вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАРА́Г»,
расійскі браняпалубны крэйсер 1-й Ціхаакіянскай эскадры, які вызначыўся на пач.рус.-японскай вайны 1904—05. Пабудаваны ў 1899 у Філадэльфіі (ЗША), дзейнічаў з 1901. Блакіраваны ў нейтральным карэйскім порце Чэмульпо (Інчхон), «Вараг» (камандзір — капітан 1-га рангу У.Ф.Руднеў) разам з кананерскай лодкай «Карэец» 9.2.1904 спрабаваў прарвацца ў Порт-Артур; у баі з эскадрай яп. контр-адмірала С.Урыу (6 крэйсераў, 8 мінаносцаў) патапіў мінаносец і пашкодзіў 2 крэйсеры. Затоплены экіпажам (з 570 маракоў загінулі 34 і паранены 188). У 1905 падняты і залічаны ў яп. флот як «Соя». У 1916 выкуплены рас. урадам і ўключаны ў склад Флатыліі Паўн. Ледавітага ак. У 1918 патануў у Ірландскім м. Імем «Вараг» ў 1965 названы ракетны крэйсер сав. Ціхаакіянскага флоту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 17 км ад Талачына, 140 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Талачын. 301 ж., 114 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Вядомы з 15 ст., належалі кн. Друцкім-Пуцяцічам. З канца 15 — пач. 16 ст. яе ўладальнікамі былі Іллінічы, Кішкі, Радзівілы, Сапегі, Нарушэвічы, Пацы, Воўкі і інш. З 1559 цэнтр воласці. На карце ВКЛ Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка, цэнтр аднайм. маёнтка, уваходзілі ў Аршанскі пав. З 1772 у Рас. імперыі, сяло. Уваходзілі ў Копыскі, з 1861 у Аршанскі пав. Магілёўскай губ. У 1897 складаліся з 4 паселішчаў: панскага двара, 2 сёл (71 і 39 ж.), вёскі (185 ж). З 1924 у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на. У 1970 — 235 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).
У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял.кн.ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАЛА́ТА,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЦЯКО́Ў (Веньямін Іосіфавіч) (н. 1.8.1921, г. Бугуруслан Арэнбургскай вобл., Расія),
бел. вірусолаг. Акад.АН Беларусі (1995), АМНСССР (1978, чл.-кар. 1971), Акадэміі прыродазнаўчых навук Расіі (1990), Рас.АМН (1991), д-рмед.н. (1965), праф. (1966). Скончыў 2-і Маскоўскі мед.ін-т (1943). З 1950 у Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (да 1986 дырэктар). Навук. працы па хіміятэрапіі вірусных інфекцый, комплексным вывучэнні кляшчовага энцэфаліту, поліяміэліту, удасканаленні прафілакт. прэпаратаў супраць шаленства, гепатыту, грыпу, герпесу. Аўтар вынаходстваў па вірусных інгібітарах, тромбалітычных прэпаратах і супраць адарвання трансплантаваных органаў.
Тв.:
Западный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з І.І.Протасам, В.М.Жданавым);
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);
Генерализованная герпетическая инфекция: факты и концепция. Мн., 1992 (у сааўт.).
Літ.:
Голубев Д., Солоухин В. Размышления и споры о вирусах. М., 1989. С. 219—222.
палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.Ф.Сушынскі (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНІЧ (Міхаіл Леанардавіч) (падп.псеўд.Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРЫ́ШЧАНСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Азярышчанскае староства,
дзярж. ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала прыкладна зах. палавіну сучаснага Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. ўздоўж р. Обаль (да ўпадзення ў яе р. Усыса). Першапачаткова Азярышчанская воласць у Віцебскім пав., кіравалася намеснікамі з віцебскага баярства. У 2-й пал. 15 ст. перападпарадкавана непасрэдна вял. князю. З сярэдзіны 16 ст. частка Азярышчанскай воласці на правым беразе р. Обаль у Полацкім ваяв. З гэтага часу Азярышчанская воласць у гіст. крыніцах наз. староствам. З 1582 ва ўмоўным уладанні кн. Друцкіх-Саколінскіх. Пры іх зах. частка Азярышчанскай воласці адасобілася ў самаст. Казьянскае староства, усх.ч. захавала назву Азярышчанскае (Езярышчанскае) староства. У 1772 Азярышчанская воласць адышла да Рас. імперыі і стала асн.ч. Гарадоцкага пав. У 19 ст. падаравана віцебскаму ваен. губернатару А.Вюртэмбергскаму і стала прыватным маёнткам.