СПОРТ (ад англ. disport гульня, забава),

спаборніцкая дзейнасць, спец. падрыхтоўка да яе (спарт. трэніроўка) і спецыфічныя адносіны, нормы і дасягненні, якія ўзнікаюць на аснове сукупнасці ўсіх відаў такой дзейнасці. Гістарычна склалася пераважна ў сферы фізічнай культуры. У больш вузкім сэнсе С. — спаборніцтвы, накіраваныя непасрэдна на дэманстрацыю фіз. дасягненняў, аб’ектыўнага параўнання і ацэнкі пэўных магчымасцей чалавека (сіл, здольнасцей, уменняў).

Першыя спаборніцтвы ўзніклі ў старажытнасці ў форме ініцыяцый — рытуалаў пасвячэння юнакоў у воіны. У далейшым спаборніцтвы набылі сакральны (магічны) характар. Захаваліся гістарычна дакладныя звесткі аб правядзенні рытуальных спаборніцтваў у Месапатаміі (з 4-га тыс. да н.э.), Егіпце, Індыі, Кітаі (з 3—2-га тыс. да н.э.). У Стараж. Грэцыі склалася цэлая сістэма спаборніцтваў, якія прысвячаліся антычным багам і героям: Немейскія гульні, Істмійскія гульні, Піфійскія гульні, Алімпійскія гульні і інш. Сучасны С. склаўся ў пач. 19 ст. ў Англіі як сац. інстытут прафіляванага развіцця фіз., псіхічных і інш. здольнасцей чалавека з мэтай іх супараўнання ва ўмовах рэгламентаванай спаборніцкай дзейнасці.

Вызначаюць 3 асн. ўзаемазвязаныя арганізац. формы С.: масавы (рэкрэацыйны), рэзервовы і С. вышэйшых дасягненняў. С. масавы (С. для ўсіх) з’яўляецца ч. фіз. культуры, ахоплівае практычна ўсе сац. групы насельніцтва і садзейнічае фіз. выхаванню, аздараўленню, арганізацыі вольнага часу, пашырэнню адносін і інш. С. рэзервовы ўключае сістэму адбору і падрыхтоўкі юных спартсменаў (напр., сістэма спартыўных школ). С. вышэйшых дасягненняў уключае С. рэкордны і відовішчна-камерцыйны. Арганізатарам рэкорднага С. выступае дзяржава; яна ажыццяўляе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартсменаў і каманд, выкарыстоўвае іх дасягненні дзеля фарміравання прэстыжу краіны на міжнар. арэне. На гэтай аснове рэкордны С. звязваецца з дзярж. палітыкай. Мэта відовішчна-камерцыйнага С. — атрыманне непасрэднага прыбытку ад арганізацыі спарт. відовішча. У гэтай сувязі ён набывае рысы шоу-бізнесу. Сац. значэнне С. пашыраецца ў сувязі з узнікненнем новых арганізац. захадаў, рэарганізацыі і будаўніцтва новых спартыўных збудаванняў, пашырэння спартыўных спаборніцтваў і інш. Важным фактарам развіцця С. з’яўляецца прапаганда яго ў сродках масавай інфармацыі, выяўленчым мастацтве, кіно, літаратуры і інш.

Літ.:

Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;

Визитей Н.Н. Физическая культура и спорт как социальное явление: Филос. очерки. Кишинев, 1986;

Кулинкович Е.К. Спорт: люди и рекорды. Мн., 1998;

Пономарчук В.А., Козлова В.С. Институт спорта: (история и реалии). Мн., 2002.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРЭ́ННЕ,

