МІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. mykēs грыб + ...логія),

навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.​А.​Вейнман, К.​Клаўзіус, Х.​Персан, Э.​М.​Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А. дэ Бары, М.С Варонін, О.​Брэфельд, Л.​Р.​Цюлан, Ш.​Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.​А.​Клебс, Л.​І.​Курсанаў, М.​А.​Навумаў, В.​Г.​Траншэль і інш.).

На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.​Блонскі, Л.​І.​Лебедзева, С.​І.​Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.​М.​Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.​І.​Бельская, А.​І.​Галаўко. В.​С.​Гапіенка, В.​К.​Гаравец, Э.​П.​Камарова, З.​Н.​Кудрашова, В.​К.​Неафітава, В.​І.​Ніціеўская, П.​В.​Пак, В.​Я.​Стрэльская, А.​І.​Сцефановіч, Г.​І.​Сяржаніна, В.​В.​Фаміна, Н.​І.​Чакалінская і інш. Асн. н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац. АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел. дзярж. пед. ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г. ін-т, Бел. дзярж. тэхнал. ун-т.

С.​Л.​Бельская.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЛО́ГІЯ (ад паразіты + ...логія),

біялагічная навука пра паразітычныя арганізмы, выкліканыя імі хваробы жывёл, чалавека і раслін, метады і сродкі барацьбы з паразітозамі. Падзяляецца на агульную, мед., вет., экалагічную і агранамічную. Асн. метады даследавання — мікраскапічны, эксперым., клінічны. Зачаткі П. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Сістэм. вывучэнне паразітаў пачалося ў 18 ст. (К.Ліней, П.С.Палас, К.І.Скрабін і інш.). На Беларусі пытанні П. сістэматычна вывучаюцца з 1920—30-х г.: даследавалася фауна паразітычных прасцейшых (П.​М.​Мардасаў, К.​Ф.​Расцягаева, С.​П.​Сузько, В.​Л.​Якімаў і інш.), кляшчоў (М.​А.​Аленеў, А.​Е.​Беліцэр, В.​Ф.​Гусеў), насякомых (Р.Я.Бей-Біенка, А.​У.​Бург, А.​Р.​Маеўскі і інш.), гельмінтаў (Х.С.Гарагляд, В.Ф.Чарвякоў і інш.), узбуджальнікаў хвароб раслін (В.Ф.Купрэвіч, М.А.Дарожкін). Даследаванні вядуцца ў ін-тах заалогіі, эксперым. батанікі, Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ аховы раслін, эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Брэсцкім пед. ун-це і інш. Асн. кірункі даследаванняў: арахнаэнтамалагічны, гельмінталагічны, протазаалагічны, паразітацэналагічны. У 1970—90-я г. высвятляліся асаблівасці і краявой П., распрацоўваліся метады дыягностыкі і ліквідацыі асн. паразітаў, вывучаўся іх патагенез і клініка, фауна, экалагічная і эпідэміял. значнасць гельмінтаў, крывасосных кляшчоў і насякомых у лясных біяцэнозах, урбаландшафтах, з 1986 у зоне аварыі Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны інтэгральны кантроль крывасосных мошак па прафілактыцы сімуліятаксікозу буйн. раг. жывёлы, практычныя рэкамендацыі па барацьбе з эймерыёзамі с.-г. жывёл, птушак і абмежаванні пашырэння асн. узбуджальнікаў хвароб. Найб. ўклад у гэтыя даследаванні зрабілі І.Ц.Арзамасаў, М.П.Карасёў, А.І.Ятусевіч, Н.​С.​Балагіна, Е.​І.​Бычкова, АС.​Гембіцкі, В.​М.​Капліч, К.​М.​Кірыенка, А.​Г.​Лабецкая, І.​В.​Меркушова, М.​М.​Трухан, Н.​В.​Цярошкіна, І.​В.​Чыкілеўская, Г.​А.​Яфрэмава.

Літ.:

Каплич В.М., Усова З.В. Кровососущие мошки лесной зоны. Мн., 1990;

Ятусевіч А.І., Карасёў М.П., Якубоўскі М.В. Паразіталогія і інвазійныя захворванні жывёл. Мн., 1998;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. М., 1998.

