матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш.Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш.Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,
найбуйнейшая група астравоў на Зямлі паміж Азіяй і Аўстраліяй. На М.а. тэр. Інданезіі, Малайзіі, Філіпін, Брунея, Усх. Тымора. Каля 10 тыс. астравоў, агульнай пл. больш за 2 млн.км². Уключае Вялікія Зондскія астравы, Малыя Зондскія астравы, Філіпінскія астравы, Малукскія астравы і інш.Найб. а-вы Калімантан, Суматра, Сулавесі, Ява. Пераважаюць сярэдневышынныя і нізкія горы выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Ёсць узгорыстыя раўніны і нізіны, складзеныя з алювіяльных і марскіх адкладаў. Горы познакайназойскай і сучаснай складкавасці. Складзены пераважна з неагенавых абломкавых тоўшчаў, прарваных гранітнымі інтрузіямі (на в-ве Калімантан — з палеазойскіх парод). Каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. вядомы вулкан Кракатаў). Радовішчы волава, нафты, газу, баксітаў, медных, нікелевых, жал., марганцавых руд і інш. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. На раўнінах т-ры на працягу года 23—26 °C, ападкаў 2000—4000 мм; у гарах т-ры 15—17 °C, ападкаў больш за 5000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. 65% тэрыторыі ўкрыта вільготнымі трапічнымі лясамі, якія з’яўляюцца найстараж. лясной фармацыяй Зямлі. Характэрны высокі эндэмізм і велізарная відавая разнастайнасць флоры і фауны. У субэкватарыяльным поясе ўчасткі саваннаў. У гарах вышынная пояснасць. Трапічнае земляробства: на схілах узгоркаў вырошчваюць рыс, батат, земляны арэх, кукурузу; на нізінах — плантацыі гевеі, хіннага, кававага, гваздзіковага, кардамонавага дрэў і інш. Рыбалоўства.
М.В.Лаўрыновіч.
Герб і сцяг Малайзіі.Да арт.Малайзія. Ансамбль урадавых будынкаў у г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Музей культуры г. Малака.Да арт.Малайзія. Музей культуры г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Панарама г. Куала-Лумпур.Да арт.Малайзія. Будынак парламента ў г. Куала-Лумпур.
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28°паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш.Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15°паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28°паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́СІЯ (Galicia),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Іспаніі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.Пл. 29,4 тыс.км². Нас. каля 3 млн.чал. (1994), пераважна галісійцы, народ, блізкі да партугальцаў. Уключае правінцыі: Ла-Карунья, Пантэведра, Луга, Арэнсе. Адм. ц. — г. Ла-Карунья. Галісія займае стараж.крышт. Галісійскі масіў выш. да 1778 м, расчлянёны густой сеткай горных рэк. Узбярэжжа моцна парэзана, шмат зручных натуральных гаваней. Клімат умераны акіянскі. Характэрны шыракалістыя горныя лясы (дуб, граб, бук, ясень) і хмызнякі.
У старажытнасці — тэрыторыя рассялення племя галекаў (адсюль назва), якое сфарміравалася ў 1-м тыс. да н. э. ў выніку змяшэння прышлых кельтаў з мясц. плямёнамі эстрымніяў. У 2—1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі. У 5—7 ст.н.э. ў складзе каралеўстваў свеваў і вестготаў. У 8 ст. галісійцы супраціўляліся араб. заваяванню. У 718-—739 далучана да каралеўства Астурыя. У 1065—72 незалежнае каралеўства. З 1072 у складзе Кастыліі. З 1479 у складзе адзінай ісп. дзяржавы. У сярэдзіне 19 ст. ў Галісіі пачаўся працэс адраджэння галісійскай мовы, умацавання рэгіянальнай самасвядомасці. З-за вастрыні агр. пытання і беднасці многія галісійцы эмігрыравалі ў Амерыку (больш за 1,3 млн.чал. за 1-ю пал. 20 ст.). Пасля абвяшчэння Ісп. рэспублікі (1931) на рэферэндуме 28.6.1936 ухвалены праект аўтаноміі Галісіі, аднак яе ўвядзенню перашкодзіла ўсталяванне ў краіне дыктатуры Ф.Франка. Пасля падзення дыктатуры Галісіі нададзена аўтаномія (1981).
У сельскай гаспадарцы пераважае малочная і мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Пасевы кукурузы, жыта, бульбы, садоўніцтва (яблыкі). Вінаробства. Значная роля рыбалоўства (каля паловы рыбалавецкага флоту Іспаніі) і лясной прам-сці. Значныя ГЭС. Здабыча жал. і вальфрамавай руды, волава, бурага вугалю. Суднабудаванне (Эль-Фероль і Віга), дрэваапр., хім., тэкст. і харч.прам-сць. Аўтамабілебудаванне (грузавыя аўтамабілі), нафтаперапрацоўка, алюмініевая прам-сць. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Буйныя порты Ла-Карунья і Віга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЕ́Ц, плюмбум (лац. Plumbum),
Pb, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 82, ат. м. 207,2. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў: 202Pb (сляды), 204Pb (1,5%), 206Pb (23,6%), 207Pb (22,6%) і 208Pb (52,3%). Ізатопы С. з масавымі лікамі 206—208 — канчатковыя прадукты натуральных радыеактыўных радоў. У зямной кары 1,6∙10−3% па масе. Найважн. мінерал — галеніт (гл.Свінцовыя руды). Вядомы са стараж. часоў. У 3—2-м тыс. да н.э. ў Месапатаміі і Егіпце са С. выраблялі статуі, пячаткі, прадметы хатняга ўжытку, таблічкі для пісьма. Старажытнаслав. назва С. — олово. Захавалася ў чэш. (Olovo), польскай (olów), укр. (олово) і некат. інш. славянскіх мовах. У бел. мове назва С. — волава захоўвалася да сярэдзіны 20 ст. (адсюль назва «аловак»).
