асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),
род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНУ́ХА,
вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.
Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ, пнеўманія,
вострае і хранічнае запаленне бронхаў, альвеалярнай ці прамежкавай злучальнай тканак лёгкіх. Узнікненню З.л. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленні, шкодныя прывычкі, запаленчыя працэсы верхніх дыхальных шляхоў і інш.
Найчасцей бывае 3 формы вострага Зл.: крупознае, ачаговае, віруснае. Крупознае З.л. (долевае, фібрознае, плеўрапнеўманія) — запаленне долі лёгкага і плеўры з фіброзным выпатам у лёгачныя альвеолы. Пачынаецца раптоўна, т-рацела павышаецца да 39—40 °C, слабасць, моцны боль у баку, кашаль з макротай іржавага колеру (ад дамешку крыві); цягнецца 2—3 тыдні. Ачаговае З.л. (бронхапнеўманія) — запаленне асобных участкаў лёгкіх без выпату. Пачынаецца паступова, слабы кашаль, макрота без крыві, т-ра 37—39 °C. Віруснае З.л. (інтэрстыцыяльнае) узнікае пры грыпе; хварэюць доўга. Ускладненні: плеўрыты, абсцэсы, калапс, хранічнае З.л. Лячэнне: тэрапеўтычнае, шпіталізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.
Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. immobilis нерухомы),
стварэнне поўнай ці частковай нерухомасці пэўных ч.цела пры некат. пашкоджаннях і хваробах (пераломах касцей, шырокім пашкоджанні мяккіх тканак, цяжкіх апёках, пашкоджанні буйных крывяносных сасудаў і нерв. ствалоў, некат. вострых запаленчых працэсах і інш.). Адрозніваюць І. транспартную (ствараецца на час перавозкі хворага да лячэбнай установы) і лячэбную. На амбулаторным этапе лячэння ажыццяўляецца спец., стандартнымі і імправізаванымі сродкамі. Лячэбную І. выкарыстоўваюць для лячэння пераломаў з мэтай стварэння нерухомасці касцявых адломкаў да іх зрастання і ўтварэння касцявога мазаля. Праводзяць амбулаторна і стацыянарна спец. (гіпсавыя, мяккатканыя павязкі і інш.) і складанымі (кампрэсарна-дыстракцыйныя апараты) прыстасаваннямі, выцяжэннем, фіксацыяй касцявых фрагментаў метал. ці пластмасавымі канструкцыямі (спіцы, вінты і інш.). Пашыраны драцяныя драбінныя шыны Крамера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАМЕХАНІ́ЧНЫЯ З’Я́ВЫ.
гірамагнітныя з’явы, з’явы, абумоўленыя ўзаемасувяззю магнітнага моманту мікрачасціц з іх момантам імпульсу (спінавым або арбітальным).
Спіну электрона, пратона і інш. часціц адпавядае пэўны магн. момант. Мех. момант атама (іона) складваецца з спінавага і арбітальнага момантаў мікрачасціц, што ўтвараюць атам (іон). Змена макраскапічнага моманту імпульсу сістэмы мікрачасціц (фіз.цела) вядзе да змены магн. моманту гэтай сістэмы, і наадварот, пры змене магн. моманту зменьваецца момант імпульсу сістэмы. Адна з М.з. — Барнета эфект, адкрыты ў 1909 амер. фізікам С.Барнетам. Заключаецца ва ўзнікненні дадатковага магн. моманту ў ферамагнетыка, прыведзенага ў вярчэнне (намагнічванне стрыжня пры хуткім вярчэнні без знешняга магн. поля). Адваротны эфект — Эйнштэйна — дэ Хааза эфект (адкрыты ў 1915). М.з. дазваляюць вызначыць магнітамеханічныя адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́КІ (Macaca),
род вузканосых малпаў сям. мартышкападобных. 12 (па інш. звестках 19—20) відаў. Пашыраны ў Паўд. і Усх. Азіі, 1 від — магот (M. sylvanus) — у Паўн. Афрыцы і Еўропе (Гібралтар). Жывуць у трапічных лясах, лясах умеранага пояса (Кітай, Японія). Вядуць паўдрэвавы спосаб жыцця, трымаюцца статкамі. М. японскі (M. fuscata) зімой трапляецца сярод снежных суметаў (п-аў Сімокіта). 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 76 см, хваста да 70 см (у магота хваста няма), маса да 28 кг. Афарбоўка жаўтаватая, рыжаватая, чорная, у некат. уздоўж спіны цёмная паласа, на галаве «шапачка», на твары бакенбарды, вусы, барада. Канечнасці кароткія, дужыя. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Выкарыстоўваюцца ў мед. эксперыментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ПАВУКІ́ (Pantopoda),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з ніжняга дэвону (каля 400 млн. гадоў назад). 10 сям., каля 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 7,5 км.
Даўж. 0,8—72 мм. Цела складаецца з масіўнага хабатка, сегментаванага тулава і кароткага хваставога аддзела. На спіне вочны бугор з 4 вокамі. 1-я пара канечнасцей (клюшнепадобных) служыць для захопу корму, 2-я і 3-я шчупальцападобныя пары — для дотыку (а ў самцоў 3-я і для выношвання патомства), 4—7-я пары — хадзільныя ногі (з размахам ад 1,4 мм да 50 см). Унутры іх знаходзяцца адгалінаванні кішэчніка і палавыя залозы. Драпежнікі і паўпаразіты, кормяцца мяккімі тканкамі донных беспазваночных. Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.