ТА́НЕЦ (польск. taniec ад ням. Tanz),

від мастацтва, у якім асн. сродкі стварэння маст. вобраза — гарманічныя рухі і змены пастаў цела танцоўшчыка. Дадатковыя сродкі выразнасці (міміка і пантаміма) канкрэтызуюцца і ўзбагачаюцца касцюмам, аксесуарамі, рэквізітам і разам з асн. складаюць адзіную маст. сістэму. Мастацтва Т. служыць сродкам эмац. ўздзеяння.

Т. — адзін з найб. стараж. відаў нар. творчасці. Узнік пад уплывам эмац. ўражанняў ад навакольнага асяроддзя, разнастайных жэстаў і рухаў, звязаных з прац. працэсамі, імітацыяй пластыкі жывёл. Як істотная частка нар. творчасці напачатку выступаў у сінкрэтычным адзінстве са словам, напевам, музыкай, пазней ператварыўся ў самаст. мастацтва. Адзін з арганізуючых пачаткаў Т. рытм (суправаджаецца ўдарнымі інструментамі, кастаньетамі, воплескамі, выстукваннямі абцасамі і інш.). У кожнага народа склаўся свой нац. стыль Т. са сваімі выканальніцкімі традыцыямі, танц. мовай і кампазіцыйнымі малюнкамі, прыёмамі суадносін з музыкай. На гэтай аснове сталі фарміравацца бытавы танец (нар. і бальны) і сцэнічны Т. (гл. Балет). У прафес. мастацтве склаліся танц. сістэмы ў Еўропе (еўрап. класічны Т), краінах Азіі і Афрыкі. Франц. Акадэмія танца (1661) вызначыла асн. правілы класічнага Т. (дакладныя пазіцыі ног і рук, пералік гал. пастаў і г.д.), што паспрыяла развіццю балета; склалася яго разнавіднасць — характарны Т. У канцы 19 ст. ўзнік кірунак — т.зв. танец мадэрн. У наш час развіваюцца і інш. віды сцэн. Т.: эстрадны (яго характарызуе лаканізм выразных сродкаў і віртуознасць тэхнікі), джазавы, Т. буто і інш.

Вытокі бел. танц. мастацтва — у культуры ўсх.-слав. плямён. Пад уплывам розных фактараў у нар. Т. беларусаў склаўся асобы стыль выканання з наборам гал. сродкаў выразнасці. Побач з народным танцам і пад яго ўплывам развіваліся (у творчасці скамарохаў) пачатковыя формы прафес. сцэн. Т. Прысутнічалі яны ў паказах школьнага тэатра, народнай драмы. Упершыню бел. нар. Т. выкарыстаны ў оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча ў 1852. У пач. 20 ст. ў блізкім да этнагр. выглядзе выконваліся Т. трупай І.​Буйніцкага. Пазней створаны прафес. калектывы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі (1937—41), Бел. ансамбль песні і танца (1940, з 1950 Дзярж. хор Беларусі). На 2002 на Беларусі працуюць: Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, танц. група Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Бел. фальклорна-харэагр. ансамбль «Харошкі», Бел. дзярж. ансамбль харэагр. і муз. мініяцюр «Бліскавіца», балетная трупа Бел. муз. т-ра і інш., а таксама шматлікія аматарскія танц. калектывы (гл. Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва). Прафес. кадры танцоўшчыкаў рыхтуюць (2002): Бел. дзярж. харэагр. каледж, харэагр. аддз. Віцебскага, Гродзенскага, Мінскага, Пінскага вучылішчаў мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Гомельскі каледж мастацтваў.

Літ.:

Лопухов А.В., Ширяев А.В., Бочаров А.И. Основы характерного танца. Л.;

М., 1939;

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963;

Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978;

Васильева-Рождественская М.В. Историко-бытовой танец. 2 изд. М., 1987;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990.

С.​В.​Гуткоўская.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЧЭ́РСК,

горад, цэнтр Чачэрскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Чачора; аўтадарогамі злучаны з г. Карма, Ветка; каля аўтадарогі Гомель—Магілёў. За 65 км ад Гомеля, 37 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Гомель—Жлобін. 7,7 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Чачэрская ратуша. Помнік археалогіі — гарадзішча Замкавая Гара.