агульнабіялагічны працэс узроставых змен у арганізме, які прыводзіць да зніжэння жыццяздольнасці і павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і адбываецца на ўсіх узроўнях арганізацыі жывога — ад малекулярна-генет. да арганізменнага. Развіваецца гетэрахронна (з рознай хуткасцю ў розных клетках, тканках, органах) і гетэратопна (неаднолькавыя якасныя змены ў розных структурах). Вядучыя механізмы С. на клетачным узроўні: дэградацыя і гібель ч. клетак, зніжэнне мітатычнай актыўнасці і колькасці мітахондрый, разбурэнне лізасом, змена эл. уласцівасцей плазматычных мембран, паніжэнне лабільнасці клетак і памяншэнне адэкватных рэакцый на фізіялагічна актыўныя рэчывы. Вядучыя механізмы на арганізменным узроўні (для вышэйшых жывёл): аслабленне функцый асн. фізіял. сістэм арганізма (нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і інш.), зніжэнне нерв. кантролю над іх дзейнасцю, змена рэактыўнасці на ўздзеянне гармонаў, парушэнні на этапе паступлення інфармацыі ў нерв. цэнтры. Агульнапрынятыя тлумачэнні працэсаў С. адсутнічаюць. Існуе мноства гіпотэз, у адпаведнасці з большасцю іх — першасныя механізмы С. звязаны са зменай генет. апарата клеткі. У ходзе жыцця ў арганізме мабілізуюцца прыстасавальныя механізмы, якія тармозяць працэсы С. і спрыяюць павелічэнню працягласці жыцця. У чалавека высокі ўзровень сацыяльна-прац. актыўнасці і пастаянныя трэніроўкі спрыяюць захаванню разумовай і фіз. працаздольнасці да глыбокай старасці. Навука аб С. — геранталогія.

У раслін, як і ў жывёл, наступленне С. звязана са зніжэннем інтэнсіўнасці асн. функцый у клетках і тканках, актыўнасці анабалічных ферментаў і павышэннем гідралітычнай актыўнасці. У выніку назапашваюцца канечныя прадукты метабалізму і адбываюцца структурныя парушэнні арганоідаў клеткі (мітахондрый, хларапластаў і інш.). Спецыфіка мнагаклетачных раслін у тым, што С. клетак, тканак і цэлых органаў не прыводзіць да С. ўсяго арганізма адразу, таму што на працягу жыцця адначасова з адміраннем органаў у раслін адбываецца іх новаўтварэнне. Найб. выяўлена С. ў адна-, двух- і шматгадовых монакарпічных раслін, у якіх пасля плоданашэння пачынаюцца неабарачальныя дэструктыўныя змены. У полікарпічных мнагалетнікаў парасткавая і каранёвая сістэмы пастаянна амалоджваюцца. Прыкметы С. цэлага арганізма паяўляюцца ў іх, калі колькасныя дэструктыўныя працэсы пераважаюць над новаўтварэннямі (у дрэў утвараюцца дуплы, у цэнтры кустоў і дзярнін — прагаліны і інш.). Выраджэнне некат. культ. сартоў мнагалетнікаў пры вегетатыўным размнажэнні звязана са С. іх клонаў.

Літ.:

Биология старения. Л., 1982;

Гилберт С.Ф. Биология развития: Пер. с англ. Т. 3. М., 1995;

Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАХА́НАЎСКІ РУХ,

масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.​Р.​Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял. Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.

На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.​Шабалтас, В.​Сямёнаў, П.​Карбановіч, А.​Хаткоўскі, К.​Галаўня, Н.​Лапін, А.​Бальшакоў, І.​Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Да пач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял. Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССР бел. фабрыках і заводах, як і на інш. сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.

С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.

Літ.:

Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;

Очерки истории Беларуси, 1917—2000. Мн., 2000.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІН,

горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.​Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс. ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.​А.​Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.

Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр. мед. аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».

Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г. Столін.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЫ́НДБЕРГ (Strindberg) Юхан Аўгуст (22.1.1849, Стакгольм — 14.5.1912),

шведскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вывучаў філасофію ва ун-це г. Упсала, працаваў настаўнікам, журналістам, акцёрам, бібліятэкарам У 1860—70-я г. зазнаў уплыў экзістэнцыялісцкай філасофіі С.​К’еркегора, пазітывісцкай гістарыяграфіі Х.​Т.​Букле і натуралістычных твораў Г.​Брандэса. У 1883—98 у эміграцыі. У першых творах — драме «Вальнадумец» (1870), трагедыях «Герміёна» (1871) і «Адрынуты» (1876) ідэя проціпастаўлення асобы асяроддзю; у гіст. драмах «Местэр Улуф» (1872), «Сакрэт гільдыі» (1880) і інш. праблема ўзаемаадносін простага чалавека і бязлітаснай цывілізацыі. Маст.-псіхал. аналіз прадстаўнікоў творчых і дзелавых колаў Стакгольма ў рамане «Чырвоны пакой» (1879). У зб. натуралістычна-рэаліст. навел «Лёсы і прыгоды шведаў» (т. 1—4, 1882—92), этнагр. працы «Шведскі народ» (т. 1—2, 1882) тэма народа як творцы гісторыі. Палеміка з тагачаснымі сац. утопіямі ў зб-ках навел і памфлетаў «Новая імперыя» (1882), «Утопіі і рэчаіснасць» (1885), зб. «Вершы» (1883). Зб. прозы «Шлюбныя гісторыі» (ч. 1—2, 1884—86) уласціва антыфемінісцкая скіраванасць. У раманах «Людзі з вострава Хемсё» (1887), «На ўзбярэжжы» (1890), п’есах «Бацька» (1887), «Фрэкен Жулі» (1888) Í інш. натуралістычныя тэндэнцыі; у аўтабіягр. кнігах «Сын пакаёўкі» (1886), «Споведзь вар’ята» (1888), «Пекла» (1897), «Легенды» (1898), гіст. драмах «Густаў Ваза», «Эрык XIV» (абедзве 1899), «Карл XII» (1901), «Крысціна» (1903) і інш. праблемы маральна-псіхал. выбару. Новы этап у творчасці С. адзначаны сімвалісцка-містычнымі драм. творамі: трылогія «Шлях у Дамаск» (ч. 1—3, 1898—1904), «Адвент» (1899), «Танец смерці» (1901) і інш. Гэту традыцыю прадоўжыў у п’есах «Навальніца», «Саната прывідаў», «Пелікан» (усе 1907), «Вялікі гасцінец» (1909), напісаных для заснаванага разам з рэж. А.​Фалькам у 1907 стакгольмскага Інтымнага т-ра. Для раманаў «Самотны» (1903), «Гатычныя пакоі» (1904), «Чорныя сцягі» (1907) характэрны сац.-крытычныя матывы. Аўтар дзённікаў «Блакітная кніга» (т. 1—4, 1907—12), гіст. мініяцюр, дарожных нататак, публіцыст. і літ.-знаўчых прац. На бел. мову асобныя навелы С. пераклаў В.​Буйвал. Брэсцкі т-р драмы і музыкі паводле яго п’есы «Фрэкен Жулі» паст. «Начную санату для мужчыны, жанчыны і троля» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — [Навелы] // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—15. М., 1908—12;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986.

Літ.:

Август Стриндберг: Биобиблиогр. указ. М., 1981.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Стрындберг.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЗДАЛЬ,

горад, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл. Расіі, на р. Каменка. 12,1 тыс. ж. (1996). Прам-сць: харч. (малочны з-д, хлебакамбінат), лёгкая (швейная ф-ка). Адзін з цэнтраў турызму. НДІ сельскай гаспадаркі.

Узнік у 9—10 ст. на месцы паселішча фіна-угорскага племя мера. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1024; як горад-крэпасць вядомы з 1096. У 1-й пал. 12 ст. сталіца Растова-Суздалькага княства, потым у складзе Уладзіміра-Суздальскага княства. З 13 ст. сталіца Суздальскага княства. У 1238 спалены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 паўсталі жыхары С. У 1392 падпарадкаваны Маскве. У 1565 горад уключаны Іванам IV Грозным у апрычніну. У 14—15 ст. адзін з цэнтраў Суздальска-Ніжагародскага княства. У 1608 горад 8 мес. знаходзіўся ў руках прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У 1634 спалены крымскімі татарамі. Адзін з рэліг. цэнтраў (у канцы 17 — пач. 18 ст. тут знаходзілася мітраполія, да 19 ст. — епархія). З 1708 у складзе Маскоўскай правінцыі, з 1778 павятовы горад, з 1796 ва Уладзімірскай губ.

