ДАНІЛЕ́ЎСКІ Васіль Якаўлевіч (25.1.1852, г. Харкаў, Украіна — 25.2.1939),

украінскі фізіёлаг і гістолаг. Акад. АН Украіны (1926). Брат А.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1874), праф. у ім (у 1883—1909 і 1917—21). З 1910 дырэктар Харкаўскага жаночага мед. ін-та, з 1921 у Харкаўскім мед. ін-це, у 1927 арганізаваў і ўзначаліў Украінскі НДІ эндакрыналогіі і арганатэрапіі. Навук. працы па агульнай і параўнальнай фізіялогіі, фізіялогіі нерв. сістэмы, электрафізіялогіі, эндакрыналогіі і пратысталогіі. Выявіў цэнтр у кары галаўнога мозга, што рэгулюе дзейнасць сэрца. Займаўся праблемамі электраэнцэфалаграфіі, фізіял. вывучэння гіпнозу ў чалавека і жывёл.

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см²), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ ў біялогіі,

вонкавая складка скуры ў жывёл або частка конуса нарастання ў раслін. У беспазваночных (малюскаў, плечаногіх і вусаногіх ракападобных) М. поўнасцю або часткова ўкрывае цела. Спец. залозістыя клеткі М. ўтвараюць вонкавы шкілет (ракавіну). У водных форм М. звычайна выслана мігальным эпітэліем; ад руху яго раснічак вада працякае праз мантыйную поласць. У абалоннікаў М. наз. туніка. У пазваночных жывёл М., або плашч, — кара галаўнога мозга. У раслін М. (туніка) — ч. ўтваральнай тканкі (мерыстэмы) у конусе нарастання (апекс) сцябла раслін. З М. дыферэнцыруюцца эпідэрміс і першасная кара.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВО́ВАЯ ТКА́НКА,

комплексы нервовых і гліяльных клетак, спецыфічных для жывёльных арганізмаў; асн. структурна-функцыян. элемент нервовай сістэмы. Забяспечвае рэгуляцыю жыццядзейнасці тканак і органаў, іх інтэграцыю ў арганізме і сувязь з навакольным асяроддзем. Эвалюцыйна паяўляецца ў кішачнаполасцевых і дасягае найб. складанага развіцця ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга млекакормячых і чалавека. Нерв. клеткі (нейроны) не дзеляцца, валодаюць асаблівай узбуджальнасцю, праводнасцю і здольныя ўтвараць стабільныя кантакты з інш. клеткамі. Гліяльныя клеткі (нейраглія) — трафічны, апорны і ахоўны апарат. Звычайна Н.т. абкружана слаямі злучальнай тканкі (у пазваночных — мазгавыя абалонкі). А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫАРТЭРЫІ́Т ВУЗЕ́ЛЬЧЫКАВЫ, хвароба Кусмаўля-Маера,

інфекцыйна-алергічнае захворванне злучальнай тканкі артэрый (пераважна дробных і сярэдніх). Адносіцца да рэўматычных хвароб, таксама да сістэмных васкулітаў (запаленне крывяносных сасудаў). Найчасцей пашкоджваюцца сасуды нырак, радзей — каранарныя артэрыі сэрца, брыжэйкі, печані, галаўнога мозга. Пры пашкоджанні злучальнай тканкі ў сценках артэрый могуць развіцца ачагі фібрыноіднага некрозу з эксудатыўным і прадукц. запаленнем (напр., прадукц. васкуліты). Адрозніваюць П.в. востры (інфаркты і кровазліцці ў органах) і хранічны (склератычныя змены з далейшай недастатковасцю органаў). У нырках развіваецца падвостры ці хранічны гламеруланефрыт — двухбаковае дыфузнае запаленне.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ДНІ МО́ЗГ,

