горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТА́Н, Каралеўства Бутан (на мове бхотыя — Друк-Юл),
дзяржава ў Паўд. Азіі, у цяжкадаступнай ч.Усх. Гімалаяў. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Падзяляецца на 18 дыстрыктаў. Пл. 47 тыс.км². Нас. 1532 тыс.чал. (1993). Афіц. сталіца — т.Тхімпху, традыц. — г. Пунакха (зімовая рэзідэнцыя караля). Афіц. мова — бхотыя (дзонг-хэ, блізкая да тыбецкай). Нац. свята — Дзень нацыі (17 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бутана — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея са 150 чл. (100 чл. выбіраюцца вясковымі старастамі, 10 — манастырамі, 40 чл. прызначаюцца каралём), тэрмін паўнамоцтваў 3 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе савет міністраў.
Прырода. Бутана — горная краіна. Вылучаюцца З прыродныя паясы: Гал. Гімалайскі хр. на Пн (г. Кула-Каніры, 7554 м), міжгорныя ўпадзіны і даліны цэнтр.ч. краіны, невысокія горы і перадгор’і на Пд. Клімат мусонны, у далінах трапічны і субтрапічны, у гарах больш халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. -4,5 °C, у ліп. 17 °C. Ападкаў ад 5000 мм на Пд да 1000—1500 мм у катлавінах і далінах і да 500 мм на найб. высокіх гарах. Рэкі бас. Брахмапутры цякуць у глыбокіх далінах, маюць вял. запасы гідраэнергіі. Лясы займаюць 64% тэр. краіны, багатыя каштоўнай драўнінай. У ніжнім поясе вечназялёныя, вышэй лістападныя і хвойныя лясы. Вышэй за 3500—4000 м — высакагорныя лугі, асыпкі і скалы, на найб. высокіх гарах — вечныя снягі і ледавікі. Запаведнікі Джыгмі-Дорджы, Газа, Манас і інш.
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва — бхотыя і блізкія да іх невял. горныя народы тыбецкага паходжання. На Пд жывуць гурунгі і асамцы. Большасць вернікаў будысты-ламаісты, ёсць індуісты (каля 25%) і прыхільнікі стараж.традыц. культаў. Шчыльнасць насельніцтва 34 чал. на 1 км², б.ч. яго сканцэнтравана ў катлавінах і далінах сярэдняй ч. краіны. Гарады невялікія, у іх жыве каля 10% насельніцтва.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Бутана малавядомая. Прыкладна з 8—9 ст. з Тыбета на тэр. сучаснага Бутана перасяляліся плямёны бхотыя, якія выцеснілі б.ч. аселага інд. насельніцтва. У пач. 17 ст. тыбецкія манахі ўстанавілі тут тэакратычную каралеўскую ўладу, дзярж. рэлігіяй стаў ламаізм. У 19 ст. ў краіне адбылося некалькі грамадз. войнаў, выкліканых нязгодай намеснікаў правінцый з цэнтр. уладай. З 1865 бутанскай знешняй палітыкай кіраваў урад брыт. Індыі, які ў 1907 ператварыў Бутан у спадчынную манархію (першым у 1907—26 правіў кароль Угай-ен-Бангчук, заснавальнік сучаснай кіруючай дынастыі). Да 1947 Бутан — брыт. пратэктарат. Паводле дагавора з Індыяй (8.8.1949) Бутан абавязаўся ў сваіх знешніх зносінах кіравацца курсам і пазіцыяй інд. ўрада. Пасля анексіі Тыбета Кітаем (1950) бутанска-інд. сувязі, у т. л. эканамічныя, узмацніліся. З кастр. 1969 — канстытуцыйная манархія (не мае пісанай канстытуцыі). З 12.2.1971 суверэнная дзяржава.