Помнікі на тэр. крамля: сабор Раства Багародзіцы (1222—25, не раз перабудаваны, фрэскі 13,15, 17 ст., іканастас 17 ст.; узор Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства), архірэйскія палаты (15—18 ст.), шатровая званіца (1635). У цэнтры і на ўскраінах С. манастыры: Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр, Рызапаложанскі (16—19 ст., сабор 16 ст., галерэя; цвінтар і 2-шатровыя «Святыя вароты», 1688) і Пакроўскі (16—19 ст., сабор 1510—18, надбрамная Дабравешчанская царква 1518); прыходскія цэрквы: Лазараўская (1667), Барысаглебская (17—18 ст.), Цараканстанцінаўская (1707), Косьмадзям’янская (1725) і інш. Захаваліся каменныя і драўляныя дамы 18—19 ст. з ажурнай разьбой, гандл. рады (пач. 19 ст.). У 1950—80-я г. праведзены рэстаўрацыйныя работы, у С. перавезена некалькі драўляных цэркваў 18—19 ст. Многія помнікі і ўсе музеі С. ўваходзяць у склад Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 4 км ад С. — с. Кідзекша з арх.-маст. помнікамі 12—18 ст. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Варганов А.Д. Суздаль: Очерки по истории и архитектуре. Ярославль, 1971;

Суздаль: Путеводитель. М., 1985.

Суздаль. Комплекс Пакроўскага манастыра.
Суздаль. Сабор Раства Багародзіцы.

т. 15, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

помнік архітэктуры 1-й пал. 16 ст. ў г. Супрасль (Польшча). Пабудавана ў 1503—11 (паводле інш. звестак у 1509—10) па фундацыі маршалка ВКЛ А.​І.​Хадкевіча і мітрапаліта кіеўскага І.​Солтана як гал. храм Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. У 18 ст. перабудавана. Мела рысы стыляў позняй готыкі, рэнесансу і ракако. Прамавугольны ў плане 4-вежавы 3-нефавы 6-стаўповы абарончы храм зальнага тыпу з трыма гранёнымі апсідамі. Крыжова-цэнтрычная кампазіцыя завяршалася барочным купалам складанай канфігурацыі на 8-гранным светлавым барабане. Такія ж завяршэнні мелі 4 вуглавыя вежы. Фасады падзяляліся на 3 ярусы: ніжні цокальны, аздоблены цаглянай муроўкай з трэльяжным арнаментам; сярэдні, аддзелены ад ніжняга аркатурным поясам, меў стральчатыя аконныя праёмы і люкарны ў ліштвах, завершаны машыкульным фрызам; верхні ярус — 4-франтонны складанай формы з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі, аркатурай і інш. элементамі аздобы. Уваход быў вырашаны ў выглядзе прамавугольнага ў плане прытвора пад 2-схільным дахам, які меў байніцы і машыкулі. Цэнтр. неф быў значна шырэйшы за бакавыя. Нефы непасрэдна пераходзілі ў апсіды. У сярэдзіне 18 ст. інтэр’ер набыў ракайлевае дэкар. ўбранне: крывалінейныя ў плане хоры з ажурнай агароджай, сцены расчлянёны ляпнымі панэлямі і пілястрамі, арачныя праёмы аформлены трэльяжнай сеткай, ляпной арнаментыкай з S- і C-падобных завіткоў. Ракайлевую трактоўку набылі гал. і кулісныя алтары. У 1557 храм размаляваны фрэскамі (маст. «сербин Нектарий» і інш.), іканаграфія якіх набліжаецца да мастацтва Візантыі канца 14 — пач. 15 ст. з элементамі зах.-еўрапейскага. У 1944 ням.-фаш. захопнікі пры адступленні ўзарвалі царкву (захавалася часткова). Захаваліся рэшткі фрэсак (30 фрагментаў на слупах, якія рэстаўрыраваны ў 1964—66 і захоўваюцца ў Беластоцкім музеі). У 1999 адбудавана.

Літ.:

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1993 [рэпр. выд.: Мн., 1928];

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Рогов А.И. Фрески Супрасля // Древнерусское искусство: Монументальная живопись XI—XVII вв. М., 1980;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986.

А.​М.​Кулагін, Ю.​А.​Якімовіч, В.​В.​Церашчатава.

Супрасльская царква-крэпасць. З малюнка В.​Гразнова. 2-я пал. 19 ст.

т. 15, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЭ́НА (лац. scaena ад грэч. skēnē палатка, шацёр, тэатр. падмосткі),

1) месца тэатр. дзеяння; адна з асн. частак тэатр. будынка. Сучасны тып С. склаўся ў выніку эвалюцыі, абумоўленай развіццём тэатр. мастацтва і прынцыпаў дэкарацыйнага афармлення спектакля.

