АТАМА́НІ

(Otomani),

археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку, якія ў 18—12 ст. да нашай эры насялялі Закарпацце, Усх. Славакію, ПнУ Венгрыі і ПнЗ Румыніі. Назва ад паселішча Атамані ў Румыніі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у наземных невял. (8—16 м²) і вял. (да 200 м²) дамах каркасна-слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах і трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Кераміка ўпрыгожана разным арнаментам, наляпнымі бугаркамі. Пашыраны каменныя і касцяныя прылады, бронзавая зброя, бронзавыя і залатыя ўпрыгожанні.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)