адна зрэвалюцый 1848—49 у Еўропе. Спалучала мэты скасавання феад.-абсалютысцкага ладу з барацьбой супраць прыгнёту Аўстрыі і за аб’яднанне краіны. Пачалася з паўстання 12.1.1848 на Сіцыліі. Пад уплывам рэвалюцыі 1848 у Францыі ў лют.-сак. 1848 у Сіцылій абедзвюх каралеўстве, Вял. герцагстве Таскана і Папскай вобласці былі абвешчаны канстытуцыі і створаны канстытуцыйныя ўрады. 17 сак. пачалося антыаўстр. паўстанне ў Венецыі, дзе 22 сак. абвешчана незалежная рэспубліка. Адначасова ў герцагствах Парма і Модэна скінуты прааўстр. правіцелі. Кароль П’емонта Карл Альберт абвясціў ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут). На хвалі нац. ўздыму ён абвясціў 24 сак. вайну Аўстрыі з мэтай вызвалення італьян. зямель Ламбардыі і Венецыі, якія знаходзіліся пад яе ўладай. Але пасля паражэння 22 ліп. войск П’емонта пры Кустоцы Карл Альберт быў вымушаны падпісаць перамір’е, якое вяртала Ламбардыю і Венецыю пад уладу Аўстрыі. Восенню пачаўся новы ўздым рэвалюцыі, гал. цэнтрамі якой сталі Таскана, Венецыя і Папская вобласць. У выніку паўстання 16.11.1848 у Рыме да ўлады прыйшоў свецкі ўрад. 8.2.1849 абвешчана Рымская Рэспубліка 1849, якую ўзначалілі Дж.Мадзіні, Дж.Гарыбальдзі і інш. рэвалюцыянеры; праведзены шэраг прагрэс. рэформ: нацыяналізацыя царк. зямель, увядзенне прагрэс. падатку, скасаванне саляной і тытунёвай манаполій і інш. Новы ўздым рэвалюцыі падштурхнуў урад П’емонта аднавіць 20 сак.ваен. дзеянні супраць Аўстрыі. Але ўжо 23 сак. п’емонцкія войскі былі разбіты пры Навары, што прымусіла Карла Альберта спыніць барацьбу і адрачыся ад прастола на карысць свайго сына Віктара Эмануіла. Пасля перамогі над П’емонтам Аўстрыя разгарнула дзеянні супраць рэв. урадаў Сярэдняй і Паўд. Італіі. У крас. 1849 аўстр. войскі аднавілі на прастоле Тасканы свайго стаўленіка Леапольда П, да мая — уладу неапалітанскіх Бурбонаў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій. 3.7.1849 аб’яднаныя войскі Францыі, Аўстрыі і Іспаніі ліквідавалі Рымскую Рэспубліку, абаронай якой кіраваў Гарыбальдзі. 22.8.1849 пала Венецыянская Рэспубліка. Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыя моцна пахіснула феад.-абсалютысцкія рэжымы Італіі. Захаваўся ліберальны рэжым у П’емонце, які стаў у 1860—70-я г. ядром аб’яднання краіны.
Літ.:
Канделоро Дж. История современной Италии: Пер. с итал. Т. 3. М., 1962;
Берти Дж. Демократы и социалисты в период Рисорджименто: Пер. с итал. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,
1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пнз акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — зЗах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася зЗ на У больш як на 350 км, зПн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню забс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца зЗ на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. Зпач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),
дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс.чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.
Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 ммза год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).
Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).
Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн.дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш.Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне кіслароду ў арганізм, выкарыстанне яго ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, выдаленне з арганізма вуглякіслага газу і некат. інш. канчатковых прадуктаў абмену рэчываў; адна засн. жыццёвых функцый. Аснова Д. — спажыванне кіслароду жывымі клеткамі, якое суправаджаецца рэакцыямі дэгідрагенізацыі з пераносам вадароду ад арган. рэчываў (субстратаў) на кісларод з утварэннем вады (гэтыя рэакцыі ідуць у спец. структурах клеткі — мітахондрыях). Д. ажыццяўляецца пераважна за кошт акіслення вугляводаў. Мае 2 этапы: пачатковы (анаэробны), які адбываецца па тыпу гліколізу (цукры ў анаэробных умовах распадаюцца да піравінаграднай кіслаты) і канчатковы (аэробны), пры якім піравінаградная кіслата акісляецца да вуглякіслага газу і вады (цыкл Крэбса). Д. жывых арганізмаў узнікла на Зямлі, калі ў яе атмасферы з’явіўся кісларод.
