агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),
ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.
НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г.НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар.касм. станцыі і аэракасм. самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,
парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.
Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́НСКАЯ ЛА́СКА»,
бел. ананімны вершаваны твор 19 ст. ў жанры гутаркі. Напісаны, як мяркуюць, у канцы 1860-х ці пач. 1870-х г. Выяўляе антыпрыгонніцкія, антыпамешчыцкія настроі сялянства. У аснове сюжэта — камічнае бытавое апавяданне пра пана, якому ноччу сава здалася чортам і напалохала яго. На дапамогу яму прыйшоў селянін і злавіў саву, за што атрымаў збан гарэлкі. Назаўтра, праспаўшы работу, ён зарабіў «сотню розаг». У сюжэт аўтар уключыў маналог пра невыноснае жыццё селяніна ў часы прыгону. «П.л.» — прыклад нар. публіцыстыкі з элементамі маст. паказу жыцця з’яўляецца перапрацоўкай нар. анекдота пра пана і чорта. Вобраз памешчыка малюецца ў сатырычна-гратэскнай форме, вобраз селяніна — з лёгкім гумарам. Тэкст твора захаваўся ў рукапісным зб. «Беларускія народныя паданні, быліны і песні сялян былога Себежскага павета Віцебскай губерні 1882—1890 гг.» (архіў Рус.геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу), апубл. ў зб. «Беларуская літаратура XIX ст.» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМФІСТАМАТА́ТЫ (Paramphistomatata),
падатрад плоскіх паразітычных чарвей кл. смактуноў. 4 надсям., 10 сям., больш за 70 родаў, каля 170 відаў. Найб. пашыраны ў Еўразіі, Аўстраліі, Афрыцы. Узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека — парамфістаматадозаў. На Беларусі найб. трапляюцца ліёрхіс скоцыя (Liorchis scotiae), парамфістамы: звычайны (Paramphistomum specium) і іхікавеі (P. ichikawai).
Даўж. да 2 см. Цела конусападобнае, ружовае, на пярэднім канцы глотка, на заднім — прысоска. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў сям. катушак. У знешнім асяроддзі з яец паразіта вылупліваюцца мірацыдыі, трапляюць у цела малюска, дзе фарміруюцца ў цэркарыі, якія праз 1,5—3 месяцы пакідаюць прамежкавага гаспадара, прымацоўваюцца да раслін і ператвараюцца ў адалескарыі. Маладыя гельмінты з вадой ці кормам пранікаюць у стрававальны тракт дэфінітыўнага гаспадара (дзікія і свойскія жывёлы) і мігрыруюць у органы страўнікава-кішачнага тракту, дзе праз 3—4 месяцы дасягаюць палавой спеласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЎДНЁВАРАСІ́ЙСКІ САЮ́З РАБО́ЧЫХ» 1875,
першая рэв.паліт.арг-цыя рабочых на Украіне і ў Расіі. Засн. ў пач. 1875 у г. Адэса Я.В.Заслаўскім. Налічваў 6 груп, 60 чл., каля 200 чал. спачувальных. У статуце «Саюза», складзеным пад уплывам статута Інтэрнацыянала 1-га сцвярджалася, што рабочыя здольны дамагчыся прызнання сваіх правоў «толькі пры дапамозе насільнага перавароту, які знішчыць усялякія прывілеі і перавагі і зробіць працу асновай асабістага і грамадскага дабрабыту». На погляды членаў «П.с.р.» моцна ўплывала народніцкая ідэалогія. «Саюз» прапагандаваў свае погляды сярод рабочых, удзельнічаў у арг-цыі 2 стачак у Адэсе, праводзіў штотыднёвыя сходкі рабочых і сходы прадстаўнікоў груп, імкнуўся пашырыць дзейнасць на гарады Мікалаеў, Харкаў, Таганрог, Севастопаль, Керч, Растоў-на-Доне, атрымліваў рэв. выданні з Лондана. У канцы 1875 — пач. 1876 «Саюз» разгромлены паліцыяй: 60 чал. арыштаваны, 15 чал., у т. л. Заслаўскі, асуджаны на розныя тэрміны катаргі, турмы і ссылкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалка пасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»
(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),
інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч.Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫШНЯ́НСКІЯ БАІ́ 1943,
абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага р-на Віцебскай вобл. 19 мая — 9 чэрв. ў час карнай аперацыі «Котбус» у Вял.Айч. вайну. У канцы 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава», разграміўшы ням. гарнізон у вёсцы, стварыла там кантралюючы пункт за чыг. Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф’янава, што злучала ням. 3-ю танк. армію з яе тылам. Гітлераўцы беспаспяхова спрабавалі захапіць Пышна ў снеж. 1942, студз. 1943. 19.5.1943 партызаны адбілі атаку палка карнікаў, пасля чаго вораг пачаў бамбіць Пышна і яе наваколле; 23 мая пасля няўдалай атакі карнікі падцягнулі новыя сілы. Партызаны стварылі вакол вёскі 2 кальцы абароны. 8 чэрв. вораг пры падтрымцы танкаў распачаў новае наступленне. Каб пазбегнуць вял. страт, партызаны пакінулі вёску. Замкнуўшы кальцо акружэння, ням. паліцэйскія войскі СС 9—21 чэрв. беспаспяхова прачэсвалі лес. Подзвіг абаронцаў вёскі стаў тэмай карціны партыз. мастака М.Абрыньбы «Бой за Пышна» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАДЗЕ́НСТВА,
момант часу, у які цэнтр сонечнага дыска пры сваім бачным гадавым перамяшчэнні па экліптыцы перасякае нябесны экватар. Бывае двойчы на год: вясенняе (20—21 сак.), калі Сонца пераходзіць з паўд. паўшар’я неба ў паўн. (у пункце вясенняга Р.; пачатак вясны ў паўн. паўшар’і Зямлі), і асенняе (23 вер.), калі Сонца пераходзіць з паўн. паўшар’я неба ў паўднёвае (у пункце асенняга Р.; пачатак восені ў паўн. паўшар’і Зямлі).
У час Р. сутачны рух Сонца адбываецца амаль уздоўж нябеснага экватара, у выніку чаго на Зямлі (за выключэннем раёнаў геагр. полюсаў) дзень роўны ночы (адсюль назва). З прычыны прэцэсіі зямной восі пункты Р. зрушваюцца па экліптыцы насустрач бачнаму гадавому руху Сонца прыкладна на 50,3″. У канцы 20 — пач. 21 ст. пункт вясенняга Р. знаходзіцца ў сузор’і Рыбы, а асенняга — у сузор’і Дзева.
Літ.:
Цесевич В.П. Что и как наблюдать на небе. 6 изд. М., 1984.