ПІ́ЛЬШЧЫКІ,

шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.

Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.

С.​Л.​Максімава.

Пільшчыкі: 1 — хваёвы звычайны; 2 — яблыневы пладовы; 3 — рапсавы; 4 — збожжавы звычайны.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВІЛА АПЯРЭ́ДЖВАННЯ, правіла пастаянства месца пражывання,

заканамернасць, адпаведна якой паўн. вільгацелюбівыя расліны ў межах паўд. граніцы свайго арэала размяшчаюцца на паўн. схілах і на дне лагчын, а паўд. па меры руху на Пн пераходзяць на паўд. схілы, якія лепш праграваюцца. Вызначана рас. батанікам В.​В.​Алёхіным (1951).

Найб. праяўляецца П.а. на паўд. і паўн. межах лясной зоны. Напр., на паўд. схілах з сярэдняй тайгі далёка на Пн пранікаюць ельнікі-чарнічнікі і ельнікі-кіслічнікі. У Якуціі на паўн. схілах растуць холадатрывалыя лясы лістоўніцы даурскай, а паўд. схілы пакрыты хваёвымі лясамі. Адхіленні маюць адносны характар і звязаны з вуглом падзення сонечных праменяў. П.а. мае практ. значэнне для картаграфавання сучаснага і адноўленага расліннага покрыва, дазваляе прагназіраваць склад расліннасці на неабследаваных месцах і аднаўляць яе папярэдні склад там, дзе яна знішчана. П.а. можа праяўляцца і ў адносінах да жывёл.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЭ́ЧА.

пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́НА (Sorbus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.

Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабіна: 1 — звычайная; 2 — арыя; 3 — глагавіна; 4 — садовая.

т. 13, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬДЭРЭ́Й (Apium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).

Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Сельдэрэй пахучы: 1 — караняплодны; 2 — лісцевы; 3 — чаранковы.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).

Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.

Альбіцыя ленкаранскяя («шаўковая акацыя»).

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),

аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.

Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.

Бурыя водарасці: 1 — фукус пухіраваты; 2 — ламінарыя цукрыстая; 3 — саргасум змешаны.

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)