горад абл. падпарадкавання, цэнтр Мазырскага р-на Гомельскай вобл.За 133 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. станцыі на лініі Калінкавічы—Оўруч, на аўтадарозе Бабруйск—Оўруч. Найб. на Беларусі порт на Прыпяці. Аэрапорт. 109,2 тыс.ж. (1998).
Мяркуецца, што слав. паселішча, ад якога бярэ пачатак М., узнікла ў 8 ст. У летапісах М. упершыню згадваецца пад 1155. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. 28.1.1577 кароль Стафан Баторый выдаў М. прывілей на магдэбургскае права (пацверджаны ў 1630 і 1670). Горад атрымаў герб: чорны арол, на яго грудзях змешчаны малы шчыт з гербам «Тромбы», пазней на малым шчыце літара S — манаграма Стафана Баторыя. У М. адбыліся Мазырскае паўстанне 1615 і Мазырскае паўстанне 1649. З 1793 М. у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскай губ., каля 2 тыс.ж. У 1796 атрымаў новы герб: у верхняй частцы ў залатым полі рас. двухгаловы арол з гербам Мінска на грудзях, у ніжняй — у блакітным полі чорны арол. У сярэдзіне 19 ст. ў М. каля 6,5 тыс.ж., у 1878—7834 чал., 3 царквы, касцёл, сінагога. У 1879 заснавана тэлеграфная станцыя, у 1885 — запалкавая ф-ка «Маланка». У 1897—8067 ж. У 1901—02 створаны Мазырскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, пасля — Мазырская арг-цыяРСДРП У час Кастр.Усерас.паліт. стачкі 1905 існавала т.зв Мазырская «рэспубліка». Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў М. 11,4 тыс.ж., 1210 жылых будынкаў, 3 ф-кі, 16 майстэрняў, 5 навуч. устаноў, земская бальніца, метэастанцыя, друкарня, 2 кнігарні. З 1924 цэнтр Мазырскага раёна (у 1926—27 горад у Слабадскім р-не), у 1924—30 і 1935—38 цэнтр Мазырскай акругі, у 1938—54 — Палескай вобласці. З 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939—17,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 22.8.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі ў горадзе лагер смерці, загубілі 4,7 тыс.ж., больш за 1 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію. Дзейнічала Мазырскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 14.1.1944 воінамі 61-й арміі ў ходзе Мазырска-Калінкавіцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1970—48,8 тыс. жыхароў.
Цэнтр нафтаперапр. прам-сці (Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод). Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Мазырскі кабельны завод), дрэваапр. (Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка), лёгкай (ф-кі трыкатажная, швейная і маст. вырабаў), харч. (Мазырскі солевыварны камбінат, малочны з-д, хлебазавод, піўзавод і інш.) прам-сці. Мазырскі завод кармавых дражджэй. Дзейнічаюць Мазырскі педагагічны інстытут, Мазырскі політэхнічны тэхнікум, музычнае вучылішча, Мазырскі краязнаўчы музей, Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан; брацкая магіла падпольшчыкаў, помнікі В.З.Харужай, сав. лётчыкам. Каля М. помнікі археалогіі — паселішчы эпохі неаліту, гарадзішча і селішча ранняга сярэдневякоўя.
У пач. 16 ст. горад складаўся з 3 частак: цэнтр. (умацаванай астрогам), пасада (не ўмацаваны) і гандл. плошчы-рынку. Каля 1543 на месцы замка 14 ст. пабудаваны драўляны Мазырскі замак, які злучаўся згандл. плошчай мостам на палях. У цэнтр.ч. горада перад замкам была Мікалаеўская царква. У 16—19 ст. М. развіваўся вакол умацаванага цэнтра ўздоўж правага берага р. Прыпяць. Яго радыяльна-кальцавую планіроўку вызначалі 3 асн. восі: уздоўж Прыпяці (зПдУ на ПнЗ); ад гандл. плошчы на ПдЗ, да дарогі на г. Петрыкаў; зпаўд.-ўсх.ч. горада да дарогі на г. Оўруч. На гандл. плошчы былі: ратуша, 3 корпусы гандл. радоў, царква. У 1616 закладзены касцёл Ушэсця Маці Божай (адбудаваны пасля пажару 1757, не захаваўся). У 1648 засн.Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі манастыр і драўляная царква Параскевы Пятніцы. У 1744 ва ўрочышчы Кімбараўка засн. 2 кляштары ордэна цыстэрцыянцаў: мужчынскі (існаваў да 1864) і Мазырскі касцёл і кляштар цыстэрцыянак (гл. таксама Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары). У 1752 пабудаваны касцёл і кляштар марыявітак (існаваў да 1856). У канцы 17 ст. ў М. дзейнічалі 5 драўляных цэркваў: Саборная архангела Міхаіла, св. Міколы, Раства Багародзіцы, Праабражэння гасподняга (Спаская) і св. Параскевы Пятніцы; у 1861 засталіся драўляныя цэрквы Мікольская, Параскевы Пятніцы і мураваны Міхайлаўскі сабор; пастаўлены касцёл і кляштар марыявітак (не захаваліся). Росту горада ў 1880-я г. садзейнічала буд-ва Палескіх чыгунак. Арх.-планіровачная структура сучаснага М. абумоўлена складаным рэльефам (р. Прыпяць з высокім і стромкім правым берагам і нізкім плоскім левым, шматлікія яры з розніцай вышынных адзнак 25—30 м). Генпланы М распрацаваны ў 1939, 1953, 1966 (з карэкціроўкай у 1975 і 1976), 1981. Асн. масіў жылой забудовы гістарычна склаўся на правым беразе Прыпяці, на левым — рачны вакзал, вытв. зона і жылы раён. Асн. кампазіцыйныя восі горада — вуліцы Ленінская (галоўная, забудавана 2—5-павярховымі дамамі), Савецкая (забудавана 3—5-павярховымі дамамі, захавалася забудова канца 19 — пач. 20 ст.), 17 Верасня, Чапаева, Пралетарская. На скрыжаванні вуліц Ленінскай і Савецкай размешчана пл. Леніна — адм.-грамадскі і культ. цэнтр (захаваўся помнік грамадз. архітэктуры — Мазырскі клуб-тэатр). Новы грамадскі цэнтр фарміруецца на верхнім плато каля Оўруцкай шашы, тут развіваецца і жылая зона. У раёне Бабры створаны навучальны цэнтр: навуч. карпусы і інтэрнаты палітэхнікума і медвучылішча, ПТВ будаўнікоў і геолагаў. Жылая забудова пераважна 9-павярховая з высокімі дамінантамі (адна з іх — будынак Мазырскага пед. ін-та) на вышэйшых адзнаках рэльефу. На левым беразе Прыпяці — унікальны лесапарк. Прадугледжваецца функцыян. заніраванне тэрыторыі, далейшае развіццё новага грамадскага цэнтра, удасканаленне трансп. сеткі, стварэнне аб’язной дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ (Baden Wurttemberg),