Стараж. гарадзішча Замкавая Гара размешчана на паўн.-ўсх. ускраіне горада, на мысе правага берага р. Чачора. Складаецца з дзядзінца авальнай формы (пл. каля 1 га) і вакольнага горада (пл. больш за 2 га). Выяўленыя пры раскопках рэчы эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра ўзнікненне стараж. горада ў 10 ст. Вакольны горад існаваў у 11 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч вярнуў чарнігаўскаму кн. Святаславу Ольгавічу. У 12—13 ст. уваходзіў у Чарнігаўскае княства. З сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ, цэнтр воласці, з 1509 мястэчка Віленскага ваяв. З 1501 належаў Алене Іванаўне, жонцы вял. кн. Аляксандра, з 1621 — Сапегам. У 14 ст. на месцы дзядзінца летапіснага горада пабудаваны Чачэрскі замак. З 1510 цэнтр Чачэрскага староства, меў правы гар. самакіравання. З 1566 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1629 меў прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы на год. У антыфеадальную вайну 1648—51 у наваколлі Ч. адбыліся сял. паўстанні. У 1654 горад займалі казацкія войскі І.​Н.​Залатарэнкі. Да 1659 тэр. Ч. ў складзе гетманскіх казацкіх уладанняў на Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета ў Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губ., потым мястэчка, у 1778—96 цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскага намесніцтва, у 1796—1802 у Беларускай, з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1774 Ч. падараваны Кацярынай II бел. ген.-губернатару графу З.​Р.​Чарнышову, які стварыў тут прыгонныя тэатр і аркестр. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Чачэрская ратуша, вакол якой размяшчаліся 4 храмы-ратонды, Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, працавалі прыстань «Крэмень», 2 бальніцы, створаны Чачэрскі парк. У 1780—1879 дзейнічаў Чачэрскі шклозавод, у сярэдзіне 19 ст. — шкіпінарны і паташны з-ды. У 1880 у Ч. 1667 ж., 266 дамоў, 76 крам, 2 нар. вучылішчы, 4 кірмашы на год. У 1902 адкрыта 3-класнае гар. вучылішча. У 1903 у Ч. 2468 ж. У 1903—07 дзейнічала Чачэрская арг-цыя РСДРП. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР. З 1926 у складзе БССР, цэнтр Чачэрскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—5,1 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 16.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 1137 чал., у т. л. ў Ч. каля 500 чал. Вызвалены 27.11.1943 войскамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. У 1959 у Ч. 2,7 тыс. ж. З 25.12.1962 да 6.1.1965 у Буда-Кашалёўскім р-не. У 1970—5,8 тыс. ж. З 3.11.1971 горад.

В.​В.​Грынявецкі (гісторыя).

т. 17, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. ēlektron бурштын),

сукупнасць эл.-магн. з’яў, звязаных з існаваннем, рухам і ўзаемадзеяннем зарадаў электрычных (зараджаных цел і часціц). Існаванне нерухомых зарадаў спараджае электрастатычнае поле, праз якое яны ўзаемадзейнічаюць (вывучаецца электрастатыкай). Рух зарадаў (электрычны ток) выклікае электрычнае поле і магнітнае поле. Яны звязаны паміж сабой і ўтвараюць электрамагнітнае поле, пры дапамозе якога ажыццяўляецца электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Часткай агульнага вучэння пра Э. з’яўляецца магнетызм. Выкарыстаннем Э. ў тэхніцы займаецца электратэхніка. У вузкім сэнсе Э. — самі эл. зарады.

