СВАБО́ДА МАНІФЕСТА́ЦЫЙ,

магчымасць праводзіць дэманстрацыі, мітынгі, сходы, вулічныя шэсці і пікетаванне; адна з асноўных канстытуцыйных паліт. свабод грамадзян. С.м., якія не парушаюць правапарадак і правы інш. грамадзян, гарантуецца дзяржавай. У дэмакр. краінах аб маніфестацыях, апрача простых пікетаў, звычайна загадзя паведамляюць. Улады могуць забараніць маніфестацыі ў месцах, якія маюць важнае значэнне для нармальнага функцыянавання гар. транспарту. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб С.м. — Канстытуцыя (арт. 35) і Закон «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях і пікетаванні» ад 30.12.1997. Забараняецца правядзенне маніфестацый, калі іх мэтай з’яўляецца гвалтоўная змена канстытуцыйнага ладу ці прапаганда вайны, сац., нац., рэліг. або расавай варожасці. Мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы могуць дадаткова рэгламентаваць парадак правядзення маніфестацый з улікам мясц. умоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПАТРЫ́Я (ад грэч. syn разам + patris радзіма),

тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць з папуляцый з моцна перакрыжаванымі або супадаючымі арэаламі. Магчыма ў выпадках, калі 2 формы, якія існуюць у межах агульнага арэала або яго часткі, не змешваюцца і маюць розныя экалагічныя нішы. Супрацьлеглы выпадак — відаўтварэнне з папуляцый з неперакрыжаванымі арэаламі — наз. алапатрыяй.

С. наз. таксама сумеснае пражыванне ў адным геагр. раёне розных відаў або ўнутрывідавых груп арганізмаў (біял. рас), якія адрозніваюцца генетычна, з рознымі экалагічнымі асаблівасцямі (тэрміны і месцы размнажэння, аб’екты корму, спосабы здабычы корму і інш.). Напр., «азімыя» і «яравыя» расы некат. ласосепадобных і асетрападобных рыб нерасцяцца ў адных вадаёмах, але ў розныя тэрміны, што робіць немагчымым абмен спадчыннай інфармацыяй паміж імі.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,

змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.

Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл. Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω​4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл. Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, БПА.

Літ.:

Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ. М., 1961;

Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;

Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.

А.​П.​Іваноў.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОКС (англ. вох літар. ўдар),

від спорту, адзінаборства ў кулачным баі паводле пэўных правілаў. Адрозніваюць аматарскі бокс і прафесійны. Спаборніцтвы праводзяцца на рынгу — квадратнай пляцоўцы 6 × 6 м, абмежаванай па перыметры 3 канатамі, нацягнутымі паміж вуглавымі стойкамі. Баксіруюць у спец. мяккіх пальчатках масай да 300 г (у прафес. боксе да 220 г, на алімпійскіх гульнях каля 230 г), спец. ахоўных шлемах (у аматарскім боксе). Правілы дазваляюць наносіць удары ў пярэднюю і бакавую часткі галавы і тулава вышэй пояса; забараняюць захопы, штуршкі, падножкі, удары адкрытай пальчаткай, галавой. Паядынак доўжыцца 3 раунды (у прафес. боксе да 12) па 3 мін кожны з перапынкам 1 мін паміж імі. Судзяць спаборніцтвы суддзя на рынгу і 5 бакавых. Перамога прысуджаецца па ачках (бакавымі суддзямі) ці датэрмінова (суддзёй на рынгу), калі баксёр пасля ўдару саперніка і адліку суддзёй на рынгу 10 сек не ў стане працягваць бой (накаўт), за яўнай перавагай, калі пераможца тройчы збівае саперніка моцным ударам з ног (накдаўн) ці за яўнай тэхн. перавагай. Баксёраў падзяляюць паводле ўзроставых, вагавых і разрадных катэгорый. З 1920 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бокса (АІБА). Бокс у праграме Алімпійскіх гульняў з 1904, чэмпіянаты свету з 1974, Еўропы з 1924.

Бокс развіўся з кулачнага бою (вядомы ў Стараж. Егіпце, Вавілоніі, быў у праграме Алімпійскіх гульняў у Стараж. Грэцыі). Першыя правілы бокса ў пальчатках уведзены ў Англіі ў 1867. На Беларусі бокс развіваецца з 1920 (першая секцыя ў Барысаве). Сярод бел. баксёраў алімпійскі чэмпіён В.Яноўскі (1988), абс.чэмпіён СССР А.​Юкаў (1983), прызёры Кубка свету і Гульняў Добрай волі Ю.​Торбік (1982), А.​Акулаў (1984), А.​Банін (1990), чэмпіянату Еўропы М.​Савічаў (1993).

