САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (СДПГ; ням. Sozialdemokratische Partei Deutschlands),
адна з вядучых паліт. партый (належыць да левага кірунку) у ФРГ. Засн. ў 1869 В.Лібкнехтам і А.Бебелем на кангрэсе ў г. Айзенах (адсюль неафіц. назва членаў партыі — айзенахцы) якС.-д. рабочая партыя; ідэалогія — марксізм. У 1875 на з’ездзе ў г. Гота аб’ядналася з ласальянскім (гл. ў арт. Ф.Ласаль) Усеагульным герм. рабочым саюзам у адзіную Сацыяліст. рабочую партыю; з 1890 наз. Германская с.-д. партыя. У 1878—90 праследавалася ўладамі Герм. імперыі паводле выключнага закону супраць сацыялістаў. З 1890 прадстаўлена ў парламенце. У 1890—1913 старшынёй партыі быў Бебель, з 1913 — Ф.Эберт. У канцы 19 — пач. 20 ст. перайшла на пазіцыі рэвізіянізму і рэфармізму. Гэтыя ідэі распрацоўвалі Э.Бернштэйн, К.Каўцкі і інш. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал. У 1917 з партыі вылучылася Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Удзельнічала ў Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Значна ўплывала на паліт. жыццё Веймарскай рэспублікі, сярод прэзідэнтаў якой ад партыі быў Эберт (1919—25), а канцлерамі — Г.Баўэр (1919—20), Б.Мюлер (1920, 1928—30). У 1933—45 забаронена нацыстамі; частка членаў партыі зняволена або загінула ў канцлагерах, іншая ч. дзейнічала ў эміграцыі (у 1933—37 у Празе, з 1938 у Парыжы, у 1940—45 у Лондане). Пасля 2-й сусв. вайны адноўлена пад сучаснай назвай (у зах.акупац. зонах Германіі пад старшынствам К.Шумахера), у сав.акупац. зоне ў 1946 на базе мясц.с.-д. арг-цый утворана Сацыялістычная адзіная партыя Германіі. У ФРГ (з 1990 аб’яднанай) у 1949—66 і 1982—98 апазіц. партыя, у 1966—82 утварала кааліцыйныя ўрады на чале з В.Брантам (1969—74) і Г.Шмітам (1974—82). Прынятыя ў 1959 і 1989 парт. праграмы (Бад-Годэсбергская і Берлінская) аформілі яе канцэпцыю дэмакр. сацыялізму. У кастр. 1998 урад ФРГ узначаліў сацыял-дэмакрат Г.Шродэр (з крас. 1999 старшыня партыі). Прэзідэнтам ФРГ ад партыі стаў у ліп. 1999 І.Рау. Друкаваны орган — час. «Neúe Gesellschaft» («Новае грамадства»). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.
Літ.:
Миллер С., Поттхоф Х. Краткая история СДПГ, 1848—1990: Пер. с нем. М., 1990;
Брандт В. Демократический социализм: Ст. и речи: Пер. с нем. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя ў межах якой-н. дзяржавы, дзе ўстанаўліваюцца пэўныя льготныя ўмовы (прэферэнцыі) гасп. і прадпрымальніцкай дзейнасці мытнага, валютнага, падатковага, візавага характару. Задачы С.э.з.: стымуляванне ў зоне дзейнасці, звязанай з апрацоўкай тавараў, што павялічвае іх вартасць, рост экспарту; прыцягненне замежных інвестыцый і новых тэхналогій; стварэнне ўмоў для выхаду нац. кампаній і фірм на знешнія рынкі; паскарэнне эканам. развіцця краіны. Іх вырашэнне дасягаецца праз стварэнне за кошт дзярж. інвестыцый вытв. інфраструктуры, адмены мытных пошлін і падаткаабкладання экспарту, вызвалення або змяншэння падаткаў на даходы прадпрыемстваў і фірм зоны, ільготнага перамяшчэння даходаў замежных інвестараў за межы краіны, надання права набыцця ўчасткаў зямлі на тэр. зоны па льготных стаўках, ільготнага крэдытавання для будаўніцтва вытв. пабудоў і інш. Больш як 40-гадовая сусв. практыка сведчыць, што ў сваім развіцці С.э.з. праходзяць 3 асн. этапы. На першым ствараецца вытв. і абслуговая інфраструктура, аддаецца перавага прадпрыемствам, якія забяспечваюць хуткае абарачэнне капіталу ў гандлі, сельскай гаспадарцы, сферы паслуг. Другі этап характарызуецца ростам прамысл. прадпрыемстваў у спалучэнні са знешнім гандлем. На наступным этапе ажыццяўляецца пераход ад працаёмкіх працэсаў вытв-сці да перавагі тэхналогій перадавых галін.