У аднаклетачных і некат. шматклетачных жывёл абмен газаў паміж клеткамі і асяроддзем ажыццяўляецца шляхам дыфузіі праз паверхню цела. Больш высокаарганізаваныя жывёлы і чалавек маюць спец. органы дыхання і сістэму кровазвароту, у якой цыркулююць кроў і гемалімфа, здольныя звязваць кісларод і вуглякіслы газ (гл.Гемаглабін). Адрозніваюць Д. вонкавае, якое забяспечвае абмен газаў паміж лёгкімі і вонкавым асяроддзем, перанос газаў крывёю (гл.Газаабмен), і тканкавае. У насякомых кісларод паступае ў тканкі з сістэмы паветраносных трубачак — трахей. У многіх водных жывёл вонкавае Д. ажыццяўляецца паверхняй цела і шчэлепамі, якія маюць вял. сетку крывяносных сасудаў. Раствораны ў вадзе кісларод дыфундзіруе ў кроў, якая цыркулюе ў сасудах шчэлепаў. У многіх рыб значную ролю адыгрывае кішэчнае Д., калі заглытваецца паветра і кісларод паступае ў кроў праз крывяносныя сасуды кішэчніка. У сухапутных жывёл вонкавае Д. забяспечваецца пераважна лёгкімі. У амфібій і інш. жывёл разам з лёгкімі функцыянуе скурнае Д. У птушак ёсць паветраныя мяшкі, якія злучаюцца з лёгкімі і мяняюць аб’ём пры лятальных рухах (палягчае Д. ў палёце). Вонкавае Д. забяспечваецца дыхальнымі рухамі (удыхам, выдыхам), колькасць якіх у стане спакою ў чалавека 16—20. Пры адным спакойным удыху чалавека ў лёгкія паступае каля 350 см паветра (гл.Жыццёвая ёмістасць лёгкіх), мінутная лёгачная вентыляцыя ў стане спакою складае 4—8 л. Прычына абмену паветра ў альвеолах лёгкіх — рознасць парцыяльнага ціску. Рэгуляцыя Д. ў чалавека і пазваночных жывёл адбываецца дыхальным цэнтрам. Аснова тканкавага Д. — акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Пры іх вызваляецца энергія, якая ідзе на аднаўленне жывога рэчыва, рост і развіццё тканак, скарачэнне мышцаў, сакрэцыю залоз і інш. (гл.Акісленне біялагічнае). Пры парушэннях Д. і механізмаў яго рэгуляцыі ўзнікаюць змяненні газавага саставу крыві. Пры парушэннях або адсутнасці Д. робяць дыханне штучнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 12.2.1935. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Кіраўск. 126 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Баравіцкі, Грыбавецкі, Дабаснянскі, Казуліцкі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 21 нас. пункт знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю.
Размешчаны у паўд.ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слаба парэзаная далінамі. Пераважаюць выш. 160—170 м, найвыш пункт 196,4 м (на ПнЗ ад в. Казулічы). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 594 ммза год. Вегетац. перыяд 192 сут. На У працякае р. Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца, на З — р. Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, р. Добасна (прыток р. Дняпро). Невял. азёры, буйнейшыя — Бярозавае і Жывін. Створана 15 вадасховішчаў, найб. Чыгірынскае (на р. Друць). Глебы дзярнова-падзолістыя (50,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6%), тарфяна-балотныя (10,7%). Лясы займаюць 40% тэрыторыі, з іх 9,9% — штучныя насаджэнні; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя, найб. масівы суцэльнага лесу на Пн. Пад балотамі 1,6% тэр. раёна, найб. Ганчанскае, Вялікае, Заліцвінскі Мох. Зоны адпачынку Чыгірынка, Бераснёўка. Заказнікі геал. (тарфяныя) мясц. значэння Белыя Рэчкі, Любін Бор. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння — участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі (хвоя Веймутава, лістоўніца сібірская) у Чыгірынскім лясніцтве, парк «Жылічы» ў в. Жылічы; мясцовага — алея дубова-ліпавая ў в. Зялёная Рошча, дуброва ў Бабруйскім ваен. лясгасе.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 65,5 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, 2 саўгасы, 37 фермерскіх гаспадарак, с.-г. прадпрыемствы «Ніва» і «Чырвоны баец», Жыліцкі с.-г. тэхнікум. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, садоўніцтва. Пашыраны пасевы бульбы, збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (малочныя і мясныя вырабы, кансервы, крухмал і інш.), лёгкай, ільноапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і лясной прам-сці. Працуе Чыгірынская ГЭС. Праходзяць аўтадарогі Магілёў—Бабруйск, Мінск—Гомель. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, пачатковая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., 3 маст. школы, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 15 дамоў культуры, 12 клубаў, кінатэатр, 27 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 амбулаторыі, 21 фельч.-ак. пункт, санаторый, дом паляўнічага, турбаза. Жыліцкі комплекс-музей на базе палацава-паркавага ансамбля. Помнік архітэктуры — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (18—19 ст.). Выдаецца газ. «Кіравец».
орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікіз-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць «супрацоўніцтва» с.-д. кіраўніцтва Рады БНРз польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чал.) абвясціла сябе Н.р. БНР, меншая (37 чал.) — Найвышэйшай радай Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшынёй Н.р. БНР абраны П.А.Крачэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — П.Бадунова (БПС-Р) і В.І.Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Н.Козіч і Я Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Н. р.БНР, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду Міністраў узначаліў В.Ю.Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады. Польскія акупац. ўлады не прызналі Н.р. БНР, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студз. 1920 патаемна выехалі з Мінска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У маі 1920 Бадунова, Т.Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка. 4.7.1920 пачалося паспяховае наступленне Чырв. Арміі на сав.-польскім фронце. Паводле дагавора паміж Літвой і РСФСР ад 12.7.1920 Літ. Рэспубліцы былі перададзены Вільня і Віленскі край. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Н.р. БНР. Захарка, які ўзначальваў дэлегацыю ўрада Ластоўскага на перагаворах у Маскве, уручыў ноту пратэсту наркому замежных спраў РСФСР Г.В.Чычэрыну. Гэты пратэст быў адвергнуты. Стала зразумела, што Сав. Расія не прызнае БНР. Бел. эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае бел. войска і кааліцыйны сацыяліст. ўрад. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што бел. дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12.10.1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастр. адбылася нац.-паліт. нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і бел. сацыял-дэмакратаў. Чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду адзінай паліт. структурай БНР. З гэтага часу Н.р. БНР зноў стала называцца Радай БНР.
Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998. Анатоль Сідарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ПАСТАНО́Ў УРА́ДА РЭСПУБЛІ́КІ БЕЛАРУ́СЬ»,
гл. ў арт.«Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў урада Рэспублікі Беларусь».
«ЗБОР ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ»,
шматтомнае даведачнае выданне. Выдадзены ў 1984—88 у Мінску на бел. мове ў 7 т. (8 кнігах) як частка ўсесаюзнага шматтомнага выдання «Свод памятников истории и культуры народов СССР». Падрыхтаваны сектарам Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Аддзелам археалогіі Ін-та гісторыі АН Беларусі і выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Уключае артыкулы (больш за 14 тыс.) пра нерухомыя помнікі (гісторыі, археалогіі, архітэктуры, манум. і манум.-дэкар. мастацтва), якія ўцалелі з часоў старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., найб. характэрныя для 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., даваеннага сав. перыяду (1917—41), найлепшыя арх. збудаванні пасляваен. часу (1950—80-я г.) і знаходзяцца ці павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Кожны з тамоў прысвечаны пэўнай вобласці, том, прысвечаны Мінскай вобласці, у дзвюх кнігах, асобны том складаюць помнікі горада Мінска. Матэрыялы ў тамах размешчаны па раёнах (у алфавітным парадку іх назваў); кожны том мае імянны, геагр. і храналагічны паказальнікі. Як самаст. тэрытарыяльная адзінка вылучаецца абл. цэнтр, звесткі пра які змешчаны ў пачатку тома. Унутры раёна першымі размяшчаюцца матэрыялы пра адм. цэнтр, а потым пра помнікі інш. населеных пунктаў (у алфавітным парадку). Артыкулы пра помнікі аднаго населенага пункта падаюцца ў алфавітным парадку іх назваў. Усяго ў выданні 457,6 улікова-выдавецкіх аркушаў, 131 карта, 6817 ілюстрацый, з іх 1420 каляровых. Дзярж. прэмія БССР 1990. У 1990 на рус. мове выдадзены дапоўнены і дапрацаваны том «Збору...» па Брэсцкай вобл.
С.П.Самуэль.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў: ВІ́ЛЬНІ, КО́ЎНА, ТРОК»
(«Собрание древних грамот и актов городов: Вильны, Ковна, Трок...»),
зборнік дакументаў 14—18 ст., выдадзены ў Вільні ў 1843. Складаецца з 2 частак, у 1-й змешчаны прывілеі Вільні, у 2-й — акты, што тычацца манастыроў, цэркваў і брацтваў. Матэрыялы адабраны з архіваў Гал. літоўскага трыбунала, цэркваў і манастыроў Вільні і Трок, скарыстаны архівы Віленскай і Ковенскай дум, Трокскай ратушы, павятовых судоў Браслаўскага і Расіенскага пав. У прадмове да зборніка сфармуляваны погляды на развіццё дачыненняў усх.слав. народаў з літоўцамі.
«ЗБОР СТАРАЖЫ́ТНЫХ ГРА́МАТ І А́КТАЎ ГАРАДО́Ў МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ»
(«Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии...»),
зборнік дакументаў пач. 16 ст. — 1748, выдадзены ў 1848 у Мінску. Змяшчае дакументы пераважна з архіваў мінскіх манастыроў, а таксама з Бабруйска, Навагрудка, Пінска, Рэчыцы і Слуцка. Матэрыялы асвятляюць у асн. гісторыю правасл. царквы, некаторыя з іх і сац.-эканам. пытанні. Дакументы надрукаваны па арыгіналах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам зЕўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца зПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 ммза год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 ммза год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.