навука пра расліннае покрыва Зямлі, яго структурныя элементы — раслінныя згуртаванні (фітацэнозы); раздзел батанікі. Вывучае заканамернасці фарміравання, склад, будову, развіццё і класіфікацыю раслінных згуртаванняў, іх уплыў на асяроддзе. Развіваецца ў цеснай сувязі з комплексам геагр. навук, з экалогіяй раслін, лугазнаўствам, лесазнаўствам, аграмеліярацыяй. Асн. задача геабатанікі: ацэнка магчымасцей павелічэння прадукцыйнасці розных формаў расліннага покрыва і стварэнне штучных фітацэнозаў (лесааднаўленне, стварэнне пашы і лугоў шматгадовага карыстання і інш.). Геабат. звесткі шырока выкарыстоўваюцца ў раянаванні і пры распрацоўцы праектаў рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі, аховы прыроды і генафонду расліннага свету.
Як самаст. навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Тэрмін увёў ням. вучоны А.Грызебах у 1866. У Расіі ў 1880-я г. пад геабатанікай разумелі пераважна вучэнне пра сувязь расліннасці з глебамі. Вял. ўклад у развіццё геабатанікі зрабілі рус. вучоныя А.М.Красноў, Дз.І.Літвінаў, Л.Р.Раменскі, А.П.Шэннікаў, У.М.Сукачоў, В.Б.Сачава, Я.М.Лаўрэнка, Т А.Работнаў і інш.
На Беларусі геабат. работы праводзіліся з канца 19 — пач. 20 ст. (І.К.Пачоскі, У.С.Дактуроўскі, Н.К.Генко, Г.І.Танфільеў). У 1920—30-я г. даследаванні вяліся ў Ін-це бел. культуры, потым у АНБССР, Ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (У.У.Адамаў, М.А.Збіткоўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская, М.А.Прахін і інш.). Планамернае развіццё геабатанікі пачалося з арганізацыяй у 1956 у Ін-це эксперым. батанікі АНБССР лабараторыі геабатанікі пад кіраўніцтвам І.Д.Юркевіча. Асн. кірункі геабат. даследаванняў: класіфікацыя і картаграфаванне расліннасці, вылучэнне ўздзеяння экалагічных фактараў на расліннасць, павелічэнне прадукцыйнасці прыродных фітацэнозаў і распрацоўка прынцыпаў аховы раслінных комплексаў. Распрацаваны класіфікацыі, тыпы і асацыяцыі лясоў Беларусі, іх структура і прадукцыйнасць залежна ад глебава-грунтавых умоў (Юркевіч, Л.П.Смаляк, В.С.Гельтман, В.І.Парфёнаў, А.В.Бойка, М.Ф.Лоўчы, Дз.С.Голад, У.С.Адзярыха, П.Я.Пятроўскі, Я.Г.Пятроў, Э.П.Ярашэвіч і інш.). Вывучаны заканамернасці размяшчэння, фарміравання і змен расліннасці (Голад), біял. і гасп. прадукцыйнасць лугоў поймы Нёмана, Прыпяці, Бярэзіны, Віліі, Гарыні, невялікіх рэк Палесся (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, Г.А.Кім, С.Р.Бусько, Л.М.Сапегін, П.М.Сянько, Я.М.Сцепановіч і інш.), мацерыковыя лугі Бел. Паазер’я (М.Е.Баранава), лугава-балотная расліннасць на меліяраваных землях Палесся. Абгрунтавана геабатанічнае раянаванне расліннасці Беларусі. Створана серыя картаў расліннасці краіны і асобных яе рэгіёнаў. Вядуцца даследаванні розных тыпаў расліннасці на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,
1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.
2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, І.Г.Песталоцы, К.Дз.Ушынскі, П.П.Блонскі, С.Ф.Шацкі, А.С.Макаранка, В.А.Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.С.Бурэ, Г.М.Годзіна, В.І.Логінава. В.Г.Нячаева, Д.В.Сяргеева, А.Д.Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Плошча 1 тыс.км². Нас. 40,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Клецк. 95 сельскіх населеных пунктаў. 12 сельсаветаў: Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастравецкі, Зубкаўскі, Кухчыцкі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Тучанскі, Чырваназоркаўскі, Шчэпіцкі.