Найб. пашырэнне атрымалі экспартна-вытворчыя і імпартна-вытворчыя С.э.з., бязмытныя зоны або зоны свабоднага гандлю (парты, аэрапорты), спецыялізаваныя зоны навук.-тэхн. развіцця, зоны страхавых і банкаўскіх паслуг. У свеце дзейнічае каля 480 С.э.з. рознай спецыялізацыі.
На Беларусі С.э.з. ствараюцца з 1990-х г. Іх дзейнасць рэгулюецца заканадаўствам. Нарматыўна-прававая база закладзена ў 1996 Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб свабодных эканам. зонах на тэр. рэспублікі. На 1.1.2001 на Беларусі функцыянуюць 4 С.э.з.: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», зарэгістравана 169 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў. Фактычна працуюць 144 прадпрыемствы-рэзідэнты (85,2%), з іх 50% знаходзіцца ў Брэсцкай зоне, большасць рабочых месц (52,6%) прыпадае на Гомельскую зону. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2000 на ўсе зоны склалі 6896,7 млн.руб.Асн. галіны вытв-сці ў бел. С.э.з. — прадпрыемствы электратэхн., лясной, дрэваапр. і цэлюлознапапяровай, харч. прам-сці. Аб’ём прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі-рэзідэнтамі ўсіх зон, склаў менш за 1% ад агульнай па рэспубліцы. Гэта сведчыць, што С.э.з. істотнага ўплыву на эканоміку краіны пакуль што не робяць.
Літ.:
Данько Т.П., Окрут З.М. Свободные экономические зоны в мировом хозяйстве. М., 1998;
Абрамчук С.Н. Свободные экономические зоны в Республике Беларусь: пробл. и перспективы развития. Брест, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ДКІ ІЕГО́ВЫ, іегавісты,
адна з позніх плыняў пратэстантызму. Засн. ў ЗША Ч.Т.Раселам, які ў 1870 арганізаваў групу па вывучэнні Бібліі (адсюль назва «С.І.» — даследчыкі Свяшчэннага Пісання). З 1931 афіц. назва С.І.; іх дзейнасць зафіксавана ў 232 краінах (больш за 5 млн.чал.). Сусв. цэнтр у Брукліне (раён Нью-Йорка). У веравучэнні С.І. запазычаны некат. дактрыны адвентыстаў 7-га дня (спачатку Расел быў адвентыстам). Некат. даследчыкі лічаць, што папярэдніцай С.І. была рас. секта іегавістаў М.С.Ільіна (1809—90; вучыўся ў школе пры Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе пазнаёміўся з зах. тэалогіяй). Для С.І. характэрны спецыфічны падыход да традыц. хрысціянскай дагматыкі: адмаўленне бессмяротнасці душы і веры ў існаванне раю і пекла, своеасаблівая трактоўка Тройцы. Крыніцай усяго жывога і існага, усемагутным і адвечным творцам лічаць Бога Іегову, а Ісуса Хрыста — яго адзінародным сынам, створаным непасрэдна Іеговай. Гісторыю грамадства яны разглядаюць як барацьбу паміж Іеговай і Сатаной, якая павінна завяршыцца бітвай — Армагедонам. Праведнікі — С.І. (144 тыс. выбраннікаў) знойдуць вечнае жыццё ў тэакратычнай дзяржаве Іеговы — раі на Зямлі, астатнія загінуць у бітве. У С.І. няма царк. іерархіі, кожны вернік можа быць прапаведнікам. Афіц.рэліг. свята адно — святкаванне штогод Вечарыны ўспамінаў аб смерці Ісуса Хрыста, на якой адбываецца прычашчэнне хлебам і віном. Словы Ісуса пра тое, што яго вучні павінны быць «не гэтага свету», трактуецца С.І. літаральна, што вядзе да іх самаізаляцыі ў грамадскім жыцці і нярэдка да канфлікту з уладамі з-за адмовы служыць у арміі, удзельнічаць у выбарах і інш. С.І. вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць. На Беларусі першае т-ва даследчыкаў Свяшчэннага Пісання зафіксавана ў 1925 у Брэсцкім пав. Паводле афіц. звестак польскіх улад, у 1929 у Палескім ваяв. былі 2 групы іегавістаў (87 чал.). У Зах. Беларусі распаўсюджваліся іегавісцкія выданні: час. «Башня стражи» (пазней «Сторожевая башня»), кнігі іх тагачаснага кіраўніцтва І.Ф.Рутэрфорда «Арфа Божая», «Ці могуць жывыя гаварыць з памерлымі?», «Пажаданы ўрад», «Фотадрама тварэння» і інш. У сав. час дзейнасць іегавісцкіх груп і абшчын была забаронена, з 1990-х г. легалізавана. На Беларусі існуе Рэсп. аб’яднанне С.І. (2000), якое складаецца з 21 абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТАПО́ГЛЯД,
сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і інш. людзей, а таксама асн. жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Носьбітамі С. з’яўляюцца асобы і сац. супольнасці. Інфармацыйны бок С. складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем С. і сведчаць пра сталасць С. асобы ці сац. супольнасці. У структуру С. ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню. Ад характару С. залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сац.-паліт., прававой, маральнай, рэліг., філас., навукова-тэарэтычнай. Змест С. залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек аддае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навук. і ненавук., атэістычны і рэліг., прагрэсіўны і рэакцыйны С., якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да інш. людзей, побыт, густы, інтарэсы. Сярод тыпаў С. вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна -не аформленых традыц. уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэліг., філас., навукова-тэарэт. С., што дамінуюць на пэўных гіст. этапах. Міфалагічны С. характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл.Міфалогія). Рэлігійны С. звязаны з верай у звышнатуральны сусв. пачатак (гл.Рэлігія). С. новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэліг., філас. і навукова-тэарэт. тыпаў. Філасофскі С. тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэт. аснова С. — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтр. праблема С. — суадносіны свету і чалавека — разглядаюцца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны С. узаемадзейнічае з філас. С., абагульняе прыродазнаўчыя, тэхн., сац.-эканам. і культ.-гіст. веды і стварае адзіную навук. карціну свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНЯ́КА Юрый Уладзіміравіч (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел.нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар.арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар.арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела і «Залаты медаль» І.Шамякіна, паст. ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.Шалахава, паст. ў Дзярж.рус.драм. т-ры імя М.Горкага, «Мурын бор» І.Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл.драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел.нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Літ.:
Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАНІМІ́Я (ад грэч. synonymia аднайменнасць),
поўнае ці частковае супадзенне значэнняў моўных адзінак. Сінанімічнымі могуць быць словы, фразеалагізмы, марфемы, словаўтваральныя мадэлі, сінтаксічныя канструкцыі. Лексічныя сінонімы — словы і выразы, што аб’ядноўваюцца ў групы (сінанімічныя рады) на аснове блізкасці значэння. Сярод іх вылучаюць сінонімы семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя, абсалютныя. У сучаснай бел.літ. мове найб. семантыка-стылістычных сінонімаў, абсалютныя сінонімы адзінкавыя. Семантычныя сінонімы (звычайна нейтральныя словы і выразы) ажыццяўляюць камунікатыўную функцыю мовы, што выяўляецца ў дыферэнцыяцыі адценняў значэння, дэталізацыі, выдзяленні і актуалізацыі паняцця («Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое...». І.Навуменка). Стылістычныя сінонімы ажыццяўляюць эстэт. функцыю мовы, што выражаецца ў эмацыянальна-экспрэсіўнай характарыстыцы слова, выразу («І якраз у той момант, калі я зразумеў, што тут, пэўна, давядзецца і начаваць, калі ўжо такім далёкім і недасягальным здаўся мне цягнік, якім сёння ноччу я думаў ехаць, пачуўся далёкі прыглушаны бас машыны». Я.