ЧАЧЭ́РСК,
горад, цэнтр Чачэрскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Чачора; аўтадарогамі злучаны з г. Карма, Ветка; каля аўтадарогі Гомель—Магілёў. За 65 км ад Гомеля, 37 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Гомель—Жлобін. 7,7 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Чачэрская ратуша. Помнік археалогіі — гарадзішча Замкавая Гара.
Стараж. гарадзішча Замкавая Гара размешчана на паўн.-ўсх. ускраіне горада, на мысе правага берага р. Чачора. Складаецца з дзядзінца авальнай формы (пл. каля 1 га) і вакольнага горада (пл. больш за 2 га). Выяўленыя пры раскопках рэчы эпохі Кіеўскай Русі сведчаць пра ўзнікненне стараж. горада ў 10 ст. Вакольны горад існаваў у 11 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159 як горад радзімічаў Чичерск, які кіеўскі кн. Ізяслаў Давыдавіч вярнуў чарнігаўскаму кн. Святаславу Ольгавічу. У 12—13 ст. уваходзіў у Чарнігаўскае княства. З сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ, цэнтр воласці, з 1509 мястэчка Віленскага ваяв. З 1501 належаў Алене Іванаўне, жонцы вял. кн. Аляксандра, з 1621 — Сапегам. У 14 ст. на месцы дзядзінца летапіснага горада пабудаваны Чачэрскі замак. З 1510 цэнтр Чачэрскага староства, меў правы гар. самакіравання. З 1566 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1629 меў прывілей на штотыднёвы гандаль і на 2 двухтыднёвыя кірмашы на год. У антыфеадальную вайну 1648—51 у наваколлі Ч. адбыліся сял. паўстанні. У 1654 горад займалі казацкія войскі І.Н.Залатарэнкі. Да 1659 тэр. Ч. ў складзе гетманскіх казацкіх уладанняў на Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета ў Рагачоўскай правінцыі Магілёўскай губ., потым мястэчка, у 1778—96 цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскага намесніцтва, у 1796—1802 у Беларускай, з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1774 Ч. падараваны Кацярынай II бел. ген.-губернатару графу З.Р.Чарнышову, які стварыў тут прыгонныя тэатр і аркестр. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Чачэрская ратуша, вакол якой размяшчаліся 4 храмы-ратонды, Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, працавалі прыстань «Крэмень», 2 бальніцы, створаны Чачэрскі парк. У 1780—1879 дзейнічаў Чачэрскі шклозавод, у сярэдзіне 19 ст. — шкіпінарны і паташны з-ды. У 1880 у Ч. 1667 ж., 266 дамоў, 76 крам, 2 нар. вучылішчы, 4 кірмашы на год. У 1902 адкрыта 3-класнае гар. вучылішча. У 1903 у Ч. 2468 ж. У 1903—07 дзейнічала Чачэрская арг-цыя РСДРП. З 1919 у Гомельскай губ. РСФСР. З 1926 у складзе БССР, цэнтр Чачэрскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—5,1 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 16.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 1137 чал., у т. л. ў Ч. каля 500 чал. Вызвалены 27.11.1943 войскамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. У 1959 у Ч. 2,7 тыс. ж. З 25.12.1962 да 6.1.1965 у Буда-Кашалёўскім р-не. У 1970—5,8 тыс. ж. З 3.11.1971 горад.
В.В.Грынявецкі (гісторыя).
т. 17, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)