фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на З — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км². Выш. 155—175 м.
Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.
Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн.р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ ДУХО́ЎНАЙ СЕМІНА́РЫІ БУДЫ́НКІ,
архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.Каніскім, пры ім распачата буд-ваасн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ.арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.
В.Ф.Марозаў, І.М.Слюнькова.
Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,
астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв.пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.
У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п. лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.
Літ.:
Малые планеты. М., 1973;
Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.
А.М.Коратцаў.
Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.
Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.
Літ.:
Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;
Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,
паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн.ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Прывял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕРХО́ЛЬД (Усевалад Эмілевіч) (9.2.1874, г. Пенза, Расія — 2.2.1940),
расійскі рэжысёр і акцёр; рэфарматар сцэнічнага мастацтва. Нар.арт. Рэспублікі (1923). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (клас У.Неміровіча-Данчанкі). З 1898 акцёр МХТ. З 1902 рэжысёр т-раў у правінцыі. З 1905 працаваў у Студыі на Паварской (Масква), арганізаванай К.Станіслаўскім. У 1906—07 гал. рэжысёр Т-ра В.Камісаржэўскай (Пецярбург), сцвярджаў прынцыпы «ўмоўнага тэатра» («Сястра Беатрыса» М.Метэрлінка, «Жыццё чалавека» Л.Андрэева, «Балаганчык» А.Блока). З 1908 у Александрынскім і Марыінскім т-рах; імкнуўся спалучыць трагічны гратэск з прыёмамі ігры нар. акцёраў на плошчы (пляцавага мастацтва), стварыць яркія, дынамічныя відовішчы («Маскарад» М.Лермантава, 1917). Пасля 1917 узначаліў рух «Тэатральны Кастрычнік», вылучыў праграму эстэт. каштоўнасцей, паліт. актывізацыі т-ра («Містэрыя-буф» У.Маякоўскага, 1918, 1921). У 1920—38 кіраваў т-рам у Маскве (гл.Меерхольда тэатр) і школай пры ім; распрацаваў біямеханіку — методыку акцёрскага трэнажу. Яго пастаноўкі («Рэвізор» М.Гогаля, 1926; «Клоп» Маякоўскага, 1929; «Апошні, рашаючы» У.Вішнеўскага, 1931; «Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына, 1934) вызначаліся публіцыстычнасцю, яркімі і тэхнічна дасканалымі акцёрскімі работамі, высокай пастановачнай культурай, пластычнасцю, відовішчнасцю, абагульнена вобразнай метафарычнасцю і гіпербалічнасцю. У 1939 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
У 1908 у Мінску выступала трупа пад кіраўніцтвам яго і Р.Унгерна («Балаганчык» Блока), у 1936 яго т-р ]«Лес» А.Астроўскага, «Гора розуму» паводле «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь» і «Юбілей» А.Чэхава)]. Творчасць М. аказала значны ўплыў на развіццё рас. і сусв.тэатр. мастацтва. На Беларусі яго ўздзеянне найб. відавочна ў творчасці рэжысёраў Л.Літвінава, Н.Лойтара, В.Пацехіна.
Тв.:
Статьи, письма, речи, беседы. Т. 1—2. М., 1968.
Літ.:
Волков Н. Мейерхольд. Т. 1—2. М.; Л., 1929;
Встречи с Мейерхольдом: Сб. воспоминаний. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАЗНА́ЎСТВА,
навука пра састаў, будову і ўласцівасці металаў і сплаваў, пра іх залежнасць (заканамернасці змен) ад вонкавых уздзеянняў (цеплавых, мех., хім. і інш.). Асн. практычная задача М. — пошук аптымальных саставаў і метадаў апрацоўкі сплаваў для атрымання патрэбных (зададзеных) уласцівасцей. М. ўмоўна падзяляюць на тэарэтычнае, якое разглядае агульныя заканамернасці будовы і працэсаў, што адбываюцца ў металах і сплавах пры розных уздзеяннях, і прыкладное, якое вывучае тэхнал. працэсы апрацоўкі (тэрмічная апрацоўка, ліццё, апрацоўка металаў ціскам), а таксама канкрэтныя класы метал. матэрыялаў. Састаўной ч. М. з’яўляецца металаграфія.
М. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Яго заснавальнікамі лічацца Дз.К.Чарноў і П.П.Аносаў. Развіццю М. спрыяла адкрыццё ў 1869 перыядычнага закону Дз.І.Мендзялеева, што дазваляе прадбачыць уласцівасці як чыстых металаў, так і сплаваў. Станаўленню М. спрыялі працы Ф.Асмонда і А.Партэвена (Францыя), Г.Тамана (Германія), У.Робертс-Аўстэна (Вялікабрытанія) Г.Хоу (ЗША) і інш. Значны ўклад у развіццё М. зрабілі рас. вучоныя Г.В.Курдзюмаў, А.А.Бочвар, А.А.Байкоў і інш.
На Беларусі работы ў галіне М. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхнал. ін-це Нац.АН, БПА, інш.ВНУ і галіновых НДІ. Распрацоўваюцца пытанні павышэння якасці металапрадукцыі, удасканалення тэхналогіі яе апрацоўкі, укаранення новых спосабаў уздзеяння на структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў, стварэння новых матэрыялаў і інш. Важкі ўклад у развіццё М. зрабілі працы бел. вучоных Г.А.Анісовіча, С.А.Астапчыка, С.І.Губкіна, К.В.Горава, Я.Р.Канавалава, В.П.Севярдэнкі, А.В.Сцепаненкі, В.М.Чачына і інш.
Літ.:
Бочвар А.А. Металловедение. 5 изд. М., 1956;
Болховитинов Н.Ф. Металловедение и термическая обработка. 6 изд. М., 1965;
Структура и свойства металлов и сплавов. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ СТАНО́К,
машына для размернай апрацоўкі рэзаннем (у асн. зняццем стружкі) пераважна метал. загатовак. Бываюць універсальныя (для выканання розных аперацый на дэталях многіх найменняў), шырокага прызначэння (для выканання пэўных аперацый на дэталях многіх найменняў), спецыялізаваныя (для апрацоўкі дэталей аднаго наймення, але розных памераў), спецыяльныя (для выканання асобных аперацый пры вырабе адной дэталі).
У залежнасці ад мэтавага прызначэння, выканання адпаведных тэхнал. аперацый і металарэзнага інструменту адрозніваюць: такарныя, свідравальныя, расточныя, шліфавальныя, паліравальныя, даводачныя, заточныя, зубаапрацоўчыя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, стругальныя, даўбёжныя, працяжныя станкі (гл. адпаведныя арт.), а таксама разразныя, для фіз.-хім. апрацоўкі, балансіровачныя, мнагамэтавыя (апрацоўчыя цэнтры), агрэгатныя станкі. Паводле ступені аўтаматызацыі адрозніваюць М.с. з ручным кіраваннем, паўаўтаматычныя (апрацоўка адной дэталі ў аўтам. рэжыме), аўтаматычныя (апрацоўка і змена дэталей у аўтам. рэжыме). Паводле дасягальнай дакладнасці апрацоўкі адрозніваюць М.с. класаў дакладнасці: Н (нармальнага), П (павышанага), В (высокага), А (асабліва высокага), С (майстар-станкі з хібнасцю апрацоўкі 1 мкм), Т (з хібнасцю 0,3 мкм), К (з хібнасцю 0,1 мкм). Тэхн ўзровень станкоў характарызуецца паказчыкамі прызначэння, надзейнасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў і электраэнергіі, тэхналагічнасці, стандартызацыі і уніфікацыі. эрганамічнасці і патэнтна-прававымі.
На Беларусі розныя тыпы М.с. выпускаюць прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Пра развіццё вытв-сці М.с. на Беларусі гл. ў арт.Станкабудаванне.
Літ.:
Чернов Н.Н. Металлорежущие станки. 4 изд. М., 1987;
Кочергин АИ., Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991;
Станочное оборудование автоматизированного производства. Т. 2. М., 1994;
Проектирование металлорежущих станков и станочных систем: В 3 т.Т. 1—2. М., 1994—95.
А.І.Качаргін.
Металарэзны станок: а — асноўныя вузлы (зборачныя адзінкі; 1 — базавыя дэталі, 2 — галоўны прывод, 3 — прыводы падачы і пазіцыяніравання); б — структурная схема (Iу — уваходная інфармацыя ў выглядзе чарцяжа, кіроўнай праграмы і інш.; Iв — выхадная інфармацыя пра памеры апрацаванай дэталі; 3 — загатоўкі; Д — дэталі; Е — энергія; 1—4 — падсістэмы кіравання, кантролю, маніпуліравання загатоўкамі і рэзальнымі інструментамі, апрацоўкі).