НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. neutralisation ад лац. neuter ні той, ні іншы),
1) рэакцыя нейтралізацыі, хім. рэакцыя паміж к-той і асновай, узятымі ў стэхіяметрычных суадносінах; адзін са спосабаў сінтэзу солей. У водных растворах прыводзіць да ўтварэння солі і малекул вады за кошт злучэння іонаў гідраксонію і гідраксільных груп (напр., 2KOH+H2SO4 = K2SO4+2H2O ці ў іонным выглядзе H++OH− = H2O). Ляжыць у аснове шэрагу метадаў цітраметрычнага аналізу. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы сцёкавых вод.
2) Працэс абясшкоджвання небяспечных адходаў прам-сці.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.
т. 11, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГА́МІЯ,
мнагашлюбнасць. У раслін — мнагадомнасць, наяўнасць у аднаго віду адначасова адна- і двухполых кветак на адной ці на розных раслінах у розных камбінацыях (напр., грэчка, дыня, клён, сланечнік, ясень і інш.). У жывёл — адносіны паміж паламі, калі адзін самец апладняе некалькі самак. Уласцівая большасці млекакормячых, некат. птушкам (напр., глушцы, нанду, свойскія куры, цецерукі і інш.), паўзунам (змеі, яшчаркі), некат. беспазваночным (многія насякомыя і інш.). Тэрмін «П.» недакладна ўжываюць для абазначэння мнагажонства і мнагамужжа. Гл. таксама Манагамія.
т. 11, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІ́К,
адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.
У.П.Пярэднеў.
т. 12, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА ((Mošna) Йіндржых) (1.8.1837, Прага — 6.5.1911),
чэшскі акцёр; адзін з заснавальнікаў нац. рэаліст. акцёрскай школы. З 1856 выступаў як прафес. акцёр, гастраліраваў па Аўстрыі з перасоўнай трупай. З 1860 іграў у чэш. правінцыяльных гарадах, з 1864 — у Часовым т-ры ў Празе. Выступаў у драме, оперы, аперэце. З 1883 працаваў у пражскім Нац. т-ры, дзе прапагандаваў рэаліст. рэпертуар. Сярод роляў: Лізал («Марыша» B. і А.Мрштыкаў), Дзівішак, Грушка («Бацька», «Вайнарка» А.Ірасека), Цецераў («Мяшчане» М.Горкага) і інш.
т. 10, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ БАН (247? — 195 да н.э.),
адзін з кіраўнікоў паўстання 209—206 да н.э. ў Кітаі, заснавальнік дынастыі Хань. Паходзіў з сялян. У 209 далучыўся да паўстання супраць дынастыі Цынь, якое ўзначаліў Чэнь Шэн, пасля яго гібелі (208) камандуючы паўстанцкай арміяй. У 207 заняў сталіцу імперыі г. Сяньян. У 206—202 змагаўся з другім кіраўніком паўстанцаў — Сян Юем. У 202 абвясціў сябе імператарам Гаацзу. Скасаваў жорсткія законы Цынь Шыхуандзі, паменшыў падаткі. Аднавіў практыку раздачы зямель сваім сваякам і паплечнікам.
т. 9, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,
адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.
т. 11, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 20.10.1922, в. Вязычын Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык. Канд. філал. н. (1954). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). У 1954—99 працаваў у Бел. дзярж. пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар манаграфіі «Аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» (1959), вучэбнага дапаможніка «Беларуская савецкая літаратура» (1979), адзін з аўтараў падручніка «Беларуская літаратура» (1971, з Т.Бурэйка). Складальнік «Хрэстаматыі па беларускай дзіцячай літаратуры» (1966, у сааўт.), «Хрэстаматыі па беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1984).
т. 11, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),
амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).
т. 10, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКГРА́Ф (ням. Markgraf літар. граф маркі),
1) кіраўнік пагран. акругі (маркі) у сярэдневяковых Франкскай дзяржаве (пасада ўведзена Карлам Вялікім) і «Свяшчэннай Рымскай імперыі». М. меў больш паўнамоцтваў (у т. л. пастаянную ваен. ўладу), чым звычайны граф; у буйнейшых марках (маркграфствах) па сваім становішчы ён набліжаўся да герцага. З 12 ст. М. Брандэнбурга, Мейсена, Лужыцы, Маравіі сталі імперскімі князямі (М. Брандэнбурга і Мейсена пазней сталі і курфюрстамі).
2) Адзін з вышэйшых дваранскіх тытулаў у Францыі, Іспаніі, Італіі (гл. Маркіз).
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)