агульнабіялагічны працэс узроставых змен у арганізме, які прыводзіць да зніжэння жыццяздольнасці і павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і адбываецца на ўсіх узроўнях арганізацыі жывога — ад малекулярна-генет. да арганізменнага. Развіваецца гетэрахронна (з рознай хуткасцю ў розных клетках, тканках, органах) і гетэратопна (неаднолькавыя якасныя змены ў розных структурах). Вядучыя механізмы С. на клетачным узроўні: дэградацыя і гібель ч. клетак, зніжэнне мітатычнай актыўнасці і колькасці мітахондрый, разбурэнне лізасом, змена эл. уласцівасцей плазматычных мембран, паніжэнне лабільнасці клетак і памяншэнне адэкватных рэакцый на фізіялагічна актыўныя рэчывы. Вядучыя механізмы на арганізменным узроўні (для вышэйшых жывёл): аслабленне функцый асн.фізіял. сістэм арганізма (нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і інш.), зніжэнне нерв. кантролю над іх дзейнасцю, змена рэактыўнасці на ўздзеянне гармонаў, парушэнні на этапе паступлення інфармацыі ў нерв. цэнтры. Агульнапрынятыя тлумачэнні працэсаў С. адсутнічаюць. Існуе мноства гіпотэз, у адпаведнасці з большасцю іх — першасныя механізмы С. звязаны са зменай генет. апарата клеткі. У ходзе жыцця ў арганізме мабілізуюцца прыстасавальныя механізмы, якія тармозяць працэсы С. і спрыяюць павелічэнню працягласці жыцця. У чалавека высокі ўзровень сацыяльна-прац. актыўнасці і пастаянныя трэніроўкі спрыяюць захаванню разумовай і фіз. працаздольнасці да глыбокай старасці. Навука аб С. — геранталогія.
У раслін, як і ў жывёл, наступленне С. звязана са зніжэннем інтэнсіўнасці асн. функцый у клетках і тканках, актыўнасці анабалічных ферментаў і павышэннем гідралітычнай актыўнасці. У выніку назапашваюцца канечныя прадукты метабалізму і адбываюцца структурныя парушэнні арганоідаў клеткі (мітахондрый, хларапластаў і інш.). Спецыфіка мнагаклетачных раслін у тым, што С. клетак, тканак і цэлых органаў не прыводзіць да С. ўсяго арганізма адразу, таму што на працягу жыцця адначасова з адміраннем органаў у раслін адбываецца іх новаўтварэнне. Найб. выяўлена С. ў адна-, двух- і шматгадовых монакарпічных раслін, у якіх пасля плоданашэння пачынаюцца неабарачальныя дэструктыўныя змены. У полікарпічных мнагалетнікаў парасткавая і каранёвая сістэмы пастаянна амалоджваюцца. Прыкметы С. цэлага арганізма паяўляюцца ў іх, калі колькасныя дэструктыўныя працэсы пераважаюць над новаўтварэннямі (у дрэў утвараюцца дуплы, у цэнтры кустоў і дзярнін — прагаліны і інш.). Выраджэнне некат. культ. сартоў мнагалетнікаў пры вегетатыўным размнажэнні звязана са С. іх клонаў.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Гилберт С.Ф. Биология развития: Пер. с англ.Т. 3. М., 1995;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУВЕРЭНІТЭ́Т (ням. Souveränität ад франц. souveraineté вярхоўная ўлада),
незалежнасць і поўнаўладдзе суб’екта дзярж.-паліт. і прававых адносін пры прыняцці рашэнняў у межах сваёй кампетэнцыі і выкананні паўнамоцтваў улады. У распрацоўку навук. тэорыі С. значны ўклад зрабіў Ж.Ж.Русо («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права» 1762). Паводле Русо, улада суверэна ў асобе народа ў цэлым, не абмяжоўваецца ніякімі законамі або дагаворамі і можа быць пашырана на права жыцця і смерці любой асобы; адначасова адмаўляюцца гарантыі яе правоў, што прыводзіць да абсалютызацыі паняцця С. Па сваёй прыродзе і сутнасці С. у Русо — агульная воля народа, якая шляхам грамадскага дагавору перадаецца дзяржаве. У навуцы і паліт. практыцы разглядаюцца асобныя віды С. — дзяржаўны, нацыянальны і народны. Пад дзяржаўным С. разумеюць самастойнасць дзярж. улады, яе вышэйшых органаў