Эл. і магн. з’явы вядомы з глыбокай старажытнасці Назіраліся маланкі, свячэнні на вастрыях высокіх пабудоў і інш. праявы атмасфернай электрычнасці, прыцягванне пэўнымі мінераламі кавалачкаў жалеза, а бурштынам, пацёртым аб шэрсць, — лёгкіх прадметаў (электрызацыя трэннем). Тэрмін «Э.» увёў у 1600 У.Гільберт, які ўстанавіў адрозненне паміж эл. і магн. з’явамі, існаванне магн. полюсаў і інш. У 1733—34 франц. фізік Ш.​Ф.​Дзюфэ выявіў існаванне 2 родаў эл. зарадаў (адмоўных і дадатных) і характар іх узаемадзеянняў. У 1745 вынайдзены кандэнсатар (лейдэнская банка), які дазволіў назапашваць вял. эл. зарады. У 1745—53 Б.​Франклін стварыў першую тэорыю эл. з’яў, устанавіў эл. прыроду маланкі. У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся першыя вымяральныя прылады — электраскопы, электрометры. Г.Кавендыш (1773) і Ш.А.Кулон (1785) устанавілі закон узаемадзеяння эл. зарадаў (Кулона закон). Л.Гальвані (1791) і А.Вольта (1794) стварылі хім. і кантактавыя крыніцы эл. току (гальванічныя элементы і батарэі з іх — т.зв. вольтавы слупы). У 1802 В.​У.​Пятроў адкрыў электрычную дугу. У 1820 адкрыта залежнасць паміж магн. полем і эл. токам — Біо—Савара закон; Х.К.Эрстэд устанавіў сувязь паміж эл. і магн. з’явамі; А.М.Ампер — закон узаемадзеяння эл. токаў (Ампера закон). У 1826 Г.Ом устанавіў залежнасць эл. току ад напружання (Ома закон), у 1830 К.Ф.Гаўс сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (Гаўса тэарэма), у 1831 М.Фарадэй адкрыў з’яву электрамагнітнай індукцыі, у 1833—34 — законы электролізу, упершыню ўвёў уяўленні пра эл. і магн. палі. Дж.П.Джоўль (1841) і Э.Х.Ленц (1842) даследавалі цеплавое дзеянне эл. току і абгрунтавалі Джоўля—Ленца закон. У 1861—73 Дж.К.Максвел сфармуляваў фундаментальныя ўраўненні класічнай электрадынамікі — Максвела ўраўненні, з якіх вынікае існаванне электрамагнітных хваль. Дж.​Дж.Томсан у 1897 адкрыў электрон, у 1898 вызначыў абс. значэнне яго зараду. У 1880—1909 Х.А.Лорэнц стварыў электронную тэорыю будовы рэчыва, растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, заклаў асновы электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Ураўненні Максвела разам з электроннай тэорыяй Лорэнца сталі асновай класічнай электрадынамікі. Г.Л.Герц (1886—89) эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль, М.К.Э.Л.Планк (1900) і А.Эйнштэйн (1905) прыйшлі да высновы аб квантавым характары эл.-магн. поля. У 2-й чвэрці 20 ст. створана квантавая тэорыя эл.-магн. працэсаў — квантавая электрадынаміка. Вучэнне пра Э. — навук. аснова электра- і радыётэхнікі, электронікі, фіз. оптыкі, электрахіміі і інш.

Літ.:

Тамм И.Е. Основы теории электричества. 9 изд. М., 1976;

Калашников С.Г. Электричество. М., 1977;

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1975;

Власов А.А. Микроскопическая электродинамика. М., 1955;

Сивухин Д.В. Общий курс физики. Т. 3. М., 1977;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Л.​І.​Болсун, У.​М.​Сацута.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.

Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.
Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш.). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Ажгірэй (А.​Вольны), М.​Арэхва, У.​Ігнатоўскі, М.​Зарэцкі, М.​Адзінец, А.​Дудар, І.​Барашка, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Моркаўка, А.​Сянкевіч і інш.

На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст. буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.​Гартны, З.​Бядуля, А.​Гурло), маладнякоўцаў (М.​Чарот, К.​Чорны, А.​Дудар, А.​Вольны, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, П.​Трус, А.​Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.​Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.​Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.​Чарвякова, М.​Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.​Вальфсона, М.​Гарэцкага, Ю.​Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.​Каспяровіча, У.​Пічэты, С.​Скандракова, А.​Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.

Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.​Бандарына, Барашка, Я.​Бобрык, П.​Броўка, А.​Вечар, Галавач, К.​Губарэвіч, І.​Гурскі, У.​Жылка, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Ю.​Лявонны, Б.​Мікуліч, Моркаўка, М.​Нікановіч, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, Я.​Туміловіч, У.​Хадыка, М.​Хведаровіч, С.​Хурсік, Н.​Чарнушэвіч, С.​Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.​Чарот, А.​Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.​Глыбоцкага (А.​Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.​Гародні, Галавача, Р.​Мурашкі, Барашкі, У.​Бухаркіна, С.​Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.​Барычэўскага, П.​Бузука, Гарэцкага, А.​Некрашэвіча, М.​Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.​Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.​Астапенкі, Галавача, Ц.​Гартнага, Мікуліча, Э.​Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.​Бэцдэ, А.​Кучар і інш.).

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»). Мн., 1962;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

У.​М.​Конан.

Вокладка часопіса «Маладняк». 1924.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ФРОНТ,

форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц. дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц. нац. элітамі.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ Міхаіл Андрэевіч (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,

творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш. еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав. маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.​Пляханава, Д.​Благоева, А.​Луначарскага, Ю.​Мархлеўскага, В.​Вароўскага, А.​Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.​Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.​Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел. нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.​Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка і інш., раманы І.​Мележа, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава і інш., п’есы К.​Крапівы, А.​Макаёнка і інш.). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.​Маякоўскі, М.​Шолахаў, К.​Федзін, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.​Арагон, Г.​Зэгерс, М.​Пуйманава, Ж.​Амаду, Я.​Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.

Літ.:

Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;

Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Гаранін Л.Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.

С.​С.​Лаўшук.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)