т. 3, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

прыняцце якіх-небудзь ідэй, ведаў, меркаванняў, палажэнняў і інш. без непасрэднага эмпірычнага і рацыянальнага абгрунтавання. У філасофіі — стан суб’екта, цесна звязаны з духоўным светам асобы. Узнікае на аснове пэўнай інфармацыі пра аб’ект. Выяўляецца ў ідэях ці вобразах, суправаджаецца эмоцыяй упэўненасці і шэрагам іншых пачуццяў і служыць матывам, стымулам, устаноўкай і арыенцірам чалавечай дзейнасці. Паводле У.​Салаўёва, вера — гэта прызнанне чаго-небудзь сапраўдным з такой рашучасцю, якая перавышае сілу знешніх фактычных і фармальна-лагічных доказаў. І.​Кант трактаваў веру як пазіцыю розуму, які прымае тое, што з’яўляецца недаказальным, але неабходным для абгрунтавання маральнага імператыву. У псіхалогіі — асаблівы стан псіхікі, калі чалавек цалкам і безагаворачна прымае пэўныя звесткі, з’явы, падзеі або ўласныя ўяўленні, якія могуць стаць у далейшым асновай яго «я», вызначаць некаторыя яго ўчынкі, разважанні, нормы паводзін. У выніку практычнай дзейнасці, тэарэт. пазнання, лагічных разважанняў, адчуванняў, уяўленняў і валявых намаганняў чалавек фарміруе ў сваёй свядомасці вобразы рэчаіснасці, уяўленні пра свет і сваё месца ў ім. Калі чалавек не ў стане асэнсаваць тую ці іншую з’яву, ён або прымае яе на веру, або адмаўляецца ў пэўнай форме ад пазнання. У рэлігіі вера — прыняцце Бога як першакрыніцы ўсяго існага, стваральніка свету, жыцця на зямлі і самога чалавека, прыняцце пэўных сцверджанняў (догматаў) і рашучасць прытрымлівацца іх насуперак усім сумненням. Асновы такой веры значна глыбей, чым веды і мысленне, у адносінах да якіх вера — першапачатковы фактар і таму мацней за іх. Тэалогія лічыць рэліг. веру неад’емнай уласцівасцю чалавечай душы, божым дарам. Для пераадолення супярэчнасцей паміж розумам і верай артадаксальная тэалогія выкарыстоўвае максіму Аўгусціна Блажэннага і Ансельма Кентэрберыйскага «верую дзеля таго, каб разумець», якая з’яўляецца зыходным пунктам для пабудовы паслядоўнасці фармальна-лагічных вывадаў.

В.​М.​Пешкаў.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕАПА́ТЫЯ (ад гамеа... + патыя),

сістэма лячэння мізэрна малымі дозамі індывідуальна падабраных лякарстваў. Прапанавана ў канцы 18 ст. ням. урачом С.​Ганеманам, які сцвярджаў, што хваробы можна лячыць маленькімі дозамі тых рэчываў, якія ў вял. дозах выклікаюць сімптомы, падобныя на прыкметы дадзенай хваробы (прынцып лячэння падобным). Гамеапатыя разглядае падыход да хваробы як да індывід. рэакцыі хворага на пашкоджвальны фактар, што залежыць ад спадчынна-канстытуцыянальных асаблівасцей арганізма. Як метад лячэння гамеапатыя афіцыйна прызнана ў многіх краінах свету; выкарыстоўваецца таксама ў вет. практыцы. На Беларусі дзейнічаюць гомеапатычныя лячэбныя цэнтры і аптэкі, вядзецца гомеапатычны прыём у паліклініках, санаторыях.