у ажыццяўленні атрыманага ад народа мандата на кіраванне дзяржавай; недапушчэнне ўмяшання ва ўнутр. і знешнюю палітыку з боку інш. дзяржаў. Дзярж. С. ажыццяўляецца праз практычную дзейнасць заканад., выканаўчай і судовай улад у адпаведнасці з канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі і прынцыпамі. Нацыянальны С. з’яўляецца канкрэтным увасабленнем права нацыі і яе імкнення да захавання ўласнай ідэнтычнасці ў зносінах з інш. нацыямі і народамі. У межах і на падставе нац. С. вырашаюцца найважнейшыя праблемы нац. жыцця: нацыянальнае самавызначэнне і стварэнне ўласнай дзяржавы; самаст. развіццё ўкладу жыцця, нац. культуры, мовы, традыцый. Арганічная сувязь нац. С. з дзяржаўным выяўляецца ў нац. характары дзяржавы і адстойванні ёю нацыянальных інтарэсаў. Народны С. падкрэслівае прынцып поўнаўладдзя народа, якое служыць асн. вытокам усіх відаў і форм С. З 2-й пал. 20 ст. назіраецца пашырэнне паняцця С. (у філасофіі, эканам. навуцы), калі ён фактычна атаясамліваецца са свабодай індывіда і яго правам самастойна і незалежна выбіраць адпаведны склад мыслення і паводзін (С. «спажыўца», «пакупніка» і г.д.). Прававой асновай С. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Вызначэнне С. абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветраную прастору, нац., культ., і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗДАЛЬ,
горад, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл. Расіі, на р. Каменка. 12,1 тыс.ж. (1996). Прам-сць: харч. (малочны з-д, хлебакамбінат), лёгкая (швейная ф-ка). Адзін з цэнтраў турызму. НДІ сельскай гаспадаркі.
Узнік у 9—10 ст. на месцы паселішча фіна-угорскага племя мера. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1024; як горад-крэпасць вядомы з 1096. У 1-й пал. 12 ст. сталіца Растова-Суздалькага княства, потым у складзе Уладзіміра-Суздальскага княства. З 13 ст. сталіца Суздальскага княства. У 1238 спалены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 паўсталі жыхары С. У 1392 падпарадкаваны Маскве. У 1565 горад уключаны Іванам IV Грозным у апрычніну. У 14—15 ст. адзін з цэнтраў Суздальска-Ніжагародскага княства. У 1608 горад 8 мес. знаходзіўся ў руках прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У 1634 спалены крымскімі татарамі. Адзін з рэліг. цэнтраў (у канцы 17 — пач. 18 ст. тут знаходзілася мітраполія, да 19 ст. — епархія). З 1708 у складзе Маскоўскай правінцыі, з 1778 павятовы горад, з 1796 ва Уладзімірскай губ.
Помнікі на тэр. крамля: сабор Раства Багародзіцы (1222—25, не раз перабудаваны, фрэскі 13,15, 17 ст., іканастас 17 ст.; узор Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства), архірэйскія палаты (15—18 ст.), шатровая званіца (1635). У цэнтры і на ўскраінах С. манастыры: Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр, Рызапаложанскі (16—19 ст., сабор 16 ст., галерэя; цвінтар і 2-шатровыя «Святыя вароты», 1688) і Пакроўскі (16—19 ст., сабор 1510—18, надбрамная Дабравешчанская царква 1518); прыходскія цэрквы: Лазараўская (1667), Барысаглебская (17—18 ст.), Цараканстанцінаўская (1707), Косьмадзям’янская (1725) і інш. Захаваліся каменныя і драўляныя дамы 18—19 ст. з ажурнай разьбой, гандл. рады (пач. 19 ст.). У 1950—80-я г. праведзены рэстаўрацыйныя работы, у С. перавезена некалькі драўляных цэркваў 18—19 ст. Многія помнікі і ўсе музеі С. ўваходзяць у склад Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 4 км ад С. — с. Кідзекша з арх.-маст. помнікамі 12—18 ст. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Варганов А.Д. Суздаль: Очерки по истории и архитектуре. Ярославль, 1971;
Суздаль: Путеводитель. М., 1985.
