унутрыклетачны сеткаваты апарат, пастаянная клетачная арганела ўсіх эўкарыятычных клетак. Апісаны італьян. гістолагам К.Гольджы ў 1898. Мае форму сеткі, утворанай дыктыясомамі. У кожнай з іх плоскія цыстэрны, да якіх далучаюцца буйныя вакуолі; па краях цыстэрны расшыраюцца, ад іх ідуць групы дробных пузыркоў. Функцыі Гольджы комплексу: удзел у сакраторнай функцыі клетак у сінтэзе глікапратэідаў і поліцукрыдаў клеткі, у працэсах унутрыклетачнай засваяльнасці. Гольджы комплекс разбураецца пры дзеянні кіслот і растваральнікаў, ліпідаў, некат. ядаў, іанізуючай радыяцыі, мяняецца пры галаданні, траўмах, старэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
складаныя комплексы рыбануклеінавых кіслот з бялкамі. Паводле амінакіслотнага саставу падобныя да бялкоў мышцаў, валодаюць скарачальнымі ўласцівасцямі.
Уваходзяць у мітатычны апарат. Гл. таксама Нуклеапратэіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАСАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,
машына для ўборкі (адначасовага скошвання, здрабнення і пагрузкі ў трансп. сродкі) на сілас кукурузы, сланечніку, віка-аўсянай сумесі і інш. культур. Бываюць прычапныя (агрэгатуюцца пераважна з колавымі трактарамі тыпу «Беларусь» і Τ-150Κ, а таксама з гусенічнымі) і самаходныя.
Выкарыстоўваюцца таксама для нарыхтоўкі сенажу, зялёнай падкормкі, травяной мукі. Асн. рабочыя органы: рэжучы апарат (жняярка платформеннага тыпу суцэльнага зрэзу), барабанны здрабняльны апарат, сіласаправод. Для падборкі зялёнай або падсушанай травы з валкоў замест жняяркі манціруюць падборшчык. Для ўборкі сіласных культур выкарыстоўваюць таксама кормаўборачныя камбайны. На Беларусі С.к. выпускае з-д «Гомсельмаш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́ЛА,
бытавы радыётэхнічны апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны магнітафон і радыёпрыёмнік. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік магутнасці нізкай частаты і акустычную сістэму. Гл. таксама Магнітарадыёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.
Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.
В.М.Кандрацьеў.
Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАРАДЫЁЛА,
бытавы радыётэхнічны апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны магнітафон, радыёпрыёмнік і электрафон. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік магутнасці нізкай частаты і акустычную сістэму. Гл. таксама Магнітола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗОНД»,
серыя савецкіх касмічных апаратаў для вывучэння касм. прасторы і адпрацоўкі тэхнікі міжпланетных палётаў, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1964—70 запушчана 8 «З.». «З.-1», «З.-2», «З.-3» па канструкцыі падобныя на аўтаматычныя міжпланетныя станцыі «Венера-2», «Марс-1». «З.-2» выкарыстоўваўся для выпрабавання электраракетных плазменных рухавікоў, «З.-3» — для аблёту Месяца і фатаграфавання яго адваротнага боку. Запускам «З.-5» і «З.-6» упершыню вырашана праблема вяртання на Зямлю касм. апарата, які ўваходзіць у атмасферу Зямлі з 2-й касм. скорасцю. «З.-3» — «З.-8» мелі спускальны апарат і вярталіся на Зямлю. Апошняя ступень ракеты-носьбіта з касм. апаратам выводзілася на прамежкавую геацэнтрычную арбіту, з якой стартавала да Месяца. Пасля аблёту Месяца касм.апарат вяртаўся да Зямлі з 2-й касм. скорасцю, тармазіўся, спускальны апарат аддзяляўся і рабіў пасадку ў зададзеным раёне. Разліковая працягласць аўтаномнага палёту 7—8 сут. Навук. даследаванні: фатаграфаванне Зямлі і Месяца; даследаванне радыяцыйнага стану на трасе палёту і ў калямесяцовай прасторы; біял. эксперыменты і інш.
Да арт. «Зонд». Схема палёту касмічнага апарата «Зонд-6».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НІК I ((Andronikos) Камнін) (1118—12.8.1185),
візантыйскі імператар з 1183, апошні з дынастыі Камнінаў. Захапіў прастол, скарыстаўшы нар. рух. Імкнучыся ўмацаваць бюракратычны апарат і знішчыць карупцыю, праводзіў палітыку тэрору супраць арыстакратыі. Пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛА,
бытавы радыётэхн. апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны радыёпрыёмнік і электрафон. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік нізкай частаты і акустычную сістэму. Р., сумешчаная з магнітафонам, наз.магнітарадыёла, з тэлевіз. прыёмнікам — тэлерадыёла.