Гамеапатыя ўзнікла і атрымала пашырэнне ў Германіі, потым і ў інш. еўрап. краінах (у Расіі — з канца 1820-х г.) у той перыяд, калі ў медыцыне канкурыравалі супярэчлівыя тэорыі, шырока выкарыстоўваліся кровапусканні, клізмы, ірвотныя і стабільныя лек. рэчывы, якія знясільвалі арганізм хворага. У параўнанні з недахопамі лячэбнай медыцыны гамеапатыя адыгрывала пазітыўную ролю. Але з самага пачатку свайго існавання яна выклікала крытыку з боку прадстаўнікоў афіц. медыцыны. Асн. аб’ектам крытыкі былі вельмі нізкія канцэнтрацыі рэчываў, калі ў растворах знаходзіцца менш адной малекулы актыўнага рэчыва. Пазней даказана, што біял. актыўнасць рэчываў можа захоўвацца і ў канцэнтрацыях, адпаведных гомеапатычным. Гомеапатычныя лякарствы не выклікаюць пабочных эфектаў і алергічных рэакцый, не прычыняюць шкоды хвораму. Развіццём класічнай гамеапатыі стала тэорыя гоматаксікалогіі, распрацаваная ням. урачом. Г.​Рэкевегам у 1950-я г., якая аб’яднала гамеапатыю і навук. медыцыну

Літ.:

Гомеопатический домашний лечебник. 2 изд. М., 1993;

Гомеопатия: Практ. руководство к гомеопат. медицине. Т. 1—2. М., 1995;

Шаретт Ж. Практическое гомеопатическое лекарствоведение: Пер. с фр. Киев, 1990;

Вавилова Н.М., Кент Дж.Т. Реперторий гомеопатических лекарств. Новосибирск, 1995.

Т.​А.​Багрова.

т. 5, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,

комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.

Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).

На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.

А.​А.​Саламонаў.

Да арт. Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.​Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага, «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.​Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.​Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова, «Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва, «Церамок» С.​Маршака, «Дзівоснае кураня» В.​Корнева, «Прынцэса і паж» М.​Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.​Юркевіч (1981—88), М.​Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.​Быкаў (1981—88), Ю.​Давыдзюк (1988—91), А.​Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.​Г.​Мёзер і Дж.​Сака). Прызначаўся для т-ра А.​Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова.
Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧЭ́ПЛІВАННЕ,

перасадка часткі (чаранка) або пупышкі расліны (прышчэпка) на інш. расліну (прышчэпу); спосаб вегетатыўнага размнажэння. Пры П. камбіі прышчэпы і прышчэпка павінны шчыльна сумяшчацца, потым яны зрастаюцца, утвараючы цэльны раслінны арганізм. Выкарыстоўваюць для размнажэння пладовых, ягадных, дэкар. раслін, зберажэння дрэў, кара якіх пашкоджана, стварэння карлікавых форм. Вядома да 400 спосабаў П.; найб. пашыраныя: акуліроўка (П. пупышкай), капуліроўка (пры аднолькавай таўшчыні прышчэпы і прышчэпка), П. ў расшчэп, за кару, у бакавы зарэз, мосцікам (калі прышчэпа таўсцейшая за чаранок) і інш.

Пры П. ў расшчэп прышчэпу зразаюць пад пянёк, робяць расшчэп, у які ўстаўляюць з процілеглых бакоў па чаранку (сочаць, каб супадалі камбіяльныя слаі). П. за кару робяць у перыяд веснавога актыўнага руху сокаў, калі адстае кара. На прышчэпе робяць вертыкальны разрэз кары і аддзяляюць яе краі ад драўніны. На ніжнім канцы прышчэпка робяць касы зрэз і ўстаўляюць яго ўнутр разрэзу кары прышчэпы. Пры П. ў бакавы зарэз дасягаецца больш трывалае замацаванне прышчэпы з прышчэпкам. Зразаюць надземную ч. прышчэпы, робяць касы (пад вуглом 20—25°) зарэз. На ніжняй ч. прышчэпка з процілеглых бакоў робяць 2 зрэзы і ўстаўляюць яго ў разрэз на прышчэпе, пры гэтым сумяшчаюць камбіяльныя слаі. П. мосцікам выкарыстоўваецца для лячэння пашкоджаных штамбаў. На ствале вышэй і ніжэй пашкоджанага ўчастка робяць Т-падобныя разрэзы кары. На чаранках (павінны быць крыху даўжэйшыя за адлегласць паміж разрэзамі) выдаляюць пупышкі, робяць канцавыя касыя зрэзы ў адной плоскасці. Устаўляюць у разрэзы ніжнія канцы чаранкоў, замацоўваюць, потым дугападобна выгінаюць чаранкі і ўстаўляюць у разрэзы іх верхнія канцы.

Літ.:

Приусадебное плодоовощеводство. Мн., 1985;

Таранов В.В., Таранова Е.А. Садово-огородный участок: Справ. пособие. 2 изд. М., 1990.

Спосабы прышчэплівання: 1 — у расшчэп; 2 — у бакавы зарэз; 3 — за кару; 4 — мосцікам.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)