Суздаль. Комплекс Пакроўскага манастыра.Суздаль. Сабор Раства Багародзіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́Й Аляксей Мікалаевіч (10.1.1883, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 23.2.1945),
рускі пісьменнік. Акад.АНСССР (1939). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1901—07). У 1914—16 ваен. карэспандэнт газ. «Русские ведомости». У 1918—23 у эміграцыі. Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Лірыка» (1907). Цыкл апавяданняў «Заволжа» (1909—11), раманы «Дзівакі» (1911), «Кульгавы пан» (1912), п’еса «Галубка» (паст. 1916) пра жыццё маёнткавага дваранства. Вяршыні творчасці — трылогія «Блуканне па пакутах» (1920—41). Дзярж. прэмія СССР 1943, аднайм. фільм, серыі 1—3, 1957—59) — маст. летапіс шляхоў інтэлігенцыі ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны; раман «Пётр I» (кн. 1—3, не завершаны, 1929—45, Дзярж. прэмія СССР 1941, аднайм. фільм 1937—39), у ім раскрыў заканамернасці гіст. працэсу пятроўскай эпохі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства Мікіты» (1920), фантаст. раманаў «Аэліта» (1922—23), «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1925—27), сатыр. рамана «Ібікус» (1924), рамана-памфлета «Чорнае золата» («Эмігранты», 1931), п’ес «Змова імператрыцы» (1925, з П.Шчогалевым; паводле п’есы Бел. тэлебачаннем паст. спектакль «Крах», 1966), «Азеф» (1926), драм. дылогіі «Іван Грозны» (1941—43, Дзярж. прэмія СССР 1946), аповесці-казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935, экранізавана), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў і інш. У 1917 Т. наведаў Беларусь як упаўнаважаны Усерас. саюза гарадоў на Зах. фронце. На бел. мову творы Т. перакладалі А.Бачыла, У.Ляўданскі, Я.Пушча і інш. П’еса «Нараджэнне свету» паводле трылогіі «Блуканне па пакутах» (інсцэніроўка І.Судакова) пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа (1948), п’еса «Дзялок» — Гродзенскім абл.драм. т-рам (1958), Дзярж.рус.драм. т-рам (1992), п’еса «Прыгоды Бураціна» — Бел.рэсп. т-рам юнага гледача (1966), п’еса «Прыгоды Бураціна ў Краіне Дурняў» А.Шапіры паводле Т. — Бел.дзярж. т-рам лялек (1991), п’еса «Касатка» — Нац. т-рам імя Я.Коласа (1992), п’еса «Любоў — кніга залатая» — Мінскім абл.драм. т-рам (1993).
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—15. М., 1946—53;
Бел.пер. — Жаўтухін. Мн., 1930;
Пётр Першы. Кн. 1. Мн., 1937;
Апавяданні Івана Сударава. Мн., 1946: Дзяцінства Мікіты, Мн., 1960;
Залаты ключык. або Прыгоды Бураціна. Мн., 1971.
Літ.:
Поляк Л.М. Алексей Толстой — художник. М., 1964;
Петелин В.В. Судьба художника: Жизнь, личность, творчество А.Н.Толстого. М., 1982;
Воспоминания об А.Н.Толстом. 2 изд. М., 1982;
Петелин В.В. Жизнь Алексея Толстого: «Красный Граф». М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КП(б)Б, VIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся 22—26.11.1920 у Мінску. Прысутнічалі 63 дэлегаты ад 1700 чл. партыі з 6 паветаў б. Мінскай губ. і г. Мінска, а таксама 5 дэлегатаў з рашаючым голасам ад ЦК КСМБ. [Самы нешматлікі па колькасці дэлегатаў з’езд за ўсю гісторыю КП(б)Б]. Гэта быў 1-ы з’езд КП(б)Б пасля вызвалення Беларусі ад польскіх войск і прыняцця Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (31.7.1920). Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (В.Г.Кнорын); сучасны момант і задачы Кампартыі Беларусі (І.І.Рэйнгольд, садакладчык Кнорын); эканам. становішча Беларусі (А.Р.Чарвякоў); прафесійны рух (Я.Б.Генкін); арганізац. пытанне (Кнорын); аб узаемаадносінах ССРБ з РСФСР; выбары. З’езд падкрэсліў, што ва ўмовах Пераходу ад «вялікай рэвалюцыйнай вайны да малой вайны», якая вялася ў формах барацьбы з сял. выступленнямі, КП(б)Б накіроўвае сваю палітыку на ўмацаванне пазіцый сацыялізму ў эканоміцы Беларусі і саюзу рабочага класа з сялянствам. У тэзісах «Задачы прафсаюзнага руху ў Беларусі» пераважалі паліт. лозунгі па ўцягненні мас у прафс. і сав.буд-ва; канкрэтныя меры па паляпшэнні становішча рабочых не называліся. У тэзісах «Па арганізацыйным пытанні» вызначаліся статус і прынцыпы пабудовы Кампартыі Беларусі: «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), якая праводзіць у жыццё прынцыпы і тактыку РКП(б), дапасоўвае яе да мясцовых умоў і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». У тэзісах «Па пытанні аб арганізацыі Савецкай улады» адзначалася, што «Беларусь з’яўляецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з’яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак мець пэўную свабоду ў вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця, у якіх імі павінны кіраваць ЦВК і Саўнарком Беларусі». Гэта было поўным прызнаннем вяршэнства органаў улады і кіравання РСФСР над адпаведнымі органамі ССРБ. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 9 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 5 чл. (у пратаколе пазначаны толькі 3 прозвішчы), Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 кандыдатаў.
