РЫМАШЭ́ЎСКІ (Ігар Віляёравіч) (н. 25.11.1959, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1979). Працуе ў станковым жывапісе, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладным мастацтве. Сярод лепшых твораў жывапісныя палотны «Карусель» (1992), «Зімою на дачы» (1994), «Святочная павозка» (1995), «Над роднай зямлёю» (1996), «Русалкі» (1997), «Мастацтва належыць народу», «Шчаслівы дзень» (абодва 1999), «Першы дзень вясны», «Баюшкі-баю», «Вясковая пантэра», «Грыбная юшка» (усе 2000), вітраж у бальніцы г. Іўе Гродзенскай вобл. (1988), размалёўка сталовай Мінскага з-да «Ударнік» (1990). Работы вызначаюцца наіўна-прымітыўным выяўленнем рэчаіснасці, выкарыстаннем чыстых колераў, штрыхавасцю мазка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІ ((Reni) Гвіда) (4.11.1575, г. Вергата, Італія — 18.8.1642),
італьянскі жывапісец. Зазнаў уплыў братоў Карачы, вывучаў творчасць Рафаэля, Караваджа, ант.мастацтва. Працаваў пераважна ў Рыме (з 1605) і Балонні (з 1622). У творчасці спалучаў вытанчанасць гарманічна-ясных, часта рэльефападобных кампазіцый з каларытам, пабудаваным на градацыях цёплых залацістых ці высветленых серабрыстых тонаў; у балонскі перыяд узмацніліся рысы элегантнай халоднай ідэалізацыі, часам сентыментальнасці. Сярод твораў: фрэска «Аўрора» ў Палацца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме (каля 1610), карціны «Юнацтва дзевы Марыі» (1610-я г.), «Віфлеемскае забіванне немаўлят» (1612), «Аплакванне Хрыста» (1614—18), «Іосіф і жонка Пентэфрыя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),
узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБІ́НЫ (Sabini),
старажытнаіталійскія плямёны (гл.Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).
Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВА́СТЫКА (санскр.),
знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі. Першапачаткова меў культавае значэнне ў некат. стараж. народаў; атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі, Грэцыі, на в-ве Сіцылія і інш. (выявы С. на стараж. вазах, манетах, помніках сярэдневяковага мастацтва). Некат. гаршкі 11—13 ст., знойдзеныя пры раскопках стараж. гарадоў Беларусі, мелі на донцах рэльефнае кляймо ў выглядзе С. Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны (1939—1945) С. выкарыстоўвалася як цэнтр. элемент кампазіцыі дзярж. сцяга фаш. Германіі, стала эмблемай нацызму, сімвалам варварства, насілля, генацыду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВЭ́ ((Servais) Адрыен Франсуа) (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),
бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.В’ётанам і Ю.Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.Германоўскі, Я.Карловіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́ГЕ (флам. Brugge, франц. Bruges),
горад на ПнЗ Бельгіі. Адм. ц. правінцыі Зах. Фландрыя. 116,7 тыс.ж. (1993). Трансп. вузел; марскі (суднаходнымі каналамі звязаны з аванпортам на Паўн. моры г. Зебруге) і рачны порт. Гандаль нафтай, вугалем, жал. рудой, рыбай і інш. Металаапрацоўка, машынабудаванне (суднабудаванне і рамонт, аўтазборка, выраб тэлевізараў), хім., тэкст., мэблевая, харчасмакавая прам-сць; традыцыйная вытв-сць карункаў. Цэнтр турызму. Музей нідэрл.мастацтва. Муніцыпальная маст. галерэя.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. У 9 ст. тут пабудаваны замак графаў Фландрскіх, з канца 11 ст. — іх рэзідэнцыя. Цэнтр антыфранц. паўстання 1302 (гл.«Бругская ютрань»). У 13—15 ст. адзін з цэнтраў міжнар. крэдытных аперацый, узначальваў т.зв. Лонданскую ганзу фландрскіх купцоў, тут знаходзілася іх самая буйная факторыя, цэнтр вытв-сці сукна з англ. воўны.
Арх. своеасаблівасць гораду, які называюць Паўночнай Венецыяй, надаюць старадаўнія вузкія дамы, цэрквы і вежы, шматлікія каналы з выгнутымі мастамі. На пл. Гротэ-маркт размешчаны Суконныя рады (1248—1364) з гар. вежай (1283—1482), на пл. Бург — ратуша (1376—1421) і капэла Святой крыві (каля 1480). Сярод цэркваў — сабор Сінт-Салватор (12—18 ст.), Онзе-ліве-Враўэкерк (1210—1549; з «Мадоннай» Мікеланджэла, бронзавымі грабніцамі Марыі Бургундскай і Карла Смелага, 16 ст.). У Суконных радах, доме Грутхусе (1420—70), прытулку Потэры (1276) — музеі нідэрл.мастацтва, у зале капітула (1685) шпіталя Сінт-Янс — музей Г.Мемлінга.
Да арт.Бруге. Гарадская вежа. 1482.Да арт.Бруге. Шпіталь Сінт-Янс. 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка для спеваў; галіна муз.мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак.дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар.мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл.Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г.бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац.муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.Шлег, А.Бандарэнка), літургія (А.Залётнеў, С.Бельцюкоў), меса (А.Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.Мдывані, А.Сонін, В.Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.Равенскі, М.Шчаглоў, Э.Зубковіч і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтвагал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).