манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш.месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ працэс развіцця сацыяльнай сферы грамадскага жыцця або асобных яе кампанентаў — сац. адносін, сац. ін-таў, розных сац. сістэм і структур. Адлюстроўвае ўстойлівыя сувязі паміж рознымі сац. супольнасцямі, сферамі грамадскіх адносін і пэўную накіраванасць заканамернасцей і дынамікі іх развіцця. Адбываецца эвалюцыйным і рэв. шляхамі. Эвалюцыйныя працэсы разумеюцца як паступовыя, плаўныя, колькасныя пераўтварэнні сац. аб’ектаў; рэвалюцыйныя — адносна хуткія, карэнныя, якасныя змяненні, у выніку якіх адбываецца пераход ад аднаго якаснага стану сац. аб’екта да другога. Сац. эвалюцыянізм — навук. спроба асэнсавання гіст. працэсу як часткі агульнага, разнастайнага і актыўнага працэсу эвалюцыі. Яго заснавальнік англ. сацыёлаг Г.Спенсер распрацаваў спец. схему эвалюцыйнага працэсу Р.с., цэнтр.месца ў якім займае ідэя гіст. стадый развіцця чалавечага грамадства — ад простага да дыферэнцыраванага, ад традыцыйнага да рацыянальнага, ад неасветнага да асветнага і г.д. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі асн. рухавіком Р.с. рэвалюцыю сацыяльную, эканам. асновай якой з’яўляецца канфлікт паміж ростам прадукц. сіл грамадства і ўстарэлай сістэмай вытв. адносін. Працэсы Р.с. бываюць экстэнсіўныя і інтэнсіўныя. У экстэнсіўных працэсах Р.с. ўдзельнічаюць шырокія масы насельніцтва, істотна пашыраецца сфера грамадскіх сувязей, павялічваюцца аб’ёмы адносін за дастаткова істотны прамежак часу. Пры інтэнсіўным Р.с. значна памяншаецца часавы прамежак, усе працэсы адбываюцца больш дынамічна.
Літ.:
Социальное развитие: теория и практика. М., 1982;
Социальное развитие как предмет философско-социологического анализа. Томск, 1983;
Москвичев Л.Н. Социальные изменения и социальная стабильность // Социология. Основы общей теории. М., 1996;
Штомпка П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЖЭ́ЦКАЯ (Лідзія Іванаўна) (17.4.1899, Мінск — 24.10.1977),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1944). Нар.арт.СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1916. У 1917—20 працавала ў Першым бел. т-ве драмы і камедыі, з 1921 — у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Для творчасці характэрны глыбіня думкі і прастата выканання, народнасць, мяккі лірызм і гумар, палкая грамадзянскасць. Значнымі дасягненнямі сталі яе ролі ў бел. рэпертуары: Альжбета («Паўлінка» Я.Купалы), Маці («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Наталля, цёця Каця, Вярбіцкая («Канец дружбы», «Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Каспарыха («Салавей» З.Бядулі), Ганначка («На Купалле» М.Чарота), Афрасіння («Машэка» Е.Міровіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка). У класічнай рус. і сусв. драматургіі спалучала традыц. падыход да класікі з сучасным яго разуменнем, уласнай адметнай трактоўкай вобразаў: Мурзавецкая, Кручыніна і Галчыха, Шаблова, Домна Панцялееўна, Кукушкіна, Турусіна («Ваўкі і авечкі», «Без віны вінаватыя», «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Сакалова («Апошнія» М.Горкага), Фразіна («Скупы» Мальера). Сярод інш. роляў: Марфа Пятроўна («Рускія людзі» К.Сіманава), Марфа Касьянаўна («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Заіра («Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава) і інш. Выступала на радыё, здымалася ў кіно («Хто смяецца апошнім», «Гадзіннік спыніўся апоўначы»), Дзярж. прэмія СССР 1951.
Літ.:
Бутакоў А. Актрыса яскравага таленту // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 2000. Т. 3. С. 240—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Нар.маст. Беларусі (1972). Нар.маст.СССР (1983). Правадз.чл.АМ Расіі (1982). Акад.Нац.АН Беларусі (1995). Скончыў Маст.ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМСССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.Пушкін і А.Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.Барысевіча, А.Вайтовіча, К.Горава, П.Горына, М.Грашчанкава, А.Жэбрака, У.Ігнатоўскага, В.Купрэвіча, У.Платонава, І.Сурты, Л.Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМСССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал.месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦККПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.
Літ.:
Назімава І.В. М.А.Савіцкі. Мн., 1973;
Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;
М.Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;
М.Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.
А.М.Савіцкі.
М.А.Савіцкі.М.Савіцкі. Поле. 1974.М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горнай прам-сці па здабычы і апрацоўцы алмазаў, а таксама вытв-сці сінт. алмазаў.