З 1972 дзяржавай і ўрадам кіруе кароль Джыгме Сінгай Бангчук (каранаваны ў 1974). У 1980 Бутан заключыў дагавор аб граніцы з Кітайскай Нар. Рэспублікай. У Бутане няма паліт. партый, на тэр. Індыі дзейнічае партыя Бутанскі нац. кангрэс. Бутан — член ААН (з 1971), Руху недалучэння (з 1973), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўд. Азіі (з 1985), належыць да самых бедных і адсталых краін, што развіваюцца.
Гаспадарка. Бутан — аграрная краіна з перавагай натуральнай гаспадаркі і феад. адносін. У сельскай гаспадарцы занята 95% самадз. насельніцтва, пераважае земляробства. Плошча апрацаваных зямель складае 3% тэр. краіны. На асобных участках па далінах рэк і схілах гор, на тэрасавых і часткова арашальных палях вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, бульбу, горны ячмень, проса, грэчку, клешчавіну, бавоўну, чай. Агародніцтва і пладаводства (апельсіны, манга, яблыкі). Збор (1993, тыс.т): рысу 43, кукурузы 40, бульбы 34, цытрусавых 58. Горна-пашавая жывёлагадоўля (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы і якаў 429, авечак 54, коз 41. Гадуюць свіней і коней. Прам-сць (1993, тыс.т): здабыча каменнага вугалю 56, даламіту 206, вапняку 190, графіту, свінцова-цынкавых і медных рудаў, вальфраму, гіпсу, вытв-сць цэменту 170, віна, кансерваў і сокаў з садавіны, запалак, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Развіваецца вытв-сць электраэнергіі. Некалькі ГЭС. Захоўваецца традыц. саматужнае рамяство. Аўтамаб. дарогі (даўж. каля 2 тыс.км) злучаюць Тхімпху з асн. раёнамі краіны і з Індыяй. Аэрапорты ў Паро і Тхімпху. Экспарт: цэмент, драўніна, фанера, даламіт, электраэнергія, агародніна, сокі, арэхі, спецыі, каменны вугаль, сыры каўчук і інш. Імпарт (перавышае экспарт у 2 разы): прамысл. і харч. тавары (машыны, абсталяванне, рыс, цукар), бензін, газа і інш.Асн.гандл. партнёр — Індыя (каля 90% знешнегандл. абароту). Адна з асн. крыніц паступлення замежнай валюты — даходы ад замежнага турызму і альпінізму, а таксама ад продажу паштовых марак. Пастаянную эканам. дапамогу Бутану аказвае Індыя. Грашовая адзінка — нгултрум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць у бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНА́ДА (Grenada),
дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд.ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).
Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.
Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс.ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.
Гісторыя. Найб.стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаўбрыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.
Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт.Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл.ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.
Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс.т штогод, 1/3сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст.стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),
горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц.Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.
Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал.эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаўгал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам. і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес.тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн.АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).
Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.Ствош, размалёўкі Я.Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.М.Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.Славацкага, 1889—93, арх. Я.Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.Міцкевічу (1898, скульпт. Т.Рыгер), Т.Касцюшку (1921, скульпт. Л.Марконі), Ю.Дзітлю (1937—39, скульпт. К.Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж.маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл.гл. таксама да арт.Гандлёвыя рады.
Літ.:
Савицкая В.И. Краков. М., 1975.
