ЛЮСТР (франц. lustre глянец, бляск ад лац. lustro асвятляю),
пігмент для размалёўкі керамічных вырабаў паверх абпаленай глазуры (гл. Паліва). Мае метал. ці перламутравы адліў, водбліск, адценні ад залаціста-карычневага і зеленаватага да медна-чырвонага і фіялетавага. У склад Л. ўваходзяць солі смаляных кіслот і вокіслы металаў (золата, плаціны, серабра, медзі, жалеза). Пакрыццё Л. дазваляе ствараць у кераміцы імітацыю каштоўных метал. вырабаў. Вынаходніцтва і пашырэнне звязваюць з забаронай ісламам карыстацца ў побыце посудам з каштоўных металаў. Кераміка з размалёўкай Л. вядома з канца 8—9 ст. у Егіпце, Іране, Іраку і Сірыі. Росквіт егіп. і іранскай вытв-сці вырабаў з Л. (10—13 ст.) паўплываў на развіццё іспана-маўрытанскай керамікі 13—15 ст. і італьян. маёлікі 15—16 ст.
т. 9, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)