бел традыцыйнае зімовае нар. адзенне з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пашыраны з даўніх часоў. Шылі з белых нядубленых аўчын. М.к. былі доўгія, шчыльныя да стану з адкладным каўняром. Кроілі іх з бакавымі клінамі («вусамі»), зашпільвалі на гаплікі, багата аздаблялі рознакаляровай вышыўкай «козлікам», гладдзю, нашыўкамі пярэстага шнура, раменьчыкаў, тканіны (найчасцей блакітнае, чырвонае, зялёнае сукно), пампонамі. З 1930-х г. М.к. шылі з дубленых аўчын, якім надавалі чырвона-цагляны ці вохрысты колер. Яны сталі кароткія, прамога ці паўпрыталенага сілуэта, найчасцей са стаячым каўняром і футравай аблямоўкай уздоўж верхняга крыса, па нізе і разрэзах кішэняў. Аздаблялі каляровымі раменьчыкамі, працягнутымі праз вузкія надрэзы ўздоўж швоў, а таксама вышыўкай на кішэнях, нізе рукавоў, верхняй прыкаўнернай частцы спінкі. Паступова выходзяць з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.М.Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс.чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),
кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл.Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Севярын) (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),
кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл.Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр.паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.
Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс.чал.), якія абвясцілі сябе кіт.Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв.к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт.Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт.Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.
партыя ў Афганістане з сярэдзіны 1960—90-х г.Засн. 1.1.1965 групай афганскіх інтэлігентаў-марксістаў. З 1967 падзялілася на фракцыю «Хальк» («Народ»), якая стаяла на крайне левых пазіцыях, і больш памяркоўную «Парчам» («Сцяг»). У 1977 абедзве фракцыі аб’ядналіся, фактычна захаваўшы самастойнасць. Захапіўшы ў 1978 уладу, НДПА абвясціла Дэмакр. Рэспубліку Афганістан на чале з лідэрам «Хальк» Н.М.Таракі. У выніку міжфракцыённых супярэчнасцей у 1978—79 многія члены «Парчам» былі рэпрэсіраваны. Пасля ўводу ў Афганістан у снеж. 1979 сав. войск з іх дапамогай да ўлады ў НДПА і краіне прыйшоў лідэр «Парчам» Б.Кармаль, які ў 1986 быў адхілены М.Наджыбулой. Ў 1990 НДПА афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму і прыняла назву Партыя «Ватан» («Айчына»). Пасля захопу Кабула ў 1992 маджахедамі (гл.Муджахіды) спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІРАЛО́ГІЯ,
дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл.Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш.папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.ант. аўтараў.
Літ.:
Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;
Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПАНЕ́СКІ САЮ́З,
аб’яднанне стараж.-грэчаскіх полісаў Пелапанеса на чале са Спартай у 2-й пал. 6 — сярэдзіне 4 ст. да н.э. У саюз увайшлі: Карынф (582 да н.э.), Эліда (570), Аркадыя, Сікіён (550), Аргаліда (520), Мегара (510). Склаўся як гарантыя гегемоніі Спарты ў Грэцыі, з’яўляўся сістэмай двухбаковых пагадненняў, якія звязвалі Спарту паасобку з кожным саюзнікам. Саюзнікі павінны былі ўдзельнічаць у ваен. паходах спартанцаў (кожны чл. саюза павінен быў выстаўляць 2/3 сваёй ваен. сілы) і пастаўляць караблі. У пытаннях знешняй палітыкі саюз дзейнічаў у інтарэсах арыстакратаў і алігархаў. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. П.с. — агульнагрэч. арг-цыя. Распаўся пасля паражэння Спарты ў вайне з Фівамі (362 да н.э.). Спроба аднавіць яго ў 330-я г. да н.э. не ўдалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.Віхерта) і інш.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, на якой з роўніцы (ці шарсцяной стужкі) вырабляюць пражу. На П.м. робіцца выцягванне, кручэнне і намотка пражы — залючныя працэсы прадзення.
Мех. П.м. створана ў Вялікабрытаніі (1738). У Расіі з 2-й пал. 18 ст.былі П.м. на ільно- і бавоўнапрадзільных ф-ках. Асн. для прадзення валокнаў з’яўляецца кальцавая (верацённая) П.м., у якой роўніца (стужка) выцягваецца ў выцяжной прыладзе, скручваецца і намотваецца на патрон ці шпулю з дапамогай верацяна і бегунка. У безверацённых пнеўма-мех. П.м. роўніца (стужка) раз’ядноўваецца на асобныя валокны, якія падаюцца ў вярчальную камеру, дзе з іх фарміруецца валакністая стужачка, скручваецца ў пражу і намотваецца на бабіну. Выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай прамысловасці.
Схема прадзільнай машыны: 1 — кольца з бегунком; 2 — выцяжная прылада; 3 — шпулі з роўніцай; 4 — ніткаправаднік; 5 — пачынак з гатовай пражай.