Г.​А.​Яфрэмава.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ (ад гідра... + біялогія),

навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.

У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.​Мюлер, Ф.​Кон, рус. Н.​П.​Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г. навук.-прамысл. экспедыцыямі М.​М.​Кніповіча, працамі С.​А.​Зярнова, К.​М.​Дзяругіна, Л.​А.​Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.​М.​Арнольдзі, А.​Л.​Бенінга, Г.​Ю.​Верашчагіна, В.​Н.​Варанкова, В.​І.​Жадзіна і інш.

На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш. ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.​М.​Драко, У.​П.​Ляхновіч, П.​Р.​Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.​А.​Галкоўская, Л.​М.​Сушчэня, Н.​М.​Хмялёва).

Літ.:

Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.

Л.​М.​Сушчэня.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,

навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.

Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.​А.​Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.​Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.

На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр. бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.

Літ.:

Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;

Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;

Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.

М.​А.​Картэль.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,

комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.

На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл. Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл. гар. зямель і складаюць каля 40 тыс. га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр. бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.

Да арт. Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.​Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕБІЯЛО́ГІЯ (ад радые... + біялогія),

радыяцыйная біялогія, навука, якая даследуе дзейнасць іанізавальнага выпрамянення на жывыя арганізмы. Вывучае эфекты біял. ўздзеяння радыяцыі і высвятляе асаблівасці развіцця звязаных з гэтым паталаг. працэсаў. Распрацоўвае метады папярэджвання, аховы і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, займаецца прагназаваннем радыяц. небяспекі. Абгрунтоўвае метады выкарыстання радыеактыўных матэрыялаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы, прам-сці, навуцы. Цесна звязана з фізікай, хіміяй, фізіялогіяй, біяхіміяй, генетыкай і інш.

Пачала развівацца пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення і радыеактыўнасці. У 1896 рас. вучоны І.​Р.​Тарханаў выдаў працу аб уплыве рэнтгенаўскіх прамянёў на жыццёвыя функцыі арганізма, у 1911 Я.​С.​Лондан — манаграфію «Радый у біялогіі і медыцыне». У Германіі ў 1904 Г.​Петэрс назіраў парушэнне дзялення ў апрамененых клетках, у 1905 П.​Лінзер і Э.​Гельбер — з’яўленне таксічных рэчываў у крыві апрамененых жывёл. У 1906 франц. вучоныя Ж.​Берганье і Л.​Трыбандо выявілі залежнасць радыеадчувальнасці клетак ад інтэнсіўнасці і працягласці іх дзяленняў і ступені дыферэнцыроўкі. Уклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Б.Л.Астаураў, Г.​А.​Надсан, М.​У.​Цімафееў-Расоўскі, франц. П.​Анцэль, П.​В.​Інтэмбергер, Ф.​Хальвек, ням. Ф.​Дэсаўэр, К.​Цымер, англ. Дж.​Кроўтэр, Д.​Лі, амер. Г.Мёлер, Р.​Цыркл, П.​Хеншаў і інш. Як навука Р. сфарміравалася ў 1940—50-я г. ў сувязі з выкарыстаннем ядз. энергіі.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Р. вядуцца з сярэдзіны 1950-х г. у ін-тах Нац. АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, фізіялогіі, эксперым. батанікі, радыебіялогіі, радыеэкалагічных праблем, Цэнтр. бат. садзе і інш., НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, сан.-гігіенічным, н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, мед. ін-тах; БДУ, ін-це радыяцыйнай бяспекі «Белрад» і інш. Уклад у развіццё Р. зрабілі В.​Т.​Андрыянаў, У.​Г.​Валодзін, М.​А.​Кудзінаў, В.​М.​Кудраўцава, А.​Ц.​Пікулеў, А.​М.​Пісарэўскі, М.​Ю.​Тайц, М.​В.​Турбін, М.​А.​Троіцкі, К.​В.​Фамічэнка, Л.​С.​Чаркасава і інш. Даследаваны пострадыяцыйныя змены абмену рэчываў у арганізме жывёл, мутагены і генет. эфект некат. відаў іанізавальных выпрамяненняў, уплыў апрамянення насення на рост і развіццё інтрадукаваных дрэвавых і кветкавых раслін. Высветлены ўплыў вял. доз выпрамяненняў на фізіка-хім. ўласцівасці дэзоксірыбануклеапратэідаў храмаціну клетак. Распрацаваны спосабы выкарыстання радыеізатопаў для дыягностыкі і тэрапіі захворванняў чалавека. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задача Р. — прадухіленне шкодных вынікаў (у т. л. аддаленых) радыяцыйнага апрамянення насельніцтва на забруджаных тэрыторыях. Праведзены даследаванні па радыеактыўным забруджванні біяцэнозаў. Устаноўлены механізмы дзеяння знешняга апрамянення (у малых дозах) і інкарпараваных радыенуклідаў на генетычныя і метабалічныя працэсы, функцыянальныя сістэмы (эндакрынную, сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадукцыйную і інш.). Распрацаваны спосабы зніжэння шкодных вынікаў радыяцыі.

