ГАЛЬВАНАСТЭРЭАТЫ́ПІЯ

(ад гальвана... + стэрэатыпія),

спосаб вырабу копій друкарскіх формаў (стэрэатыпаў) метадам гальванапластыкі. Ужываецца ў высокім друку для друкавання кніг і часопісаў з вял. колькасцю ілюстрацый, шматтыражных каляровых рэпрадукцый.

Працэс гальванастэрэатыпіі ўключае матрыцаванне (выраб з пластычнага матэрыялу копіі друкарскай формы), электралітычнае нарошчванне на матрыцу слоя металу (звычайна медзі), апрацоўку атрыманага стэрэатыпу. Гальванастэрэатыпы, у параўнанні з літымі, адрозніваюцца дакладнасцю, выразнасцю і трываласцю (медныя вытрымліваюць да 200—250 тыс., а пасля дадатковага нанясення жалеза або нікелю — да мільёна адбіткаў).

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)