Сіпакоў). Семантыка-стылістычныя сінонімы адрозніваюцца адначасова сэнсам і стылістычнай афарбоўкай («Не раз я за мурам астрожным па родных гонях сумаваў Адны любяць пад песню схіліць галаву, зажурыцца, як неба ўвосень. Ну, засні, і не варта тужыць. Вось ты тут сохнеш за астрожным мурам». М.Танк). Абсалютныя сінонімы — тэрміналагічныя словы-дублеты, якія адрозніваюцца толькі паходжаннем (бел. «назыўны», «правапіс» і запазычаныя «намінатыўны», «арфаграфія»), Кантэкстуальныя (сітуацыйныя, аўтарскія, аказіянальныя) сінонімы — словы і выразы, якія суадносяцца з пэўным агульным аб’ектам рэчаіснасці (рэаліяй) толькі ў адпаведным кантэксце, выражаюць адно паняцце метафарычна-вобразна і ўтвараюць семантыка-стылістычную групу, блізкую да сінанімічнага рада («А сын жа мой яшчэ малы. Зусім яшчэ маладзенькі мой Данілка. Ён жа яшчэ не поўня, а паўмесячык. Маладзічок». А.Бялевіч) Марфалагічныя сінонімы — сінанімічныя формы слоў («жыццядайнай сілы — жыццядайнае сілы», «самы дарагі — найдаражэйшы»), Сінтаксічныя сінонімы — канструкцыі, аднародныя са структурна-сэнсавага і функцыянальнага пункту погляду, але адметныя семантычнымі адценнямі (у межах агульнага іх значэння) і стылістычнай афарбоўкай («пайсці да рэчкі — пайсці пад рэчку, пайсці ў бок рэчкі, пайсці ў напрамку рэчкі»). Развітасць сінанімікі (сукупнасці сінонімаў у мове) — паказчык дакладнасці, вобразнасці, багацця мовы.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Яўневіч М.С. Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1977;
Беларуская мова. Мн., 1991;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ Раман Аляксандравіч (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусіяк міжнац. блока польскай, літ. і бел.парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ. земства, з 1914 чл. Мінскага губ.к-таУсерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.
Літ.:
Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;
Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт.біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТЫ,
шляхецкі род уласнага герба (з 19 ст. герба «Дуб») у ВКЛ і Рас. імперыі. Выводзілі сябе ад легендарнага летапіснага кн. Скірмунта. Верагодна, паходзілі з Упіцкага пав. Пачынальнік пінскай лініі роду Богуш С. у 1543 быў падстаростам давыд-гарадоцкім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (? — да сак. 1746), пінскі абозны, скарбнік з 1720, гараднічы з 1726. Аляксандр (? — да чэрв. 1801), сын Баніфація, пінскі каморнік гранічны з 1779, мастаўнічы з 1793, харунжы. Каспар Вінцэнт (4.1.1775—?), сын Аляксандра, пінскі падсудак у 1799—1805, падкаморы ў 1820—26. Сымон (1751—?), сын Ігнація, пінскі мастаўнічы з 1776, мечнік з 1790, падчашы з 1793, маршалак брэсцкі ў 1799, дэп. Трыбунала ВКЛ (1776), з 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Адам (? — да студз. 1820), сын Міхала, пінскі канюшы з 1765, суддзя земскі з 1790, падкаморы з 1811, пасол на соймы 1773—75 і 1793, з 1794 чл. Пастаяннай рады. Аляксандр Ізідар [1(21?).1.1799, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 22.7.1870], сын Сымона, маршалак пінскі ў 1832—34, камергер (1834). У 1830 заснаваў цукр. ф-ку ў Моладаве, у 1836 — суконную і цукровую ф-кі ў Парэччы, свечачную і мылаварную ф-ку ў Альбрэхтаве, ф-ку с.-г. прылад у Дастоеве, паравы млын у Пінску. Займаўся вінаградарствам у Крыме і Італіі. Алена (1827—74), гл.