старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.
На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія знар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш.Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш.ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл.Партызанская зона).
П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл.Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял.Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр.СССР — Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.
У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл.Тэрарызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 4.2.1939. Пл. 43,2 тыс.км². Нас. 1556 тыс.чал. (1997), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Пенза. Найб. гарады: Кузнецк, Каменка, Сярдобск, Ніжні Ломаў, Нікольск.
Большую ч.тэр. вобласці займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 331 м), парэзанае далінамі рэк, ярамі і лагчынамі, крайнюю зах.ч. — Окска-Данская раўніна (выш. 150—180 м). Карысныя выкапні: фасфарыты, торф, буд. матэрыялы (гліны, мергель і інш.). Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 680 на ПнУ да 550 мм на Пд. Густая сетка дробных рэк бас. Волгі і Дона, гал. рэкі — Сура, Мокша, Хапёр, Варона. Сурскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя (больш за 65%), на ПнУ светла-шэрыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк лугава-чарназёмныя і алювіяльныя. Большая ч. вобласці размешчана ў лесастэпавай зоне. Лясы (дуб, бяроза, хвоя, ліпа, клён) і хмызнякі займаюць каля 23% тэр., пашыраны на У, ПнЗ і па далінах рэк. Запаведнік — Прыволжскі лесастэп.
Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (абсталяванне для хім. і тэкст. прам-сці, трубаправодная прамысл. апаратура, кампрэсарнае абсталяванне, дызелі, с.-г. машыны, вылічальная тэхніка, халадзільнікі, веласіпеды, гадзіннікі, электралямпы і інш.), лёгкая (шарсцяныя тканіны, абутак, швейныя і трыкат. вырабы), харч. (цукр., мукамольна-крупяная, масла- і сыраробная, спіртавая, мясная), папяровая, дрэваапр., мэблевая. Вытв-сцьмед. прэпаратаў (антыбіётыкі), піяніна. Буд. матэрыялы, выраб гатунковага посуду, маст. кераміка. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн.га, з іх 75% пад ворнымі землямі. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, грэчку, проса, цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Даўж. чыгунак 828 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км. Асн. чыгункі Ражск—Пенза—Сызрань, Рузаеўка—Пенза—Рцішчава. Гал.трансп. вузел — г. Пенза. Праз тэр. П.в. праходзяць важныя трубаправоды Расіі. Кліматычны курорт Ахуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЯ,
рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна зПн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),
уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл.Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл.Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.А.Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.
Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана зперыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл.Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1—4. М., 1969;
Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙН (ням. Rhein, франц. Rhin, нідэрл. Rijn, лац. Rhenus),
рака ў Зах. Еўропе, на тэр. Швейцарыі, Ліхтэнштэйна, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Нідэрландаў. Даўж. 1320 км (ад вытокаў Пярэдняга Р.), пл. басейна 224,4 тыс.км² (без бас.р. Маас). Пачынаецца ў Лепанцінскіх Альпах вытокамі Пярэдні Р. і Задні Р. У верхнім цячэнні працякае праз воз. Бодэнскае, да г. Базель перасякае адгор’і Альпаў Юры, Шварцвальда, дзе ўтварае парогі і вадаспады. На працягу больш як 300 км цячэ па Верхнярэйнскай нізіне ў шырокай даліне (10—12 км). У сярэднім цячэнні (ад г. Бінген да г. Бон) перасякае Рэйнскія Сланцавыя горы ў вузкай і звілістай даліне, ніжэй г. Бон цячэ па Паўн.-Германскай нізіне ў шырокай даліне (25 км), рэчышча пераважна штучнае. Упадае двума рукавамі ў Паўн.м., утварае дэльту. Рукавы Р. (гал. — Лек і Ваал) размешчаны вышэй прылеглай нізіны, таму абгароджаны высокімі дамбамі. Гал. прытокі: Аарэ, Мозель, Маас (злева), Некар, Майн, Лан, Рур, Ліпе (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні пераважна снегавое, у сярэднім і ніжнім дажджавое. У верхнім цячэнні для Р. характэрны вясенне-летняе разводдзе і малы зімовы сцёк, у сярэднім і ніжнім цячэнні, дзе Р. прымае прытокі, рака мнагаводная ўвесь год. Рэжым часткова зарэгуляваны. На ўзровень вады ў рукавах Р. (з павышэннем на 1,5—2 м) уплываюць паўсутачныя марскія прылівы. Не замярзае. Сярэдні расход вады ў вусці 2,5 тыс.м³/с. Сярэдні сцёк за год 79 км³. Р. — важнейшы міжнар. шлях Зах. Еўропы. Рэгулярнае суднаходства на 952 км (да г. Базель і па воз. Бодэнскае); да г. Кёльн даступна для марскіх суднаў. Каналамі Р. звязаны з рэкамі Дунай, Рона, Эльба, Везер, Марна, Эмс. Агульная даўж. суднаходных шляхоў у бас. Р. каля 3 тыс.км. Вял. гідрарэсурсы Р. выкарыстоўваюцца Германіяй, Швейцарыяй, Францыяй. Гал. парты на Р.: Ротэрдам (Нідэрланды), Дуйсбург, Дзюсельдорф, Кёльн, Бон, Майнц, Мангейм, Людвігсгафен (Германія), Страсбур (Францыя), Базель (Швейцарыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ, фераэлектрычнасць,
сукупнасць электрычных і інш. уласцівасцей, характэрных для сегнетаэлектрыкаў, раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае такія ўласцівасці. Сегнетаэл. ўласцівасці ўстаноўлены ў 1921 чэш. вучоным І.Валашакам у крышталях сегнетавай солі (адсюль назва).
