у цывільным працэсе грамадзянін або юрыд. асоба, якая звяртаецца з іскам у суд, арбітраж, гаспадарчы або трацейскі суды за абаронай свайго парушанага або аспрэчваемага права ці ахоўваемага законам інтарэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ІН,
паводле біблейскай міфалогіі, старэйшы сын Адама і Евы, земляроб. Забіў з зайздрасці брата Авеля, пастуха. Пракляты богам за братазабойства (асуджаны на вечнае блуканне) і адзначаны асобым знакам («Каінава пячатка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́РЫНГ (англ. monitoring) сацыяльна-палітычны, пастаянны, сістэматычны збор інфармацыі з мэтаю назірання, кантролю за ходам развіцця якой-небудзь сац.-паліт. з’явы або працэсу і яго прагназавання (напр., М. грамадскай думкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́СКАР»
(Oscar),
штогадовая прэмія, якая прысуджаецца з 1929 Амерыканскай акадэміяй кінематаграфічных мастацтваў і навукза дасягненні ў 26 асобных галінах кінематографа. Уяўляе сабой пазалочаную статуэтку мужчыны, які абапіраецца на меч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСУ́ШЫНА,
вёска ў Задуброўскім с/с Віцебскага р-на. Цэнтр калгаса. За 44 км на ПнУ ад Віцебска. 310 ж., 105 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,
перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых закрытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.
Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл.Крыягенная тэхніка).
Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФАРНІ́ЙСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з буйнейшых вышэйшых навуч. устаноў ЗША. Дзяржаўны. Засн. ў 1868 у г. Окленд. У 1996/97 навуч.г. больш за 160 тыс. студэнтаў; 9 універсітэцкіх гарадкоў (кампусы — ун-ты Каліфорніі), кожны з іх самастойная навуч. ўстанова з каледжамі, школамі і інш. падраздзяленнямі (выліч. цэнтры, б-кі, н.-д. цэнтры, ін-ты, лабараторыі). Буйнейшыя універсітэцкія гарадкі: Берклі (засн. ў 1873 як каледж Каліфорніі, з 1952 ун-т) — каледжы л-ры і навукі, хіміі, тэхнікі, дызайну навакольнага асяроддзя і інш.; школы права, адукацыі, кіравання бізнесам і інш.; буйнейшы цэнтр па атамнай фізіцы; больш за 30 тыс. студэнтаў; Дэйвіс (з 1905) — каледжы сельскай гаспадаркі і павукі пра навакольнае асяроддзе, л-ры і навукі, тэхнікі; школы права, медыцыны, ветэрынарыі, менеджменту; мае некалькі цэнтраў, лабараторый, ін-таў і інш; больш за 20 тыс. студэнтаў; Лос-Анджэлес (з 1919) — каледж л-ры і навукі; школы мастацтва і архітэктуры, адукацыі і інфармацыі, тэхнікі і прыкладных навук, права, медыцыны і інш.; ін-ты стаматалагічных даследаванняў, малекулярнай біялогіі, вытв. адносін, сацыялогіі, археалогіі і інш.; цэнтры праблем розных рэгіёнаў, вывучэння 17 і 18 ст., сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння і інш.; больш за 30 тыс. студэнтаў. Універсітэцкія гарадкі таксама ў Санта-Барбары (з 1891), Сан-Францыска (засн. ў 1873 як мед. цэнтр), Сан-Дыега (засн. ў 1903 як станцыя біялогіі і мора, з 1912 ун-т), Рыверсайдзе (з 1907), у Ірвіне і Санта-Крузе з 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІ́, Марці-і-Перэс (Martí y Pérez) Хасэ Хуліян (28.1.1853, Гавана — 19.5.1895), кубінскі паэт, нац. герой Кубы. За ўдзел у нац.-вызв. барацьбе ў 1870 арыштаваны ісп. ўладамі і высланы ў Іспанію, дзе вывучаў філасофію, л-ру і права ва ун-тах Мадрыда і Сарагосы. З 1875 жыў у Мексіцы, Гватэмале, у 1879 вярнуўся на Кубу. За ўдзел у падрыхтоўцы антыісп. паўстання зноў высланы ў Іспанію. З 1880 у ЗША, карэспандэнт лац.-амер. газет. Ў 1892 з разрозненых эмігранцкіх груповак стварыў Кубінскую рэв. партыю, якая адыграла гал. ролю ў падрыхтоўцы нац.-вызв. паўстання на Кубе (пачалося 24.2.1895), заснаваў яе цэнтр. орган газ. «Patria» («Радзіма»). Выступаў за стварэнне незалежнай рэспублікі Кубы, заклікаў лац.-амер. народы аб’яднацца супраць гегеманісцкай палітыкі ЗША. У крас. 1895 вярнуўся на Кубу, каб прыняць удзел у паўстанні, і праз месяц загінуў у баі з іспанцамі. У кубінскай і лац.-амер. л-ры М. выступіў як адзін з пачынальнікаў мадэрнізму, арыгінальны стыліст і рэфарматар ісп.літ. мовы. Аўтар прасякнутай пратэстам супраць нявольніцтва драмы ў вершах «Абдала» (1869), паэт. зборнікаў «Ісмаелільё» (1882), «Простыя вершы» (1891), «Кветкі выгнання», «Свабодныя вершы» (абодва выд. 1913), у якіх апеў шчырыя і простыя чалавечыя пачуцці, рамана «Згубнае сяброўства» (1885), п’ес «Пралюбадзейка» (1874) і «За каханне плацяць каханнем» (1875), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1978.