Скірмунт А. Канстанцыя (1852, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.1.1934), дачка Казіміра і Алены С., публіцыстка, гісторык. Аўтар кн. «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытнейшых часоў літоўскага племені» (1892), «Паданні: Даміндоўгавы часы. Гісторыя старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909). Належала да краёўцаў, як публіцыст выступала ў час.«Край», газ. «Przegląd Wileríski» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник». Канстанцін (30.8.1866, в. Моладава — 24.7.1949), сын Генрыка, дыпламат. Адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). У 1909—17 чл.Дзярж. Савета. У 1919—21 польскі пасол у Італіі, у 1921—22 міністр замежных спраў, у 1922—34 пасол у Вялікабрытаніі. Аўтар мемуараў. Генрык (1868, в. Моладава — 20.9.1939), сын Генрыка, паэт (пісаў на польск. мове), кампазітар. У 1898 выдаў зб. «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта», у 1903—12 — зб. «Паэзія» (т. 1—2). Аўтар оперы «Пан Валадыёўскі» (пастаўлена ў 1902 у Львове). З 1920 гаспадарыў у Моладаве. Расстраляны сав. ўладамі. Раман Мар’ян (1868—1939), гл.Скірмунт Р.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРГО́НЬ,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Оксна (левы прыток р. Вілія) і яе прытоку р. Гервятка. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Вільнюс, вузел аўтадарог на Маладзечна, Вільнюс, Крэва, Свір. За 260 км на ПнУ ад Гродна. 36,7 тыс.ж. (2001).
Вядома з 15 ст. ў ВКЛяк прыватнае мястэчка Зяновічаў, з 1-й пал. 17 ст. — Радзівілаў, Пшаздзецкіх. Мела таксама назвы Смургоні, у 19 ст. — Смаргоні. Каля 1590 у С. засн. папяровая мануфактура, школа, шпіталь. У 1622 у С. 139, у 1640—155 домаўласнікаў, 20% жыхароў займаліся рамяством. У 17 ст. Радзівілы заснавалі тут школу дрэсіроўкі мядзведзяў — «Смаргонскую акадэмію». У 1788 у С. 3 фальваркі, 393 двары. 3 бровары, 3 млыны, 2 прадпрыемствы па выпуску буд. матэрыялаў, гарбарня. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Віленскай губ. (з 2-й пал. 19 ст. цэнтр воласці). У вайну 1812 пры адступленні франц. войск у С. спыняўся імператар Напалеон, тут ён перадаў камандаванне арміяй маршалу І.Мюрату. У 19 ст. — пач. 20 ст. С. — цэнтр гарбарнай і швейнай прам-сці Беларусі. Развіццю мястэчка спрыяла буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897—7,5 тыс.ж., у 1900—10,2 тыс.ж., пошта, 2 вучылішчы, 2 багадзельні, 2 бальніцы, 2 царквы, касцёл, 2 сінагогі; з-ды: 44 гарбарныя, 2 вінакурныя, 2 махорачна-тытунёвыя, мылаварны, 2 піваварні; 75 крам, штотыднёвыя кірмашы. У 1-ю сусв. вайну у 1915—18 праз С. праходзіла лінія фронту, мястэчка разбурана. У 1920—22 у складзе Сярэдняй Літвы. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр Смаргонскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 3896 чал. У 1970—10,1 тыс. ж.
Працуюць Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання, Смаргонскі завод сухога абястлушчанага малака, прадпрыемства «Смаргоньсілікатабетон», з-ды агрэгатны, камбікормавы, ліцейна-мех., ільнозавод; 7 сярэдніх школ, у т. л. школа-інтэрнат, 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, Дом творчасці дзяцей і моладзі, Дом культуры, Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік вызваліцелям. Помнікі архітэктуры: Смаргонскі кальвінскі збор, капліца.
Літ.:
Ковкель И.И., Мараш И.Я. Сморгонь: Ист.-экон. очерк. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,
зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст.дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст.храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.
Літ.:
Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;
Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;
гл. таксама пры арт. пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.