Арыентацыя многіх элементарных эл. дыпольных момантаў у сегнетаэлектрыку ў адным напрамку вядзе да ўзнікнення самаадвольна палярызаваных абласцей (даменаў), што абумоўлівае спецыфічныя фіз. ўласцівасці сегнетаэлектрыкаў: вял. значэнне дыэл. пранікальнасці, залежнае ад напружанасці эл. поля і т-ры, анамаліі цеплаёмістасці, п’езаэл. і інш. уласцівасцей, асабліва прыкметныя ў вобласці фазавага пераходу. Наяўнасць даменнай структуры вядзе да поўнай кампенсацыі макраскапічнай палярызацыі (адсутнічае «уніпалярнасць»), Раўнаважная даменная структура адпавядае мінімуму свабоднай энергіі крышталя. У ідэальных крышталях яна вызначаецца балансам паміж змяншэннем электрастатычнай энергіі пры ўтварэнні даменаў і энергіяй узніклых даменных сценак; у рэальных крышталях — акрамя таго, прыродай і размеркаваннем дэфектаў, а таксама перадгісторыяй узору. Паводле характару палярызацыі ячэек у даменах адрозніваюць сегнета-, антысегнета- і сегнетыэлектрыкі: у сегнетаэлектрыках усе ячэйкі маюць аднолькавы напрамак палярызацыі, у антысегнетаэлектрыках дамены складаюцца з антыпаралельна палярызаваных ячэек, якія маюць роўныя па модулі эл. моманты; у сегнетыэлектрыках эл. моманты элементарных ячэек скампенсаваны не поўнасцю і гэтыя матэрыялы маюць сегнета- і антысегнетаэлектрычныя ўласцівасці. Усе сегнетаэлектрыкі з’яўляюцца таксама піра- і п’езаэлектрыкамі. Каля Кюры пунктаз-за адчувальнасці атамнай структуры крышталю да знешніх уздзеянняў многія яго ўласцівасці (дыэл., п’езаэл., электрааптычныя, пругкія і інш.) нелінейныя і экстрэмальныя. Акрамя таго дынаміка даменнай структуры істотная для анізатропных уласцівасцей крышталю ў сегнетафазе і таксама вядзе да іх нелінейнасці і ўзрастання. Такія крышталі выкарыстоўваюцца ў радыё-, опта-, акустаэлектроніцы і вымяральнай тэхніцы.
На Беларусі даследаванні па С. вядуцца ў Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, Бел.пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Сонин АС., Струков Б.А. Введение в сегнетоэлектричество. М., 1970;
Струков Б.А., Леванюк АП. Физические основы сегнетоэлектрических явлений в кристаллах. 2 изд. М., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў фізіцы,
незалежнасць фіз. сістэм і з’яў, а таксама прастораў, у якіх існуюць матэрыяльныя аб’екты і працякаюць рэальныя працэсы, ад пэўных аперацый над імі (зрухаў, паваротаў, адбіццяў, перастановак і інш.). Матэматычна ўласцівасці С. адпавядаюць інварыянтнасціфіз. тэорый (ураўненняў руху і станаў, фіз. законаў і інш.) адносна пераўтварэнняў С., якія ў сукупнасці вызначаюць адпаведныя групы С.