Літ.:
3-й съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии. Мн., 1921;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НІС, лаун-тэніс (ад англ. lawn лужок, газон + tennis, магчыма, ад франц. tenez вось вам, бярыце),
спартыўная гульня, мэта якой — пасыланне мяча ўдарамі ракеткі праз сетку на корце такім чынам, каб сапернік не змог правільна адбіць яго ў межы чужой паловы пляцоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца адзіночныя і парныя (мужчынскія, жаночыя і змешаныя пары). Інвентар: ракетка (маса да 400 г, драўляная, метал. або пластмасавая), гумавы мяч, абклеены тканінай з ворсам (маса 57 г, дыяметр да 6,7 см).
Правобраз Т. — гульня з мячом, які перабівалі праз сетку далонню, што існавала ў 12—14 ст. у Англіі, Італіі, Францыі. Ракеткі выкарыстоўваюцца з пач. 16 ст. Сучасны Т. узнік у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. Першыя правілы распрацаваны англічанінам У.Уінгфілдам (1874). Назва лаун-Т. з’явілася ў 1875. Міжнар. федэрацыя Т. створана ў 1912 (Парыж). У 1896—1924 уваходзіў у праграму Алімп. гульняў. Чэмпіянатам свету сярод мужчынскіх каманд лічыцца штогодні розыгрыш Кубка Дэвіса (засн. ў 1900 амерыканцам Д.Дэвісам). Чэмпіянатамі свету ў асабістым заліку (у мужчын і жанчын) лічацца: на травяных кортах — Уімблданскі турнір у Лондане (з 1877), на грунтавых — адкрыты чэмпіянат Францыі (Ралан Гарос) у Парыжы (з 1891). З 1970 праводзіцца неафіц. чэмпіянат свету, які складаецца з 12 папярэдніх турніраў у розных краінах (96 удзельнікаў) і фінальнага (для 8 лепшых удзельнікаў). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1968. Штогод праводзяцца спаборніцтвы (асабісты залік) на Кубак «Вял. шлема» — апошні ў сезоне турнір для 16 мацнейшых тэнісістаў па выніках 4 буйнейшых турніраў года (адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, ЗША і Уімблданскі турнір). Т. развіты ў большасці краін, найб. — у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі Т. развіваецца з 1921 (г. Віцебск, Мінск, Магілёў і інш.). 1-ы чэмпіянат Беларусі быў уключаны ў праграму I Усебел. свята фіз. культуры (1924). Шырокае развіццё набыў з 2-й пал. 1940-х г. У розыгрышы Кубка Дэвіса нац. каманда ўдзельнічае з 1994. У 1978 у Мінску здадзены ў эксплуатацыю Палац тэніса (з 1996 — Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь). Сярод трэнераў найб. вызначыліся М.Звераў, Г.Краўкоў, Г.Пятроў, А.Эйдэльмян і інш., спартсменаў-тэнісістаў — Н.Барадзіна, Н.Зверава, С.Леанюк, В.Барабаншчыкава, У.Валчкоў, В.Казакевіч, М.Мірны, С.Цяцерын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
