — буйнамаштабнае бедства, пагроза пагібелі чалавецтва, культуры, навакольнага асяроддзя. Апакаліпсіс часта асацыіруецца з крызісам або канцом цывілізацыі, эканам. катастрофамі, ядз. вайной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т.л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.
Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;
Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;
Я го ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎу мовазнаўстве,
гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.
Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш.слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1989;
Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎНЫ АПАРА́Т,
сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.
Літ.:
Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.
У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.
2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.
3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятура фп. (гл.рыс.).
4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.
5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.
У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян.нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.Арыёста, Т.Таса, Л.Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Домік у Каломне» А.Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.Купала («Спроба актавы») і М.Багдановіч («Актава»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАГРАФІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (ідэаграмы) найчасцей абазначаюць не гукі і склады, а паняцці. Асн. сістэмы І.п.: егіпецкае пісьмо, месапатамскі клінапіс, мая пісьмо, кітайскае пісьмо, часткова японскае пісьмо і інш.
І.п. ўзнікла на аснове піктаграфічнага пісьма Ператварэнне малюнка ў ідэаграму (і далей — у іерогліф) адбывалася на працягу доўгага часу. кожны піктаграфічны знак (малюнак) у выніку яго рэгулярнага і аднастайнага ўжывання ў свядомасці чалавека пачаў звязвацца з пэўным словам і яго абазначаць. Гэтая ўстойлівая сувязь прыводзіла да замацавання пэўнага стандарту ў выяве графічнага знака, да захавання яго абрысу, схемы і выпрацоўкі такой жа паслядоўнасці іх на пісьме, і слоў у жывым маўленні, што прадвызначыла развіццё ўласцівага пісьмоваму маўленню парадку слоў. У працэсе страты сваёй першапачатковай малюнкавай нагляднасці піктаграмы пачалі набываць уласную графічную каштоўнасць: той, хто пісаў, мог выбіраць графемы-ідэаграмы, якія ўжо замацаваліся ў грамадскай свядомасці. Паступова адзін і той жа малюнак-схема пачаў ужывацца ў прамым і пераносным, адцягненым значэнні (напр., малюнак вока — «вока» і «зрок»; вока і сляза — «гора»; нага — «нага», «стаяць», «ісці», «прыносіць» і інш.), а потым набыў цалкам характар ідэаграмы. У працэсе станаўлення І.п. ўзніклі спецыялізаваныя ідэаграмы для абазначэння інш. (акрамя кораня) значымых частак слова: напр., шумерскае 𒀸𒀸𒐕 [dingir] — «бог, святло»; 𒀸𒀸𒐕𒀸𒐕 [dingir-an] — «бога» (вінавальны склон адз. ліку). Гэта сведчыла пра пераход на больш высокую ступень абстрагавання ў станаўленні графічнай сістэмы.
У сучасных сістэмах пісьма і інш. семіятычных сістэмах часткова выкарыстоўваюцца ідэаграмы, што перадаюць значэнне слова, выразу або цэлага сказа (напр., лічбы, хім. сімвалы, дарожныя знакі, картаграфічныя абазначэнні і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТО́НІКА (грэч. diatonikos літар. расцягнуты, г.зн. які пераходзіць ад аднаго тону да другога) у музыцы, сяміступенная інтэрвальная сістэма, усе гукі якой могуць быць размешчаны па чыстых квінтах. Інтэрвалы Д. ўтвараюцца ў межах ланцуга з 6 квінтаў; дыятанічныя і ўсе акорды, якія ўключаюць толькі інтэрвалы Д. Гэтыя інтэрвалы дыятанічныя і тады, калі яны ўтвараюцца храматычнымі ступенямі (напр., des-f у C-dur, гл.Храматызм). Тое ж адносіцца і да акордаў. Адрозніваюць інтэрвалы і акорды ўласна дыятанічныя (напр., c-e-g-h у C-dur) і дыятанічныя па сутнасці, але храматычныя паводле становішча (напр., c-e-g-h у H-dur). У цэлым Д. ўласцівы строгасць тону, характар прастаты, «натуральнасці». Да Д. адносяцца гукарады стараж.-грэч. ладоў, царк. ладоў, ладоў нар. музыкі. Блізкія да Д. лады, аснова якіх — дыятанічны гукарад, але якія маюць і храматычныя інтэрвалы (зах.-еўрап.царк. гукарад, гарманічны мажор і мінор і інш.). Яны ўмоўна адносяцца да Д. і складаюць міксадыятанічны (мяшанадыятанічны) род інтэрвальных сістэм.
Структура стараж. (ант., сярэдневяковай) Д. была квінтавая. Па меры развіцця акордава-гарманічнай сістэмы Д. структурна рэарганізавалася, стала квінтава-тэрцавай, якая ляжыць у аснове класічнай функцыянальнай танальнасці. У сувязі з незамкнёнасцю раду 6 квінтаў і, адпаведна. магчымасцю шматразовай транспазіцыі ўзнікае вял. мадуляцыйная прастора — база буйных класічных форм. У 19—20 ст. шырока ўводзіцца Д. нар. складу (у Ф.Шапэна, Э.Грыга, А.Лядава, М.Мусаргскага, С.Пракоф’ева, М.Рымскага-Корсакава, Г.В.Свірыдава, І.Стравінскага, бел. кампазітараў А.Багатырова, Г.Гарэлавай, І.Лучанка, А.Мдывані, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш.). У 20 ст. пашырана дысанантная Д.
Літ.:
Катуар Г.Л. Теоретический курс гармонии. Ч. 1—2. М., 1924—25;
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии. М., 1969;
Котляревський І.А. Діатоніка і хроматика як категоріі музичного мислення. Київ, 1971;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1964. № 4.