СІ́ЛА,

адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і С.) у 1 ст. да н.э. — 7 ст. н.э., у 7—9 ст. першая агульнакар. дзяржава. Спачатку займала ПдЗ Карэйскага п-ва. Паводле летапісных паказанняў, засн. ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра С. адносяцца да 3 ст., калі яна ўяўляла саюз паўн.-зах. кар. плямён. Як дзяржава аформілася да пач. 6 ст. У 503 правіцель (марыпкан) Чыджын [500—514] прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву С. Фарміравалася пад моцным уплывам кіт. культуры і канфуцыянства. У 6 ст. дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кіт. дынастыі Тан С. ў 660 разбіла Пэкчэ, у 668 — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў. У 8 — пач. 9 ст. у час росквіту С. як агульнакар. дзяржавы сфарміравалася кар. народнасць. З сярэдзіны 9 ст. С. пачала занепадаць і ў канцы 9 ст. распалася на асобныя дзяржавы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1. М., 1974.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,

род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.

Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл. Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс. чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.

Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс. чал., 1998).

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;

Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;

Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:

Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.

Канстанцін Казімір, гл. Бжастоўскі К.К.

Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.

Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.

Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.

Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл. Паўлаўская рэспубліка).

Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.

Ігнацы, гл. Бжастоўскі I.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІЁМА (грэч. axiōma),

палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл. актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ (Фёдар Іванавіч) (н. 25.4.1818, с. Вадзінск Пензенскай вобл., Расія — 12.8.1897),

рускі філолаг і мастацтвазнавец. Акад. Пецярбургскай АН (1881, чл.-кар. 1852). Праф. Маскоўскага ун-та (1847). У мовазнаўчых працах прытрымліваўся параўнальна-гіст. метаду; аўтар прац па методыцы выкладання («Пра выкладанне роднай мовы», ч. 1—2, 1844) і гісторыі рус. мовы («Спроба гістарычнай граматыкі рускай мовы», ч. 1—2, 1858) і інш. Заснавальнік комплекснага вывучэння фалькл. і літ. творчасці, выяўл. мастацтва («Гістарычныя нарысы рускай народнай славеснасці і мастацтва», т. 1—2, 1861). Спачатку быў прыхільнікам міфалагічнай школы, потым далучыўся да т.зв. міграцыйнай тэорыі і даводзіў, што радзімай еўрап. фальклору з’яўляецца Усход («Вандроўныя аповесці», 1874). Высветліў паэт. характар шэрагу жанраў і твораў усх.-слав. фальклору і л-ры, устанавіў іх сувязь з маральнымі ўяўленнямі народа («Аб народнай паэзіі ў старажытнарускай літаратуры», 1859). У працах выкарыстоўваў прыклады з бел. прыказак і прымавак. Выдаваў стараж. рукапісы («Гістарычная хрэстаматыя царкоўнаславянскай і старажытнарускай моў», 1861) і каменціраваў тэксты стараж.-бел. помнікаў.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1. С. 47—55.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,

танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).

т. 3, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДКО́ЎСКІЯ,

дзекабрысты, браты. З дваран Віцебскай губ.

Іван Фёдаравіч (1790—?), палкоўнік, камандзір батальёна ў Сямёнаўскім палку. За спачуванне салдатам у час выступлення ў палку (1820) прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена турмой. Да 1826 у віцебскай турме. У 1829 высланы ў дзеючую армію на Каўказ.

Фёдар Фёдаравіч (1800—20.1.1844), прапаршчык Нежынскага палка. Чл. Паўд. т-ва з 1823. Стаяў за рэсп. лад у Расіі, за знішчэнне царскай сям’і. 21.12.1825 арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена пажыццёвай катаргай. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Аўтар рэв. вершаў.

Аляксандр Фёдаравіч (каля 1801 — пасля 1837), падпрапаршчык Сямёнаўскага палка. За спачуванне салдатам у час выступленняў у палку (1820) пераведзены ў Крамянчугскі, потым у 17-ы Егерскі полк. Чл. Паўд. т-ва з 1823. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) планаваў падняць свой полк у яго падтрымку, але 12.1.1826 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У ліп. 1926 высланы ў дзеючую армію на Каўказ. З 1830 пад тайным наглядам паліцыі ў Тамбоўскай губ.

М.​Ф.​Мельнікаў.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),

бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл. ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав. к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ. сав. парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам. заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯВО́ДНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць хім. працэсаў дэградацыі (катабалізму) і біясінтэзу (анабалізму) вугляводаў у арганізме. На 1-й стадыі катабалізму пры ўдзеле стрававальных ферментаў складаныя поліцукрыды і алігацукрыды распадаюцца да монацукрыдаў (гексоз і пентоз), якія на 2-й стадыі расшчапляюцца да аднаго і таго ж трохвугляроднага прамежкавага прадукту — пірувату (гліколіз), а потым у аэробных умовах да двухвугляроднай формы — ацэтыльнай групы ацэтылкаферменту A (гл. Трыкарбонавых кіслот цыкл). У анаэробных умовах піруват у большай частцы клетак жывёльных і раслінных тканак аднаўляецца да лактату, а ў клетках дражджэй у ходзе спіртавога браджэння ператвараецца ў этылавы спірт і вуглякіслы газ. На 3-й стадыі ацэтыльная група ацэтылкаферменту A уступае ў цыкл лімоннай к-ты — агульны канчатковы шлях, на якім усе віды малекул вугляводаў акісляюцца да вуглякіслага газу. Дэградацыя вугляводаў у арганізме суправаджаецца вызваленнем значнай энергіі, якая расходуецца на розныя працэсы жыццядзейнасці. Біясінтэз вугляводаў у жывых клетках можа адбывацца шляхам глюканеагенезу (сінтэз глюкозы ў клетках печані, які ўключае 9 з 11 ферментацыйных рэакцый, што ўдзельнічаюць у яе раскладзе) і шляхам ператварэння простых вугляводаў у больш складаныя аліга- і поліцукрыды.

С.​А.​Вусанаў.

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)