аб’яднанне 2 або некалькіх цэркваў на ўмовах вяршэнства дагматыкі адной з іх і пры захаванні іншымі своеасаблівасцей у абраднасці. Уніі заключаліся пераважна рымска-каталіцкай царквой з праваслаўнай, а таксама са стараж.ўсх. (нехалкідонскімі) цэрквамі з мэтай падначаліць іх уладзе пап. Пры гэтым сцвярджалася, што т.ч. аднаўляецца былое адзінства ўсяленскай хрысц. царквы. З 13 ст.візант. імператары імкнуліся пайсці на У.ц. з папствам, каб атрымаць яго дапамогу ў барацьбе супраць туркаў. Рымскія папы двойчы спрабавалі заключыць У.ц. з Канстанцінопальскім патрыярхатам: у 1274 была падпісана Ліёнская У.ц. (не падтрымана большасцю духавенства і народа Візантыі, асуджана Канстанцінопальскім саборам 1285), у 1439 — Фларэнційская унія 1439 (адхілена Іерусалімскім 1443 і наступнымі царк. саборамі; у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве яе беспаспяхова імкнуліся ўвесці мітрапаліты Ісідор і Грыгорый Балгарын). У 1596 рымска-каталіцкая царква падпісала з правасл. царквой Рэчы Паспалітай Брэсцкую унію 1596 (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква). У 17 ст. ў тагачаснай Венгрыі з мясц.правасл. царквой была заключана Ужгарадская унія 1646, якая напачатку дзейнічала на тэр. Закарпацця і Славакіі, а ў 1699 пашырана на правасл. насельніцтва Альба-Юлійскай епархіі Трансільваніі (цяпер у Румыніі). Наступная Трансільванская унія 1760, заключаная па ініцыятыве аўстрыйскіх улад, ахапіла ўжо большую частку гэтай тэрыторыі. У.ц. былі падпісаны папствам і з некат. стараж.ўсх. цэрквамі, у выніку чаго створаны уніяцкія цэрквы халдзейскага (у Іраку), мараніцкага (у Ліване і Сірыі), армянскага (на чале з патрыярхам кілікійскім у Турцыі), сірыйскага, копцкага (у Егіпце) абрадаў. Ідэя У.ц. была выкарыстана і Рускай праваслаўнай царквой у дачыненні да прыхільнікаў стараверства: у 1800 аформлена адзінаверства — кірунак, прыхільнікі якога падначальваліся Сіноду, але службу ім дазвалялася выконваць паводле старых абрадаў.
Літ.:
Зноско К. Исторический очерк церковной унии, ее происхождение и характер. М., 1993;
Макарий (Булгаков М.П.). История Русской церкви. Кн. 5. М., 1996;
Марозава С.В. Уніяцкая царква ў культурна-гістарычным развіцці Беларусі (1596—1839 гг.). Гродна, 1996;
Molnar I. Mniejszość religijna czy religia mniejszosci? Grekokatolicy na ziemiach polskich i na Węgrzech // Unia brzeska: geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodow słowianskich. Krakow, 1994;
Mironowicz A. Unia użhorodska i jej następstwa w dawnym Krolestwie węgierskim // Przegłąd Kresowy. Białystok, 1996. N. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРА́КТАР (ад грэч. charaktēr адзнака, асаблівасць) у псіхалогіі, сукупнасць устойлівых рыс асобы, якія характарызуюць яе адносіны да навакольнай рэчаіснасці і выяўляюцца ў яе паводзінах і ўчынках. Фізіял. аснову Х. складаюць выпрацаваныя ў працэсе жыцця і выхавання сістэмы часавых нерв. сувязей — дынамічныя стэрэатыпы, што фарміруюцца на аснове прыроджанага тыпу нерв. сістэмы (генатыпу) і ўтвараюць з ім своеасаблівы «сплаў» — фенатып. Індывід уключаны ў сістэму разнастайных узаемаадносін, якія праходзяць праз яго суб’ектыўнае светаўспрыманне і аказваюць непасрэднае ўздзеянне на яго ўласныя адносіны да грамадства, інш. людзей, да самога сябе. Пры развіцці і частым паўтарэнні такія адносіны становяцца ўстойлівымі, звыклымі для чалавека і ўтвараюць