Паўн. ч. раёна занята Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўд.ч. заходзіць у межы Палескай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 232 м (на Пн ад в. Ліскава). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. З Пн на Пдтэр. раёна перасякае р. Лань з прытокамі Нача, Цапра, Балванка. На ПдУр. Морач з вял.вадасх. Чырвонаслабодскім, на Пдвадасх. Лактышы. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (71,1%) глебы. Лясы займаюць 25% тэрыторыі, з іх 29,1% — штучныя насаджэнні. Найб. лясныя масівы на Пд: Колкаўскі, Хомінкаўскі, Варонінскі, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Рэсп. значэння біял. заказнік Колкаўскі і помнікі прыроды Радзівілімонтаўскі парк, дуб (узрост 420 гадоў) у Навінкаўскім лясніцтве.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 48,6 тыс.га, з іх асушаных 18,1 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, буракаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць масла, пладова-агароднінных кансерваў, сокаў, дзіцячага харчавання), мэблевай, лёгкай, камбікормавай і лясной прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). Па тэр. раёна праходзяць чыг. Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Нясвіж—Лунінец. У раёне 23 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., маст. школы, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 27 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, паліклініка, 4 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Клецкі гісторыка-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква і капліца (2-я пал. 19 ст.) у в. Бабічы; царква з брамай-званіцай (1-я пал. 19 ст.) і свіран (1811) у в. Галынка; ветраны млын (пач. 20 ст.), сядзіба (19—20 ст.) у в. Даматканавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ёдчыцы; 2 царквы (2-я пал. 19 ст.) у в. Заастравечча; царква і званіца (19—20 ст.) у в. Межная Слабада; паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.) у в. Сіняўка; сядзіба (1909) у в. Стралкава; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і царква (19—20 ст.) у в. Туча; Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс (1780—83) у в. Чырвоная Зорка; ветраны млын (19—20 ст.) у в. Шэйкі; сядзіба (1-я пал. 19 ст.) у в. Янавічы. Выдаецца газ. «Да новых перамог».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 40,7 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн.нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.
Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб.р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыродырэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.В.Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 116,5 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІЯ ГО́РЫ,
на Пд Крымскага паўвострава. Працягваюцца з З на У на 145 км, з Пн на Пд на 40—50 км. Складаюцца з 3 паралельных град: асноўнай — Гал. хрыбет (Яйла) з макс. абсалютнай адзнакай 1545 м (г. Раман-Кош), сярэдзіннай — выш. да 500—750 м, паўн. — выш. да 350 м. Горы ўтвораны структурамі мезазойскага ўзросту, складзены пераважна з гліністых сланцаў, перакрытых вапнякамі. Канчаткова К.г. сфарміраваліся ў альпійскую складкавасць. Гал. града мае стромкія схілы, глыбока парэзаныя рэчкамі, ручаямі і часовымі вадацёкамі. Вяршыня грады — «яйла» (на крымска-тат. мове — летняя паша; пл. каля 320 км²), спадзістахвалістая з разнастайнымі формамі карставага рэльефу — варонкамі, сподкамі, далінамі, праваламі, пячорамі. Паўд. схіл стромкі, разбіты апоўзнямі на буйныя блокі. На ўзбярэжжы (гл.Паўднёвы бераг Крыма) выяўлены марскія тэрасы, ёсць стараж. вулканічныя ўтварэнні (Мядзведзь-гара, Карадаг). Сярэдзінная і паўн. грады з’яўляюцца куэстамі, маюць слабы нахіл на Пн і стромкія схілы на Пд. Ёсць радовішчы буд. матэрыялаў (вапнякі, жвір, туф, дыябаз), паўкаштоўных камянёў і інш.Мінер. крыніцы. Клімат К.г. умераны на б.ч. тэрыторыі, субтрапічны міжземнаморскі на паўд. схіле Гал. грады і ўзбярэжжы. Гал. града перашкаджае пранікненню ўмераных паветр. мас на Пд, а субтрапічных — на Пн. У раёнах з умераным кліматам сярэдняя т-растудз. каля -2, -4 °C, у ліп. каля 24 °C, у гарах каля 16 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 600 мм, выпадаюць пераважна летам. Устойлівае снегавое покрыва ўтвараецца зімой толькі ў гарах. У зоне субтрапічнага клімату ў студз. каля 4 °C, у ліп. каля 24 °C, ападкаў ад 600 мм на ўзбярэжжы да 1200 мм у гарах, выпадаюць пераважна зімой. Рэчкі невялікія, летам большасць перасыхае, маюць пераважна грунтавое жыўленне, паводкавы рэжым; бываюць селі. Расліннасць, глебы і жывёльны свет падпарадкаваны вышыннай пояснасці. На паўд. схілах Гал. грады да выш. 300 м — зона ксерафітных ядлоўцава-дубовых нізкіх лясоў з вечназялёных і лістападных хмызнякоў на чырвона-бурых