Апрацоўка алмазаў існуе са старажытнасці. Алмазы былі вядомы ў Індыі з 8—7 ст. да н.э. У пач. 18 ст. яны знойдзены ў Бразіліі, у 1829 — у Расіі (на Урале), у 1866 — у Паўд. Афрыцы. З канца 19 — пач. 20 ст. Афрыка стала асн. алмазаздабыўным рэгіёнам свету. З 1955 пачалася прамысл. здабыча алмазаў у Якуціі. Аульныя запасы алмазнай сыравіны ацэньваюцца больш як у 2 млрд. каратаў (І кар — 200 мг), найб. ў Заіры, ПАР, Батсване, Анголе, Гане, Намібіі, Аўстраліі.
Па здабычы ювелірных алмазаў 1-е месца ў свеце займае Афрыка, каля палавіны тэхн. алмазаў здабываецца ў Аўстраліі. Асн. вытворцы ювелірных алмазаў — Паўд. Афрыка, Батсвана, Расія, Намібія і Ангола. Каля 80% сусв. здабычы алмазаў кантралюе найбуйнейшая ў галіне кампанія «Дэ Бірс кансалідэйтэд майнс». Збыт прыродных алмазаў на сусв. рынку ажыццяўляе манапаліст — Алмазны сіндыкат. Каля 100% ювелірнай сыравіны, якая паступае на рынак, перапрацоўваецца ў брыльянты. Ювелірныя алмазы апрацоўваюцца пераважна ў Амстэрдаме, Тэль-Авіве, Бамбеі, Нью-Йорку. Сінтэтычныя алмазы (памеры 0,01—1,2 мм) вырабляюць Расія і некат. краіны Усх. Еўропы, амер. кампанія «Джэнерал электрык», прадпрыемствы кампаніі «Дэ Бірс», у ПАР, Ірландыі і Швецыі, а таксама японскія, герм. і інш. фірмы. Сучасная штогадовая вытв-сцьсінт. алмазаў ацэньваецца ў 150 млн.кар; за іх кошт на 75% забяспечваецца выраб алмазнага інструменту. На Беларусі арг-цыямі ВА «Беларусьгеалогія» вядзецца пошук алмазаў. У 1980—90 выяўлены алмазаносныя кімберліт-лампраітавыя пароды на ПдУ рэспублікі. Знойдзены 3 крышталі алмазаў. На прывазной сыравіне наладжана апрацоўка алмазаў у Гомелі (прадпрыемства «Крышталь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЧЫК (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраз зах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАГАНІ́ЗМ (ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),
ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).
А. у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). А. рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. А. мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод актынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н (Washington),
штат на ПнЗ ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. На Пн мяжуе з Канадай. Пл. 182,9 тыс.км². Нас. 5255 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Алімпія. Буйныя гарады Сіэтл, Спакан, Такома, Эдмандс, Белінгхем. На З штата ўздоўж узбярэжжа Берагавыя хрыбты, на У ад іх Каскадныя горы, паміж імі ўпадзіна зал. П’юджэт-Саўнд. На ПдУ Калумбійскае лававае плато. Клімат на З марскі, на У кантынентальны. На З сярэдняя т-растудз. 4 °C, ліп. 16—17 °C, ападкаў 2000 мм за год; на Ут-растудз. каля -3 °C, ліп. 20—23 °C, ападкаў 400—500 мм. Рэкі горныя, багатыя запасамі гідраэнергіі, найб. Калумбія (мае ⅓ патэнцыяльных гідраэнергарэсурсаў ЗША) з прытокам Снейк. У гарах хвойныя лясы (дугласія і інш.), на плато — лесастэп. Пл. лясоў 10,1 млн.га (2-е месца сярод штатаў пасля Аляскі). Карысныя выкапні: медзь, цынк, золата, серабро, магнезіт. Развіта авіякасм. (з-ды Боінг у Сіэтле і яго прыгарадах), суднабуд., дрэваапр., хім., харч., цэм., атамная прам-сць. Значныя лесанарыхтоўкі. Буйныя ГЭС, у т. л. самая вял. ў ЗША Гранд-Кулі. Больш за 1000 плацін і дамбаў. Каляровая металургія (асабліва выплаўка алюмінію). У сельскай гаспадарцы каля 67% даходаў дае раслінаводства. Штат вылучаецца зборамі яблыкаў, груш, абрыкосаў, персікаў, вішань, вінаграду, малін, агародніны, хмелю. Значныя зборы пшаніцы (2,8 млн.т; 1992), бульбы, сачавіцы, сеяных траў. На ўзбярэжжы малочная жывёлагадоўля, у гарах авечкагадоўля. Рыбалоўства. Аўтадарог 79,4 тыс.км (1993). Марскія парты Сіэтл, Такома, Ванкувер (у ніжнім цячэнні р. Калумбія). Значнае індзейскае насельніцтва і некалькі рэзервацый. Нац. паркі Маўнт-Рэйнір, Алімпік, Норт-Каскейдс. Турызм.
французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.