адносна пастаянныя, пэўныя рысы яго Х. (дабрыня, спагадлівасць, ветлівасць, шчырасць, сціпласць. добрасумленнасць, працавітасць або бяздушнасць, абыякавасць, грубасць, ілжывасць, лянота). Фундаментам Х. выступае воля. Людзям моцнай волі ўласцівы такія якасці Х. як цэльнасць, настойлівасць, рашучасць, мэтанакіраванасць, высокая дысцыплінаванасць; слабавольныя людзі несамастойныя, непаслядоўныя, супярэчлівыя ў сваіх паводзінах. Істотнае ўздзеянне на Х. чалавека аказваюць эмацыянальныя і інтэлектуальныя якасці яго псіхікі (цікаўнасць і разважлівасць, гонар і годнасць, практычны або тэарэт. склад розуму). Х. індывіда залежыць ад яго тэмпераменту, які звязаны з тыпам вышэйшай нерв. дзейнасці і накладвае адбітак на знешняе выяўленне пэўных рыс Х. Празмерная акцэнтацыя любых рыс Х. можа прывесці да негатыўных вынікаў, таму важна разумнае спалучэнне некат. процілеглых рыс (напр., ашчаднасці са шчодрасцю, смеласці з асцярожнасцю, самакрытычнасці з упэўненасцю ў сабе і да т.п.). Адрозніваюць 4 асн. тыпы акцэнтуіраваных Х.: узбудлівы (схільнасць да рызыкоўных дзеянняў, правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і інш.): афектыўны (хуткая змена настрою, мітуслівасць, канфліктнасць, нізкая самакрытычнасць і інш.); няўстойлівы (падазронасць, недаверлівасць, крыўдлівасць, азлобленасць і інш.); трывожны (павышаная ўражлівасць, сарамлівасць, баязлівасць, замкнёнасць, пачуццё ўласнай непаўнацэннасці). Шматлікія рысы Х. выяўляюць не толькі тыповыя спосабы паводзін чалавека, але і матывы, закладзеныя ў перакананнях, ідэалах і каштоўнасных арыентацыях асобы або звязаныя з асаблівасцямі яе этн., нац. самасвядомасці (гл.Нацыянальны характар). Х. чалавека — прадмет вывучэння характаралогіі.
Літ.:
Коломинский Я.Л. Человек среди людей. Мн., 1987;
Кречмер Э. Строение тела и характер: Пер. с нем. М., 2001;
Бурно М.Е. О характерах людей. 2 изд. М., 1998;
Лазурский А.Ф. Избранные труды по психологии. М., 1997;
Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с нем. Мн., 1998;
Леонгард К. Акцентуированные личности: Пер. с нем. М., 2001;
Рубинштейн С.А. Основы общей психологии. СПб. 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫМБА́ЛЫ (польск. cymbaly ад лац. cymbalum, грэч. kymbalon),
струнны ўдарны муз. інструмент. Мае драўляны плоскі корпус трапецападобнай формы, над верхняй дэкай якога нацягнуты метал. струны (па 2—3 у хоры ў фабр., 3—8 у нар.). Перасоўная падстаўка дзеліць Ц. на 2 няроўныя часткі (у прапорцыі 2:3). Гук здабываецца ўдарамі па струнах 2 палачкамі (малаточкамі, кручкамі), а таксама шчыпком. Пры ігры Ц. кладуць на калені ці на стол, спец. ножкі-падстаўкі. Існуюць у нар. і прафес. музыцы як сольны і ансамблевы інструмент.
Першыя выявы Ц. вядомы на асірыйскіх і вавілонскіх помніках. Былі пашыраны ў многіх народаў свету, у т. л. на Украіне, у Малдове (цамбал), Арменіі (сантур), Грузіі (сантуры, цынцыла), Узбекістане (чанг). З 16 ст. вядомы ў Зах. Еўропе пад рознымі назвамі, у т. л. хакбрэт.