Т.Каліцкі, Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э.стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУ́ТА, Смутны час,
тэрмін рас. гістарыяграфіі для абазначэння падзей гасп., cau.-паліт. і дынастычнага крызісу ў Расіі канца 16 — пач. 17 ст., які быў узмоцнены замежным ваен.-паліт. умяшаннем. У сав. гістарыяграфіі ўжываліся тэрміны «Сял. вайна пач. 17 ст.», «Польская і швед. інтэрвенцыя пач. 17 ст.». Сучасныя рас. гісторыкі разглядаюць падзеі пач. 17 ст. як грамадз. вайну, у якую былі ўцягнуты ўсе сац. групы і пласты: у фазу адкрытай узбр. барацьбы перайшлі вострыя антаганізмы паміж феадаламі і сялянамі, якія супраціўляліся запрыгоньванню (гл.Запаветныя гады); паміж казацтвам і дваранствам, дваранствам цэнтра і ўскраін, якія змагаліся за ўладу і ўплыў у краіне. Рэч Паспалітая і Швецыя імкнуліся выкарыстаць унутрырас. крызіс для вяртання страчаных у папярэдніх войнах зямель. У 1598 памёр апошні прадстаўнік дынастыі маскоўскіх Рурыкавічаў цар (з 1584) Фёдар Іванавіч. Становішча выбранага Земскім саборам цара Барыса Гадунова [1598—1605] было складаным, бо яго падазравалі ў забойстве царэвіча Дзмітрыя Іванавіча. Неўраджай і масавы голад 1601—03 пагоршылі жыццёвыя ўмовы ўсіх пластоў грамадства, асабліва сялян, што прывяло да буйных хваляванняў пад заклікам звяржэння Гадунова і перадачы ўлады «законнаму цару Дзмітрыю Іванавічу», якому нібыта ўдалося выратавацца. У 1604 пад імем царэвіча Дзмітрыя Іванавіча з поўдня ў межы Расіі, пры падтрымцы Рэчы Паспалітай, уступіў самазванец Ілжэдзмітрый I, якога падтрымала ч. баярства і гараджан. Пасля раптоўнай смерці Барыса Гадунова (1605) і забойства яго сына Фёдара Лжэдзмітрый I заняў прастол. У 1606 ён забіты змоўшчыкамі на чале з кн.Васілём Іванавічам Шуйскім, які быў выбраны новым царом [1606—10]. Шуйскі задушыў Балотнікава паўстанне 1606—07, якое адбывалася пад заклікам перадачы ўлады «зноў выратаванаму» Дзмітрыю Іванавічу. Летам 1607 з’явіўся новы самазванец Ілжэдзмітрый II, падтрыманы атрадамі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай, а таксама данскімі казакамі на чале з І.М.Заруцкім. Летам 1608 ён асадзіў Маскву і авалодаў суседнімі землямі. На бок самазванца перайшла ч. баяр, дваран і духавенства. У лют. 1609 Шуйскі звярнуўся па дапамогу да Швецыі, якой прапанаваў узамен рас. землі з крэпасцямі Ям, Капор’е і Карэла. Кн. М.В.Скапін-Шуйскі ў 1609—10 пры падтрымцы швед. атрадаў нанёс паражэнні прыхільнікам Ілжэдзмітрыя II і зняў аблогу з Масквы. Саюз Расіі са Швецыяй, з якой Рэч Паспалітая была ў стане вайны, стаў зачэпкай для развязвання вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У гэтай вайне В.Шуйскі пацярпеў паражэнне і ў ліп. 1610 скінуты з трона баярскай групоўкай. Улада перайшла да т.зв. сямібаяршчыны, па ініцыятыве якой царом выбраны польскі каралевіч Уладзіслаў (гл.Уладзіслаў IV), Маскву заняў польска-літ.-бел. гарнізон. Летам 1610 адкрытую інтэрвенцыю пачала Швецыя, яе войскі ў 1611 занялі Карэлу і Ноўгарад, у 1612 — Ям, Капор’е, Арэшак, Ладагу, інш. гарады і крэпасці. Патрыят. рух пад заклікам выгнання іншаземцаў і выбрання «спрадвечнага» цара прывёў да фарміравання Першага апалчэння 1611, потым Народнага апалчэння 1612 пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое восенню 1612 вызваліла Маскву. У сак. 1613 земскі сабор выбраў царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, які паклаў пачатак дынастыі Раманавых. У 1613—14 на Доне і Ніжняй Волзе задушаны казацка-сял. рух Заруцкага, які прапаноўваў на рас. прастол малалетняга «царэвіча» Івана — сына М.Мнішак (дачка польскага магната, жонка Лжэдзмітрыя 1, а потым і Лжэдзмітрыя II). Паводле Сталбоўскага міру 1617 Швецыя пакінула за сабой Іжорскую зямлю і г. Карэла з паветам, Расія страціла выхад да Балт. мора. У 1617—18 адбіта спроба войск Рэчы Паспалітай захапіць Маскву. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 Расія ўступіла Рэчы Паспалітай б.ч. Смаленшчыны, Чарнігаўшчыну, Ноўгарад-Северскія і некат. інш. землі. Такім чынам, да пач. 1620-х г.рас. народ цаной вял. ахвяр у асн. пераадолеў С. і адстаяў сваю нац. дзяржаўнасць. Узмацнілася ідэя самадзяржаўя, пашырыліся настроі ізаляцыянізму, узрасло значэнне правасл. каштоўнасцей.
