ДУБЛІ́РАВАННЕ,

1) выкананне паралельна з кім-н. аднолькавай (падобнай) работы; паўтарэнне, выкананне чаго-н. у 2 экзэмплярах.

2) Д. тэкстыльных матэрыялаў — здвойванне і змацаванне матэрыялаў з дапамогай нітачных строчак ці клею (напр., склейванне 2 розных тканін) або пад ціскам пасля аплаўлення паверхні аднаго з матэрыялаў (напр., змацаванне паралону з тканінай ці трыкатажам).

3) Д. фільма, дубляж — узнаўленне моўнай ч. гукавога кінафільма на інш. мове з сінхранізацыяй рухаў губ акцёра на экране і дублёра.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАКРЫ́Л,

лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.

Вінтакрыл Ка-22.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Першапачаткова ахоплівала, верагодна, тэр. Віцебскай зямлі, намеснікі якой з 1503 карысталіся тытулам ваяводы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 складалася з Віцебскага і Аршанскага пав. Мела харугву зялёнага колеру з выявай «Пагоні» ў белым полі. Першы ваявода Ю.​Глябовіч. У 1772 амаль уся тэр. Віцебскага ваяводства (акрамя зах. часткі Аршанскага пав.) адышла да Рас. імперыі, аднак пасада віцебскага ваяводы захоўвалася ў ВКЛ да 1794.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў Віцебску ў 1926. У гліняным гаршку былі 792 грошы пражскія сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сярод манет Вацлава IV [1378—1419] 2 экз. з кантрамаркай г. Аўгсбурга, 1 — Рэгенсбурга. Грош часоў праўлення Іржы Падэбрада [1458—71] — адзіная знаходка на тэр. Беларусі. Большая частка скарбу (767 манет, 2000 г) захоўвалася ў Віцебскім аддз. Бел. дзярж. музея, астатняя — у Бел. дзярж. музеі (г. Мінск). Пасля 1941 лёс скарбу невядомы.

І.​Ф.​Маско.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЕЎ (Асман Мусаевіч) (11.10.1916, аул Хурзук Карачаеўскага р-на, Карачаева-Чэркесія — 18.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1939). З пач. вайны на Зах. фронце, з жн. 1941 у партызанах — камісар групы, атрада, камандзір атрада, 121-га партыз. палка, які пасля гібелі К. названы яго імем. Вёска Сярмяжонка Бялыніцкага р-на перайменавана ў Асман-Касаева, у г.п. Бялынічы ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Касаеў.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́НДРА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі прарочыца, дачка траянскага цара Прыяма і Гекубы. Атрымала прароцкі дар ад Апалона, які дамагаўся яе кахання, але, адвергнуты ёю, зрабіў так, што яе прароцтвам перасталі верыць. Траянцы не паверылі словам К. пра тое, што выкраданне Парысам спартанскай царыцы Алены прывядзе г. Трою да пагібелі, што нельга ўводзіць у горад драўлянага каня і інш. Пасля падзення Троі К. трапіла да Агамемнана і разам з ім з рэўнасці была забіта яго жонкай Клітэмнестрай.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДЗЯМ’Я́НСКАЯ (Зоя Анатолеўна) (Таня; 13.9.1923, с. Асінавыя Гаі Гаўрылаўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 29.11.1941),

Герой Сав. Саюза (1942). У кастр. 1941 вучаніца 10-га кл. 201-й маск. школы К. добраахвотна ўступіла ў знішчальны партыз. атрад. У ліст. 1941 у час выканання баявога задання ў варожым тыле схоплена гітлераўцамі ў в. Пятрышчава Верайскога р-на Маскоўскай вобл. і пасля жорсткіх катаванняў павешана.

Літ.:

Космодемьянская Л. Повесть о Зое и Шуре. М., 1966.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРЭ́ (Cauterets),

бальнеалагічны курорт у Францыі, на ПдЗ ад г. Лурд, у Цэнтр. Пірэнеях, каля граніцы з Іспаніяй. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Папулярнасць пачаў набываць пасля наведвання яго ў 1540-я г. дваром каралевы і пісьменніцы Маргарыты Наварскай. У наш час найб. значны бальнеалагічны курорт Францыі. Асн. лек. фактары — горны клімат і крыніцы тэрмальных (52 °C) мінер. вод (найбуйнейшых у свеце па дэбіту серных вод). Самы вялікі цэнтр зімовага спорту і турызму ў Пірэнеях.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Й,

рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕСО́ННАЯ ХВАРО́БА,

від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вял. водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атм. ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы К.х. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы К.х.).

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)