род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.
Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),
бел. мастак. Засл. дз. мастацтваўБеларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш.Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,
аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.
Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д.ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам М.А.Барысевіча распрацаваны Д.ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),
сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,
гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;
Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;
Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎЧЫ́НЕР (Віктар Якаўлевіч) (28.6.1905, Мінск — 15.7.1961),
бел. рэжысёр. Нар.арт.Беларусі (1944). Нар.арт. Літвы (1959). Скончыў Яўр.драм. студыю ў Маскве (1926). Акцёр, рэжысёр, маст. кіраўнік (1942—46) Дзярж.яўр.т-раБССР. Рэжысёр Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ (1930—32), БДТ-1 (Нац.т-р імя Я.Купалы; 1939—42), гал. рэжысёр Дзярж.рус.т-раБССР (1948). З 1949 гал. рэжысёр у т-рах Іркуцка, Ташкента, Вільні. Найб. значныя пастаноўкі: «Стрэл» А.Безыменскага (1930) у т-ры імя ЦСПСБ; «Вальпоне» Б.Джонсана (1934), «Фальшывая манета» М.Горкага і «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша (1937), «Вядзьмарка» А.Гольдфадэна (1941), «Сіротка Хася» Я.Гордзіна і «200000» паводле Шолам-Алейхема (1943), «Пігмаліён» Б.Шоу ў Дзярж.яўр. т-ры БССР; «Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі (1940) у БДТ-1; «Атэла» У.Шэкспіра (1947) у Дзярж.рус. т-ры БССР; «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954) у Ташкенцкім рус. т-ры. Пастаноўкі Галаўчынера рамантычна ўзнёслыя, у іх яркая тэатральнасць, дынамізм, пластычна зробленыя масавыя сцэны спалучаліся з псіхалагічна распрацаванымі характарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр.Беларусінайб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЦЫ́,
два роды рыб: Salvelinus і Noemacheilus. Гальцы Salvelinus — род прахадных і прэснаводных рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Каля 10 відаў. Пашыраны на ўзбярэжжы Еўразіі і Паўн. Амерыкі, у Ладажскім, Анежскім і альпійскіх азёрах, бас.воз. Байкал. Найб. вядомыя: галец арктычны (S. alpinus), паліі, кунджа (S. leucomaenis). 1 зах.-еўрап. від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 88 см, маса да 15 кг. Ад ласосяў адрозніваюцца адсутнасцю зубоў на ручцы сашніка і цёмных плям на целе (за выключэннем амер. віду). Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.
Галец Noemacheilus — род рыб сям. ўюновых атр. карпападобных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе, Азіі, Афрыцы (1 від). Жывуць у невял. рэках, ручаях, у падземных водах, на выш. больш за 4000 м. На Беларусі трапляецца ва ўсіх рэках і ручаях галец звычайны (N. barbatulus). Нар. назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і інш.
Даўж. да 25 см, маса да 100 г. Цела голае (адсюль назва) або ўкрытае дробнай луской. Афарбоўка бурая, карычнявата-шэрая з больш цёмнымі плямамі. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой, водарасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРЭ́Я (ад грэч. gonos семя + rheō цяку),
венерычная хвароба, якая выклікаецца ганакокам Нейсера і выбіральна пашкоджвае слізістыя абалонкі мочапалавой сістэмы. Перадаецца палавым і рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд ад моманту заражэння 1—21, найчасцей 3—5 сут. Імунітэт не выпрацоўваецца.
Запаленчы працэс пры ганарэі ўзнікае ў месцах пранікнення ў эпітэліяльныя абалонкі ганакока, суправаджаецца ацёкамі, гіперэміяй, болем, выдзяленнем серознага і гнойнага эксудату, эрозіяй. На месцы эрозій утвараюцца злучальная тканка, спайкі, рубцовыя звужэнні праток і прасветаў мочапалавых органаў, што можа абумовіць іх непраходнасць, парушэнні мочавыдзялення, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, змены менструальнай і дзетароднай функцый ці развіццё бясплоддзя. Эндатаксін, які выдзяляецца пры разбурэнні ганакокаў, можа пашкоджваць суставы, нерв. сістэму, клапаны і абалонкі сэрца. Клінічна адрозніваюць ганарэю свежую (вострую, падвострую, тарпідную) і хранічную (працягласць хваробы больш за 2 месяцы). У мужчын пераважае вострая ганарэя з выразнымі сімптомамі, у жанчын — тарпідная (схаваная) з пераходам у хранічную форму. Лячэнне медыкаментознае і фізіятэрапеўтычнае. З канца 1980-х г. адзначаецца павелічэнне колькасці захворванняў на ганарэю ў краінах СНД і на Беларусі.