Літ.:
Абрамович Г.В. Князья Шуйские и Российский трон. Л., 1991;
Зимин А.А. Канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9—12. М., 1989;
Ключевский В.О. Соч.: В 9 т. Т. 3. Курс русской истории, ч. 3. М., 1988;
Костомаров Н.И. Смутное время Московского государства в начале XVII столетия, 1604—1613. М., 1994;
Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. 5 изд. М., 1995;
Яго ж. Смутное время СПб., 2001;
Скрынников Р.Г. Россия накануне «смутного времени». М., 1980;
Яго ж. Социально-политическая борьба в Русском государстве в начале XVII в. Л., 1985;
Яго ж. Смута в России в начале XVII в.: Иван Болотников. Л., 1988;
Яго ж. Самозваниы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990;
Смута в Московском государстве. М., 1989;
Соловьев С.М. Соч.: В 18 кн. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Л,
тэрыторыя паміж Усх.-Еўрапейскай і Зах.-Сібірскай раўнінамі, у Расіі. У складзе У. — Уральская горная сістэма, якая цягнецца ад Карскага м. на Пн да р. Урал на Пд больш як на 2 тыс.км, шыр. ад 40 да 150 км. Уздоўж усх. падножжа У. звычайна праводзяць мяжу паміж Еўропай і Азіяй. Складаецца з нізкагорных і сярэднягорных хрыбтоў, большасць якіх мае мерыдыянальны напрамак, часта парэзана шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Вылучаюць У. Палярны, Прыпалярны, Паўночны, Сярэдні і Паўднёвы.
Палярны У. мае моцна расчлянёны рэльеф з выш. 1000—1300 м (г. Паер, 1499 м). Найб. высокі Прыпалярны У. (г. Нарадная, 1895 м). На Палярным і Прыпалярным У. ёсць сляды плейстацэнавых горнадалінных зледзяненняў (кары, трогі, марэна), развіта сучаснае зледзяненне (больш за 140 невял. ледавікоў, пл. 25 км²), шматгадовая мерзлата. Паўночны У. мае сярэднія вышыні хрыбтоў (800—1000 м) з плоскімі вяршынямі; верхнія ч.найб. высокіх гор (г. Тэльпасіз, 1617 м) расчлянёныя. Сярэдні У. — самая нізкая ч. горнай сістэмы (300—500 м, г. Сярэдні Басег, 994 м (са згладжаным рэльефам). Паўднёвы У. — сярэднягорны раён (макс.выш. 1640 м, г. Ямантау) са шматлікімі хрыбтамі і глыбокімі міжгорнымі катлавінамі. Уздоўж зах. схілаў У. і ў Перадураллі пашыраны карст. Шмат пячор (Дзівава пячора, Капава пячора, Кунгурская пячора, Сумганская пячора), карставых варонак, правалаў, падземных рэчак. У. — эпіплатформавыя адроджаныя горы герцынскай складкавасці Урала-Мангольскага геасінклінальнага пояса (гл. таксама Урала-Мангольскі геасінклінальны пояс). Складзены з дакембрыйскіх крышт. (гнейсы, амфібаліты, кварцыты), палеазойскіх асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі, кангламераты) і разнастайных паводле ўзросту магматычных (граніты, дыябазы, габра, розныя эфузівы) парод.
