шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс.экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕ́РКА,
старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.
М.Ф.Раманюк.
Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГІ (лац. magus, грэч. magos ад стараж.-перс.),
1) жрацы і члены жрэчаскай касты ў стараж.Зах. Іране. Прыблізна ў 7 — пач. 4 ст. да н.э. (паводле розных даследчыкаў) прынялі зараастрызм, у які ўнеслі істотныя змены; дзякуючы ім да нашага часу дайшлі асобныя часткі «Авесты». М. называліся таксама жрацы інш. іранскіх вераванняў, што былі пашыраны ў Закаўказзі, М. Азіі і некаторых стараж. краінах Усходу. Карысталіся таемнымі абрадамі, таму з часоў элінізму М. сталі называць чараўнікоў, ведзьмакоў, астролагаў і г.д.; адсюль — магія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),
род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.
Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЬВА (Malva),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя М.: выразаная (M. excisa, нар. назва палявая ружа), кучаравая (M. crispa), лясная (M. sylvestris), нізкая (M. pusilla). Трапляюцца каля жылля, у пасевах, на пустках. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана М. штокружавая (M. alcea).
Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Лісце суцэльнае або пальчата-рассечанае. Кветкі ў пазухах лісця, белыя, ружовыя ці пурпуровыя. Плод — зборная сямянка. Харч., кармавыя, лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ШКА, шаўкапрад-манашка (Lymantria monacha),
матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі. На Беларусі жыве ў хвойных і лісцевых лясах.
Крылы ў размаху да 45 мм у самцоў, да 60 мм у самак; пярэднія — шараватыя з 4 зігзагападобнымі чорнымі лініямі, заднія — белавата-шэрыя, у самцоў афарбоўка больш зменлівая. Брушка ружаватае з чорнымі палоскамі. Вусені М. (даўж. да 80 мм) кормяцца ігліцай, лісцем, пылком, пупышкамі і парасткамі, пашкоджваюць лістоўніцу, хвою, елку, радзей бук, дуб, граб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ННІК (Glyceria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, Паўд. Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (G. maxima), дуброўны (G. nemoralis), літоўскі (G. lithuanica), плывучы (G. fluitanse), складкаваты (G. plicata), трысняговы (G. arundinacea). Трапляюцца па берагах вадаёмаў, у забалочаных лясах, канавах.
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 2 м. Лісце з замкнёнымі похвамі, лінейнае, шурпатае. Каласкі шматкветныя, падоўжаныя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — зярняўка. Пад назвай манна часам ужываюцца зярняўкі М. плывучага (адсюль назва роду). Харч. і карм. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎНІК (Echinops),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).
Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ КЛІ́МАТ, акіянічны клімат,
клімат, які фарміруецца ва ўмовах пераважнага ўздзеяння на атмасферу акіянічных прастораў. Пашыраны пераважна над акіянамі, а таксама над часткамі мацерыкоў, на якія ўплываюць паветр. масы акіянічнага паходжання (напр., над Зах. Еўропай, дзе пануе зах. перанос ветру). Ад кантынентальнага клімату адрозніваецца параўнальна невял. ваганнямі т-ры і значнай вільготнасцю, халаднаватым летам і мяккай зімой (ва ўмераных шыротах), большай воблачнасцю, моцнымі вятрамі, больш познім (на 1—2 месяцы) надыходам самых высокіх і самых нізкіх т-р, вясной больш халоднай за восень і адсутнасцю пастаяннага ўстойлівага снегавога покрыва.