БАЛЕТО́ПСІС (Boletopsis),

род базідыяльных грыбоў сям. балетопсідных. Вядомы 1 цыркумпалярны від — балетопсіс малалускаваты (Boletopsis subsquamosa). Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі як вельмі рэдкі адзначаны ў Бярэзінскім запаведніку і Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Расце на перагнойнай глебе ў хвойніках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў вер.—кастрычніку. Малавядомы ядомы грыб.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, паўшарападобная, мясістая, пазней плоскапукатая, у цэнтры злёгку ўціснутая, матавая, брудна-шэрая, пры дакрананні цёмна-бурая. Гіменафор трубчасты: трубачкі белыя ці шараватыя. Поры круглаватыя, з узростам вуглаватыя, іншы раз лабірынтападобныя, зубчастыя. Ножка цэнтральная або эксцэнтрычная, да асновы ўздутая. Тканка (трама) белая, пры націсканні і засыханні набывае колер. Споры вуглаватыя, бясколерныя або буравата-дымчатыя.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЛАКО́МНІУМ (Aulacomnium),

род брыевых імхоў сям. аўлакомніевых. Вядома 9 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды. На балотах, забалочаных лугах і лясах расце аўлакомніум балотны (A. palustre). Пагаршае якасць лугоў. Торфаўтваральнік. Радзей, пераважна на гнілой драўніне ў вільготных лясах, трапляецца аўлакомніум двухполы (A. androgynum).

Аўлакомніум балотны — двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жоўта-зялёныя густалямцаватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. Да 10—15 см, простыя або галінастыя. Лісце даўж. да 3 мм, падоўжана-ланцэтнае. Каробачка падоўжана-яйцападобная, гарбатая, нахіленая, на жоўта-чырвонай ножцы. Спараносіць летам. Вегетатыўнае размнажэнне лістападобнымі вывадкавымі цельцамі, сабранымі ў шарападобныя галоўкі на доўгіх ножках. У аўлакомніума двухполага вывадкавыя цельцы верацёнападобныя.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Аўлакомніум балотны: 1 — спарагон з каробачкай; 2 — ліст.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЕ́Ц (Helictotrichon),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды: аўсец пушысты (Helictotrichon pubescens; нар. назва заечы авёс), трапляецца па ўсёй тэрыторыі, расце на сухіх лугах, лясных палянах і ўзлесках, на адхонах, асабліва ўздоўж дарог; аўсец лугавы (Helictotrichon pratense; рэдкі від, вядомы толькі па звестках навук. літаратуры). Лугавыя кармавыя травы.

Шматгадовыя травяністыя расліны звычайна з паўзучымі падземнымі парасткамі або пазбаўлены іх і тады ўтвараюць шчыльныя дзернавінкі. Сцябло круглаватае, прамастойнае, выш. да 120 см. Лісце лінейнае, часам уздоўж складзенае. Каласкі 2—5-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка з доўгім асцюком. Мяцёлка сціснутая або раскідзістая, нярэдка гронкападобная.

Аўсец пушысты.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НКІ (Emberiza),

род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.

Аўсянкі: 1 — звычайная (а — самка; б — самец); 2 — садовая; 3 — чаротавая (а — самец; б — самка); 4 — прасянка.

т. 2, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУЧЫ́НА (Ligustrum),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках М. і Усх. Азіі, на Д.​Усходзе, у Паўд. Еўропе і Паўн. Афрыцы. На Беларусі для азелянення інтрадукавана беручына звычайная (L. vulgare).

Шматгадовазялёныя або лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце супраціўнае, простае. Кветкі двухполыя, у канцавых мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Плод — ягадападобная касцянка. Беручына звычайная — лістападны куст выш. 2—5 м з густаразгалінаванай кронай, бліскучым скурыстым ланцэтным лісцем і дробнымі белымі духмянымі кветкамі ў канцавой мяцёлцы. Плады чорныя, сакаўныя, бліскучыя. Засухаўстойлівая, адносна ценевынослівая дэкар., тэхн., меданосная і фарбавальная (з пладоў атрымліваюць чорную фарбу) расліна. Выкарыстоўваецца для жывых агароджаў, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.

Біручына звычайная.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ШЧЫК (Glechoma),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (C. hederacea); блюшчык валасісты (C. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцёбламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.

Блюшчык плюшчападобны.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,

шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).

Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:

Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУТЫЛО́Н, канатнік (Abutilon),

род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).

Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх пладовак, якія маюць па некалькі зярнят.

Абутылон Тэафраста.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДРАВА́НДА (Aldrovanda),

род кветкавых раслін сям. расіцавых. Адзіны трапічны від — альдраванда пухіраватая (A. vesiculosa). Расце ў паўд.-ўсх. раёнах Афрыкі, паўд. і цэнтр.раёнах Еўропы, на Каўказе, у Сярэдняй Азіі і на Д. Усходзе. На Беларусі трапляецца ў азёрах, рачных затоках і старыцах на Палессі і ў Паазер’і. Рэдкая, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовая насякомаедная плаваючая ў вадзе травяністая расліна без каранёў, з тонкім ніткападобным сцяблом даўж. 5—10 см і круглаватымі лістамі, сабранымі па 6—9 у кальчакі. Кожны ліст мае пласцінку з 2 акруглых палавінак з адчувальнымі валаскамі па краі (лоўчы апарат) і стрававальнымі залозкамі ўнутры. Кветкі дробныя, белыя, адзіночныя, пазушныя. Плод каробачка. Дэкар. расліна, прыдатная для акварыумаў.

Альдраванда пухіраватая.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ДЫЙ (Olpidium),

род хітрыдыевых грыбоў сям. альпідыевых. Больш за 20 відаў. Трапляюцца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 віды. Найб. пашыраны альпідый капусны (O. brassicae) — узбуджальнік чорнай ножкі расады капусты, лёну, агуркоў, аўса, пшаніцы, памідораў, салаты, тытуню і інш.

Вегетатыўнае цела (плазмодый) аднаклетачнае. Зоаспарангіі (органы бясполага размнажэння) шарападобныя, з доўгай вывадковай трубкай, адзіночныя або па 2—12 у клетцы. Зааспоры яйцападобныя, з 1 доўгім жгуцікам. Развіваецца ва ўмовах пераўвільгатнення. Пры неспрыяльных умовах зааспоры функцыянуюць як гаметы. Цысты зімуюць у глебе. Расліны заражаюцца пасля з’яўлення семядоляў або першых лісцікаў.

Альпідый капусны: 1 — плазмодый і зіготы грыба ў клетках кораня; 2 — зоаспарангіі; 3 — зааспоры; 4 — пашкоджаная расада капусты («чорная ножка»).

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)