У. багаты карыснымі выкапнямі: медныя, нікелевыя, хромавыя, жал. руды, каменны і буры вугаль, нафта, газ, калійная і каменная солі, азбест, золата, плаціна, каштоўныя і вырабныя камяні. Сярэдняя т-растудз. ад -22 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. адпаведна 9 °C і 20 °C. Ападкаў на зах. схілах 600—800 мм (на Прыпалярным У. да 1000 мм), на ўсх. 300—500 мм за год. Рэкі бас.Паўн. Ледавітага ак. (Пячора, прытокі р. Об — Табол, Ісець, Тура, Сосьва) і Каспійскага м. (Кама з Чусавой і Белай; р. Урал). Шмат азёр, пераважна на ўсх. схілах (Таватуй, Увільды, Аргазі і інш.). Большая ч. У. пад лясамі на горна-падзолістых і шэрых лясных глебах (верхняя мяжа лесу ад 300 м на Пн да 1200 м на Пд). Зах. схілы ўкрыты цемнахвойнымі (елка, піхта, кедр), усходнія — хваёвымі, месцамі лістоўнічнымі і бярозавымі лясамі. У перадгор’ях Паўд. У. лесастэп з астраўнымі шыракалістымі лясамі (на З) і бярозавымі гаямі (на У) на чарназёмных і шэрых лясных глебах. На крайнім ПдУ кавыльнаразнатраўныя стэпы на чарназёмах і каштанавых глебах. На Палярным, Прыпалярным, часткова Паўн. і на вяршынях Паўд. У. мохава-лішайнікавая тундра і каменныя россыпы. Жывёльны свет: у тундры — паўн. алень, пясец, лемінгі, белая і тундравая курапаткі; у лясной — лось, буры мядзведзь, расамаха, лясная куніца; у стэпах — суслікі, хамякі, тушканчыкі і інш. У межах У. — Пячора-Ілыцкі запаведнік, Ільменскі, Башкірскі, Вісімскі запаведнікі. Пра гаспадарку і насельніцтва У. гл. ў арт.Арэнбургская вобласць, Башкортастан, Курганская вобласць, Пермская вобласць, Свярдлоўская вобласць, Удмурція, Чэлябінская вобласць.
Тэр. У. заселена чалавекам у палеаліце. У пісьмовых крыніцах продкі башкіраў, удмуртаў, комі, хантаў, мансі, інш. народаў У. і Перадуралля згадваюцца з 9—12 ст. У 14 ст. Югорская і Пермская землі далучаны да Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Да 16 ст. яны, а таксама Верхняе Прыкам’е і частка удм. зямель адышлі да Рус. дзяржавы. У сярэдзіне 16 ст. да Расіі далучаны б.ч. Башкірыі і астатняе Прыкам’е. У 17 ст. рускія засялілі Перадуралле, Паўд. і Сярэдні У. З 1630-х г. на У. пачалі ўзнікаць першыя металургічныя прадпрыемствы. Іх інтэнсіўнае буд-ва ў 18 ст., калі былі засн. гарады Екацярынбург, Чэлябінск, Ніжні Тагіл і інш., паступова ператварыла У. у гал. металургічную базу Расіі. Рус. заводскія рабочыя і карэнныя народы У. ўдзельнічалі ў сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. У канцы 19 ст. У. саступіў сваё значэнне гал. металургічнай базы Поўдню Рас. імперыі (цяпер тэр.