Ідэі і прынцыпы С. адыгрываюць канструктыўную ролю пры пабудове фіз. тэорый. Напр., спец. адноснасці тэорыя — па сутнасці фіз. тэорыя С. прасторы і часу. Выразы аператараў фіз. велічынь у квантавай механіцы вызначаюцца праз генератары груп С. Класіфікацыя элементарных часціц заснавана на ўліку і выкарыстанні геам. (прасторава-часавай) і ўнутранай (ізатапічнай, унітарнай і інш.) С. Для тэорый узаемадзеянняў элементарных часціц абавязковай з’яўляецца інварыянтнасць адносна Лорэнца пераўтварэнняў і пераўтварэнняў адпаведнай дынамічнай С. (гл. Калібровачная інварыянтнасць). Паслядоўны ўлік уласцівасцей С. дазволіў абгрунтаваць справядлівасць законаў захавання фіз. велічынь (гл. Нётэр тэарэма) паводле схемы: С. — інварыянтнасць — закон захавання (напр., аднароднасць часу — інварыянтнасць тэорыі адносна зрухаў пачатку адліку часу — закон захавання энергіі). У квантавай фізіцы разглядаюцца таксама дыскрэтныя С.: зарадавае спалучэнне, прасторавая інверсія і абарачэнне часу (гл. Людэрса — Паўлі тэарэма). Важнае значэнне мае вывучэнне магчымых парушэнняў С. ў фіз. сістэмах. Адкрыцці парушэнняў прасторавай і камбінаванай С. сталі вызначальнымі для пабудовы тэорыі слабых (электраслабых) узаемадзеянняў. З парушэннямі сферычнай С. ў атаме за кошт узаемадзеяння электронаў зэл. ці магн. полем звязана адпаведнае расшчапленне спектральных ліній (гл. Зеемана з’ява, Штарка з’ява). Фіз. С. — аснова класіфікацыі крышталёў (гл. Сіметрыя крышталёў), выкарыстоўваецца ў даследаваннях па оптыцы і акустыцы крышталёў, пры пабудове агульнай тэорыі аптычнай анізатрапіі (гл. Каварыянтныя метады), а таксама ў атамнай. малекулярнай і ядз. спектраскапіі.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Федоров Ф.И. Теория гиротропии. Мн., 1976;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́СТЫКА,
комплекс гуманітарных навук, што вывучаюць гісторыю, мову, літаратуру і культуру араб. краін і народаў. Ва ўсх. краінах арабістыка зарадзілася ў 8 ст., у Зах. Еўропе ў 16 ст. ў перыяд актывізацыі гандл. і дыпламат. адносін з Усходам і пранікнення ў гэтыя рэгіёны місіянераў Ватыкана. У 17—18 ст. цэнтрамі арабістыкі сталі Рым, Парыж, Лейдэн.
Ням. арабіст 18 ст. І.Я.Рэйске выступаў за вывучэнне гісторыі і культуры Усходу не толькі з тэалагічнымі мэтамі, а і як часткі сусв. гісторыі і культуры. Праблемы грамадска-эканам. развіцця араб. краін сталі даследаваць у новы час (франц. вучоныя Ж.Саважэ, Э.Леві-Правансаль, К.Каэн, ням. К.Бекер, англ. Д.Дэнет, Б.Льюіс, Г.А.Р.Гіб, ізраільскія А.Поляк, Д.Айялон і інш.), а сац.-эканам. і паліт. гісторыю — у найноўшы час: К.А.Наліна, Э.Росі (Італія), Г.Кампфмеер (Германія), Ч.Адамс, Дж.Хейварт-Дэн, Ш.Ісаві (ЗША), А.Хаўрані, С.Лонгрыг (Вялікабрытанія), Ж.Берк (Францыя) і інш. У 1930-я г. працы па сярэдневяковай гісторыі арабаў апублікавалі Ф.Хіці (ЗША), К.Брокельман (Германія), араб. гісторыкі Рашыд аль Бараві, Абдарахман ар-Рафі, Мухамед Сабры, Джавад Ілі, Ібрахім Абдо, Р.Хуры, аш-Шафіі, Каміл Айлд і інш. Новыя тэндэнцыі ў арабістыцы адлюстраваны ў 2-м выд. «Энцыклапедыі ісламу» (т. 1—3. Лейдэн; Парыж, 1954—69).
У Расіі арабістыка зарадзілася ў 19 ст. У яе развіцці актыўны ўдзел прымалі і беларусы. Бел. вучоны М.К.Баброўскі пасля падарожжа ў Зах. Еўропу (1817—22) зрабіў даклад пра араб. мовы і л-ры (надрукаваны ў час. «Вестник Европы»). Выпускнік Віленскага ун-та В.І.Сянкоўскі, здзейсніўшы ў 1819—21 навук. падарожжа ў Турцыю, Сірыю, Егіпет, прывёз цікавыя знаходкі, потым 25 гадоў загадваў кафедрай арабістыкі ў Пецярбургскім ун-це. Сав. школу арабістыкі ўзначальваў акад. І.Ю.Крачкоўскі. На Украіне ўсходазнаўствам і арабістыкай займаўся акад. А.Я.Крымскі (па бацьку з роду бел. татараў, што аселі ў Мсціславе, па маці — з дробнай шляхты з-пад Мінска). Бел.праф. У.П.Дзямідчык быў з 1954 арганізатарам арабістыкі ў Душанбінскім ун-це (Таджыкістан), дзе да 1987 узначальваў кафедру араб. філалогіі. На Беларусі пытанні вывучэння арабскіх краін распрацоўвае У.С.Кошалеў. Праблемы арабістыкі даследуюць у ін-тах Расійскай АН, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, Ін-це Афрыкі і інш.навук. і н.-д. установах Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, у т. л. ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда, Кембрыджа, Прагі, Рыма, Каіра, Багдада і інш.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;
Каверин В.А. О.И.Сенковский (Барон Брамбеус): Жизнь и деятельность // Собр. соч.М., 1966. Т. 6.