Еўрап. С. ўзнікла як архестра стараж.-грэч. т-ра (круглая пляцоўка для выступлення акцёраў і хору). У эпоху элінізму месцам выступлення служыў праскеній, у стараж.-рымскім т-ры — прасцэніум. У сярэднія вякі паявіліся С. з сімультанным прынцыпам дэкарацыі — адначасова ставіліся ўсе дэкарацыі, неабходныя па ходу дзеяння. У 17 ст. ў Англіі склаўся тып т.зв. шэкспіраўскай С.: памост, падняты на вышыню чалавечага росту і падзелены дзвюма калонамі на гал. і сярэднюю С., за якімі была ўнутр. С., над ёй — верхняя. У пач. 16 ст. ў Італіі з’явіўся новы тып С., якая мела глыбінны планшэт з перспектыўнымі дэкарацыямі. Далейшая эвалюцыя ішла па шляху ўдасканалення С.-каробкі: кулісная сістэма абсталявання, кулісныя машыны, павільённыя дэкарацыі, гідраўлічныя пад’ёмнікі, паваротны круг, плунжэры (механізаваныя пад’ёмныя часткі планаў С.) у спалучэнні з накатнымі пляцоўкамі (фуркамі).

Класічны тып сучаснай С. — замкнёная каробка, злучаная з глядзельнай залай партальнай адтулінай, т.зв. люстэркам С. Сцэн. каробка падзяляецца на 3 часткі: ніжнюю — 1—2 і больш паверхаў падсцэнных памяшканняў-трумаў; сярэднюю, на якой адбываецца тэатр. дзеянне; верхнюю, абмежаваную столлю-каласніком. Вышэй знаходзіцца каласніковая прастора, па баках — кішэні — памяшканні для манціроўкі складаных аб’ёмных дэкарацый. Па бакавых частках верхняй С. размяшчаюцца вузкія, у некалькі ярусаў рабочыя галерэі з механізмамі і інш.

На Беларусі класічны тып С. склаўся ў 17—18 ст. у школьным т-ры. У 2-й пал. 18 ст. адна з самых вялікіх і добра абсталяваных С. была ў Слуцкім т-ры Радзівіла, Слонімскім т-ры Агінскага. Развітую сцэн. частку класічнага тыпу маюць сучасныя будынкі т-раў імя Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Горкага, Бел. дзярж. муз. т-ра, абл. драм. т-раў у Магілёве, Гомелі, Гродне і інш. 2) Асобная частка дзеі, акта, п’есы, спектакля.

3) У шырокім сэнсе — тое, што тэатр.

Літ.:

Бархин Г.Б. Архитектура театра. М., 1947;

Извеков Н.П. Сцена. Т. 1—2. М.; Л., 1935—40.

А.​А.​Лабовіч.

План класічнай сцэны-каробкі.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЧЫ́Н,

горад, цэнтр Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. За 124 км на ПдЗ ад Віцебска, чыг. ст. на лініі Мінск—Масква, на аўтадарозе Мінск—Масква, вузел аўтадарог на Круглае, Чашнікі, Сянно. 10,6 тыс. ж. (2001).

Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як горад у ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. З сярэдзіны 16 ст. гандл. мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. Належала роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх), з канца 16 ст. Сапегам (імі заснаваны базыльянскія манастыр і царква, 1604), потым Сангушкам. У 1621 у Т. 314 дамоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, захаваліся 142 дамы. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка мястэчка ўвайшла ў склад Рас. імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Т. (да 1793 памежны пункт з мытняй), а заходняя. што знаходзілася за р. Друць — Зарэчны ці Новы Т. Стары Т. — цэнтр Стараталачынскай вол. Копыскага, з 1861 — Аршанскага пав. Новы Т. — цэнтр Зарэчна-Талачынскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У вайну 1812 Т. разбураны. У 1897 у мястэчку 2614 ж. У пач. 20 ст. ў Т. 3748 ж., 391 дом, у т. л. 6 цагляных пабудоў; працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны з-ды, шкляная гута, вадзяны млын, школа. 2 нар. вучылішчы, царква, касцёл. У 1917 у Т. 2181 ж., 355 гаспадарак. З 1920 Т. у складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Талачынскага р-на ў Аршанскай акр. БССР (да 1930), з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6100 ж., ільнозавод (67 рабочых), гарбарны, шпалапільны і інш. з-ды, ткацкая ф-ка. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. якія загубілі ў гар. пасёлку і раёне 9521 чал. З 22.7.1955 — горад.