паўд. Украіны і Данбаса). Рабочыя У. ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07. У канцы 1917 — пач. 1918 на У. ўстаноўлена Сав. ўлада. У маі 1918 ч. У. ахоплена чэхаславацкага корпуса мяцяжом 1918, у ліст. 1918 устаноўлена ўлада адм. А.В.Калчака. Сав. ўлада адноўлена да восені 1919. У выніку індустрыялізацыі У. стаўнайб. прамыслова развітым раёнам РСФСР. Народы У. атрымалі розныя формы нац.-дзярж. і нац.-адм. аўтаноміі. У Вял.Айч. вайну У. быў асн. пастаўшчыком зброі для фронту, сюды былі эвакуіраваны многія прамысл. прадпрыемствы зах. абласцей СССР, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ЯДЗЕРНЫХ РЭАКТАРАЎ
Даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў пачаліся ў 1960, калі ў Ін-це энергетыкі АН Беларусі было створана Аддзяленне атамнай энергетыкі (узначаліў А.К.Красін). Тэарэт. работы выконваліся ў лабараторыях атамнай энергетыкі (Красін) і фіз. разлікаў (В.А.Навумаў), эксперым. — на доследным рэактары ІРТ-1000 (здадзены ў эксплуатацыю ў 1962). У 1965 створаны Ін-тядз. энергетыкі АН Беларусі (ІЯЭ), дзе былі сканцэнтраваны работы па фізіцы ядз. рэактараў. У ім вяліся доследныя работы па стварэнні новых тыпаў ядз. рэактараў: уран-гідрыдцырконіевага для перасоўнай АЭС «Памір-630 Д», хуткіх газаахаладжальных (N2O4) тыпу БРІГ і БРГ, спецыялізаваных ядз.-хім. рэактараў.
Першы рэактар фіз. магутнасці (крытычны стэнд) «Ружа» створаны ў 1965. На ім праведзены даследаванні аднародных уран-водных сістэм з палівам 10%, 36% і 75% абагачэння па 235U у шырокім дыяпазоне змяненняў адносін канцэнтрацыі ядзер вадароду і урану-235 (В.А.Лявадны, Ю.І.Чуркін, А.І.Ярашэвіч). Для эксперым. абгрунтавання фізікі рэактара «Памір» на ўсіх стадыях яго праектавання былі створаны рэактары фіз. магутнасці «Эдэльвейс», «Крышталь», на якіх выкананы комплекс даследаванняў «халодных» і «гарачых» UO2—ZrHn — крытычных сістэм з палівам 21%, 36% і 45% абагачэння па 235U (І.А.Едчык, А.П.Малыхін, У.У.Сапожнікаў, С.М.Сікорын, А.І.Ярашэвіч). Распрацаваны ці ўдасканалены розныя метады вымярэнняў асн. нейтронна-фіз. параметраў рэактарных сістэм: метад цвёрдых трэкавых дэтэктараў ядзер (І.У.Жук, Малыхін), метады аналізу шумоў рэактара (Лявадны, Сапожнікаў), метады неразбуральнага кантролю наяўнасці нейтронна-паглынальных і падзельных матэрыялаў у асн. элементах актыўных зон (Сапожнікаў, Сікорын). Створаны вымяральныя ўстаноўкі для спектраметрыі гама-выпрамянення, размеркавання шчыльнасці дзяленняў у актыўных зонах рэактараў і параметраў кінетыкі рэактараў.
