бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1982), праф. (1985). Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). З 1982 нам. дырэктара Рэсп. ін-та вышэйшай школы БДУ, з 1993 заг. кафедры Бел. ін-та кіравання, фінансаў і эканомікі, з 1995 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па мікраэканоміцы і асновах агульнай эканам. тэорыі. Даследуе праблемы размеркавальных адносін і заработнай платы, функцыянавання і тыпалогіі эканам. сістэм, пераходныя станы ў эканоміцы.
Тв.:
Заработная плата: закономерности и пробл. формирования. Мн., 1978;
Трудовая активность и заработная плата. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЙБО́ВІЧ (Гершка) (1700—1770),
бел. гравёр. Працаваў у Нясвіжскай друкарні кн. Радзівілаў. Для альбома «Выява роду князёў Радзівілаў» (надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні ў 1758, экзэмпляр захоўваецца ў Нац.гіст. архіве Рэспублікі Беларусь) выканаў партрэты Вайшунда (Войсцундуса) I Хрысціяна і Караля Станіслава (Пане Каханку; 1750-я г.), 3 экслібрысы для нясвіжскай б-кі, герб Радзівілаў (змешчаны ў «Артыкулах ваенных», Нясвіж, 1754), награвіраваў карту літ. правінцыі бернардзінцаў, інтэр’ер касцёла езуітаў у Нясвіжы і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.
Г.Ляйбовіч. Партрэт Вайшунда (Войсцундуса) І.Хрысціяна. 1750-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЬКЕ́ВІЧ (Рыгор Часлававіч) (н. 17.9.1952, в. Коласава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф і гісторык. Канд.філас.н. (1992). Скончыў Энгельскае вышэйшае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1972) і БДУ (1982). З 1974 на камсам., парт. і выкладчыцкай рабоце ў войсках ППА. З 1990 у Львоўскім ваен. ін-це культуры. З 1992 у Ваен. акадэміі Рэспублікі Беларусь (з 1995 праф.), з 1997 адначасова кіраўнік групы «Ваенная справа» ў выд-ве «Беларуская энцыклапедыя». Даследуе праблемы філасофіі гісторыі, ваен. гісторыі і гісторыі стараж. гарадоў Беларусі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў «Актуальныя праблемы філасофіі» (1991), «Ваенная эканоміка» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЕ́ЎСКАЯ (Ніна Васілеўна) (н. 4.12.1938, г. Любань Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1963), Мінскую вышэйшую парт. школу пры ЦККПБ (1980). Працавала ў час. «Промышленность Белоруссии» (1970—78), у выд-ве «Юнацтва» (1980—84), у 1985—92 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1955. Асн. тэмы творчасці — жыццё сучаснага горада і вёскі, вайна і мір, праблемы абавязку, маралі, адказнасці, грамадз. свядомасці сучасніка. Аўтар зб-каў апавяданняў і аповесцей «Агата» (1970), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989), «Арніка» (1993), кнігі для дзяцей «Ляці, верабейка» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Ізабела Іванаўна) (н. 27.10.1927, г.п. Багушэўск Віцебскай вобл.),
бел. юрыст. Д-рюрыд.н. (1969), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Засл. юрыст Беларусі (1995). Скончыла Мінскі юрыд.ін-т (1949). З 1956 у БДУ. Навук. працы па пытаннях судовага ладу, пракурорскага нагляду, крымінальнага працэсу, гісторыі дзяржавы і права Беларусі.
Тв.:
История суда. в Белорусской ССР (1917—1960 гг). Мн., 1961;
Адвокатура в БССР. Мн., 1973;
Общественные суды БССР в социалистическом строительстве. Мн., 1978;
Белорусская ССС: Статус, достижения, развитие. Мн., 1989 (у сааўт.);
Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь. Мн., 1995 (разам з М.І.Пастуховым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСЕ́ВІЧ (Антон Уладзіміравіч) (н. 24.7.1954, Мінск),
бел. юрыст. Д-рюрыд.н. (1994). Скончыў БДУ (1976), працаваў у Ін-це філасофіі і права Нац. акадэміі навук Беларусі. З 1994 дырэктар Бел. ін-та дзярж.буд-ва і заканадаўства. З 1997 нам. старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Навук. працы па праблемах дзярж. права і кіравання, тэорыі дзяржавы і права, канстытуцыйнага права, паліталогіі, правоў чалавека.
Тв.:
Местные Советы: преобразование деревень. Мн., 1983;
Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Личность. Общество. Государство. Мн., 1996 (у сааўт.);
Правотворческая деятельность в Республике Беларусь. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра... + грэч. lithos камень),
буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах.Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕДИЦИ́НСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
што тыднёвая галіновая газета. Выходзіць з вер. 1991 у Мінску на рус. мове (асобныя публікацыі — на бел. мове). Заснавальнікі: Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, БРК прафсаюза работнікаў аховы здароўя і калектыў рэдакцыі. Асвятляе тэарэт. і практычныя пытанні аховы здароўя, мед. навукі, дзейнасці лячэбна-прафілактычных, н.-д. і навуч. устаноў. Змяшчае матэрыялы пра стан, шляхі і перспектывы мед. абслугоўвання насельніцтва, пра дасягненні айч. і замежнай мед. навукі, тэарэт. і практычныя рэкамендацыі для захавання і паляпшэння здароўя чалавека. Мае рубрыкі «Доктар тлумачыць, папярэджвае, рэкамендуе», «У дапамогу доктару-практыку», «Вы прасілі расказаць», «Дапамажы сабе сам» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт.арг-цыяЛігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАМЁТ,
артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.
82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.Да арт.Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).