ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТЫШ (Мікалай Іванавіч) (23.4.1941, в. Крупа Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1990), праф. (1993). Скончыў БДУ (1968). З 1979 у Бел. філіяле Усесаюзнага НДІ прафтэхадукацыі. З 1990 у Нац. ін-це адукацыі (з 1992 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах гісторыі, філасофіі і сацыялогіі адукацыі і яе ўзаемасувязі з культурай, навукай, эканомікай і духоўным развіццём грамадства; метадалогіі адукацыйных сістэм і працэсаў.
Тв.:
Труд и профессиональная подготовка молодежи. Мн., 1987;
Образование на рубеже веков. Мн., 1994;
Развитие профессионального образования в ФРГ: Уроки для Беларуси. Мн., 1997 (разам з У.І.Андрэевым);
На шляху да «адукацыйнага грамадства». Мн., 1997;
Уводзіны ў філасофію адукацыі. Мн., 1998 (разам з Т.М.Буйко, У.Р.Бондаравым).
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл. Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г. Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл. Лацінскія войны).
т. 9, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймс-парк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
т. 9, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,
дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.
А.І.Варанько.
т. 9, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн. прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
т. 9, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАБО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Партугаліі. Засн. ў 1288 у Лісабоне. У 1308—1537 яго некалькі разоў пераводзілі ў г. Каімбра; з 1537 ун-т Каімбры. У 1911 адноўлены ў Лісабоне. У 1997 больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: мастацтва, прыгожага мастацтва, лінгвістыкі, стараж. і сучасных моў, л-ры, гіст., геагр., філасофіі, права (у т. л. еўрапейскае права, юрыд. і паліт. навукі), мед., стаматалагічны, фармакалогіі, фіз., хім., геал., біял., камп’ютэрных навук, псіхалогіі і адукацыі. Пры ун-це працуюць ін-ты, у т. л. Ін-т сац. навук, партугальскай мовы і культуры (для замежных студэнтаў); агульная б-ка (100 тыс. тамоў) і спецыялізаваныя пры ф-тах; музеі прыродазнаўства, гісторыі, мінералогіі, навукі. Выдае навук. часопісы.
В.М.Навумчык.
т. 9, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУР’Е́ (Саламон Якаўлевіч) (8.1.1891, г. Магілёў — 30.10.1964),
гісторык антычнасці, філолаг. Д-р гіст. (1934) і філал. (1943) навук. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911). Праф. Петраградскага (1918), Самарскага (1919—20), Ленінградскага (у 1949 абвінавачаны ў «касмапалітызме» і звольнены), Львоўскага (1953—64, заг. кафедры класічнай філалогіі) ун-таў. Даследаваў стараж.-грэч. гісторыю, л-ру, эпіграфіку, фальклор, філасофію, гісторыю матэматыкі. Зрабіў каменціраваныя пераклады твораў Ксенафонта (1935), Плутарха (1940), Дэмакрыта (выдадзены пасмяротна вучнямі ў 1970) і інш. Аўтар гіст. кніг для дзяцей.
Тв.:
История античной общественной мысли. М., 1929;
Архимед. М.; Л., 1945;
Геродот. М.; Л., 1947;
Очерки по истории античной науки. М.; Л., 1947;
Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;
История Греции. Ч. 1—2. СПб., 1993.
Б.Б.Віц-Маргулес.
т. 9, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМ’Е́Р ((Lumiére) Луі Жан) (5.10.1864, г. Безансон, Францыя —6.6.1948),
вынаходнік кінематографа; пачынальнік франц. кінавытворчасці і кінарэжысуры. Чл. Парыжскай АН (1919). Скончыў прамысл. школу. Быў фатографам. У 1895 пры ўдзеле брата Агюста стварыў кінаапарат для здымання і праекцый «фатаграфій, якія рухаюцца». Запатэнтаваны апарат атрымаў назву «кінематограф». Першы публічны сеанс адбыўся 25.12.1895 у Парыжы. Першыя кінапраграмы Л. дэманстравалі сцэнкі, знятыя з натуры: «Выхад рабочых з завода Люм’ер», «Снеданне дзіцяці» і інш. Фірма Л. выпусціла 1,5 тыс. фільмаў, час праекцыі якіх — 1—2 хвіліны (простыя рэпартажы, відавыя і ігравыя сцэнкі з простым дзеяннем на літ. і гіст. сюжэты). З 1898 Л. займаўся толькі вытв-сцю кінаапаратуры. Пазней працягваў доследы ў галіне аб’ёмнага і каляровага кіно. У Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Л. за дакумент. фільмы.
т. 9, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТР (франц. lustre глянец, бляск ад лац. lustro асвятляю),
пігмент для размалёўкі керамічных вырабаў паверх абпаленай глазуры (гл. Паліва). Мае метал. ці перламутравы адліў, водбліск, адценні ад залаціста-карычневага і зеленаватага да медна-чырвонага і фіялетавага. У склад Л. ўваходзяць солі смаляных кіслот і вокіслы металаў (золата, плаціны, серабра, медзі, жалеза). Пакрыццё Л. дазваляе ствараць у кераміцы імітацыю каштоўных метал. вырабаў. Вынаходніцтва і пашырэнне звязваюць з забаронай ісламам карыстацца ў побыце посудам з каштоўных металаў. Кераміка з размалёўкай Л. вядома з канца 8—9 ст. у Егіпце, Іране, Іраку і Сірыі. Росквіт егіп. і іранскай вытв-сці вырабаў з Л. (10—13 ст.) паўплываў на развіццё іспана-маўрытанскай керамікі 13—15 ст. і італьян. маёлікі 15—16 ст.
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)