У 1970—80-я г. ў ІЯЭ створаны розныя мадыфікацыі рэактараў фіз. магутнасці БТС-1 — БТС-5 з хуткацеплавымі крытычнымі зборкамі для даследаванняў па фізіцы энергет. хуткіх рэактараў, што ахалоджваюцца дысацыіруючым газам і паравадзяной сумессю (М.М.Груша, І.Р.Серафімовіч, Чуркін, Ярашэвіч) і крытычны стэнд «Астра» для даследаванняў віхравых рэактараў з мікрацвэламі (Лявадны, С.У.Макін). Распрацаваны метады рашэння кінетычнага ўраўнення пераносу нейтронаў і ўліку тэрмалізацыі нейтронаў у Pn-набліжэнні канечна-рознасным метадам (А.П.Сямашка, Ю.К.Шчокін), удасканалены метады альбеда (В.П.Слізоў), імавернасці першых сутыкненняў (А.І.Додзь), Монтэ-Карла (С.Р.Розін). Праведзены тэарэт. даследаванні па ацэнцы сячэнняў узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі падзельных, сыравінных і канстр. матэрыялаў ва ўсім дыяпазоне энергій нейтронаў рэактарнага спектра (В.А.Коньшын, У.М.Маслаў, Ю.У.Парадзінскі, Я.Ш.Сухавіцкі), створаны новыя матэм. мадэлі і праграмы разліку ядз.-фіз. канстантаў. Для дыфузійнага разліку цеплавых ядз. рэактараў з улікам выгарання паліва і ўтварэння прадуктаў дзялення распрацаваны інжынерны разліковы комплекс «Гера» (В.А.Навумаў), які пераўтвораны ў комплекс «Кратэр» (Я.М.Дунец, Б.А.Літвіненка, В.А.Навумаў, І.Я.Рубін). Для апісання гетэрагенных эфектаў у ячэйках ядз. рэактараў ва ўсёй вобласці энергіі нейтронаў створана 95-групавая дыфузійная праграма «Рытм» (Навумаў, Рубін). Праведзены разліковыя даследаванні фізікі ядз.-хім. рэактараў і шматмэтавых рэактараў для адначасовай выпрацоўкі электраэнергіі, цяпла і радыяцыйна-хім. прадукцыі (Красін, Літвіненка, І.А.Савушкін).
У ІЯЭ была створана база для разліковых і эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў розных тыпаў, ін-тстаў адным з буйнейшых цэнтраў па гэтай галіне ў СССР. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 і наступнага распаду СССР даследаванні па фізіцы ядз. рэактараў на Беларусі былі істотна згорнуты. Спынены ўсе эксперым. даследаванні на рэактарах фіз. магутнасці, з якіх выгружаны падзельныя матэрыялы; менш інтэнсіўна вяліся работы па стварэнні новых метадаў фіз. разліку ядз. рэактараў. У наш час, дзякуючы міжнар. грантам, у Аб’яднаным ін-це энергет. і ядз. даследаванняў «Сосны» паводле праграмы эксперым. даследаванняў па трансмутацыі доўгажывучых прадуктаў дзялення і малодшых актынідаў вядуцца тэарэт. работы па ўдасканаленні ядз.-фіз. канстантаў у пашыраным дыяпазоне энергій нейтронаў (да 200 МэВ) і разлікова-эксперым. работы па фізіцы падкрытычных сістэм, што кіруюцца паскаральнікамі часціц высокіх энергій. Створана і даследуецца з 1999 цеплавая падкрытычная зборка «Яліна»; ствараецца бустэрная (каскадная), якія кіруюцца генератарам нейтронаў (В.В.Бурнос, А.І.Кіявіцкая, І.Р.Серафімовіч, Ю.Г.Фокаў, С.Я.Чыгрынаў), што дазволіць праводзіць эксперым. даследаванні ў шырокім дыяпазоне спектра нейтронаў. З 1998 пачаты работы па рэканструкцыі аднаго з рэактараў фіз. магутнасці (С.І.Гульнік, С.Г.Мандзік, Сікорын), па завяршэнні якіх значна пашырыцца аб’ём эксперым. даследаванняў па фізіцы ядз. рэактараў.
Літ.:
Определение критических загрузок однородных систем UO2 — ZrH1,89 и UO2 — H2O с топливом 21 % и 36% обогащения по 235U // Вопр. атомной науки и техники. Сер. Физика ядерных реакторов. 1991. Вып. 1;
Экспериментальные исследования по физике передвижной АЭС «Памир» // Проблемы использования атомной энергии: Сб. докл. науч. семинара, посвящ. 85-летию акад. А.К.Красина. Мн., 1996;
Расчетные возможности программного комплекса КРАТЕР для определения нейтронно-физических характеристик тепловых ядерных реакций // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1996. №1.
А.І.Ярашэвіч.
Рэактар фізічнай магутнасці «Крышталь» — поўнамаштабная мадэль рэактара перасоўнай АЭС «Памір-630Д».