Працуюць крухмальны, масларобчы з-ды, тэкст. ф-ка, элеватар, лясгас. У горадзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры, 4 б-кі; царква, касцёл. Брацкая магіла сав. войнаў, партызан. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (гл. Талачынская царква), Талачынскі манастыр базыльян (18 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (19 ст.).

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Талачынскага р-на. Мн., 1988;

Шнейдер А.А. Толочин. Мн., 1983;

Друцк старажытны. Мн., 2000;

Друцк і Барысаў: Да юбілеяў старажытных гарадоў. Мн., 2002.

Г.​І.​Дулеба, І.​П.​Хаўратовіч.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛСТО́Й Аляксей Мікалаевіч (10.1.1883, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 23.2.1945),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1939). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1901—07). У 1914—16 ваен. карэспандэнт газ. «Русские ведомости». У 1918—23 у эміграцыі. Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Лірыка» (1907). Цыкл апавяданняў «Заволжа» (1909—11), раманы «Дзівакі» (1911), «Кульгавы пан» (1912), п’еса «Галубка» (паст. 1916) пра жыццё маёнткавага дваранства. Вяршыні творчасці — трылогія «Блуканне па пакутах» (1920—41). Дзярж. прэмія СССР 1943, аднайм. фільм, серыі 1—3, 1957—59) — маст. летапіс шляхоў інтэлігенцыі ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны; раман «Пётр I» (кн. 1—3, не завершаны, 1929—45, Дзярж. прэмія СССР 1941, аднайм. фільм 1937—39), у ім раскрыў заканамернасці гіст. працэсу пятроўскай эпохі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства Мікіты» (1920), фантаст. раманаў «Аэліта» (1922—23), «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1925—27), сатыр. рамана «Ібікус» (1924), рамана-памфлета «Чорнае золата» («Эмігранты», 1931), п’ес «Змова імператрыцы» (1925, з П.​Шчогалевым; паводле п’есы Бел. тэлебачаннем паст. спектакль «Крах», 1966), «Азеф» (1926), драм. дылогіі «Іван Грозны» (1941—43, Дзярж. прэмія СССР 1946), аповесці-казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935, экранізавана), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў і інш. У 1917 Т. наведаў Беларусь як упаўнаважаны Усерас. саюза гарадоў на Зах. фронце. На бел. мову творы Т. перакладалі А.​Бачыла, У.​Ляўданскі, Я.​Пушча і інш. П’еса «Нараджэнне свету» паводле трылогіі «Блуканне па пакутах» (інсцэніроўка І.​Судакова) пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Коласа (1948), п’еса «Дзялок» — Гродзенскім абл. драм. т-рам (1958), Дзярж. рус. драм. т-рам (1992), п’еса «Прыгоды Бураціна» — Бел. рэсп. т-рам юнага гледача (1966), п’еса «Прыгоды Бураціна ў Краіне Дурняў» А.​Шапіры паводле Т. — Бел. дзярж. т-рам лялек (1991), п’еса «Касатка» — Нац. т-рам імя Я.​Коласа (1992), п’еса «Любоў — кніга залатая» — Мінскім абл. драм. т-рам (1993).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—15. М., 1946—53;

Бел. пер. — Жаўтухін. Мн., 1930;

Пётр Першы. Кн. 1. Мн., 1937;

Апавяданні Івана Сударава. Мн., 1946: Дзяцінства Мікіты, Мн., 1960;

Залаты ключык. або Прыгоды Бураціна. Мн., 1971.

Літ.:

Поляк Л.М. Алексей Толстой — художник. М., 1964;

Петелин В.В. Судьба художника: Жизнь, личность, творчество А.​Н.​Толстого. М., 1982;

Воспоминания об А.​Н.​Толстом. 2 изд. М., 1982;

Петелин В.В. Жизнь Алексея Толстого: «Красный Граф». М., 2001.

А.​Р.​Жакаў.

А.М.Талстой.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)