Л.​М.​Лабанок.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛО́ГІЯ (ад мікра... + біялогія),

навука пра мікраарганізмы; галіна біялогіі. Вывучае марфалогію, фізіялогію, біяхімію, генетыку, экалогію, філагенію мікраарганізмаў, іх пашырэнне, ролю ў прыродзе (у кругавароце рэчываў, забруджванні і ачыстцы навакольнага асяроддзя, глебаўтваральных, геахім. і інш. працэсах), у жыцці і дзейнасці чалавека (у развіцці хвароб чалавека, жывёл і раслін, страваванні, тэхнал. працэсах с.-г. і прамысл. вытв-сці, утылізацыі адходаў і інш.); распрацоўвае метады выкарыстання карысных мікробаў і барацьбы са шкоднымі (дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі інфекц. хвароб, сан. ацэнкі і ачысткі асяроддзя і інш.). Уключае бактэрыялогію, вірусалогію, пратысталогію. Паводле навук. і практычных задач падзяляецца на агульную, водную, глебавую мікрабіялогію, геал., касм., с.-г., мед. (у т. л. сан.), вет. і тэхн., або прамысл., М. Тэхн. М. вывучае гаспадарча значныя мікраарганізмы, распрацоўвае навук. асновы і метады іх выкарыстання для вытв-сці каштоўных рэчываў, у т. л. біялагічна актыўных, і біямас (бактэрыяльныя ўгнаенні, кармавыя і інш. дрожджы, высокаактыўныя штамы мікробаў і інш.), харч. прадуктаў, для атрымання металаў з бедных руд, ачысткі сцёкавых вод, апрацоўкі с.-г. прадукцыі, барацьбы з хваробамі і шкоднікамі, метады аховы сыравіны, буд. матэрыялаў, харч., с.-г. і інш. прадуктаў і вырабаў ад псавання мікробамі і інш. М. цесна звязана з альгалогіяй, протазаалогіяй, мікалогіяй, фітапаталогіяй, імуналогіяй, цыталогіяй, малекулярнай біялогіяй, генетыкай, біяхіміяй, эпідэміялогіяй. біятэхналогіяй і інш. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Узнікненне апісальнай М. звязана з пачаткам назіранняў і апісання мікробаў (А.Левенгук, 1683), фарміраванне М. як навукі (2-я пал. 19 ст.) — з устанаўленнем мікробнай прыроды браджэння, гніення, інфекц. хвароб (Л.Пастэр), з распрацоўкай методыкі атрымання чыстых культур мікраарганізмаў і крытэрыяў выяўлення ўзбуджальнікаў хвароб (Р.Кох). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі В.Л.Амялянскі, М.В.Беерынк, Э.А.Берынг, С.М.Вінаградскі, С.М.Вышалескі, Д.К.Забалотны. Дз.І.Іваноўскі, Б.Л.Ісачэнка, С.П.Костычаў, І.І.Мечнікаў, Л.С.Цанкоўскі, П.Эрліх, М.​Ф.​Гамалея, С.​Кітазата, К.​Б.​Ніл, Э.​Ру і інш.

