О́ФНЕТ (Ofnet),

дзве палеаліт. пячоры (Вялікі і Малы О.) на Пд Германіі на ПнЗ ад г. Аўгсбург. Маюць па некалькі культурных пластоў, якія перакрываюць адзін аднаго і належаць да розных стадый позняга палеаліту, мезаліту, неаліту і эпохі металаў. У пячоры Вялікі О. выяўлена мезалітычнае пахаванне чалавечых чарапоў стараж. еўрапеоідаў. У адным паглыбленні 27 чарапоў, у другім — 6. Чарапы тваравымі часткамі павернуты да ўвахода ў пячору і густа пасыпаны вохрай. Побач знойдзены ўпрыгожанні з ракавін і зубоў аленяў. Большасць чарапоў належала жанчынам і дзецям.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)