пярэдні аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з пярэдняга мазгавога пузыра. У кругларотых і рыб — мазгавая ч. нюхальнага аналізатара, выконвае пераважна ролю цэнтр. рэгулятара дзейнасці органаў нюху. У земнаводных і паўзуноў П.м. ускладняецца, падзяляецца на прамежкавы і канечны мозг; уключаецца ў кіраванне складанымі формамі паводзін. У птушак і млекакормячых падзел П.м. найб. выразны. У наземных жывёл з развіццём П.м. як органа вышэйшай нерв. дзейнасці ўзнікае дзяленне рэфлекторнай дзейнасці на сістэму складаных безумоўных (інстынктаў) і ўмоўных (мазгавая кара) рэфлексаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКСАПЛАЗМО́З,

прыродна-ачаговая хвароба чалавека і жывёл (больш за 180 відаў) з групы заанозаў. Выклікаецца ўнутрыклетачным паразітам з роду таксаплазма. Пры вострым цячэнні характарызуецца комплексам нерв. з’яў, паталогіяй цяжарнасці і родаў.

Інфекцыя перадаецца чалавеку (часцей ад сабак, катоў) паветрана-кропельным шляхам. праз стрававальную сістэму. трансплацэнтарна і інш. Бывае Т. набыты і прыроджаны. Пры набытым Т. назіраюцца страта апетыту. слабасць. субфебрыльная (37,5 °C) т-ра. Прыроджаны вядзе да пашкоджання галаўнога мозга і запалення сасудзістай і сятчатай сеткавай* абалонак вачэй, да гібелі плода і нованароджанага, пачварнасці. затрымкі развіцця і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 15, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕМІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. femina жанчына, самка) у біялогіі, развіццё ў асобін мужчынскага полу жаночых другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самцоў рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых, у т. л. ў чалавека, у выніку парушэнняў гарманальнага балансу.

Эксперыментальна Ф. выклікаюць у кастрыраваных самцоў перасадкай яечніка ці ўвядзеннем жаночых гармонаў (эстрагенаў). Напр., перасадка яечнікаў кастрыраваным пеўням выклікае ў іх з’яўленне апярэння, галаўнога ўбору і палавога інстынкту, якія характэрны для курэй. У кастрыраваных самцоў млекакормячых (пацукі, малпы) пасля трансплантацыі яечніка ці ўвядзення эстрагенаў развіваюцца малочныя залозы, праяўляецца жаночы палавы інстынкт.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІК (франц. tic),

хуткія міжвольныя паўтаральныя скарачэнні шкілетнай мышцы або групы мышцаў. Бывае псіхагенны (функцыян., звязаны з псіхатраўміравальнымі сітуацыямі) і арган. (захворванні або пашкоджанні галаўнога мозга ў выніку запалення, інтаксікацыі, траўмы, ужывання лекаў і інш.), лакалізаваны (у пэўнай вобласці цела) і генералізаваны (ахоплівае групы мышцаў ва ўсіх ч. цела). Найб. часта назіраецца ў вобласці галавы (паторгванне і нахмурванне броваў, марганне, зажмурванне вачэй і інш.), радзей — рук, ног і інш. Часта ўзнікае на фоне павышанай узбудлівасці нерв. сістэмы. Лячэнне тэрапеўт., зрэдку — нейрахірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАІМКЛІ́ВЫЯ НЕРВО́ВЫЯ ВАЛО́КНЫ, аферэйтныя, сенсорныя, адчувальныя валокны,

адросткі нервовых клетак (аксоны) разам з іх абалонкамі, якія перадаюць узбуджэнне ад знешніх і ўнутр. рэцэптараў у цэнтральную нервовую сістэму (да спіннога мозга або да розных аддзелаў галаўнога мозга). Нерв. клеткі размешчаны або ў рэцэптарным органе, або ў спецыфічных адчувальных гангліях. Падзяляюцца на зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя і інш. Некат. цэнтраімклівыя нервы складаюцца з валокнаў розных рэцэптараў (напр., скурныя і мышачныя), большасць — з валокнаў аднаго тыпу адчувальнасці. Уласна цэнтраімклівыя нервы сустракаюцца рэдка, звычайна маюць у сабе і цэнтрабежныя нервовыя валокны (змешаныя нервы).

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)