Мяккі пластычны цяжкі метал сінявата-шэрага колеру, шчыльн. 11341,5 кг/м³ (20 °C), tпл 327,5 °C (адзін з легкаплаўкіх металаў), tкіп 1751 °C Для С. характэрны дыямагнетызм, пры т-ры 7,19 К становіцца звышправадніком. У паветры метал. С. набывае шэры колер, што абумоўлена ўтварэннем тонкай плёнкі аксіду PbO (гл.Свінцу аксіды), якая ахоўвае метал ад далейшага акіслення. Пры пакаёвай т-ры не ўзаемадзейнічае з разбаўленымі сернай і салянай к-тамі; раствараецца ў разбаўленай азотнай і воцатнай к-тах, канцэнтраваных растворах шчолачаў. Атрымліваюць з сульфідных канцэнтратаў пасля іх агламерацыйнага абпалу з вапнай (гл.Агламерацыя ў металургіі) з наступнай плаўкай агламерату і рафінаваннем чарнавога металу Выкарыстоўваюць для вырабу электродаў акумулятараў, абалонак эл. кабеляў, футравання хім. апаратаў, як матэрыял для аховы ад іанізавальных выпрамяненняў, кампанент друкарскіх і антыфрыкцыйных сплаваў (гл.Свінцу сплавы), паўправадніковых матэрыялаў. Атрутны; ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³, вадзе 0,03 мг/л. Асн. крыніцы забруджвання навакольнага асяроддзя С.: металургічныя прадпрыемствы, выхлапныя газы рухавікоў унутр. згарання.
Літ.:
Козин Л.Ф., Морачевский А.Г. Физико-химия и металлургия высокочистого свинца. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІХАТЭ́-АЛІ́НЬ,
горная сістэма на ПдУ Расіі ў Прыморскім і Хабараўскім краях, паміж Японскім м. і далінамі р. Усуры і ніжняга Амура. Даўж. 1200 км, шыр. да 250 км, сярэдняя выш. 800—1000 м, найвыш. пункт г. Тардокі-Яні (2077 м). Складаецца з хрыбтоў, выцягнутых з ПнУ на ПдЗ і падзеленых глыбокімі далінамі. Пераважае сярэднеўзгорысты рэльеф. Паўн.ч. — высокае плато, складзенае гал.ч. з базальтаў. На У абрываецца да мора, утвараючы сярэднягорныя хрыбты са стромкімі схіламі. Асобныя невял. базальтавыя плато характэрны і для паўд.ч. гор. Цэнтр.ч. складаецца з найб. высокіх горных хрыбтоў паўн.-ўсх. распасцірання. На З паката паніжаецца да даліны р. Усуры; характэрны вузкія падоўжаныя даліны і катлавіны, якія аддзяляюць перадавыя хрыбты (выш. 900—1300 м): Сіні, Усх. Сіні, Халодны і інш. Вышэй за 900—1700 м — гальцы. Рэшткі стараж. зледзянення. Восевая ч. складаецца з ніжнепалеазойскіх метамарфічных сланцаў і кварцытаў, перарваных інтрузіямі гранітаў, усх. і зах. — з мезазойскіх адкладаў (пясчанікі, кангламераты, алеўрыты). Пашыраны (асабліва на Пн) андэзіта-базальтавыя пароды палеагенавага ўзросту. Сейсмічны, землетрасенні да 6—7 балаў. З інтрузіямі звязана арудзяненне (волава, золата, поліметалы, вальфрамавыя руды). У тэктанічных упадзінах паклады бурага і каменнага вуглёў. Клімат мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -12 да -26 °C; ліп. 15—21 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. З зах. схілу вытокі р. Усуры і яе прытокаў Вял. Усурка, Бікін, Хор, прытокаў Амура — Анюй, Гур; з усх. — малыя горныя рэкі, што ўпадаюць у Татарскі праліў. Схілы гор укрыты лясамі, на Пн хвойнымі (аянская елка, белакорая піхта, даурская лістоўніца), на Пд і ў цэнтр.ч. (да. выш. 500 м) — хвойна-шыракалістымі (мангольскі дуб, ліпа, клён, маньчжурскі арэх, карэйскі кедр). На найб. высокіх вяршынях — горная тундра. Сіхатэ-Алінскі запаведнік і Лазоўскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯкрышталічных цвёрдых цел,
квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.
Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт. рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.
Літ.:
Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАКІТА́Й,
паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на У — Паўд.-Кітайскім м.Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн.км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх.ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-растудз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр.ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАН,
1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.
Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д.Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст.Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл.Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл.Ганчарны горан).
4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.