На Беларусі — адзін з асн.традыц.нар. інструментаў. Першыя звесткі адносяцца да 16 ст., сустракаюцца ў «Бібліі» Ф.Скарыны (2-я кн. «Царстваў»). Выкарыстоўваліся ў паказах батлейкі, часта ўпамінаюцца ў нар. песнях. Нар. Ц. бываюць рознага памеру («палавінка», «паўтарачка», «цэлыя») і дыяпазону (ад 1,5 да 2,5 актаў); у ніжнім рэгістры маюць прыкметы натуральных ладоў, у сярэднім — няпоўны храматычны гукарад. У залежнасці ад ігры (сола ці ў нар. ансамблі) адрозніваюць строі «просты», «любіцельскі» і «скрыпічны», «гармонікавы» («баянны»). Гук нар. Ц. моцны, працяглы (у адрозненне ад прафесіяналаў нар. музыканты не глушаць струны). Ц. выраблялі нар. майстры І.Новік, В.Рогач, П.Грабянькоў, В.Пратасевіч і інш. Як прафес. інструмент Ц. існуюць з пач. 20 ст. У выніку ўдасканалення Ц. на іх выконваюць у пералажэннях складаныя, буйнамаштабныя творы муз. класікі і сучасных бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, А.Клеванца, Дз.Смольскага, Э.Тырманд, К.Цесакова, Л.Шлег, А.Янчанкі і інш.). Значны ўплыў на развіццё выканальніцтва і стварэнне рэпертуару для Ц. зрабіў І.Жыновіч. Сям’я Ц. у аснове Дзяржаўнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь, самадз. і прафес.нар. аркестраў і ансамбляў. Класы ігры на Ц. існуюць у Бел. акадэміі музыкі, муз. вучылішчах і школах Беларусі. Сярод бел. выканаўцаў: А.Астрамецкі, В.Бурковіч, М.Шмелькін і інш. Выраб Ц. наладжаны на Барысаўскім прадпрыемстве муз. інструментаў.
Літ.:
Жинович И.И. Школа игры на цимбалах. 2 изд. Мн., 1974;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЗАР Гай Юлій (Gaius Julius Caesar; 13.7.100—15.3.44 да н.э.),
старажытнарымскі дзярж. і паліт. дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. З патрыцыянскага роду Юліяў. У пач.паліт. дзейнасці выступаў на баку папуляраў супраць Л.К.Сулы і яго прыхільнікаў. Займаў шэраг дзярж. пасад: ваенны трыбун, квестар, эдыл, прэтар. Змагаўся за аднаўленне правоў нар. трыбунаў, за рэабілітацыю марыянцаў. Імкнучыся да папулярнасці ў шыр. колах грамадства, наладжваў шыкоўныя відовішчы, грамадскія абеды. На пасадзе намесніка рым. правінцыі Далёкая Іспанія (у 60 да н.э.) выявіў адм. і ваен. здольнасці, разам з Г.Пампеем і М.Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 59 да н.э. абраны консулам, правёў шэраг законаў з мэтай умацавання дзярж. ладу і вырашэння сац. праблем. У 58 да н.э. атрымаў у кіраванне Галію, да 51 да н.э. заваяваў яе цалкам. У 55—53 да н.э. правёў паспяховыя паходы ў Брытанію і Германію. У выніку гібелі Краса (53 да н.э.) трыумвірат распаўся, саперніцтва паміж Ц. і Пампеем перарасло ў грамадз. вайну 49—45 да н.э. Пасля разгрому войск Пампея і яго саюзнікаў пад Ілердай, Фарсалам, Тапсам і Мундай Ц. узначаліў рым. дзяржаву. Сканцэнтраваў у сваіх руках паўнамоцтвы дыктатара (з 44 да н.э. пажыццёва), консула (з 47 да н.э. на 5, з 44 да н.э. на 10 гадоў), трыбуна, цэнзара (пажыццёва з 44 да н.э.), усталяваў асабістую ўладу, захаваўшы рэсп. формы кіравання. Правёў дзярж., адм., суд., грашовую і каляндарную (у 46 да н.э. т.зв. юліянскі каляндар) рэформы, перапіс насельніцтва Італіі. Узмацненне ўлады Ц. выклікала моцнае супраціўленне сенацкай апазіцыі і прарэсп. знаці. У выніку змовы (больш за 80 чал.) на чале з Л.Г.Касіем і М.Ю.Брутам Ц. забіты на пасяджэнні сената. Аўтар «Запісак пра Гальскую вайну», «Запісак пра грамадзянскую вайну». Вядомы зборнікі яго прамоў і пісьмаў, 2 памфлеты, шэраг паэт. твораў, трактат па граматыцы (не захаваліся).
Тв.:
Рус.пер. — Записки Юлия Цезаря и его продолжателей о Галльской войне, о Гражданской войне, об Александрийской войне, об Африканской войне. М., 2002.
Літ.:
Утченко С.Л. Юлий Цезарь. 2 изд. М., 1984;
Дуров В.С. Юлий Цезарь: Человек и писатель. Л., 1991;
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995;