БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 28,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал/км². Цэнтр — г.п. Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр. раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс. га, з іх асушаны 14,1 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».

М.​М.​Брылеўскі.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,

на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 34,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс. га, з іх асушана 19,9 тыс. га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладова-агароднінныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».

т. 3, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),

рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр. ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.​Герцэнам і М.​Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.​Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.

У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.

Тв.:

Собр. соч. и писем. Т. 1—4. М., 1934—35.

В.​П.​Оргіш.

М.А.Бакунін.

т. 2, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),

Віргінскія брытанскія астравы, уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.

Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.

У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.

Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПдЗ Магілёўскай вобласці. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 25,5 тыс. чал. (1995), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 14 чал./км². Цэнтр — г. Асіповічы; рабочыя пасёлкі Градзянка, Татарка, Ялізава, 153 сельскія нас. пункты. 12 сельсаветаў: Асіповіцкі, Вяззеўскі, Дараганаўскі, Дрычынскі, Камяніцкі, Карытненскі, Лапіцкі, Ліпеньскі, Пагарэльскі, Пратасевіцкі, Свіслацкі, Ясенскі.

Раён знаходзіцца ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, найвыш. пункт 206,5 м (за 4 км на З ад в. Пратасевічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Рэкі Бярэзіна з прытокам Свіслач і Пціч. Асіповіцкае вадасховішча (на Свіслачы). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лясамі 57% тэр. раёна.

Пад с.-г. ўгоддзямі 61,7 тыс. га, з іх асушана 22,1 тыс. га. На 1.1.1995 у Асіповіцкім раёне 18 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца, грэчка), кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў (шкло), дрэваапр. (штакет, піламатэрыялы, садовыя домікі), харч. (спірт, рыба, масла, кансервы) прам-сці. Торфапрадпрыемствы. Асіповіцкая ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Мінск—Бабруйск (з адгалінаваннем на Градзянку) і Магілёў—Баранавічы, шаша Мінск—Гомель. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пач. школы, дзіцяча-юнацкая старт. школа, 21 дашкольная ўстанова, 35 бібліятэк, 12 бальнічных устаноў, 21 фельчарска-акушэрскі пункт. Дзіцячыя санаторыі «Вяззе» і «Лапічы». Помнік прыроды — парк у в. Дуброва (закладзены ў 1909). Выдаецца раённая газ. «Запаветы Леніна».

К.​Р.​Кірыенка.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 22,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб. р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.

Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс. га, з іх асушаных 21 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІУ́Э (Niue),

уладанне Новай Зеландыі на аднайм. востраве ў паўд. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 262,6 км². Нас. 1,8 тыс. чал. (1995); жывуць ніуэанцы, або ніуэ — адзін з палінезійскіх народаў. Афіц. мова — англійская, але большасць жыхароў карыстаецца мясц. мовай. Вернікі пераважна пратэстанты. Насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, абслугоўванні турыстаў. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю. Адм. ц. і порт — пасёлак Алофі. В-аў Н. — каралавага паходжання, падняты атол. Паверхня плоская, найб. выш. 66 м. Клімат трапічны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры каля 24 °C, выпадае 2200 мм ападкаў за год. Каля 5,4 тыс. га занята лесам з каштоўнымі пародамі дрэў, астатняя тэр. пад пасадкамі какосавай пальмы і лімонаў, палямі і агародамі (ямс, тара, батат, бананы, агародніна, вострапрыпраўныя расліны), лугамі і пашай. Жывёлагадоўля (свінні, козы). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбалоўства. Прадпрыемствы харч. прам-сці і па перапрацоўцы какосавых арэхаў. Саматужныя маст. промыслы (цыноўкі, капелюшы, сумкі і інш.). Абслугоўванне турыстаў (пераважна з Новай Зеландыі). Марскія і авіяц. сувязі з Новай Зеландыяй. Аэрапорт. Аснова экспарту — копра, лімоны, драўніна, вострапрыпраўныя расліны, бананы, маст. вырабы, мёд. Востраў атрымлівае фін. дапамогу ад Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Востраў заселены палінезійцамі ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Адкрыты брыт. мараплаўцам Дж.Кукам у 1774. У 1900 абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі, з 1901 пад кіраваннем Новай Зеландыі. У 1901—03 — частка пратэктарата Астравы Кука, з 1903 асобнае ўладанне. У 1966 створана Заканад. асамблея, якая выбіраецца ўсеагульным галасаваннем. З 1974 мае статус «самакіравальная тэрыторыя ў свабоднай асацыяцыі» з Новай Зеландыяй, якая пакінула за сабой пытанні знешніх зносін і абароны Н.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІЧЫ́,

аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-гапач. 2-га тыс. н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс. н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (ПнПд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн. гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс. н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.

Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр. паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.​А.​Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.​М.​Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.

Літ.:

Этногенез белорусов: Тез. докл. Мн., 1973;

Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.​У.​Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.​П.​Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.

т. 8, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)