зямля (адм. адзінка) на ПдЗФРГ. Пл. 35,7 тыс.км². 10,2 млн.чал. (1994). Адм. ц. — г.Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім.прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал.чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.
Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц.акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,
від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).
Бярэ пачатак у творчасці стараж.нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.
Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.Брэль, Ж.Беко, Ш.Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.Хіл, П.Сігер, В.Гатры, Дж.Баэз, Дз.Рыд (ЗША), В.Хара (Чылі). У б.СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.Акуджава і М.Анчараў (пачынальнікі), А.Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.Гарадніцкі, Н.Матвеева, Ю.Візбар, Ю.Кім, Я.Клячкін, Ю.Кукін, В.Доліна, А.Дольскі, С.Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.Валодзін, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў, А.Казанцава і інш.З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.Камоцкі і С.Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.Атаманаў, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш.З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам зсав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац.валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв.гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.
З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 20,7 тыс.чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.
Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 ммза год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс.га. Біял. заказнік Веткаўскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс.га, з іх асушана 16,6 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял.Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,
на У Віцебскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 47,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Віцебск, гар. пасёлкі Сураж і Янавічы, 386 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Акцябрскі, Бабініцкі, Варонаўскі, Вымнянскі, Задуброўскі, Замастоцкі, Запольскі, Заронаўскі, Курынскі, Лятчанскі, Мазалаўскі, Ноўкінскі, Тулаўскі, Шапечынскі.
Цэнтральную і ўсх. часткі раёна займае Віцебскае ўзвышша, на З частка Полацкай нізіны, на ПнУ — Суражская нізіна. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвышэйшы пункт 266,8 м (каля в. Хамутоўка). Карысныя выкапні: даламіты, торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мінер. вада. Сярэдняя т-растудз. -7,8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 ммза год. Вегетац. перыяд 184 сут. Рака Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Лужасянка, Шэвінка, Каспля, Віцьба, Лучоса. Найб. азёры Вымна, Заронава, Янавіцкае, Сосна, Скрыдлева, Гародна, Княжно, Кастаўе. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 43% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя. Біял. заказнікі Запольскі, Мошна, Чысцік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 124,6 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 20 калгасаў і 10 саўгасаў, акц.т-ва. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Птушкагадоўля. Ільнаводства. Пашыраны пасевы збожжавых. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (вытв-сць цэглы), паліўнай (торф), харч. прам-сці; вытв-сць біяпрэпаратаў. Віцебскі і Суражскі лясгасы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Полацк—Віцебск—Смаленск, Невель—Віцебск—Орша, шаша Лепель—Віцебск. У раёне 22 сярэднія, 6 базавых і 9 пач. школ, саўгас-тэхнікум, СПТВ № 176, 2 муз. школы, 33 дашкольныя ўстановы, 40 клубаў, 65 б-к, 9 бальніц, 32 фельч.-ак. пункты, 2 санаторыі, 3 санаторыі-прафілакторыі, дзіцячы санаторый «Лукі». Помнікі архітэктуры: паштовая станцыя (1843) у в. Бараўляны, земляробчая школа 2-й пал. 19 ст. і Пакроўская царква канца 19 ст. ў в. Лужасна. Выдаецца газ. «Жыццё Прыдзвіння».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,
на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 38 тыс.чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Воранава; г.п.Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.
Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 ммза год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс.га, з іх асушана 23,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.
Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НЫ (ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),
біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл.Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.
Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.
У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.