«ВЕРТЫКА́ЛЬ»,
серыя савецкіх геафіз. аднаступеньчатых ракет на вадкім паліве. Выкарыстоўваліся для даследавання касм. прасторы па праграме «Інтэркосмас» з удзелам Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Румыніі. У 1970—81 запушчаны «Вертыкаль-1» — «Вертыкаль-10».
У верхняй ч. ракеты размешчаны зонд з навук. апаратурай: атмасферны (для даследавання верхняй атмасферы і іанасферы; на Зямлю не вяртаецца) ці астрафіз. (для даследавання ультрафіялетавага, рэнтгенаўскага і інш. выпрамяненняў Сонца і іх паглынання ў атмасферы Зямлі, метэорных часціц і інш.; пасля завяршэння праграмы спускаецца на Зямлю).
т. 4, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)