Літ.:
Маринельо Х. Хосе Марти — испано-американский писатель: (Марти и модернизм): Пер. с исп. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прамысловасці, якая ўключае разведку, здабычу нафты і спадарожных ёй газаў, пач. падрыхтоўку нафты для яе транспарціроўкі і перапрацоўкі. Н.п. Беларусі грунтуецца на радовішчах у Гомельскай вобл.Прамысл. распрацоўка першага на Беларусі радовішча нафты пачалася ў 1965 (за год здабыта 39 тыс.т). У 1966—70 уведзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (усе Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведаны 18 радовішчаў. Нафта ў іх залягае ў сярэдніх і малых радовішчах пл. ад 50 км² да 1—2 км². Дэбіт свідравін невялікі, асн. спосаб здабычы — помпавы. Эфектыўнасць нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты, дастатковай гасп. асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў (іх больш за 30) па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя), потым падаецца ў нафтаправод «Дружба» і на нафтаперапрацоўчыя з-ды. За 1965—90 здабыта каля 90 млн.т нафты. У 1998 здабыта 1830 тыс.т (уключаючы газавы кандэнсат). Здабытай нафты для патрэб Беларусі не хапае, таму яна завозіцца з Расіі.
Сусв. запасы нафты складаюць больш за 130 млрд.т. Найб. запасы яе знаходзяцца ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іраку, Іране, дзе адпаведна сканцэнтравана значная частка Н.п. У Н.п. краін Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу, Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі пануюць манаполіі ЗША і Вялікабрытаніі, на долю якіх прыпадае больш як палавіна здабычы і перапрацоўкі нафты.
Да арт.Нафтаздабыўная прамысловасць. Нафтапромысел у Рэчыцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАГРЭСІ́СТЫ»,
партыя ліберальнага кірунку ў Расіі ў 1911—17. Утворана па ініцыятыве мірнаабнаўленцаў, дэпутатаў 3-й Дзярж. думы і членаў фракцыі прагрэсістаў напярэдадні выбараў ў 4-ю Дзярж. думу. Ставіла за мэту стварэнне адзінага лагера ліберальнай апазіцыі пад заклікам «Барацьба за правядзенне ў жыццё палажэнняў Маніфеста 17 кастрычніка 1905». У склад створанага ў крас. 1912 Пецярб.к-та «П.» уваходзілі І.М.Яфрэмаў, М.М.Кавалеўскі, М.М.Львоў і інш., у Маскоўскую арг-цыю — А.І.Канавалаў, П.П. і У.П.Рабушынскія і інш. Друкаваны орган маскоўскіх «П.» — газ. «Утро России». К-ты партыі існавалі ў Адэсе, Казані, Самары, Тамбове, Туле, Вобласці Войска Данскога, у Брэсце і Гродне; у студз. 1912 узнік к-т у Вільні. У Мінскай губ. да «камітэта рускіх прагрэсіўных выбаршчыкаў» далучыўся к-тяўр. выбаршчыкаў. «П.» выступалі за галоснасць і перабудову састарэлых сац. і эканам. адносін, за стварэнне канстытуцыйнага цэнтра блока «П.», куды б яны ўвайшлі разам з кадэтамі і акцябрыстамі; наладжвалі кантакты з рэв. партыямі, каб арганізаваць выступленні рабочых з мэтай націску на ўрад. У гады 1-й сусв. вайны ўдзельнічалі ў стварэнні «Прагрэсіўнага блока», па іх ініцыятыве ўзніклі рабочыя групы пры ваен.-прамысл. к-тах. Некат. лідэры «П.» сталі міністрамі Часовага ўрада.
Літ.:
Вишневски Э. Либеральная оппозиция в России накануне первой мировой войны. М., 1993;
Забаўскі М.М., Пуцік У.С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917 гг.). Мн., 1998.