навукова арганізаваны, планамерны збор звестак пра падзеі і працэсы сац.-эканам. жыцця грамадства. Адрозніваюць С.н. суцэльнае і выбарачнае. Суцэльнае — назіранне, пры якім абследуюцца ўсе без выключэння аб’екты назірання (перапіс насельніцтва, суб’ектаў гаспадарання, стат. аналіз бягучай справаздачнасці і інш.). Адной з яго форм з’яўляецца аднаразовы ўлік. Напр., стат. органы праз 2—3 гады робяць улік колькасці рабочых па прафесіях, разрадах, узросце і інш., спецыялістаў — па адукацыі і г.д.Выбарачнае — назіранне, пры якім робіцца абследаванне толькі часткі аб’ектаў назірання пры ўмове, што гэта частка адбіраецца аб’ектыўна, незалежна ад волі даследчыка і мае такую колькасць, каб у ёй змаглі выявіцца заканамернасці аб’екта назірання. Гл. таксама Назіранне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАБАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
дэманстрацыйныя ці кантрольна-вымяральныя прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на страбаскапічным эфекце. Прызначаны для назірання хуткіх вярчальных або вагальных рухаў цела. Даюць магчымасць вымяраць скорасць аб’екта безмех. кантакту з ім.
Бываюць оптыка-мех., эл.-аптычныя, электронныя і інш. У оптыка-мех. С.п. (стробатахометраў) перыяд. перарыванне святла ажыццяўляецца абтуратарам, у эл.-аптычных — аптычнымі затворамі, прынцып дзеяння якіх заснаваны. напр., на Кера эфекце, у электронных — імпульснымі крыніцамі святла, якімі кіруюць з дапамогай спец. генератараў. Пры даследаваннях перыяд. электронных працэсаў карыстаюцца асцылаграфічнымі С.п., стробарэзананснымі гальванометрамі і інш. Існуюць С.п., якія працуюць у інш. дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення. Напр., для назірання за работай клапанаў сэрца карыстаюцца рэнтгена-імпульснымі С.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЭ́ПЕТАВА Паліна (Пелагея) Анціпаўна (4.10.1850, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 17.10.1903),
руская актрыса. Жонка М.І.Пісарава. Выступала ў правінцыі ў камедыях, вадэвілях, драмах, аперэтах. З 2-й пал. 1870-х г. актрыса Агульнадаступнага т-ра ў Маскве, у 1881—90, 1899—1900 — Александрынскага т-ра ў Пецярбургу. Валодала выдатным трагедыйным дараваннем і тэмпераментам. Сярод лепшых роляў: Лізавета («Горкая доля» А.Пісемскага), Кацярына, Мар’яна Андрэеўна, Кручыніна («Навальніца», «Бедная нявеста», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Сцепаніда («Каля грошай» В.Крылова паводле рамана А.Пацехіна), Сара («Іванаў» А.Чэхава), Мар’іца («Кашырская даўніна» Дз.Аверкіева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБ’Е́КТ ПРА́ВА,
фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае паводле закону здольнасцю мець і ажыццяўляць непасрэдна або праз прадстаўніка правы і юрыд. абавязацельствы. Неабходны элемент праваадносін ва ўсіх галінах права, але ў кожнай з іх яго суб’ект мае пэўную спецыфіку. Напр., у грамадзянскіх праваадносінах грамадзяне, чужаземцы і асобы без грамадзянства выступаюць як фіз. асобы; камерцыйныя і некамерцыйныя арг-цыі — як юрыд. асобы; трэці від суб’ектаў грамадзянскіх праваадносін складаюць дзяржава і дзярж. ўтварэнні. У адм. праваадносінах С.п. выступаюць у асноўным дзярж. органы, службовыя асобы, грамадзяне і толькі ў некат. выпадках — арг-цыі. Прызнаючы якую-н. асобу С.п., закон вызначае яго прававы статус, які характарызуе яго становішча адносна дзяржавы, дзярж. органаў, інш. асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́МАЎКА,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, за 8 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 1,63 км², даўж. 2,4 км, найб.шыр. 680 м, найб.глыб. 29,9 м, даўж. берагавой лініі 6 км, пл. вадазбору 14,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў — глыбакаводнага зах. Гоўцы і ўсх. Сумаўка (глыб. 15,8 м). Схілы выш. 1—5 м, на Пд і ПдЗ разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пад хмызняком, месцамі забалочаныя, на Пн і З участкамі да 0,8 м, на У зліваюцца са схіламі. Прыбярэжная зона пясчаная, глыбей дно ілістае. Шыр. паласы расліннасці да 15 м. Упадае ручай з возера без назвы, выцякае ручай у воз. Сярэднік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г.Сураж Віцебскага пав. (цяпер гар. пасёлак у Віцебскім р-не). Пабудаваны з дрэва ў сутоках рэк Каспля і Зах. Дзвіна ў 1563 паводле загаду вял.кн.ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста. У ходзе ваен. падзей 17—18 ст. замак зведаў неаднаразовыя разбурэнні; у 1616 і 1633 спалены рас. войскамі, але праз некат. час зноў адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.з. здадзены 2.9.1656 царскаму войску. На «Чертеже» (1701), зробленым стольнікам Пятра I М.Цызыровым, зафіксаваны абарончыя сцены С.з. без вежаў і 2 масты цераз роў; замак паказаны ў плане як круглы. Пасля 1772 С.з. перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОК ЗРУШЭ́ННЯ,
фізічная велічыня, што характарызуе магн. дзеянне пераменнага электрычнага поля. Уведзены Дж.К.Максвелам у яго тэорыі эл.-магн. поля: пераменнае эл. поле стварае адпаведнае магнітнае поле па такіх жа законах, што і ток праводнасці. Шчыльнасць Т.з.