На Беларусі мікрабіял. даследаванні пачаліся з 1920—30-х г. у БДУ (мед. ф-т), Віцебскім вет. ін-це, сан.-бактэрыял. НДІ (Віцебск, 1921), Бел. пастэраўскім НДІ (Мінск, 1924), ін-тах біялогіі (лабараторыя глебавай М., 1934) і хіміі АН Беларусі, Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі УАСГНІЛ (з 1938), бел. н.-д. ін-тах мясц. прам-сці і харч. прам-сці. Вял. роля ў станаўленні М. належыць І.М.Курбатаву, С.А.Самцэвічу, Г.А.Язубчык, Вышалескаму, К.​І.​Кудзіну, В.​В.​Первазванскаму, А.​Л.​Пескіну, А.​І.​Рэут. У вырашэнне праблем агульнай і экалагічнай М. ўклад зрабілі П.А.Буланаў, В.​І.​Калешка і інш., генетыкі і селекцыі мікраарганізмаў — М.А.Троіцкі, Ю.К.Фамічоў і інш., мед. М. — А.А.Адарчанка, М.І.Вальвачоў, В.І.Вацякоў, С.І.Гельберг, Н.А.Ізраіцель, А.П.Красільнікаў, П.Р.Рыцік, Б.Я.Эльберт, С.​А.​Паўловіч і інш., вет. М. — Д.​Дз.Буцьянаў, Х.С.Гарагляд, В.А.Лянькова, В.І.Лянькоў, В.Ф.Пятроў, Р.У.Тузава і інш., тэхн. М. — Н.І.Астаповіч, В.Р.Бабіцкая, А.С.Вечар, М.В.Залашка, А.І.Зінчанка, С.П.Каваленка, А.Г.Лабанок, А.​С.​Самсонава і інш. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах Нац. АН Беларусі (мікрабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, эксперым. батанікі), н.-д. ін-тах Акадэміі агр. навук Беларусі (эксперым. ветэрынарыі, жывёлагадоўлі, земляробства і кармоў, аховы раслін і інш.), Бел. НДІ эпідэміялогіі і М., інш. с.-г. і мед. н.-д. ін-тах і ўстановах, БДУ, БСГА, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Колешко О.И. Микробиология. Мн., 1977;

Медицинская микробиология, вирусология, иммунология. М., 1994;

Микробиология. М., 1998.

Л.​П.​Цітоў.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,

вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНК БССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АН БССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.​І.​Гарэцкі, П.​В.​Горын, А.​Д.​Дубах, М.​М.​Дурнаво, В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, А.​І.​Смоліч, Б.​А.​Тарашкевіч, М.​М.​Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял. Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн. руб; у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв. навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд. навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд. навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.

У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад. навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр. дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.

Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.​Р.​Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.​А.​Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.​А.​Барысевіч і праф. Б.​С.​Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.​І.​Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.

Прэзідэнты АН: У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31), П.​В.​Горын (1931—36), І.​З.​Сурта (1936—37), К.​В.​Гораў (1938—47), А.​Р.​Жэбрак (1947), М.​І.​Грашчанкаў (1947—51), В.​Ф.​Купрэвіч (1952—69), М.​А.​Барысевіч (1969—87), У.​П.​Платонаў (1987—92), Л.​М.​Сушчэня (з 1992).

Літ.:

Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;

Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;

Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.

В.​К.​Шчэрбін.

Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.
Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.
Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.
Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.

т. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ (Інбелкульт, ІБК),

першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.​В.​Чаржынскі (сакратар ІБК, гл. Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.​Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.​М.​Гуткоўскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас), І.​Д.​Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНК БССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж. навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст. навук. ўстанову пры СНК БССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНК БССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.​І.​Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.​М.​Аршанскі (заг. яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел. навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.​Ф.​Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.​М.​Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-т навук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікібат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр. хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-т бел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал. ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук. т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел. с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.

Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.​П.​Аўрамчык, Н.​А.​Збітнеўскі, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.​П.​Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.​У.​Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.​І.​Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел. с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час. «Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.

ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНК БССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.

ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​М.​Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.​М.​Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.​А.​Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.​У.​Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.​Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.​Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).

Літ.:

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;

Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;

Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;

Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;

Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;

Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.

У.​У.​Грамовіч, У.​М.​Міхнюк, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)