і карычневых глебах. Вышэй дубовыя і букавыя лясы з эндэмічнымі відамі хвой. Пад шыракаліста-хваёвымі лясамі фарміруюцца горна-лясныя бурыя глебы. На паверхні вяршынь Гал. грады горныя лугі, лугавыя стэпы з ядлоўцавым сланікам, купы дрэў і хмызнякоў на горна-лугавых чарназёмападобных глебах. Паўн. схіл Гал. грады, сярэдзінная і паўн. грады маюць падобную вышынную пояснасць, аднак адсутнічаюць эндэмічныя субтрапічныя віды. Каля падножжа гор развіты лесастэпавыя ландшафты на горных чарназёмах. У фауне горна-лясной зоны — высакародны алень, казуля, каменная куніца, кажан, барсук, шматлікія віды птушак і інш. На схілах Гал. грады — Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Ялцінскі і Карадагскі запаведнікі, Нікіцкі бат. сад, унікальныя помнікі прыроды: Вял. каньён Крыма, цясніна Уч-Кош, вадаспады Учан-Су, Яўзлар, Джур-Джур і інш. К.г. — адзін з папулярных раёнаў турызму і альпінізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ РАЁН.
На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 43,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Лагойск. Уключае г.п.Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.
Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыродымясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 90,6 тыс.га, з іх асушаных 23,7 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ РАЁН.
На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 21,1 тыс.чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавіцкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыродымясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр.навук.Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел.дзярж.маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 32,8 тыс.чал. (1998), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мсціслаў. Уключае 162 сельскія населеныя пункты, 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Раздзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырванагорскі.
Тэр. раёна ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны Паверхня пласкахвалістая, 79% яе на выш. 180—220 м. Найвыш. пункт 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел). Агульны нахіл з Пн на Пд. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, фасфарыты, мел, цагельныя гліны і суглінкі, цэментныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -8,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Асн.р. Сож з прытокамі Віхра (з Чорнай), Малатоўка, Чорная Натапа (з Белай Натапай), Волчас. У зах.ч. раёна цячэ р. Кашанка (прыток Проні), у паўн.ч. — Рамясцвянка (прыток Быстрай). Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (70,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15%). Пад лесам 15,8% тэр. раёна, пераважна на З і Пд. Лясы яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Агульная пл. балот 7,3 тыс.га. Найб. балотны масіў Чорная Натапа. Ахоўваемыя тарфянікі Шырына і Падрэчча, Закружжа. Помнікі прыродымясц. значэння: крыніцы Бялкова і Кагальная Студня.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 94,7 тыс.га, з іх асушаных 9,6 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 5 саўгасаў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы льняной (ільновалакно), харч. (масла, сыр, хлеб), камбікормавай і буд. матэрыялаў (цэгла, асфальт) прам-сці; буд. прадпрыемствы. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Орша—Крычаў; аўтадарогі на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расія); нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя, 4 пачатковыя, музычная раённая і 3 яе філіялы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, Дом дзіцячай творчасці, вышэйшае прафес. вучылішча буд. профілю, сярэдняе ПТВ сельскай гаспадаркі, 19 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 57 б-к, 5 бальніц, паліклініка, урачэбная амбулаторыя, 20 фельч.-ак. пунктаў, санэпідэмстанцыя. Музеі: гісторыка-археалагічны (г. Мсціслаў), літаратурна-этнаграфічны (на радзіме пісьменніка М.І.Гарэцкага, в. Багацькаўка). Арх. помнікі: царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Басценавічы, царква (пач. 19 ст.) у в. Мазалава, Успенскі манастыр (засн. ў 1380; у пач. 17 ст. і ў канцы 18—19 ст. перабудаваны) за 2 км на Пд ад в. Пустынкі, царква Ільі Прарока (1-я пал. 19 ст.) у в. Слаўнае, царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Сялец. Выдаецца газ. «Святло Кастрычніка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.
Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш.Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.Саканян).
На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел.навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.Сарахатунаў, В.Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.Пятроўскі) і інш.