, дзе D — вектар электрычнага зрушэння (гл.Максвела ўраўненні).
Поўны Т.з. складаецца з вакуумнага Т.з., абумоўленага скорасцю змены напружанасці электрычнага поля ў вакууме (без руху эл. зарадаў; не суправаджаецца выдзяленнем джоўлевай цеплаты), і палярызацыйнага Т.з. ў дыэлектрыках, абумоўленага зрушэннем звязаных эл. зарадаў у рэчыве (суправаджаецца выдзяленнем джоўлевай цеплаты; гл.Дыэлектрычныя страты). Т.з. забяспечвае замкнёнасць ланцугоў любых непастаянных токаў, напр., пры зарадцы (разрадцы) кандэнсатара паміж яго абкладкамі ўзнікае Т.з., што замыкае эл. ланцуг.
руская пісьменніца. Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1967). Друкуецца з 1964. Першая кніга — «Пра тое, чаго не было» (1969). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Калі стала трошкі цяплей» (1972), «Лятаючыя арэлі» (1978), «Карыда» (1993), «Дзень без хлусні» (1994) і інш. канфлікт асобы з абывацельскім цвярозым сэнсам, пошукі ідэалу, тэма кахання. Прозе Т. уласцівы тонкі псіхалагізм, шчырасць, адкрытасць фіналу, гумар, іронія. Аўтар п’ес, сцэнарыяў фільмаў «Урок літаратуры» (1968), «Джэнтльмены ўдачы» (1972; разам з Г.Данелія), «Міміно» (1978; разам з Р.Габрыядзе і Данелія), «Ішоў сабака па раялі» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РКАЎКІ,
некалькі родаў птушак сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ўсюды, акрамя паўн.ч. Галарктыкі і ПдПаўд. Амерыкі. Пералётныя і аселыя. Жывуць у разнастайных ландшафтах, у мяшаных лясах, нярэдка ў садах і парках. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 2 віды з роду стрэптапелія (Streptopelia): Т. звычайная (S. turtur) і Т. кольчатая (S. decaocto).
Даўж. да 37 см, маса да 160 г. Апярэнне пераважна бурае, у адрозненне ад галубоў безметал. бляску. На шыі цёмныя плямы ці кольца з цёмных пёраў. Хвост доўгі. Расліннаедныя, кормяцца пераважна насеннем, зернем. Адкладваюць 2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЧЭ́БНАЯ ТА́ЙНА,
сукупнасць звестак аб хваробе, вядомых мед. і фармацэўтычным работнікам пры выкананні імі службовых абавязкаў і не падлеглых выдаванню. Захаванне У.т. дыктуецца беражлівымі адносінамі да гонару і годнасці чалавека. Звязана з урачэбнай этыкай. Уключае інфармацыю аб факце звароту грамадзяніна па мед. дапамогу, стане яго здароўя, дыягназе захворвання, выніках даследавання і лячэння; звесткі асабістага характару, атрыманыя пры абследаванні і лячэнні, а ў выпадку смерці — аб выніках патолагаанат. ўскрыцця. У.т. ахоўваецца Законам Беларусі «Аб ахове здароўя» (11.2.2002). Аднак без згоды пацыента звесткі аб хваробе паведамляюцца дзярж. органам пры пагрозе распаўсюджвання інфекц. захворванняў, атручэнняў; па запыце органаў дазнання, пракуратуры, суда; у выпадку аказання мед. дапамогі непаўналетняму і інш.